Рэгбі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рэгбі

Рэ́гбі (па-ангельску: rugby football альбо rugby) — спартовая камандная гульня з авальным мячом, які гульцы кожнай з камандаў перадаюць адзін аднаму рукамі й нагамі, намагаючыся прызямліць яго ў заліковай зоне за брамай праціўніка ці забіць яго ў Н-падобную браму. Мяч павінен праляцець над бэлькай брамы.

Першыя правілы рэгбі былі ўкладзеныя ў 1845 року ў школе места Рагбі (Ўорўікшыр), адкуль распаўсюдзіўся па іншых ангельскіх школах, а пасьля і па ўсёй Брытанскай імпэрыі. У 1895 року рэгбі падзяліўся на рэгбі-юніён і рэгбіліг.

У 1900—1924 гадох рэгбі ўваходзіў у афіцыйную праграму Алімпійскіх гульняў. На 121-й сэсіі МАК у Капэнгагене было вырашана ўключыць варыянт рэгбі пад назвай рэгбі-7 у праграму Алімпіяды-2016 у Рыё-дэ-Жанэйра.

Гісторыя рэгбі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лічыцца, што рэгбі зьявіўся ў 1823 годзе, калі нехта Ўільям Ўэб Эліс падчас гульні ў футбол у школе Рэгбі (ці Рагбі) узяў мяч у рукі й пабег зь ім да брамы суперніка. Аднак дакладных правілаў на той момант не было (як і ў звычайным футболе), каманды перад гульнёй кожны раз аб іх дамаўляліся. Калі ў 1863 годзе была створана ангельская Футбольная асацыяцыя, яна забараніла браць мяч у рукі й спрабаваць адабраць яго ў суперніка. Гэтак гульня была падзелена на дзьве — рэгбі й футбол. Менавіта па гэтай прычыне звычайны футбол цяпер часам называюць association football (па-беларуску: футбол асацыяцыі).

У 1871 годзе быў створаны Зьвяз рэгбійнага футболу (па-ангельску: Rugby Football Union, RFU), які й на сёньня кантралюе рэгбі ў Ангельшчыне, а ў 1886 годзе — Міжнародны зьвяз рэгбі (анг. International Rugby Board, IRB).

Першы міжнародны матч быў згуляны 27 сакавіка 1871 году ў Эдынбургу паміж камандамі Ангельшчыны й Шатляндыі. У хуткім часе рэгбі распаўсюдзіўся й у іншыя краіны, у асноўным у калёніі й дамініёны Брытанскае імпэрыі, як то Аўстралія, Новая Зэляндыя, ПАР. У Паўночнай Амэрыцы з рэгбі зьявіліся амэрыканскі й канадзкі футбол.

У канцы XIX стагодзьдзя зьявіўся разрыў паміж поўначчу Ангельшчыны, дзе ў рэгбі гулялі ў асноўным працоўныя й мяшчане, і поўднем, дзе гульня была прывілеем джэнтэльмэнаў. Галоўным пытаньнем сталася магчымасьць станавіцца прафэсіяналамі, атрымоўваць грошы за гульню. У выніку 29 жніўня 1895 году ў Гадэрсьфілдзе быў створаны Паўночны зьвяз рэгбі(d) (NRFU). Камандам, якія далучыліся да гэтага зьвязу, дазвалялася мець у сваім складзе прафэсійных гульцоў. Правілы самой гульні былі трохі зьменены, і ў 1901 годзе была сфармаваная Паўночная рэгбійная ліга. Новая гульня атрымала назоў рэгбі-ліг (ці рэгбі-13, паводле колькасьці дазволеных гульцоў, якія могуць знаходзіцца на полі ад каманды). «Стары» рэгбі сталі называць рэгбі-юніён, каб пазьбегнуць блытаніны. Рэгбі-юніён быў папулярны на поўдні Ангельшчыны, а таксама ў Шатляндыі й Валіі.

