Тытанік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 41°43′57″ пн. ш. 49°56′49″ з. д. / 41.7325° пн. ш. 49.94694° з. д. / 41.7325; -49.94694

«Тытанік»

Краіна: Ангельшчына
Тып: параход
Кляса: лайнэр
Праект: «Алімпійскі»
Гісторыя:
Вытворца: «Гарлэнд і Вульф» (Бэлфаст, Паўночная Ірляндыя)
Пачатак будаўніцтва: 31 сакавіка 1909
Спуск на ваду: 31 траўня 1911
Пачатак эксплюатацыі: 2 красавіка 1912
Сканчэньне эксплюатацыі: 15 красавіка 1912
Статус: затануў
Характарыстыкі:
Водазьмяшчэньне: 52 310 тонаў
Даўжыня: 269,1 м
Шырыня: 28,19 м
Вышыня: 18,5 м
Уляганьне: 10,54 м
Сілавая ўсталёўка: 2 4-цыліндравыя паравыя машыны трайнога пашырэньня і паравая турбіна
Магутнасьць: 46 тыс. к.с.
Хуткасьць: 24 вузлы (44 км/гадз)
Узбраеньне:
Выявы ў: Вікісховішчы

«Тытанік» (анг. Titanic — «тытанічны») — брытанскі параход кампаніі «Ўайт Стар Лайн», другі з трох параходаў-двайнят тыпу «Алімпік». Найбуйнейшы пасажырскі лайнэр сьвету на момант сваёй пабудовы. Падчас першага рэйсу 14 красавіка 1912 году сутыкнуўся з айсбэргам і праз 2 гадзіны 40 хвілін затануў. На борце знаходзілася 1316 пасажыраў і 908 чальцоў экіпажу, агулам 2224 чалавекі. Зь іх выратаваліся 711 чалавек (32%), загінулі 1513. Катастрофа «Тытаніка» зрабілася легендарнай, па яе сюжэце зьнята некалькі мастацкіх фільмаў (Тытанік).

Тэхнічныя характарыстыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вышыня ад кіля да верхавінаў труб — 53,4 м. Машыннае аддзяленьне — 29 катлоў, 159 вугальных топак. Прадухіленьню патапленьня карабля мелі спрыяць 15 воданепранікальных пераборак ў труме, якія стваралі 16 ўмоўна воданепранікальных адсекаў[1]. Прастора паміж дном і насьцілам другога дна падзялялася папярочнымі і падоўжанымі перагародкамі (пераборкамі) на 46 воданепранікальных адсекаў.

Пераборкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Тытанік» на верфі «Гарлэнд і Ўулф» перад спускам на ваду (1911)

Воданепранікальныя пераборкі, пазначаныя ад носа да кармы лацінскімі літарамі ад «A» да «P», падымаліся ад другога дна і праходзілі праз 4 або 5 палубаў: першыя 2 і апошнія 5 даходзілі да палубы «D», 8 пераборак ў цэнтры лайнэра дасягалі толькі палубы «Е». Усе пераборкі былі настолькі трывалыя, што мелі вытрымаць значны ціск пры атрыманьні прабоіны. «Тытанік» мог заставацца на плаву пры затапленьні любых 2 зь яго 16 воданепранікальных адсекаў, любых 3 зь першых 5 адсекаў, або ўсіх першых 4 адсекаў.

Першыя 2 пераборкі ў насавой і апошняя ў кармавой частцы былі суцэльнымі. Ва ўсіх астатніх пераборках былі гермэтычныя дзьверы, якія дазвалялі камандзе і пасажырам перасоўвацца між адсекамі. На насьціле другога дна, у пераборкі «К», былі адзіныя дзьверы, якія вялі ў халадзільную камэру. На палубах «F» і «E» амаль ва ўсіх пераборках былі гермэтычныя дзьверы, якія злучалі памяшканьні пасажыраў. Усе гэтыя дзьверы можна было задраіць як дыстанцыйна, так і ўручную, пры дапамозе прылады, разьмешчанай непасрэдна на дзьвярах і з той палубы, да якой даходзіла пераборка. Для задрайваньня такіх дзьвярэй на пасажырскіх палубах патрабаваўся адмысловы ключ, які быў толькі ў старэйшых сьцюардаў. На палубе «G» дзьверы ў пераборку адсутнічалі.

