Турандот

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Турандот
італ. Turandot
Плякат 1926 г.
Плякат 1926 г.
Лібрэта (1926 г.)
Лібрэта (1926 г.)
ЖанрОпэра
ПаводлеТрагікамэдыя «Турандот»(en) (Карла Гоцы(it), 1762)
АўтарыДжузэпэ Адамі(it), Рэната Сімоні(it)
Мастак-пастаноўнікАртура Тасканіні
КампазытарДжакама Пуччыні
АкторыМігель Флета(es), Роза Раіса(pl)
Працягласьць2 гадзіны 45 хвілінаў[1]
КраінаІталія
МоваІтальянская
Год прэм’еры25 красавіка 1926 (97 гадоў таму)

«Турандо́т» (пэрс. توران‌ دخت‎ — дачка Турана(en)) — італьянская опэра 1926 году ў трох дзеях аб сватаньні татарскага вартаўніка Калафа да дачкі кітайскага імпэратара. 25 красавіка 1926 г. у мілянскім тэатры «Ля Скаля» адбылася прэм’ера опэры на музыку Джакама Пуччыні (1858—1924), якую той за 4 гады дапісаў да сцэны гібелі рабыні Лю (у апошняй 3-й дзеі)[2]. У хуткім часе пастаноўкі прайшлі ў Рыме (29 красавіка) і Вэнэцыі (тэатар «Фэнікс»; 9 верасьня). Да канца 1926 году арыгінальныя паказы адбыліся ў 4 іншых краінах: Аргентыне (Тэатар Калюмба(es), Буэнас-Айрэс; 23 чэрвеня), Аўстрыі (Вена; 14 кастрычніка), Нямеччыне (Бэрлін; 8 лістапада) і ЗША (Сталічны опэрны тэатар(en), Нью-Ёрк; 16 лістапада). У перакладзе на нямецкую пастаноўка прайшла ў Дрэздэне (Нямеччына; 6 верасьня), на францускую — у Брусэлі (Тэатар мынцы(fr), Бэльгія; 17 сьнежня). У 1927 г. прэм’еры адбыліся ў Нэапалі (тэатар сьвятога Карла; 17 студзеня), Парме (12 лютага), Турыне (17 сакавіка) і Балёньні (кастрычнік). У 1927—1931 гг., цягам наступных 5 гадоў, пастаноўкі прайшлі ў яшчэ 5 краінах: Ангельшчыне (Каралеўскі опэрны тэатар, Лёндан; 7 чэрвеня 1927 г.), ЗША (Сан-Францыска; 19 верасьня 1927 г.), Францыі (Парыж; 29 сакавіка 1928 г.), Аўстраліі (Сыднэй; 1928) і СССР (Вялікі тэатар, Масква; 1931). 29 красавіка 2013 г. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету Беларусі ўпершыню паставіў опэру «Турандот» у Менску[3].

Дзея[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каля сьцяны імпэратарскага палаца ў Пэкіне (Кітай) канцлер Пінг абнародвае ўказ: «Кожны, хто жадае дамагчыся рукі княжны Турандот, мае разгадаць тры загадкі. Таго, хто не адгадае, чакае сьмерць. Сёньня пакараюць юнага пэрсідзкага княжыча». Месьцічы бягуць да палаца, дзе іх спыняе варта. Начальнік варты Калаф пазнае сярод натоўпа свайго бацьку Цімура, якога зрынулі з царскага стальца Татарыі(en). Цімура суправаджае рабыня Лю. Калаф працягвае хаваць сваё імя на службе.

З узыходам месяца пэрсідзкага княжыча забіваюць на пляцы перад палацам. Пры зьяўленьні Турандот месьцічы падаюць ніцма. Калаф крочыць да Турандот насуперак адгаворам свайго бацькі дамагчыся яе рукі. Канцлер Пінг, надзіральнік Панг і кухмайстар Понг перасьцерагаюць і кпяць з Калафа. Лю моліць Калафа сысьці. Слуга тройчы б’е ў гонг для абвяшчэньня намеру Калафа дамагчыся жаніцьбы на Турандот.

Другая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пінг, Панг і Понг разважаюць пра пажаданасьць вяртаньня да жыцьця ўдалечыні ад імпэратарскага палаца. На пляцы перад палацам імпэратар Альтум беспасьпяхова імкнецца адвадзіць Калафа ад удзелу ў выпрабаваньні. Пінг паўтарае ўмовы. Турандот тлумачыць сьмяротнасьць выпрабаваньня сваёй нянавісьцю да прышэльцаў (ксэнафобія), бо даўней у гэтым самым палацы татарскі заваёўнік згвалціў і забіў кітайскую князёўну Лулінь.

