Хакейная Ліга чэмпіёнаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Хакейная Ліга чэмпіёнаў
Актуальны сэзон:
2022—2023
ПапярэднікЭўрапейскі трафей
ДысцыплінаХакей
Дата зьяўленьня2013
АрганізатарМФХЛ
Колькасьць удзельнікаў32
КантынэнтыЭўропа
Дзейны чэмпіёнТапара
Найбольш тытулаўФрэлюнда (4)
Кваліфікацыянайлепшыя клюбы нацыянальных чэмпіянатаў

Хакейная Ліга чэмпіёнаў (па-ангельску: Champions Hockey League) — эўрапейскае хакейнае клюбнае спаборніцтва, заснаванае ў 2013 року наўзамен Эўрапейскага трафэю. Ладзіцца пад эгідай Міжнароднай фэдэрацыі хакею на лёдзе (МФХЛ).

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2008 року МФХЛ запусьціла турнір з такою самаю назвай да свайго 100-годзьдзя, аднак з прычыны адсутнасьці спонсараў і недасягненьня пагадненьня пра фармат правядзеньня прайшоў толькі адзін сэзон чэмпіянату. 9 сьнежня 2013 року МФХЛ паведаміла, што з наступнага сэзону распачне новую Лігу чэмпіёнаў замест Эўрапейскага трафэю[1].

Сэзон 2014—2015 року праводзіўся са жніўня 2014 да лютага 2015 рокаў. У ім узялі ўдзел 44 клюбы з 12 краінаў Эўропы, падзеленыя на 11 групаў па 4 клюбы. Пасьля двухколавага турніру 11 пераможцаў групаў плюс пяць найлепшых другіх камандаў трапілі ў плэй-оф, дзе да фіналу пераможца вызначаўся па суме двух матчаў, а фінал складаўся з адзінае гульні[1][2]. Першай чэмпіёнкай стала швэдзкая каманда «Люлеа», якая перамагла ў фінале «Фрэлюнду».

У сэзоне 2015—2016 рокаў колькасьць клюбаў была павялічаная да 48, падзеленыя на 16 групаў па 3 ў кожнай. Па дзьве найлепшыя каманды выходзілі ў 1/16 фіналу[3]. Адно зь месцаў у гэтым розыгрышы атрымаў гарадзенскі «Нёман» як уладальнік Кантынэнтальнага кубка па хакеі[3][4][5]. Пераможцай другога сэзону стала швэдзкая «Фрэлюнда», якая ў фінале нанесла паразу фінскай «Кярпят».

Сэзон 2016—2017 рокаў стаў апошнім, дзе прымала удзел 48 клюбаў, у фінал зноўку патрапіў швэдзкі клюб «Фрэлюнда», дзе сустракаўся з чэскай камандай «Спарта». Матч скончыўся перамогай швэдзкага клюбу ў овэртайме зь лікам 4:3. Сэзон 2017—2018 рокаў быў прыкметны тым, што розыгрыш праходзіў у новым фармаце. 32 каманды былі падзеленыя на 8 групаў па 4 у кожнай, у плэй-оф выходзілі дзьве наймацнейшыя каманды з кожнай групы, дзе па алімпійскай сыстэме высьвятлялі пераможцу. У фінале згулялі фінскі клюб ЮІП і швэдзкі клюб «Вэкшэ Лэйкерз». Перамогу зь лікам 2:0 атрымала фінская каманда.

Пераможца спаборніцтва атрымлівае «Эўрапейскі трафэй».

Рэглямэнт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сэзоне 2016—2017 удзельнічалі 48 клюбаў у 16 групах. 26 клюбаў — гэта заснавальнікі турніру (ліцэнзія A), 12 клюбаў — клюбы зь лігаў-заснавальніц (ліцэнзія B), яшчэ 10 — клюбы зь іншых лігаў, якія атрымалі дазвол на выступ (ліцэнзія C).

З сэзону 2017—2018 рокаў фармат турніру быў зьменены паводле падабенства з футбольнай Лігай чэмпіёнаў. Колькасьць клюбаў-удзельнікаў зьменшаная з 48 да 32, 24 зь якіх адбіраюцца з шасьці лігаў-заснавальніц паводле спартовага прынцыпу, а не паводле прызнаку «клюбу-заснавальніка», як было дагэтуль. Максымальная колькасьць клюбаў з аднае краіны ня можа перавышаць 5, а колькасьць ад краіны вызначаецца паводле сыстэмы каэфіцыентаў.

Рэшта з 8 месцаў разьмяркоўвацьмецца між чэмпіёнамі Беларусі, Вялікабрытаніі, Даніі, Нарвэгіі, Польшчы, Славаччыны і Францыі, а таксама чэмпіёнам Кантынэнтальнага кубка. Усе каманды падзеленыя на 8 групаў па чатыры ў кожнай, па дзьве зь якіх трапляюць у плэй-оф па дзьве гульні ў кожным коле, за выняткам аднаматчавага фіналу[6].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б New era dawns for Europe (анг.). Internatioanl ice hockey federation (9 сьнежня 2013). Праверана 18 жніўня 2016 г.
  2. ^ Merk, Martin (27 лютага 2014) Ready for takeoff (анг.). Internatioanl ice hockey federation. Праверана 18 жніўня 2016 г.
  3. ^ а б CHL to play with 48 teams in 2015–16 (анг.) Champions hockey league Праверана 18 жніўня 2016 г.
  4. ^ Merk, Martin (10 студзеня 2015) Neman wins Continental Cup (анг.). Internatioanl ice hockey federation. Праверана 18 жніўня 2016 г.
  5. ^ HC Neman Grodno to play in 2015-16 CHL season (анг.) Sport. БелТА (5 лютага 2015). Праверана 18 жніўня 2016 г.
  6. ^ New CHL format for 2017–18! 32 teams & on-ice qualification only (анг.) Champions hockey league Праверана 18 жніўня 2016 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]