Этыленгліколь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Структура малекулы этыленгліколю

Этыленгліко́ль[1][a] (1,2-дыаксіэтан; этан-1,2-дыёль), хімічная формула C2H6O2 — арганічнае рэчыва, двухатамны сьпірт, найпрасьцейшы прадстаўнік гліколяў. Вадкасьць бяз колеру і паху, салодкая на смак. Выкарыстоўваецца ў тэкстыльнай, парфумэрнай і харчовай прамысловасьці, у тэхніцы.

Характарыстыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выгляд этыленгліколю

Бясколерная гіграскапічная гаручая вадкасьць бяз паху, салодкая на смак; атрутная. Малярная маса 62,068 г/моль. Тэмпэратура плаўленьня −12,3 °С, тэмпэратура кіпеньня 197,6 °С. Шчыльнасьць 1,113 г/см³ (пры тэмпэратуры 20°С). Добра раствараецца ў вадзе, сьпіртах, кетонах, умерана — бэнзолі, талюол, дыэтылавым этэры. У этыленгліколі дрэнна раствараюцца расьлінныя і жывёльныя тлушчы, не раствараюцца парафіна, полівінілхлярыд, каўчук[2] і інш.

Вынаходніцтва і сынтэз[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Этыленгліколь упершыню быў атрыманы ў 1856 року[3] францускім хімікам Шарлем Вюрцам. Да Першай сусьветнай вайны ён не знаходзіў шырокага прымяненьня, пакуль у Нямеччыне яго не пачалі атрымліваць з дыхлёрэтану дзеля выкарыстаньня ў вытворчасьці выбуховых рэчываў замест гліцэрыны.

У ЗША вытворчасьць этыленгліколю распачатая ў 1917 року праз этыленхлёргідрын. Да 1929 року этыленгліколь выкарыстоўваўся практычна ўсімі вытворцамі дынаміту.

У прамысловасьці этыленгліколь атрымліваюць гідратацыяй этыленаксіду пры 10 атм і 190—200°С ці 1 атм і 50—100°С у прысутнасьці 0,1—0,5% серчанага ці артафосфарнага квасу, дасягаючы 90% выхаду.

Выкарыстаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзякуючы таніне этыленгліколь шырока прымяняецца ў тэхніцы: у вытворчасьці антыфрызаў, целяфану, поліўрэтанаў і шэрагу іншых палімэраў, выбуховых рэчываў, растваральнікаў, мыйных сродкаў, у тэкстыльнай і парфумэрнай прамысловасьці, кандэнсатараў і інш.

Меры бясьпекі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Этыленгліколь — гаручае рэчыва. Тэмпэратура пыханьня пароў 120 °C. Тэмпэратура самазагараньня 380 °C. Таксічны. Паводле ступені ўзьдзеяньня на арганізм адносіцца да рэчываў 3-е клясы небясьпекі.

Сьмяротная доза пры аднаразовым пэраральным ужываньні складае 100—300 мл (1,5-5мл на 1 кг масы цела)[4]. Пары маюць не такую высокую таксічнасьць і ствараюць небясьпеку толькі пры хранічным удыху.

Процітрутай пры атручваньні этыленгліколем ёсьць этаноль і фомэпізоль[5].

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Паводле СБМ — жаночага роду: этыленглікольлю; паводле слоўніку Крапівы — мужчынскага роду.
  1. ^ Слоўнік беларускай мовы. — Менск: [[Беларуская навука (выдавецтва)|]], 2012. — ISBN 978-985-08-1365-7
  2. ^ Артыкул на сайце ХиМиК.ру  (рас.)
  3. ^ Adolphe Wurtz. Sur le glycol ou alcool diatomique // Comptes rendus. — 1856. — Т. 43. — С. 199–204.
  4. ^ Medline.Ru — Отравления этиленгликолем и его эфирами
  5. ^ Flomenbaum, Goldfrank et al. Goldfrank's Toxicologic Emergencies. 8th Edition. — 2006. — С. 1460, 1465. — ISBN 0071437630

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]