Тупічэўскі манастыр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Тупічэўскі манастыр
Тупічэўскі манастыр, аўтэнтычны выгляд
Тупічэўскі манастыр, аўтэнтычны выгляд
Краіна Беларусь
Места Амсьціслаў
Каардынаты 54°01′16″ пн. ш. 31°44′40″ у. д. / 54.02111° пн. ш. 31.74444° у. д. / 54.02111; 31.74444Каардынаты: 54°01′16″ пн. ш. 31°44′40″ у. д. / 54.02111° пн. ш. 31.74444° у. д. / 54.02111; 31.74444
Канфэсія праваслаўе[d]
Эпархія Магілёўская 
Архітэктурны стыль барока
Першае згадваньне 1641
Дата заснаваньня XVII ст.
Дата скасаваньня 1918
Тупічэўскі манастыр на мапе Беларусі
Тупічэўскі манастыр
Тупічэўскі манастыр
Тупічэўскі манастыр
Тупічэўскі манастыр на Вікісховішчы

Манастыр Сьвятога Духа — помнік архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў у Амсьціславе. Знаходзіцца на ўсходняй ускраіне места, у прадмесьці Тупічэўшчыне. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з элемэнтамі стылю барока. У 1930-я гады савецкія ўлады зруйнавалі манастырскі комплекс.

Комплекс Амсьціслаўскага Тупічэўскага манастыра складаўся з Духаўскай, Мікольскай, Увядзенскай і Прачысьценскай цэркваў, жылых і гаспадарчых пабудоваў. Да нашага часу захаваліся падмуркі, фрагмэнты агароджы, брамаў і капліцаў. Частку тэрыторыі манастыра займаюць будынкі маслазавода.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1641 годзе каля Амсьціслава, ва ўрочышчы Тупічэўшчыне, браты Маскевічы заснавалі мужчынскі манастыр. 1 кастрычніка 1645 году адбылося асьвячэньне драўлянай царквы Зыходжаньня Сьвятога Духа. У манастыры захоўваўся цудоўны абраз Тупічэўскай Маці Божай.

Манастыр падтрымлівалі маскоўскія гаспадары — Пётар I і Ганна Іванаўна далі яму ахоўныя граматы. У 1724 годзе Ўрадавы сынод Расейскай імпэрыі дазволіў манастыру зьбіраць ахвяраваньні ў Маскоўскай дзяржаве. У 1771 годзе згарэла брацкая Прачысьценская царква, замест якой таго ж году збудавалі царкву Ўвядзеньня Багародзіцы.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Амсьціслаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, манастыр не зьмяніў свайго статусу, аднак ў 1842 годзе яго прыпісалі да Амсьціслаўскага Мікольскага манастыра. У 1877 годзе манахаў перавялі ў будынкі былога кляштару кармэлітаў у Бялынічах.

Агульны выгляд, 1880-я гг.

У 1886 годзе манастыр аднавілі ў старых будынках як жаночы і прыпісалі да Мазалаўскага манастыра, у 1903 годзе ён зноў стаў самастойным. У 1891—1895 гадох збудавалі мураваную Прачысьценскую царкву. У 1898 годзе Ўвядзенскую царкву перабудавалі. У канцы XIX ст. пры манастыры дзейнічала царкоўнапрыходзкая школа, шпіталь і амбуляторыя.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1918 годзе савецкія ўлады зачынілі манастыр. У 1930-я гады будынкі зруйнавалі[1].

У 1959 годзе на тэрыторыі манастыра збудавалі маслазавод.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква Зыходжаньня Сьвятога Духа — крыжова-купальны храм (25×25 м) на каменным падмурку, абнесены паўзакрытай абходнай галерэяй на слупах. Вальмавыя дахі канцоў крыжа і сьветлавы барабан над сяродкрыжжам завяршаліся купаламі-банямі. Спачатку мела гонтавы гонтавы дах, з канца XIX ст. — бляшаны. Унутры царкву ўпрыгожвала размалёўка дрэвам на біблейскія і эвангельскія сюжэты (73 кампазыцыі): у цэнтральным аб’ёме кампазыцыі «Раство Багародзіцы», «Увядзеньне ў храм», «Заручыны Марыі», «Прачыстая», «Нараджэньне Хрыста» і інш., у алтары — «Тайная вячэра», у бабінцы — сцэны з старога запавету і мук розных сьвятых. Галоўны і бакавы іканастасы аздабляла дэкаратыўная разьба і пазалота.

Царква Сьвятога Мікалая — драўляны будынак (9×8 м) на другім ярусе надбрамнай званіцы.

Царква Ўвядзеньня Багародзіцы — драўляны на каменным падмурку, прастакутны ў пляне (каля 12×7 м) купальны будынак. У канцы XIX ст. царкву падоўжылі да 22 м, абклалі цэглай і накрылі бляхай. Унутры царква мела атынкаваныя сьцены, ўпрыгожаныя арнамэнтам і размалёўкай на рэлігійныя сюжэты.

Царква Прачыстай Багародзіцы — мураваны крыжова-купальны храм з званіцай над бабінцам, завершаны купалам на сьветлавым барабане. У інтэр’еры знаходзіліся 4-ярусны з пазалотай і 3-ярусны іканастасы[2].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ярашэвіч А. Тупічэўскі Святадухаўскі манастыр // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 676.
  2. ^ Чарняўская Л., Трусаў А., Якімовіч Ю. Мсціслаўскі Тупічоўскі манастыр // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 353.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]