Сярэднедунайская нізіна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ляндшафт Сярэднедунайскай нізіны — канал Дунай-Ціса-Дунай каля вёскі Руменка, недалёка ад Нові Сада, Сэрбія

Сярэднедунайская нізіна (Сярэднедунайская раўніна, Ціса-Дунайская нізіна, Панонская раўніна; па-харвацку: Panonska nizina, па-чэску: Panonská pánev, па-вугорску: Kárpát-medence, па-славацку: Panónska panva, па-нямецку: Pannonische Tiefebene, па-румынску: Câmpia Panonică, па-ўкраінску: Тисо-Дунайська низовина, па-сэрбску: Панонска низија, па-славенску: Panonska nižina, па-басьнійску: Panonska nizija) — раўніна ў басэйне сярэдняга цячэньня ракі Дунай, у межах Вугоршчыны (вялікая частка), Славаччыны, Румыніі, Харватыі і Аўстрыі; на паўночным усходзе заходзіць на тэрыторыю Закарпацкай вобласьці Ўкраіны.

Плошча — каля 200 тыс. км². Уяўляе сабой міжгорную тэктанічную нізіну, якую атачаюць Альпы, Карпаты, Дынарске нагор’е і горы Ўсходняй Сэрбіі. Вышыня — 100—200 м. Паверхня плоская — у Альфёльдзе (на ўсход ад Дунаю) ці слабаўзгорыстая — у Дунантуле (на захад ад Дунаю) з асобнымі ізаляванымі горамі сярэдняй вышыні (гэтак званае Задунайскае сярэднегор’е, вышынёю да 757 м). На паўночным захадзе — Кішальфёльд, большая частка якога ўяўляе сабой конус вынасу Прадунаю. У склад Сярэднедунайскай нізіны ўваходзяць таксама Заграбскі басэйн (на паўднёвым захадзе) і даліны рэк Драва і Сава на поўдні. На Сярэднедунайскай нізіне знаходзіцца возера Балатон.

Радовішчы баксытаў (Гант, Іскасентдзьердзь у Вугоршчыны), нафты, газу, бурага вугля. Клімат умераны, кантынэнтальны, на ўсходзе засушлівы. Сярэдняя тэмпэратура студзеня — −1 °C −2 °C, у ліпені 20-22°С. Ападкі — 500—600 мм, у гарах — да 900 мм у год. Пераважна чарназёмы і алювіяльныя грунты, на ўсходзе месцамі засоленыя. 70-80% тэрыторыі Сярэднедунайскай нізіны разараны (пасевы пшаніцы, кукурузы, сады, вінаграднікі). Малаважныя ўчасткі лесастэпаў (галоўным чынам у горах і перадгор’ях). Сярэднедунайская нізіна густа населеная; найбольш буйныя гарады — Будапэшт (Вугоршчына), Заграб (Харватыя), Браціслава (Славаччына), Тымішаара (Румынія).

Панонскае мора[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сярэднедунайская нізіна зьяўляецца ўзьнятым дном Панонскага мора, што існавала ў пэрыяд пліяцэну. Шэраг гор (напрыклад, гара Фрушка-Гара ў Сэрбіі) зьяўляюцца ў колішнімі астравамі ў Панонскім моры.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]