Ражэр дэ Флёр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ражэр дэ Флор
Дата нараджэньня 1267[1]
Месца нараджэньня Брындызі, Апулія, Італія
Дата сьмерці 30.04.1305[1]
Месца сьмерці Эдырнэ, Турэччына
Занятак кандат’ер, вайсковец, Альмагавары

Ражэр дэ Флёр (Roger de Flor) ці Рутгэр фон Блюм (Rutger von Blum; 1267, Брындызі1305) — сярэднявечны кандацьер, мараход і шукальнік прыгод на сыцылійскай і візантыйскай службе. Апісаньне яго жыцьця склаў каталонец Рамон Мунтаньер, які служыў пад яго кіраўніцтвам; яно лягло ў грунт знакамітага каталянскага рамана «Тырант Белы».

Рутгэр нарадзіўся ў Брындызі у сям’і немца-сакольнічага на службе ў сыцылійскіх уладцаў дынастыі Штаўфэнаў. З 8 гадоў плаваў на галеры тампліераў, з часам уступіў у іх ордэн і камандаваў караблём. У час аблогі Акры мамэлюкамі (1291) быў заўважаны за вымагальніцтвам маёмасьці ў абложаных, за гэта быў выняты з ордэна і абвешчаны адрачэнцам царквы.

Далей сьлед Ражэра выяўляецца ў Гэнуі, дзе на пазыковыя грошы ён набыў уласнае судна і пачаў зарабляць на жыцьцё пірацтвам. Сыцылійскі кароль Фрыдрых вырашыў скарыстацца ваенна-марскім досьведам Ражэра і прыняў яго на сваю службу ў якасьці флатаводца. Ён прымаў актыўны ўдзел у войнах Фрыдрыха з Нэапалем, пакуль Кальтабэлоцкі мір (1302) не пакінуў Ражэра і яго гішпанскіх наймітаў (альмагавараў) без працы.

У 1303 годзе Ражэр і яго каталянская дружына па запрашэньні імпэратара Андроніка II прыбылі ў Канстантынопаль, каб супрацівіцца пасоўваньню асманаў на захад. Па гэтым выпадку яму была дадзена ў жонкі пляменьніца імпэратара (дачка Івана Асеня III), а сам ён быў ганараваны тытулам вялікага дукса (а потым і кесара). У 1304 годзе каталёнцы пасьпяхова дзеялі супраць туркаў у Малой Азіі, адваяваўшы шэраг згубленых Бізантыяй гарадоў.

Ваенныя посьпехі Рож ёра ўстрывожылі яго зласьліўцаў (перадусім, зь ліку ўплывовых пры імпэратарскім двары генуэзцаў), якія пасьпяшаліся зьвінаваціць яго ў драпежніцтве ў адносінах да мірных жыхароў і намеры самастойна кіраваць адваяванымі землямі. Імпэратар вярнуў каталёнскую дружыну ў Каліўпаль, але разплаціцца з Ражэрам не захацеў ці ня змог.

Падчас знаходжаньня ў Галіпалі Ражэр узмацніў сваё войска за кошт падмацаваньняў з Балкан, але апынуўся зацягнуты ў вір прыдворных інтрыг. Малады Міхаіл IX прывабіў каталянскую дружыну ў Адрыянопаль, дзе Ражэр і яго людзі былі выразаны наймітамі аланамі. У адплату прыхільнікі Ражэра паднялі мяцеж супраць імпэратара і занялі ня толькі Фэсалію, але і сумежныя вобласьці.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Bibliothèque nationale de France: open data platform — 2011.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]