У пераборках «D» — «O», непасрэдна над другім дном ў адсеках, дзе разьмяшчаліся машыны і катлы, знаходзілася 12 дзьвярэй, якія вэртыкальна зачыняліся з дапамогай электрычнага прывада, імі кіравалі з хадавога мастка. У выпадку пагрозы або здарэньня, ці тады, калі так палічылі патрэбным капітан або вахтавы афіцэр, электрамагніты па сыгнале з мастка вызвалялі зашчапкі і ўсе 12 дзьвярэй пад узьдзеяньнем уласнага цяжару апускаліся і прастора за імі аказвалася гермэтычна зачыненай. Калі дзьверы зачыняліся па электрасыгнале з мастка, то адкрыць іх можна было толькі пасьля зьняцьця напругі з электрапрывада.

Другое дно[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другое дно месьцілася ў 1,6 мэтра над кілем і займала 9/10 даўжыні судна без ахопліваньня дробных участкаў у насавой частцы і карме. На другім дне стаялі катлы, поршневыя паравыя машыны, паравая турбіна і электрагенэратар. Усе яны трывала замацоўваліся на сталёвых плітах. Астатняя прастора выкарыстоўвалася для грузаў, вугалю і цыстэрнаў зь пітной вадой. На насьціле другога машыннага аддзяленьня дно падымалася на 1,98 м над кілем, што павялічвала абарону лайнэра пры пашкоджаньні зьнешняй абшыўкі.

Палубы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кавярня «Парыжанін» на палубе «B» (сакавік 1912 г.)

На «Тытаніку» было 8 сталёвых палубаў, разьмешчаных адна над адной на адлегласьці 2,5—3,2 м. Верхняя была шлюпачнай. Пад ёй знаходзілася 7 астатніх, пазначаных зьверху ўніз лацінскімі літарамі ад «A» да «G». Толькі палубы «C», «D», «E» і «F» праходзілі па ўсёй даўжыні судна. Шлюпачная палуба і палуба «А» не даходзілі ні да насавой часткі, ні да кармы. Палуба «G» месьцілася ў пярэдняй частцы лайнэра — ад кацельнага аддзяленьня да носа — і ў кармавой частцы — ад машыннага аддзяленьня да зрэзу кармы. На адкрытай шлюпачнай палубе месьціліся 20 ратавальных шлюпак. Уздоўж бартоў знаходзіліся прагулачныя палубы.

Палуба «A» даўжынёй 150 м амаль уся прызначалася для пасажыраў 1-й клясы. Палуба «B» перарывалася ў насавой частцы, дзе ўтварала адкрытую прастору над палубай «C», а затым працягвалася ў выглядзе 37-мэтровай насавой надбудовы з абсталяваньнем для абслугоўваньня якараў і швартоўнай прыладай. У пярэдняй частцы палубы «C» месьціліся якарныя лябёдкі для 2 галоўных бартавых якараў. Тамсама знаходзіўся камбуз і страўня для матросаў і качагараў. За насавой надбудовай разьмяшчалася шпацырная (міжнадбудоўная) палуба для пасажыраў трэцяга класа даўжынёй 15 м. На палубе «D» была яшчэ адна, ізаляваная, шпацырная палуба 3-й клясы. Па ўсёй даўжыні палубы «Е» ішлі каюты пасажыраў 1-й і 2-й клясаў, а таксама каюты сьцюардаў і мэханікаў. У першай частцы палубы «F» разьмяшчаліся 64 каюты пасажыраў 2-га класа і асноўныя жылыя памяшканьні пасажыраў 3-га, якія цягнуліся на 45 м і якія займалі ўсю шырыню лайнэра. Тут было 2 вялікія салёны, страўня пасажыраў 3-й клясы, суднавыя пральні, басэйн і турэцкія лазьні.