Аматарскі статус рэгбі-юніён заўсёды выклікаў шмат спрэчак. Рэгулюючыя органы ўсяляк стараліся падтрымаць яго, і любое зьяўленьне на полі разам з прафэсійнымі гульцамі магло прывесьці да дыскваліфікацыі ці нават да забароны зьяўленьня на матчах у якасьці гледача. Тым ня менш, даволі часта вядучых гульцоў абвінавачавалі ў тым, што яны атрымоўваюць грошы за гульню, і, як сьцьвярджалася, даволі немаленькія. Шмат хто з добрых гульцоў пераходзілі ў рэгбі-ліг. У выніку ў 1995 годзе было вырашана зрабіць рэгбі-юніён прафэсійным відам спорта, што прывяло да рэзкага росту папулярнасьці гэтага віду рэгбі. Часткова гэта было зьвязана з прытокам грошай у спорт за кошт рэклямы, тэлетрансьляцыяў і гэтак далей. Як лічыцца, гэта прывяло да павелічэньня якасьці гульні, але павялічыла разрыў паміж заможнымі клюбамі, дзе рэгбі вельмі папулярны (Ангельшчына, Францыя, Італія, Аўстралія, Новая Зэляндыя, ПАР), і беднымі, дзе прыхільнікаў няшмат (Румынія, Грузія, Самоа, Намібія).

Правілы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пункты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пункты ў рэгбі можна набраць наступным чынам:

  • Спроба (5 пунктаў) — гулец каманды, якая нападае, заносіць мяч у заліковую зону, якая знаходзіцца паза межамі лініі брамы суперніка, і кранае ім зямлю.
  • Рэалізацыя (2 пункты) — любы гулец каманды, якая зьдзейсьніла спробу, усталёўвае мяч у любой кропке насупраць таго месца, дзе была зроблена спроба, і б’е яго ў браму. Калі мяч патрапіў над бэлькай і паімж вэртыкальнымі шэстамі спроба лічыцца рэалізаванай. Гульцы суперніка павінны знаходзіцца ў сваёй заліковай зоне.
  • Капны ўдар (3 пункты) — пры некаторых парушэньнях правілаў судзьдзя можа прызначыць пэнальці. Калі каманда, якая атрымала гэтае права, вырашае прабіць яго, то мяч усталёўваецца ў кропке, дзе правілы былі парушаны, і адзін з гульцоў б’е мяч у браму.
  • Дроп-гол (3 пункты) — любы гулец, калі знаходзіцца ў гульні, мае права прабіць па браме. Каб гэта зьдзейсьніць трэба выпусьціць мяч з рук, і, калі ён дакранецца да зямлі, ударыць па яму (удары па браме з рук забаронены). Такія ўдары можна рабіць і пры рэалізацыі й пэнальці, але звычайна ў такіх сытуяцыях яны не ўжываюцца.

Ход гульні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спачатку праводзіцца лёсаваньне. Каманда, якая перамагла ў ім, мае права першай прабіць па мячу ці замест гэтага выбраць бок, на якім яна будзе пачынаць у першым тайме. Гульня пачынаецца дропам, ці ўдарам з адскоку на бок суперніка. Мяч павінен прасунуцца ўглыб поля ня менш за 10 мэтраў. Гулец зь мячом мае права бегчы зь ім у любым напрамку, біць яго ці перадаваць чальцам сваёй каманды, апошняе толькі назад ці паралельна да брамы. Калі гулец будзе прыпынены з дапамогай захопу (па-ангельску: tackle) і паваліцца на зямлю, ён павінен адпусьціць мяч, а калі ён яшчэ не ўпаў, то перадаць іншаму гульцу. Гулец, які зьдзейсьніў захоп, таксама павінен адпусьціць суперніка й ня мае права ўступаць у гульню, пакуль не ўстане на ногі.

