Пэрсанажы Legacy of Kain

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Галоўныя пэрсанажы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кэйн[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кэйн альбо Каін (па-ангельску: Kain) — галоўны герой сэрыяў Legacy of Kain. Былы дваранін пераўтвараецца ў вампіра пасьля сьмерці ад невядомых забойцаў каля карчмы, у якой яму адмовілі ў начлегу. Пасьля свайго пераўтварэньня Кэйн выконвае заданьне па вынішчэньні разбэшчаных чальцоў Круга Дзевяці — ахоўнікаў Калёнаў Насґота — ня ведаючы, што ён і сам зьяўляецца дзявятым і апошнім ахоўнікам Калёны Балянсу, якой ён павінен прынесьці сябе ў ахвяру дзеля вяртаньня раўнавагі на абшарах Насґота. Пазьней Кэйн даведваецца аб тым, што ім маніпулявалі й уласнаручна разбурвае Калёны, пераўтвараючы Насґот у краіну цемры, валадаром якой ён і становіцца.

Імя Каін (па-габрэйску: קין) згодна зь Бібліяй, насіў старэйшы сын Адама, які забіў свайго брата Абэля й быў падвергнуты за гэты ўчынак праклёну. У сярэднявечнай традыцыі лічылася, што разнастайныя пачвары й крывасмокі паходзяць ад біблейскага Каіна (напрыклад, у англасаксонскай эпічнай паэме Бэўвульф монстар Грэндэль — нашчадак Каіна)[1].

Разіэль[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Разіэль (па-ангельску: Raziel) — гульнёвы пэрсанаж у некалькіх сэрыях Legacy of Kain і галоўны герой дадатковых сэрыяў Soul Reaver (Выкрадальнік душ). Разіэль, як і яго браты, быў змагаром з вампірамі, аднім з Інквізытараў ордэна Сарафан. Вампірам яго зрабіў Кэйн — тагачасны валадар Насґота. Лёсатворчай падзеяй у жыцьці Разіэля стала фармаваньне яго крылаў (па паданьні, першы вампір, у якога вырастуць крылы мусіць зьнішчыць усіх астатніх сваіх суродзічаў). Ведаючы гэта, Кэйн неўзабаве загадаў скінуць Разіэля ў Возера Мёртвых, першапачаткова абарваўшы ў яго крылы. У Возеры Мёртвых Разіэль не загінуў. Яго выратаваў Старэйшы Бог (па-ангельску: the Elder God) і зрабіў сваім Выкрадальнікам Душ (па-ангельску: Soul Reaver). Адгэтуль асноўнай рухаючай сілай Разіэля зьяўляецца ідэя помсты Кэйну. Імя «Разіэль» (па-габрэйску: רזיאל, літ. боская таямніца) узыходзіць да сярэднявечнае юдаісцкае містыцы, дзе так зваўся арханёл, які ведае таямніцы Госпада.

Прадстаўленыя ў Blood Omen[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Анакрот Алхімік[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Анакрот Алхімік (па-ангельску: Anarcrothe the Alchemist) — адмоўны пэрсанаж у Blood Omen, адзін са звар’яцелых магаў, які павінен быць забіты дзеля таго, каб прайсьці гульню. Анакрот зьяўляецца толькі ў Blood Omen, дзе агучваецца Рычардам Дойлам. Будучы чальцом Круга Дзевяці Анакрот зьяўляецца ахоўнікам Калёны Станаў. Яго экспэрымэнты з мастацтвам алхіміі пакінулі яму жудасныя шнары. Пасьля таго, як Круг звар’яцеў, Анакрот, разам з Бэйнам Друідам і Дэ Джоўль выкарыстоўваў свае здольнасьці дзеля стварэньня Цёмнага Эдэму (па-ангельску: the Dark Eden), дзе Кэйн сустракаецца зь ім упершыню з гульняў сэрыі. Анакрот выклікае Малека й хаваецца ад бою. Напрыканцы гульні Мартаніюс выконвае работу Кэйна за яго. Ён забівае Анакрота падчас спрэчкі, дазваляючы Кэйну ачысьціць Калёну Станаў.