Каюта 3-й клясы на «Тытаніку» (1912 г.)

Палуба «G» ахоплівала толькі насавую і кармавую часткі, між якімі месьцілася кацельнае аддзяленьне. Насавая частка палубы даўжынёй 58 м была на 2 м вышэй за ватэрлінію. Да цэнтру лайнэра яна паступова паніжалася і на процілеглым канцы была ўжо на ўзроўні ватэрлініі. Тут было 26 каютаў для 106 пасажыраў 3-й клясы, Астатнюю плошчу займалі багажнае аддзяленьне для пасажыраў 1-й клясы, суднавая пошта і зала для гульні ў мяч. За насавой часткай палубы месьціліся бункеры з вугалем, якія займалі 6 воданепранікальных адсекаў вакол комінаў, за імі ішлі 2 адсекі з параправода поршневых паравых машынаў і турбіннае аддзяленьне. Далей ішла кармавая частка палубы даўжынёй 64 м са складамі, каморы і 60 каютаў для 186 пасажыраў 3-й клясы, якая знаходзілася ўжо ніжэй за ватэрлінію.

Службовыя памяшканьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пярэдняй частцы шлюпачнай палубы знаходзіўся хадавы масток, аддалены ад носа на 58 м. На мастку месьцілася хадавая рубка са штурвалам і компасам. Адразу за ёй было памяшканьне, дзе захоўваліся навігацыйныя мапы. Справа ад рулявой рубкі былі штурманская высечка, каюта капітана і частка каютаў афіцэраў. Зьлева — астатнія каюты афіцэраў. Ззаду ад іх, за пярэдняй трубой, была рубка радыётэлеграфіі і каюта радыста. У пярэдняй частцы палубы «D» месьціліся жылыя памяшканьні для 108 качагараў. Асаблівы вінтавы трап злучаў гэтую палубу непасрэдна з кацельнямі, каб качагары маглі сыходзіць на працоўныя месцы і вяртацца без праходу ўздоўж каютаў або салёнаў для пасажыраў. У пярэдняй частцы палубы «Е» знаходзіліся жылыя памяшканьні для 72 грузчыкаў і 44 матросаў. У пярэдняй частцы палубы «F» разьмяшчаліся ў кубрыку 53 качагары 3-й зьмены. На палубе «G» знаходзіліся памяшканьні для 45 качагараў і змазчыка. На судне быў паштамт і склад на палубах «F» і «G», дзе працавалі 5 паштовых работнікаў. Перад назовам карабля ўжываўся скарот «RMS», які абазначаў Каралеўскае паштовае судна (КПС; анг. Royal Mail Ship).

Трубы і мачты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

4-я труба на «Тытаніку» (1912 г.)

Лайнэр меў 4 трубы, дыямэтар кожнай зь якіх быў 7,3 м, вышыня — 18,5 м. Тры першыя адводзілі дым з топак катлоў. Чацьвёртая, разьмешчаная над адсекам турбіны, выконвала функцыі выцяжнога вэнтылятара. Да яе быў падведзены комін для суднавых кухняў.

Адна мачта знаходзілася на карме, другая — на паўбаку. Кожная была сталёвай зь верхняй часткай зь ціка. На пярэдняй, на вышыні 29 м ад ватэрлініі, разьмяшчалася марсавая пляцоўка («крумкачовае гняздо»), дабрацца да якой можна было па ўнутраным мэталічным трапе.

Абсталяваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сілавая ўстаноўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прынцып дзеяньня паравой машыны трайнога пашырэньня, як на «Тытаніку»

Магутнасьць 2 паравых машынаў і турбіны складала 46 тыс. конскіх сілаў. Турбіна месьцілася ў 5-м воданепранікальным адсеку ў кармавой частцы лайнэра. У наступным адсеку, бліжэй да носа, месьціліся 2 паравыя машыны. Іншыя 6 адсекаў былі занятыя 24 двухпраточнымі і 5 аднапраточнымі катламі, якія выпрацоўвалі пару для галоўных машынаў, турбіны, генэратараў і дапаможных мэханізмаў. Дыямэтар кожнага катла быў 4,79 м. Даўжыня двухпраточных была роўная 6,08 м, аднапраточных — 3,57 м. У кожнага двухпраточнага катла было 6 топак, а ў аднапраточнага — 3. «Тытанік» меў 4 дапаможныя машыны з генэратарамі магутнасьцю па 400 кіляватаў, якія выпрацоўвалі электрычнасьць напругай у 100 вольт. Побач зь імі былі яшчэ 2 30-кіляватных генэратары. Пара высокага ціску з катлоў ішла ў 2 паравыя машыны трайнога пашырэньня, якія круцілі бакавыя шрубы. З машынаў пара далей паступала ў турбіну нізкага ціску, якая даводзіла ў рух сярэдні вясьлярны шруб. З турбіны адпрацаваная пара трапляла ў кандэнсатары, адкуль прэсная вада ішла назад у катлы па замкнёным цыкле.

1 з 4 галоўных электрагенэратараў на «Тытаніку» (1912 г.)

Электразабесьпячэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да разьмеркавальнай сеткі было падключана 10 000 лямпачак і 562 электраабагравальнікі, галоўным чынам у каютах 1-й клясы, 153 электрарухавікі, у тым ліку электрапрывады для 8 кранаў агульнай грузападымальнасьцю 18 тонаў, 4 грузавыя лябёдкі грузападымальнасьцю 750 кг, 4 ліфты на 12 чалавек кожны. Электрычнасьць таксама спажывалі тэлефонная станцыя і радыёсувязь, вэнтылятары ў кацельным і машынным аддзяленьнях, апараты ў гімнастычнай зале, дзясяткі машынаў і прыбораў у кухнях, у тым ліку халадзільнікі.

Сувязь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэлефонны камутатар абслугоўваў 50 лініяў. Магутнасьць асноўнага радыёперадавальніка складала 5 кіляват. Сілакаваньне паступала да яго ад электрагенэратара. Другі, аварыйны радыёперадавальнік, сілкаваўся ад акумулятараў. Між 2 мачтамі былі нацягнутыя 4 антэны даўжынёй да 75 м. Гарантаваная далёкасьць праходжаньня радыёсыгналу складала 250 міляў. Днём пры спрыяльных умовах магчымая была сувязь на адлегласьці да 400 міляў, а ўначы — да 2000.

Радыёабсталяваньне паступіла на борт 2 красавіка 1911 г. ад фірмы «Марконі», якая манапалізавала радыёпрамысловасьць Ангельшчыны і Італіі. Два маладых афіцэры-радысты за дзень сабралі і ўсталявалі станцыю. Для праверкі правялі сувязь зь берагавой станцыяй у Мэлін Хэд, на паўночным узьбярэжжы Ірляндыі, і зь Лівэрпулем. 3 красавіка ўсталявалі сувязь з востравам Тэнэрыфэ на адлегласьці 2000 міляў і з Порт-Саідам у Эгіпце (3000 міль). У студзені 1912 «Тытаніку» прысвоілі радыёпазыўны «MUC». Пазьней яго замянілі на «MGY», які раней належаў амэрыканскаму судну «Ель». «Марконі» ўвяла свой уласны радыёпазыўны, які пачынаўся на літару «М» без уліку разьмяшчэньня і краіны прыпіскі судна, бо мела манаполію.

Шлюпкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Брытанскага кодэкса гандлёвага мараплаўства ад 1894 г., узалежнена ад танажу параход меў 20 ратавальных шлюпак для пасадкі 1178 чалавек, то бок для 30% людзей на борце ад плянавай загрузкі. З 16 4-веславых драўляных шлюпак 14 маглі ўзяць па 65 чалавек. Яшчэ 2 дзяжурныя драўляныя шлюпкі каля капітанскага мастка мелі зьмяшчальнасьць па 40 чалавек. Апошнія 4 складныя шлюпкі маглі ўзяць па 47 чалавек (14*65 + 2*40 + 4*47 = 1178).

