Рулет

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рулет
Разрэзаны рулет са шпінатам і часнаком (2014 год)
Разрэзаны рулет са шпінатам і часнаком (2014 год)
Нацыянальная стравафранцуская
ПаходжаньнеФранцыя
РэгіёнЗаходняя Эўропа
Дата зьяўленьня1740
Асноўны складнікмяса
Распаўсюджаныя складнікіцеста, морква, гарчыца

Руле́т — тушаная страва са скручаных лустак цеста або капуснага лісьця і рыбы або мяса.

Для прыгатаваньня можа выкарыстоўвацца параварка. У якасьці начыньня таксама выкарыстоўваюць шпінат, грыбы, арэхі, сэльдэрэй і пятрушку[1].

Складнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для прыгатаваньня выкарыстоўваюць: 800 грамаў курынага філе, курынае яйка, 100 грамаў морквы, 50 грамаў масьлінаў бяз костак, 5 духмяных перцаў, 2 ляўровыя лісты і па чайнай лыжцы гарчыцы, кропу і куркумы[1].

Прыгатаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спачатку курынае філе перамолваюць у фарш, у які дамешваюць яйка і перац. Гатовы фарш дзеляць на 4 роўныя часткі. У першую чвэрць дамешваюць кроп, а ў 2-ю — гарчыцу і куркуму. На мокрую харчовую плёнку выкладваюць паўсантымэтровы слой фаршу з кропам. Пасярод таго слоя баразёнкай зьмяшчаюць фарш з гарчыцай і куркумой. Краі плёнкі загортваюць адзін за другі. Па баках плёнку завязваюць. У 3-ю чвэрць фаршу дамешваюць надзёртую на тарцы моркву, а ў 4-ю — нарэзаныя масьліны і кроп. Спачатку на плёнцы раскладваюць слой фаршу з морквай, баразёнкай — з масьлінамі. Краі і бакі плёнкі таксама згортваюць і завязваюць. У шырокай каструлі кіпяцяць ваду, у якую дадаюць лаўровы ліст і перац. Затым у кіпень зьмяшчаюць абодва рулеты, якія вараць у плёнцы 5 хвілінаў да пабяленьня і пераварочваюць. Затым з рулетаў здымаюць плёнку і вараць яшчэ 20 хвілінаў. Пасьля рулеты дастаюць з каструлі шумоўкай і астуджаюць цягам гадзіны ў лядоўні[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1848 годзе ў Вільні (Паўночна-Заходні край) Ганна Цюндзявіцкая ананімна выдала кнігу «Літоўская гаспадыня», дзе ў разьдзеле «Аб захоўваньні вяндліны і саленьні розных відаў мяса і рыбы» зьмясьціла рэцэпты 3-х рулетаў: «Рулет з парасяціны», «Сьвіны рулет» і «Рыбны рулет». У апошнім з рэцэптаў гатавалі шчупака або вугра: «Шчупака, вугра ці іншую рыбу чысьцяць, патрошаць, разразаюць удоўж, вымаюць косткі, адразаюць галаву». Асобна для рыбнага рулета гатавалі фарш: «рыбу, вялікую ці ня надта, чысьцяць, патрошаць ... Потым выціраюць, аддзяляюць мякаць ад костак і скуры, сякуць належным чынам і пасыпаюць перцам. Затым дабаўляюць яешню, падсмажаную на масьле, у якім папярэдне пражылася цыбуля, булку, размочаную ў малацэ. Усё таўкуць, каб атрымалася мязга, адначасова дадаючы яшчэ трохі масла і некалькі сырых яек. Гатовы фарш праціраюць празь сіта і перакладваюць ім рыбу». Паверх рыбы і слою фаршу клалі «некалькі крутых яек». Затым прыступалі да самога гатаваньня: «скручваюць рыбу ў рулет, абгортваюць сурвэткай, змазанай маслам, і моцна перавязваюць шпагатам. Тады кладуць у ваду, значна закісьленую воцатам, дзе варылася гародніна, цыбуля і вострыя прыправы. Гатуюць рыбу каля паўтары гадзіны, затым дастаюць, прыціскаюць гнётам, а булён ачышчаюць яйкамі і выліваюць яго столькі, каб з астатняга ўтварылася жэле». Пагатоў «жэле астуджваюць асобна, а пасьля абкладваюць ім рулет (перад тым, як падаць на стол з воцатам і алеем)»[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Курыны рулет // Зьвязда : газэта. — 2 лістапада 2013. — № 208 (27573). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Ганна Цюндзявіцкая. Аб захоўваньні вяндліны і саленьні розных відаў мяса і рыбы // Літоўская гаспадыня / перакл. з польск. Павал Казлоўскі, В.В. Нядзьвецкая, прадм. Адам Мальдзіс, маст. Уладзімер Даўгяла, І.А. Дзямкоўскі. — Менск: Полымя, 1993. — С. 135-136, 138-139. — 366 с. — (Літаратурныя помнікі Беларусі). — 50 000 ас. — ISBN 5-345-00496-Х

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]