Трапэзундзкая імпэрыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Трапэзундзкая імпэрыя (справа ў цэнтры) і інш. суседзі Бізантыі ў 1265 (William R. Shepherd, Historical Atlas, 1911)

Трапэзундзкая імпэрыя — дзяржава (1204—1461) на паўночным усходзе Малой Азіі, са сталіцай у месьце Трапэзунд.

Трапэзундзкая імпэрыя была ўтвораная пасьля захопу Канстанцінопаля крыжакамі — удзельнікамі 4-га крыжовага паходу, пры распадзе Бізантыйскай імпэрыі. У красавіку 1204 году ўнукі бізантыйскага імпэратара Андроніка I Аляксей і Давыд Комніны, з дапамогай войскаў грузінскай царыцы Тамары — сваёй цёткі па кудзелі, занялі Трапэзунд, а пасьля прыбярэжныя раёны з гарадамі: Сыноп, Амастрыда, Іраклія.

Імпэратарам быў абвешчаны Аляксей (1204—1222); рэальна яму была падуладная ўсходняя частка імпэрыі з Трапэзундам, а заходняя частка знаходзілася пад уладай Давыда. Імпэратары сталі называцца Вялікімі Камнінамі. У 1214 Трапэзундзкая імпэрыя страціла Іраклію і Амастрыду, заваяваныя Нікейскай імпэрыяй, і Сыноп, захоплены сэльджукамі. Пад уладай Трапэзундзкай імпэрыі засталася вузкая прыбярэжная паласа ў межах бізантыйскай фэмы Халдыя, адрэзанай ад астатняй грэцкай тэрыторыі; засялялі яе грэкі, грузіны і армяне. Адміністрацыйна імпэрыя першапачаткова падзялялася на тры банды (ваенныя акругі): Трапэзунд, Мацука і Гемора на чале з дуксамі або «кефаламі» (галавамі, кіраўнікамі). У 14 ст. было ўжо сем бандаў за кошт драбненьня ранейшых акругаў: Трыкомія, Трапэзунд, Мацука, Палеамацука, Гемора, Сірмэна, Рызеон і асобная фэма Вялікая Лазія. Асноўнымі гарадамі-крэпасьцямі імпэрыі апроч сталіцы былі Керасунт, Трыпалі, Ясоній, Мэсахалдыя і Лімніі.

Трапэзундзкая імпэрыя падтрымлівала саюз з Грузіяй. Нікейская імпэрыя, а затым і адноўленая Бізантыйская імпэрыі ніколі не прызнавалі за Вялікімі Комнінамі тытула імпэратараў, у афіцыйных бізантыйскіх дакумэнтох яны пісаліся «ўладарамі» або «архонтамі». Эканоміка імпэрыі засноўвалася на вінаградарстве, земляробстве і пасярэдніцкім гандлі з Паўночным Прычарнамор’ем, Каўказам, Мэсапатаміяй, Сярэднім Усходам. З срэбра, якое здабывалі з радовішчаў на тэрыторыі імпэрыі, білі трапэзундзкія манэты — аспры. Фэўдалы валодалі значнай самастойнасьцю: дынаты вяршылі суд над залежнымі сялянамі (парыкамі), набіралі з сваіх людзей дружыны. У 1244 Трапэзундзкая імпэрыя стала даньніцай манголаў, у пачатку 14 ст. вяла барацьбу зь цюркамі Ак-Каюнлу. У 1456 Трапэзундзкую імпэрыю абклалі данінай туркі-асманы, у 1461 Трапэзундзкая імпэрыя была заваяваная султанам Мэхмэтам II, які ператварыў яе ў правінцыю Асманскай імпэрыі.