Адзінае плаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У першым плаваньні лайнэра ўдзельнічаў шэраг тагачасных знакамітасьцяў Ангельшчыны і ЗША: амэрыканскі прамысловец Джон-Джэкаб Астар 4-ы, бізнэсмэн Бэнджамін Гугэнхайм, уладальнік ўнівэрмага «Мэйсіз» Ісідор Штраўс, мільянерка Маргарэт Браўн, якая атрымала пасьля крушэньня судна мянушку «непатапляльная», мадэльерка Люсі Дафф-Гордан, гулец у крыкет Джон Таер, брытанскі журналіст Ўільям-Томас Стыд, графіня Роцкая, ваенны памочнік прэзыдэнта ЗША Арчыбальд Бат, кінаакторка Дораці Гібсан[1].

Лядовая абстаноўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1890 г. Гідралягічныя служба ЗША рабіла справаздачы аб руху айсбэргаў на поўначы Атлянтычнага акіяна. Ільды звычайна адкалываліся ад ледавікоў на захадзе Грэнляндыі і ад ледзяных палёў Арктычнага акіяна, таксама каля канадзкіх берагоў вострава Ньюфаўндлэнд, паўвострава Лябрадор (паўвостраў) і ў заліве сьвятога Ляўрэнція.

У 1898 г. параходныя прадпрыемствы заключылі пагадненьне аб усталяваньні 2 церазатлянтычных шляхоў на поўдзень ад Ньюфаўндлэнда, каля якога частымі былі туманы і айсбэргі. Маршруты на захад і ўсход знаходзіліся адзін ад аднога на адлегасьці да 50 міляў. Зь сярэдзіны студзеня па сярэдзіну жніўня, у час найбольшай лядовай пагрозы, параходы рухаліся па Паўднёвым маршруце. У астатні час выкарыстоўвалі Паўночны шлях. Такі парадак дазваляў зьменшыць верагоднасьць сустрэчы зь ільдамі. На пачатку 1912 г. Гідралягічная служба ЗША прапанавала перанесьці шлях далей на поўдзень у сувязі з ростам ліку айсбэргаў, што вырашылі зрабіць ужо пасьля кружэньня «Тытаніка».

Шлях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мапа плаваньня «Тытаніка»

Серада, 10 красавіка 1912 г.

  • 12:00 — «Тытанік» адыходзіць ад прычальнай сьценкі саўтгэмптанскага порта (Ангельшчына) і ледзь пазьбягае сутыкненьня з амэрыканскім лайнэрам «Нью-Ёрк». На борце «Тытаніка» 922 пасажыры[1].
  • 19:00 — прыпынак у Шэрбуры (Нармандыя, Францыя) для прыняцьця на борт 274 пасажыраў і пошты.
  • 21:00 — «Тытанік» выйшаў з Шэрбура і накіраваўся ў Кўінзтаўн (цяпер Коўв, графства Корк, Ірляндыя).

Чацьвер, 11 красавіка 1912 г.

  • 12:30 — прыпынак у Кўінзтаўне для прыняцьця на борт 120 пасажыраў і пошты; адзін член каманды 23-гадовы качагар Джон Кофі дэзэртаваў з «Тытаніка».
  • 14:00 — «Тытанік» адбывае з Кўінзтаўна з 1316 пасажырамі і 908 чальцом экіпажа на борце[1].

Нядзеля, 14 красавіка 1912 г.

