Сэрыя A чэмпіянату Бразыліі па футболе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сэрыя А
Краіна Бразылія
Канфэдэрацыя Бразыльская канфэдэрацыя футболу
Заснаваная 1959
Колькасьць камандаў 20
Вылет у Сэрыя Б
Узровень ў пірамідзе Узровень 1
Хатнія кубкі Кубак Бразыліі
Міжнародныя кубкі Кубак Лібэртадорэс
Паўднёваамэрыканскі кубак
Дзейны чэмпіён Фламэнгу — 6-ы тытул (2019)
Найбольш пасьпяховы клюб Палмэйрас — 10 тытулаў
Сэзон 2020 году

Сэ́рыя А (па-партугальску: Campeonato Brasileiro Série A) — спаборніцтва для наймацнейшых футбольных клюбаў Бразыліі, якое мае статус першараднага футбольнага спаборніцтва краіны. Спаборніцтвы вызначаюць нацыянальнага чэмпіёна Бразыліі па футболе, а таксама ўдзельнікаў Кубка Лібэртадорэс і Паўднёваамэрыканскага кубка. Першынство лігі праводзіцца з удзелам 20 калектываў, і тыя клюбы, якія займаюць чатыры апошнія месцы па выніках сэзону, вылятаюць у Сэрыю Б.

Праз гістарычныя асаблівасьці і вялікія геаграфічныя памеры краіны Бразылія мае адносна кароткую гісторыю агульнанацыянальных футбольных спаборніцтваў. Толькі ў 1959 годзе, дзякуючы разьвіцьцю грамадзянскай авіяцыі і паветранага транспарту, і празь неабходнасьць прызначэньня бразыльскага прадстаўніка на першы розыгрыш Кубка Лібэртадорэс быў створаны агульнанацыянальны турнір Кубак Бразыліі. У 1967 годзе кубак быў пашыраны, уключыўшы больш клюбаў, стаўшы турнірам Рабэрту Гомэса Пэдраса, які таксама лічыўся нацыянальным турнірам. Першым сэзонам менавіта чэмпіянату стаўся сэзон 1971 году. У 2010 годзе нацыянальныя турніры, якія праходзілі з 1959 па 1970 гады, як то Кубак Бразыліі і турнір Рабэрту Гомэса Пэдраса, былі прызнаныя Бразыльскай канфэдэрацыяй футболу як розыгрышы бразыльскага чэмпіянату[1], такім чынам, пераможцы гэтых турніраў прызнаюцца чэмпіёнамі Бразыліі адпаведных гадоў[2][3].

Ліга ёсьць адной з самай моцных ліг у сьвеце. Міжнародная фэдэрацыя гісторыі футболу і статыстыкі (IFFHS) ставіла бразыльскую Сэрыю А на чацьвертае месца па сіле сярод сусьветных лігаў у пэрыяд з 2001 па 2012 гадоў пасьля ангельскай Прэм’ер-лігі, гішпанскай Ля Лігі і італьянскай Сэрыі А[4]. Бразыльская ліга ёсьць найбольш папулярнай футбольнай лігай у Амэрыцы, матчы якой трансьлююцца прыкладна ў 155 краінах сьвету. Сэрыя А ёсьць адной з самых прыбытковых лігаў сьвету, маючы штогадовы абарот звыш 1,17 мільярдаў даляраў у 2012 годзе.

«Палмэйрас» зьяўляецца самым пасьпяховым клюбам лігі, маючы на сваім рахунку дзясятак перамог у лізе, акрамя таго да ліку самым тытулаваных адносяцца «Сантус», «Карынтыянс», «Фламэнгу» і «Сан-Паўлу». Дзякуючы шэрагу талентавітых гульцоў, у асаблівасьці Пэле, «Сантус» атрымліваў перамогу ў пяці запар розыгрышах паміж 1961 і 1965 гадамі. Гэтае дасягненьне пакуль ня здолелі перасягнуць. Самым пасьпяховымі ёсьць клюбы штату Сан-Паўлу.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сэрыя A чэмпіянату Бразыліі па футболесховішча мультымэдыйных матэрыялаў