Сілаба-танічнае вершаваньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Сіла́ба-тані́чнае вершава́ньне — сыстэма вершаваньня, у аснове якой — раўнамернае чаргаваньне націскных і ненаціскных складоў. Ужываецца перш за ўсё ў мовах зь пераменным месцам націску (расейскай, украінскай, беларускай, ангельскай, нямецкай і інш.). Рытм сілаба-танічнага верша ствараецца таксама чаргаваньнем у вершаваных радках аднолькавай колькасьці складоў (як у сілабічным вершаваньні). Адсюль і назва гэтай сыстэмы. Ёсьць у ёй і шэраг іншых рытмастваральных кампанэнтаў (аднолькавая колькасьць адных і тых жа стопаў у радках, упарадкаванае чаргаваньне рыфмаў, кляўзулаў, розных паўзаў і інш.), па багацьці якіх сілаба-танічнае вершаваньне пераўзыходзіць усе іншыя сучасныя вершаваныя сыстэмы.

Сілаба-танічнае вершаваньне карыстаецца пяцьцю мэтрамі (ямбічным, харэічным, дактылічным, амфібрахічным і анапестычным) і вялікай колькасьцю вершаваных памераў.

Сілаба-танічнае вершаваньне ў беларускай літаратуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У беларускім фальклёры першыя выпадкі ўжываньня сілаба-танічнага вершаваньня зафіксаваныя ў XVI ст. Сілаба-танічныя формы народнага верша найбольш пашырыліся ў XVIII—XIX стст., што (разам з уплывам рускай сілаба-тонікі) прывяло да ўзьнікненьня ў канцы XVIII ст. беларускай літаратурнай сілаба-тонікі. Пераход на сілаба-танічнае вершаваньне ў беларускай паэзіі адбываўся ў XIX ст. (А. Абуховіч, Ф. Багушэвіч). Выключную ролю ў гэтым адыграў Я. Лучына. Пануючай стала сыстэма з пачатку XX ст. дзякуючы творчасьці Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, А. Гаруна, Ц. Гартнага, З. Бядулі і інш. Сёньня сілаба-тоніка — асноўная сыстэма вершаваньня ва ўсёй усходнеславянскай, у тым ліку беларускай, вершатворчасьці.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]