  • 09:00 — карабель «Карона» паведамляе аб ільдах у раёне 42° паўночнай шыраты, 49° — 51° заходняй даўгаты.
  • 13:42 — «Балтык» паведамляе аб наяўнасьці льдоў у раёне 41°51′ паўночнай шыраты, 49°52′ заходняй даўгаты.
  • 13:45 — «Амэрыка» паведамляе аб ільдах у раёне 41°27′ паўночнай шыраты, 50°8′ заходняй даўгаты.
  • 19:00 — тэмпэратура паветра +6°C.
  • 19:30 — тэмпэратура паветра +3,9 °C.
  • 19:30 — «Каліфарніец» паведамляе аб ільдах у раёне 42°3′ паўночнай шыраты, 49°9′ заходняй даўгаты.
  • 21:00 — тэмпэратура паветра +0,6 °C.
  • 21:30 — другі памочнік капітана Лайтолер папярэджвае суднавога цесьляра і вахтавых у машынным аддзяленьні пра патрэбу сачыць за тэмпэратурай прэснай вады ў трубаправодах у сувязі з пагрозай замярзаньня; ён загадвае наперадгледзячаму назіраць за зьяўленьнем ільдоў.
  • 21:40 — «Месаба» паведамляе аб льдах ў раёне 42° — 41°25′ паўночнай шыраты, 49° — 50°30′ заходняй даўгаты.
  • 22:00 — тэмпэратура паветра 0 °C.
  • 22:30 — тэмпэратура забортнай вады панізілася -0,56 °C.
  • 23:00 — «Каліфарніец» папярэджвае аб наяўнасьці льдоў, але радыст «Тытаніка» абрывае радыёабмен раней, чым «Каліфорніэн» пасьпявае паведаміць каардынаты раёну.
  • 23:40[1] — У кропцы з каардынатамі 41°43′ паўночнай шыраты, 49°56′ заходняй даўгаты на адлегласьці каля 650 мэтраў прама па курсе быў заўважаны айсбэрг. Нягледзячы на ​​манэўр, праз 39 сэкундаў адбыўся дотык падводнай часткі судна. Корпус атрымаў шматлікія дробныя прабоіны на даўжыню каля 100 мэтраў. З 16 воданепранікальных адсекаў судна 6 былі прарэзаны (у шостым цеча была нязначнай).

Сутыкненьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Айсбэрг, зь якім сутыкнуўся «Тытанік» (15 красавіка 1912 г.)

Наперадгледзячы Фрэдэрык Фліт (1887-1965) распазнаў айсбэрг у лёгкай смузе безь бінокля. У дзень адплыцьця 2- памочнік капітана Дэвід Блэр у сьпешцы забыўся перадаць ключ ад сэйфа зь біноклямі 1-му памочніку Гэнры Ўайлду з адпаведнага судна «Алімпік», які замяніў яго на пасадзе. Разам з тым, афіцэры на мастку мелі біноклі і заўважылі айсбэрг пазьней. Наперадгледзячы Фліт адразу папярэдзіў «перад намі — лёд» і тройчы ўдарыў у звон, што азначала перашкоду прама па курсе. Пасьля гэтага Фліт патэлефанаваў на капітанскі масток. Шосты памочнік Джэймз Мудзі, які знаходзіўся на мастку, зьняў трубку амаль імгненна і пачуў выкрык «лёд прама па носе» (анг. «Ice right ahead»). Мудзі паўтарыў папярэджаньне вахтаваму афіцэру Ўільяму Мэрдаку. Той кінуўся да тэлеграфу, паставіў яго ручку на «стоп» і крыкнуў «права на борт». Адначасова Мэрдак перадаў у машыннае аддзяленьне загад «поўны назад», націснуў рычаг закрыцьця воданепранікальных дзьвярэй у пераборках кацельняў і машынным аддзяленьні. Паводле ангельскай тэрміналёгіі 1912 г. каманда «права руля» азначала паварот кармы судна направа, а носа — налева. Рулявы Робэрт Хічэнс (1882-1940) налёг на рукаятку штурвальнага кола і хутка павярнуў яго супраць гадзіньнікавай стрэлкі да ўпора, пасьля чаго Мэрдаку далажылі «руль направа».

Пасадка ў шлюпкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Складная шлюпка з «Тытаніка» падплывае да карабля «Карпатыя» (15 красавіка 1912 г.)