Рак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы гулец, які падбег да мячу, можа яго падабраць, аднак часьцяком адразу два гульцы аказваюцца на мячы адначасова. Тады яны становяцца адзін насупраць аднаго й спрабуюць нагой адкаціць мяч назад камусьці з гульцоў сваёй каманды. Гэта апэрацыя называецца рак (па-ангельску: ruck). Іншыя гульцы могуць далучыцца да рака, пры гэтым яны павінны наблізіцца да яго ззаду, з боку сваёй брамы, і абхапіць тулава аднаго са сваіх гульцоў, які ўдзельнічае ў розыгрышу рака. У раке нельга браць мяч у рукі, талачыць гульцоў, які ляжаць на полі, вяртаць мяч у рак, які выйшаў зь яго, наўмысна падаць а зямлю. Звычайна па-за ракам стаіць скрам-хаў (паўабаронца сутычкі), які імкнецца падхапіць мяч, што выйдзе з рака.

Мол[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калі гулец зь мячом не паваліўся на зямлю, а быў затрыманы, гэта значыць захоплены за тулава гульцамі іншай каманды, і адзін ці некалькі гульцы спрабуюць праціснуць супернікаў назад, ствараецца мол (па-ангельску: maul). Як і ў сытуацыі з ракам, да молу можна далучацца толькі ззаду. У моле забаронена блякаваць мяч, таксама не дазваляецца грубая гульня. Разбураць мол не забаронена, але пры гэтым не дазваляецца грубая гульня. Мол лічыцца скончыным, калі гулец зь мячом пакінуў яго, калі мол зайшоў за лінію брамы ці мол прыпыніўся больш чым на 5 сэкундаў.

Пры знаходжаньні ў 22-мэтровай зоне праціўніка надта эфэктыўна тактыка «навальнага молу» — калі мяч перадаецца з рук у рукі гульцоў каманды, якая нападае, і крайні гулец адбягае ўбок, зьмяняючы напрамак руху мола.

Галоўныя спаборніцтвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1930-я гады ў Беларускім дзяржаўным тэхнікуме фізкультуры сталі праводзіцца гульні ў рэгбі сярод навучэнцаў. У канцы 1980-х гадоў ладзілася першынство БССР па рэгбі. Адначасна існавала звыш 20 дзіцячых сэкцыяў па рэгбі[1]. У 2005 годзе паўднёваафрыканскі рэгбіст Якабус Вандэрбэрг сабраў у Менску каманду па рэгбі, якая паўдзельнічала ў міжнародным турніры ў Польшчы. У 2009 годзе Аляксандар Данько стварыў рэгбійны клюб «Вепрукі», у тым ліку з удзелам гульцоў каманды Вандэрбэрга, якая распалася пасьля яго вяртаньня на радзіму. У першыя пару гадоў «Вепрукі» ўдзельнічалі ў пяршынствах Украіны і Летувы. У 2012 годзе Данько заснаваў грамадзкае аб’яднаньне «Беларуская фэдэрацыя рэгбі» («БФР»), якое ўлучыла каманды зь Берасьця, Рэчыцы і Горадні. У 2013 годзе на зьезьдзе ў Швэцыі «БФР» прынялі ў склад Эўрапейскай асацыяцыі рэгбі. На пачатку сьнежня 2013 году «Вепрукі» перамаглі на 2-м першынстве Беларусі па рэгбі, у якім удзельнічалі 4 дружыны. Астатнімі былі «Гномы», «Сьцяпянка 300» і «Вунія». Галоўным настаўнікам «Вепрукоў» быў Аляксей Сініцын. У 2014 годзе стварылі зборную Беларусі па рэгбі для выступленьня ў 2-м дывізіёне Кубку эўрапейскіх нацыяў у рэгбі па 7 гульцоў (рэгбі-7) і ў 7-м дывізіёне ў рэгбі-15[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Аляксей Захарэвіч. «Хуліганская» гульня // Чырвоная зьмена. — 19 ліпеня 2018. — № 14 (15845). — С. 4.
  2. ^ Дарына Запольская. Рэгбі: хуліганы — на полі, джэнтэльмэны — у жыцьці // Зьвязда : газэта. — 10 сьнежня 2013. — № 232 (27597). — С. 5. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]