Турандот абвяшчае першую загадку: «Што за яркая здань нараджаецца ўначы і вабіць чалавека, а ранкам памірае, каб уначы адрадзіцца?» Калаф слушна адказвае: «Гэта надзея», што мудрацы пацьвярджаюць паводле ўласных скруткаў. Гучыць другая загадка: «Што падобна да полымя і ня полымя? Калі гіне чалавек, яно застывае, а калі перамагае — тое палае нібы сонца». Калаф знаходзіць разгадку пасьля падбадзёрваньня з боку Альтума і Лю: «Гэта кроў», чым выклікае гнеў і страх Турандот. Тады тая задае трэцюю загадку: «Што падобна лёду, але ад агню замярзае? Жадаеш быць вольным, яно трымае цябе ў рабстве. А станеш яго рабом — зробіць царом». Турандот кпліва дадае: «Што гэта за лёд, у якім ён згарыць?» Калаф разгадвае: «Гэта Турандот, і лёд яе сэрца згарыць у полымі яго каханьня». Турандот у жаху моліць бацьку Альтума адмовіцца аддаваць яе ў жонкі чужынцу Калафу. Альтум вырашае стрымаць дадзенае Калафу слова. Калаф адмаўляецца жаніцца з Турандот супраць яе волі. Ён кажа, што гатовы памерці, калі Турандот разгадае да ўзыходу сонца яго загадку: «Ва ўсім Пэкіне ніводны чалавек ня ведае яго імя».

Трэцяя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На пляцах Пэкіна вяшчальнікі паведамляюць: «Пад страхам сьмерці ніхто не павінны спаць гэтай ноччу ў Пэкіне — такі загад Турандот». Калаф пяе арыю «Нікому ня спаць(it)». Пінг, Панг і Понг беспасьпяхова спрабуюць спакусіць Калафа любошчамі і багацьцем ды выклікаць жаласьць: «Усе жыхары Пэкіна загінуць у пакутах, калі да ранку Турандот ня будзе ведаць яго імя». Варта схапіла Цімура і Лю, бо іх бачылі зь невядомым. Лю кажа Турандот аб веданьні імя, аднак адмаўляецца раскрыць таямніцу. Месьцічы запрашаюць ката, каб змусіць Лю да прызнаньня. Лю забівае сябе, каб пазьбегнуць выдачы імя Калафа пад катаваньнем. Сьляпы Цімур сыходзіць у суправаджэньні сына Калафа[1].

У пачатку 1926 г. кіраўнік Турынскай кансэрваторыі Франка Альфана дапісаў яшчэ адну сцэну, дзе Калаф раскрывае Турандот сваё імя. Тая абвяшчае бацьку Альтуму, што ведае імя, і кажа: «Гэта каханьне».

Ролі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншыя: пэрсідзкі княжыч, кат, 8 мудрацоў, вартаўнікі, музыкі, прывіды жаніхоў, саноўнікі, сьвятары, служанкі і сьцяганосцы.

Суправаджэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сымфанічны аркестар мае ўлучаць:

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2000 г. дырыгент Вячаслаў Воліч упершыню паставіў «Турандот» на падмостках Нацыянальнага акадэмічнага тэатра опэры Беларусі ў канцэртным выкананьні[4]. 24 сьнежня 2008 г. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусьціў 25 тыс. памятных срэбных манэтаў «Турандот» масай 28,28 грама і наміналам 20 рублёў, якія вырабіў Манэтны двор Польшчы(pl) (Варшава). Проба срэбра склала 925[5].

14 лютага 2012 г. рэжысэрка Галіна Галкоўская паставіла ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры опэры і балету Беларусі канцэртна-сцэнічную перапрацоўку «Турандот», у якой падзеі адбываліся ў палацы беларускай княжны. Ролі выконвалі Сяргей Франкоўскі (Калаф), Тамара Глаголева (Турандот), Міхаіл Пузанаў (Альтум), Алена Бундзелева (Лю) і Аляксандар Дрынеўскі (саноўнік)[6]. Пастаноўка мела посьпех падчас паказу на замежных гастролях[2].

29 красавіка 2013 г. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету Беларусі ўпершыню паставіў опэру «Турандот» на сваіх падмостках. Рэжысэрам выступіў Міхаіл Панджавідзэ, дырыгентам — Віктар Пласкіна, хормайстаркай — Ніна Ламановіч[1]. У пастаноўцы ўдзельнічалі звыш 150 актораў. Галоўныя ролі выконвалі Сяргей Франкоўскі (Калаф), Ніна Шарубіна (Турандот), Станіслаў Трыфанаў (Цімур), Настасься Масквіна (Лю), Уладзімер Громаў (Пінг), Аляксандар Жукаў (Панг), Янаш Налепа (Понг)[2]. «Турандот» стала 29-й пастаноўкай агулам і 4-й опэрай менавіта кампазытара Пуччыні ў рэпэртуары Вялікага тэатра опэры і балета Беларусі[7].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Турандот // Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 16 красавіка 2016 г.
  2. ^ а б в Алена Лісава. Загадкавы Ўсход // Мастацтва : часопіс. — Чэрвень 2013. — № 6 (363). — С. 12-13. — ISSN 0208-2551.
  3. ^ Вольга Нікалаеўская. Слынная опэра Пучыні на беларускай сцэне // Літаратура і мастацтва : газэта. — 26 красавіка 2013. — № 17 (4715). — С. 2. — ISSN 0024-4686.
  4. ^ Вячаслаў Воліч // Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету Рэспублікі Беларусь, 24 сьнежня 2008 г. Праверана 16 красавіка 2016 г.
  5. ^ Памятная манэта «Турандот» // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 24 сьнежня 2008 г. Архіўная копія ад 23 сьнежня 2008 г. Праверана 16 красавіка 2016 г.
  6. ^ Ларыса Цімошык. Імгненьні каханьня і магія любові // Зьвязда : газэта. — 14 лютага 2012. — № 29 (27144). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Вольга Чайкоўская. Пучына Пучыні // Жырандоля. — 4 траўня 2013. — № 17 (187). — С. 3.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]