Капітан Эдвард-Джон Сьміт загадаў, каб у шлюпкі садзіліся «спачатку жанчыны і дзеці». Другі памочнік капітана Чарлз Лайтолер (1874-1952) загадваў спускам шлюпак зь левага борта і дазваляў мужчынам займаць месцы ў шлюпках толькі ў якасьці весьляроў. Першы памочнік Мэрдак з правага борта дазваляў мужчынам садзіцца ў шлюпкі, калі жанчыны і дзеці адсутнічалі ў чарзе. У першай шлюпцы занялі 12 з 40 месцаў. У шэраг наступных шлюпак матросы пасадзілі па 20 пасажыраў у якасьці засьцярогі ад перагрузу. Тады галоўны інжынэр карабля Томас Эндрус пераканаў каманду ў разьлічанасьці кожнай шлюпкі на 65 чалавек, калі ў выніку праверкі шлюпка вытрымала вагу 70 дарослых мужчынаў. Лодкі сталі запаўняцца лепш. У 16-й драўлянай шлюпцы занялі 44 з 65 месцаў, бо ў ёй ратаваліся пасажыры 1-й клясы. Трыма складнымі шлюпкамі скарысталіся некаторыя афіцэры, у тым ліку Чарлз Лайтолер. 20-ю шлюпку (4-ю складную) змыла за борт, калі пярэдняя частка парахода сышла пад ваду, і яна плавала перавёрнутай.

Затапленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карціна «Крушэньне Тытаніка» (Вілі Шцёвэр, 1912 г.)

Панядзелак, 15 красавіка 1912 году

  • 00:05 — стаў адчувальны дыфэрэнт на нос. Аддадзены загад расчахліць выратавальныя шлюпкі і склікаць членаў экіпажа і пасажыраў да месцаў збору.
  • 00:15 — з «Тытаніка» перадалі першы радыётэлеграфны сыгнал аб дапамозе.
  • 00:45 — выпусьцілі першую сыгнальную ракету і спусьцілі на ваду першую ратавальную шлюпку (№ 7). Насавая палуба сыходзіць пад ваду.
  • 01:15 — на шлюпачную палубу дапусьцілі пасажыраў 3-й клясы.
  • 01:40 — выпусьцілі апошнюю сыгнальную ракету.
  • 02:05 — спусьцілі апошнюю ратавальную шлюпку (складная шлюпка D). Насавая частка шлюпачнай палубы сыходзіць пад ваду.
  • 02:08 — «Тытанік» рэзка ўздрыгвае і зрушваецца наперад. Хваля пракатваецца па палубе, залівае масток і змывае ў ваду пасажыраў і членаў каманды.
  • 02:10 — перадача апошніх радыётэлеграфных сыгналаў.
  • 02:15 — «Тытанік» высока задзірае ўверх карму, агаляе руль і вясьлярныя шрубы.
  • 02:17 — згасае электрычнае асьвятленьне.
  • 02:18 — «Тытанік» хутка апускаецца і разломліваецца на 2 часткі.
  • 02:20 — «Тытанік» затануў.
  • 02:29 — На хуткасьці каля 13 міляў у гадзіну насавая частка «Тытаніка» ўразаецца ў акіянскае дно на глыбіні 3750 мэтраў і хаваецца ў асадкавыя пароды дна.
  • 03:30 — з ратавальных шлюпак заўважаюць сыгнальныя ракеты, выпушчаныя з «Карпатыі».
  • 04:10 — «Карпатыя» падабрала першую шлюпку з «Тытаніка» (шлюпку № 2).
  • 08:30 — «Карпатыя» падабрала апошнюю (№ 12) шлюпку з «Тытаніка».
  • 08:50 — «Карпатыя» бярэ курс на Нью-Ёрк з 711 чалавекамі з «Тытаніка» на борце.

Чацьвер, 18 красавіка 1912 г.

  • «Карпатыя» прыбывае ў Нью-Ёрк.

