Савоя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Савоя на мапе Эўропы
Сьцяг Савоі

Савоя (па-француску: Savoie, па-франкаправансальску: Savouè, па-лацінску: Sapaudia) — гістарычная вобласьць на паўднёвым усходзе Францыі ля падножжа Альпаў. Некаторы час існавала ў якасьці самастойнага герцагства, якое ў пэрыяд свайго росквіту ўключала тэрыторыі Ніццы, Генуі, Жэнэвы і П'емонту. З 1860 году ў складзе Францыі, хоць Савойская дынастыя становіцца кіруючай у зноў створанай Італіі. У сучаснай Францыі на тэрыторыі Савоі разьмешчаны два дэпартамэнтыСавоя і Верхняя Савоя.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Межы Савоі ў XV ст.. Белыя лініі — межы сучасных дзяржаваў

Савоя ўпершыню згадваецца ў IV стагодзьдзі як мясцовасьць у Рымскай Галіі. У 443 годзе яе з дазволу рымлянаў занялі рэшткі пераможаных гунамі бургундаў, якія зрабілі яе зыходным пунктам для далейшых заваяваньняў у даліне Роны. Пасьля распаду манархіі Каралінгаў Савоя ўвайшла ў склад Бургундыі.

У складзе Сьвятой Рымскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1032 годзе Савоя разам з Бургундыяй увайшла ў склад Сьвятой Рымскай імпэрыі. Першым графам Савоі стаў Гумбэрт Белая Рука (яго нашчадкі пасьля займалі італьянскі трон). Яго сын Ода пасродкам шлюбу, заключанага ў 1050 годзе з Адэльгайдай, дачкой і спадчынніцай Манфрэда, маркграфа Турынскага, злучыў пад адной уладай Савою і П'емонт.

Усе савойскія графы, якія рушылі за ім у барацьбе паміж гвэльфамі і гібэлінамі былі пастаяннымі хаўрусьнікамі імпэратараў; яны здолелі пашырыць некалькі свае спадчынныя ўладаньні як у Італіі, гэтак і ў Альпійскай вобласьці (цяпер Швайцарыі); так, напрыклад, граф Пётар II (памёр у 1268 годзе) далучыў да Савоі кантон Во. Пры яго пляменьніках, Томасе III і Амадэі V, П'емонт і Савоя падзяліліся. Амадэй V, граф Савойскі, быў узьведзены ў званьне імпэрскага князя (курфюрста). Амадэй VII (1383—1391) далучыў у 1388 годзе да Савоі графства Ніццу.

Савойскае герцагства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Савойскае герцагства

У 1416 годзе — савойскі граф Амадэй VIII становіцца герцагам у складзе Сьвятой Рымскай імпэрыі. У 1418 годзе да савойскага герцагства далучаны П’емонт, а ў 1422 годзе — Генуя.

У 1530—1536 гадох, пры герцагу Карле III, Савоя страціла Жэнэву, Во і іншыя ўладаньні ў Швайцарыі. У 1536 г. французы падчас вайны з імпэратарам Карлам V занялі Турын, потым амаль увесь П'емонт і Савою; толькі ў 1559 годзе Эмануіл Філібэрт, сын Карла III, пасьпеў адваяваць назад свае радавыя ўладаньні, акрамя некаторых фартэцыяў, якія былі вернутыя яму пазьней. Яго кіраваньне можа лічыцца канцом фэўдальнай сыстэмы і пачаткам асьвечанага абсалютызму.

Сын яго Карл-Эмануіл I (1580—1630), славалюбівы і клапатлівы, уцягнуў краіну ў шматлікія войны, асабліва з Францыяй. Герцаг Віктар-Амадэй II у Вайне за гішпанскую спадчыну далучыўся перш да Людовіка XIV, потым (1703) перайшоў на бок Аўстрыі. З прычыны гэтага амаль уся яго дзяржава была занята французамі, і толькі перамога Яўгена Савойскага пры Турыне (1706) аднавіла яго ўладу.

Паводле Утрэхцкага міру 1713 году Віктар-Амадэй II атрымаў Манфэрат, значную частку герцагства Мілянскага і востраў Сыцылію, з тытулам караля. Наўзамен Сыцыліі, якая ў 1718 годзе была заваявана гішпанцамі, ён атрымаў паводле Лёнданскага дагавору 1720 году востраў Сардынію. З тых часоў Савоя, П’емонт і Сардынія склалі адно Сардынскае каралеўства.

