Фрына

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Фрына на карціне мастака Генрыха Семірадзкага

Фры́на (па-грэцку: Φρύνη; па-лацінску: Phryne) — гетэра, якая жыла ў Старажытнай Грэцыі ў 4 ст. да н. э. (прыкладныя гады жыцьця: 390—330). Сёньня яна вядомая перадусім як каханка й мадэлька мастакоў Праксытэля й Апэлеса. Першы вылепіў зь яе «Афрадыту Кнідзкую», другі намаляваў «Афрадыту Анадыямэну».

Сапраўднае імя дзяўчыны было Мнэсарэт. Фрына — гэта мянушка, што перакладаецца як «жаба» (у яе была жаўтлявая скура). Нарадзілася Фрына ў Тэспіі, што ў Бэотыі, але пражывала напачатку ў Мэгарах, а затым у Атэнах. Лічылася адной з самых сарамлівых гетэр, якая ніколі не наведвала грамадзкія лазьні й прылюдна распраналася толькі двойчы на год падчас Элеўсінскіх і Пасэйдонавых містэрыяў, калі на яе ўскладаўся абавязак сысьці да мора й узьнесьці з дапамогай сваёй прыгажосьці хвалу багам. Менавіта гэтыя эпізоды й натхнілі грэцкіх майстроў скарыстацца вобразам Фрыны для мастацкага ўвасабленьня багіні Афрадыты.

Прыгажосьць Фрыны зрабіла яе славутай і заможнай. Так, яна на свае грошы прапанавала аднавіць гарадзкія муры Фіваў (што ў Тэсаліі), разбураныя Аляксандрам Македонскім, але з адной умовай: каб на іх было напісана «Разбураныя Аляксандрам, адноўленыя гетэрай Фрынай». Жыхары гораду адмовіліся ад такога гешэфту.

Плату за паслугі Фрына брала ў залежнасьці ад уласнай прыязьні да каханкаў: так, вядома, што яна аддалася задарма філёзафу Дыягену праз тое, што надзвычай упадабала ягоны розум. У легенду перавярнулася ейная спроба (Фрына нават пайшла ў заклад) прымусіць закахацца ў сябе філёзафа Ксэнакрата. Гэты чалавек, вядомы сваім высакародзтвам й маральнай чысьцінёй, прызвычаіўся ўсе свае дні праводзіць у роздуме. Аднак, што можна было сказаць пра ночы? Фрына прыбралася ў найлепшы строй, упрыгожыла яго каштоўнымі камянямі й пагрукала ўначы да Ксэнакрата, сказаўшы, што шукае схованкі ад рабаўнікоў. Той дазволіў Фрыне застацца. Яна лягла да Ксэнакрата ў ложак, прытулілася да яго й паспрабавала абудзіць у ім хоць нейкае падабенства жарсьці. Ксэнакрат не паварушыўся. У адчаі Фрына зьбегла ад яго, а пасьля адмовілася заплаціць доўг, сказаўшы: «Я зьбіралася разварушыць чалавека, а ня статую».

Самы вядомы эпізод з жыцьця Фрыны наўпрост зьвязаны зь ейнай грамадзкай працай. Абвінавачаная ў абылганьні й перакручваньні сутнасьці Элеўсінскіх містэрый, а таксама ў патураньні брудным антымаральным паводзінам грамадзян, яна вымушаная была зьявіцца перад Атэнскім судом. Каханак Фрыны Гіпэрыд ніяк не мог абараніць яе з дапамогай свайго рытарычнага ўмельства, а таму ў апошнім слове па-просту сарваў з Фрыны пакрывала й раскрыў яе прыгажосьць перад судом. Уражаныя бездакорнасьцю аголенага цела красуні, судзьдзі прыйшлі да высновы, што ейная прыгажосьць не магла хаваць у сабе ніякага падступства, і апраўдалі Фрыну.

Вобраз Фрыны неаднойчы натхняў мастакоў і скульптараў на стварэньне выдатных твораў мастацтва, на ейную прыгажосьць сваімі вершамі адгукаліся паэты. Сярод іншых свае працы ёй прысьвяцілі Джозэф Тэрнэр, Генрых Семірадзкі, Густаў Буланжэ, Дэчка Ўзунаў, Ўільям Ўэтмар Сторы, Дзімітрыс Варас, у сваіх вершах яе ўзгадалі Шарль Бадлер і Райнэр Марыя Рыльке. Сцэна суду над Фрынай лягла ў аснову сюжэта вядомай карціны мастака 19 стагодзьдзя Ж.-Л. Жэрома «Фрына перад Арэапагам» (1861).

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фрынасховішча мультымэдыйных матэрыялаў