Бязьдзеяньне парахода «Каліфарніец»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Радыст на параходзе «Каліфарніец» лёг спаць за некалькі хвілінаў да таго, як быў пасланы сыгнал SOS з «Тытаніка», і быў разбуджаны толькі а 3:30 раніцы. Пакуль той спаў, капітан карабля «Каліфарніец» (анг. Californian) Стэнлі Лорд цягам 2 гадзінаў бязьдзейна назіраў за сыгнальнымі ракетамі, які абазначалі бедзства на «Тытаніку».

Склад выжылых[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бліжэйшы карабель «Карпатыя» ўратаваў на 13 шлюпках 711 чалавек, то бок на 467 менш за разьлічаныя 1178 месцаў у 20 шлюпках. Мужчыны з каманды занялі частку месцаў амаль ва ўсіх шлюпках, у сярэднім па 10 чалавек з экіпажа на 1 шлюпку. Уратавалася 24% ад ліку экіпажа і 25% пасажыраў 3-й клясы. Насуперак загаду капітана сярод большасьці пасажыраў на «Тытаніку» засталося некалькі дзясяткаў дзяцей і звыш 100 жанчынаў. З вады ў шлюпкі жывымі падабралі 6 чалавек. Нізкай выжывальнасьці пасажыраў 3-й клясы паспрыяла закрыцьцё дзьвярэй праходу зь ніжніх палубаў. Выратаваліся амаль усе жанчыны і дзеці з каютаў 1-й і 2-й клясаў. Сярод жанчынаў і дзяцей з каютаў 3-й клясы выжыла менш за палову, бо ім было цяжка знайсьці шлях наверх у спалучэньні вузкіх калідораў. Агулам ацалела 323 мужчыны (20%) і 331 жанчына (75%), у тым ліку знакамітасьці: Віялета Джэсап, Дораці Гібсан, Молі Браўн, Люсі Дафф-Гордан і графіня Роцкая. У траўні 2006 году ва ўзросьце 99 гадоў памерла апошняя амэрыканка-відавочца, якая выжыла пры крушэньні «Тытаніка». Швэдка паводле паходжаньня Лільяна-Гэртруда Асплюнд (швэд. Lillian Gertrud Asplund), якой падчас крушэньня было 5 гадоў, страціла ў ёй бацьку і 3 братоў. Выжылі яе маці і брат, якому тады было 3 гады. Яны былі пасажырамі 3-й клясы і выратаваліся ў шлюпцы № 15. Асплюнд была апошняй, хто памятаў пра тое, як адбылося бедзтва, аднак пазьбягала публічнасьці і рэдка казала пра гэту падзею. Апошняя з пасажыраў «Тытаніка», Мілвіна Дын, якой на момант патапленьня лайнэра было 2 з паловай месяцы, сканала 31 траўня 2009 году ва ўзросьце 97 гадоў[1].

Ураджэнцы Беларусі сярод пасажыраў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сярод пасажыраў адзінага рэйсу «Тытаніка» была прынамсі адна ўраджэнка Беларусі, у сьпісах яе імя — Джэні Дропкін (Jennie Dropkin), 24 гады, родны горад — Магілёў. Яна села на борт у Саўтгэмптане і сьледвала да Нью-Ёрку. Ёй атрымалася выжыць у катастрофе, яна выратавалася на шлюпцы нумар 13. Акрамя гэтага на борце было пяць пасажыраў з габрэйскімі імёнамі, чыя краіна паходжаньня пазначаная як «Расея», але гарады не вядомыя. Яны маглі паходзіць з рысы аселасьці, у тым ліку зь Беларусі.

Музэй[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будынак музэю ў Бэлфасьце

31 сакавіка 2012 г. побач з былым партовым докам Бэлфаста (Паўночная Ірляндыя) адчынілі 6-павярховы музэй у выглядзе носу карабля, які складаецца з 9 галерэяў, прысьвечаных «Тытаніку»[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё Вераніка Захарава. Загадка «Тытаніка» // Зьвязда : газэта. — 14 красавіка 2012. — № 73 (27188). — С. 4. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тытаніксховішча мультымэдыйных матэрыялаў