У складзе Францыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1792—1794 гг. тэрыторыя Савоі была акупаваная войскамі рэвалюцыйнай Францыі і далучана ў склад гэтай краіны (у якасьці г.зв. дэпартамэнту Манблян). Пад уладай Францыі Савоя заставалася да 1815 году, пасьля чаго Венскім кангрэсам яна была вернута ў склад Сардынскага каралеўства.

У 1850-я гады імпэратар французаў Напалеон III ізноў высунуў прэтэнзіі на Савою. Для мэтаў захопу гэтай вобласьці напалеонаўскі ўрад выкарыстоўваў барацьбу Сардыніі з Аўстрыйскай імпэрыяй за аб'яднаньне Італіі: паводле складзенага паміж Францыяй і Сардыніяй Пламб'ерскаму пагадненьня 1858 году Сардынія абавязалася саступіць Францыі ў абмен на яе дапамогу супраць Аўстрыі Савою і Ніццу.

У 1860 годзе пасьля аўстра-італа-францусскай вайны 1859 г. і далучэньня да Сардынскага каралеўства Лямбардыі, Пармы, Тасканы, Мадэны і Раманьі Напалеон дамогся ад сардынскага ўраду складаньня Турынскага дагавору, паводле якога сардынскі кароль Віктар Эмануіл II фактычна перадаваў Францыі Савою разам зь Ніццай. Праўда, пры гэтым была выканана фармальнасьць плебісцыту, але былі прыняты меры, каб плебісцыт апынуўся на карысьць далучэньня. Саступка гэтай тэрыторыі выклікала вялікае раздражненьне супраць ураду; яго выказаў у вельмі рэзкай прамове Гарыбальды, сам выхадзец зь Ніццы.

Далучаная да Францыі, Савоя ўтварыла два дэпартамэнты, Савою і Верхнюю Савою.

Савойская дынастыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раней лічылася, што Савойская дынастыя паходзіць ад Бэральда Саксонскага, але, паводле найноўшых даследаваньняў, гэта апынулася легендай. У рэчаіснасьці яна паходзіць ад Бэрэнгара II (памёр у 966) і яго сына Адальбэрта, каралёў Павіі. Старэйшая лінія Савойскага дому загасла ў 1831 годзе, і яе месца заняла, у асобе Карла-Альбэрта, малодшая, Карыньянская галіна, якая паходзіць ад Томаса, малодшага брата Віктара-Амадэя I, герцага Савойскага (1630—37). Сын Карла-Альбэрта ўступіў на сардынскі сталец у 1849 г.; з 1861 г. ён клікаўся Віктарам-Эмануілам II, каралём Італіі. Яго сын, Умбэрта I, які валадарыў з 1878 г., — другі кароль аб'яднанай Італіі.

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Савоі размешчаны шматлікія горныя курорты. Таму ў 1992 годзе тут, у горадзе Альбэрвілі, праходзілі зімовыя Алімпійскія гульні. Таксама ў гэтым краі знаходзіцца горад Эвіян, сусьветна вядомы сваімі мінэральнымі водамі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Cibrario, «Notizie sopra la storia dei principi di Savoia» (2 выд., Турын, 1866), «Origini e progressi della monarchia di Savoia» (2 изд., Флоренция, 1869), «Storia della monarchia di S.» (Турын, 1840—44);
  • Canale, «Storia della origine e grandezza del real casa di S.» (Генуя, 1868). Belgiojoso, «Histoire de la maison de S.» (П., 1860);
  • St.-Genis, «Histoire de S.» (Шамберы, 1869);
  • Carutti, «Storia della diplomazia della casa di S.» (Турын, 1875—71), «Storia della Corte di S. durante la rivoluzione e l’impero franceso» (Турын, 1892);
  • Bianchi, «La casa di S. e la monarchia italiana» (Турын, 1884);
  • de-Gerbaix-Sonnaz, «Studi storici sul contade di S. e sul marchesato in Italia» (Турын, 1889—93);
  • Gabotto, «Lo stato Sabaudo da Amadeo VIII ad Emmanuele Filiberto» (Турын, 1892);
  • Sclopis, «Degli stau generali e d’altre istituzioni politiche di Piemonte e di Savoia» (Турын, 1851).

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Савоясховішча мультымэдыйных матэрыялаў