Арыель[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Арыель (па-ангельску: Ariel) — дапаможны пэрсанаж у сэрыях Legacy of Kain. Зьяўляецца амаль заўжды ў вобразе здані. Агучаная Ганнай Ґан.

Сьмерць Арыель упершыню паказаная ў Blood Omen і зьяўляецца асноўнай сюжэтатворчае падзеяй усёй сэрыі Legacy of Kain. Пры жыцьці Арыель была магутнай і прыгожай вядзьмаркаю, ахоўніцай Калёны Балянсу й кіраўніком Круга Дзевяці. Яе забойства цёмнымі сіламі было адпраўное кропкай працэсу занядбаньня Насґоту. Мэнталіст Напраптар, закаханы ў Арыель, кідаецца ў паранаідальнае вар’яцтва, калі знаходзіць яе зьнямелы труп. Хвароба, выкліканая сьмерцю каханай, перанакіроўваецца й на іншых чальцоў Круга, іх шаленства спрычыняе разбурэньне падуладных ім Калёнаў і ўсяго Насґота агулам, што зьяўляецца першапрычынай місіі Кэйна ў Blood Omen і фармуе аснову яго будучае дылемы.

У гульнях сэрыі Арыель сустракаецца каля Калёнаў, да якіх яе дух прывязаны. Яе зьяўленьні на працягу сэрыяў не кладуцца ў храналягічныя межы, як і яе супярэчлівае стаўленьне да галоўных пэрсанажаў, у прыватнасьці да Разіэля. Яна дае яму мудрагелістыя парады ў першай частцы Soul Reaver, у той час, як у яе непрацяглым зьяўленьні ў Soul Reaver 2, які папярэднічае мінулай першай частцы храналягічна, яна ставіцца да Разіэля з выразнай неадназначнасьцю. У Defiance яе роля становіцца больш-менш вызначанай. Яна ідэнтыфікуе Разіэля як варажбіта, але пасьля накіроўвае яго на шлях выпраўленьня шкодных наступстваў, выкліканых у выніку яе забойства.

Азімут[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Азімут (па-ангельску: Azimuth the Planer) — адмоўны пэрсанаж у Blood Omen, адна са звар’яцелых магаў, якая павінна быць забітая дзеля таго, каб прайсьці гульню. Азімут зьяўляецца толькі ў Blood Omen, дзе агучваецца Ганнай Ґан.

Будучы чальцом Круга Дзевяці Азімут зьяўляецца ахоўніцай Калёны Вымярэньняў і кіраўніцай гораду Авэрнуса з катэдральным саборам у яго цэнтры. На працягу падзеяў Blood Omen яна дазваляе пачварам зь іншых вымярэньняў спусташаць Авэрнус, і калі Кэйн сустракаецца зь ёй, у яе ўласнасьці знаходзіцца машына часу (англ. Time-streaming device), якая дазваляе ёй выклікаць істотаў зь іншых часоў у дадатак да яе ўласных дэманаў. Машына часу, якую Кэйн знаходзіць пасьля яе забойства — ключавы прадмэт у далейшым разьвіцьці падзеяў. У дадатак ён знаходзіць «трэцяе вока» Азімут, якое дазваляла ёй зазіраць у іншыя прасторы й вымярэньні.

Падзеі Blood Omen наводзяць на думку, што Азімут уцягнута ў ахвяравальны культ Хаш'ак'ґік'а пасродкам крывавае кнігі, якую Кэйн знаходзіць у яе саборы, і машыны часу, знойдзенай у яе ўладаньнях, што разумее пад сабой тое, што яна экспэрымэнтавала з вандраваньнямі ў часе. Абедзьве гэтыя магчымасьці ў будучыні распрацаваныя ў Defiance, у якім культ Хаш’ак'ґік’а знаходзіцца ў цэнтры катакомбаў пад катэдральным саборам Авэрнуса. Тут у будучыні будзе знойдзены вампір Турэль, у вобразе культавага аб’екта пакланеньня.

Бэйн Друід[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бэйн Друід (па-ангельску: Bane the Druid) — адмоўны пэрсанаж у Blood Omen, адзін са звар’яцелых магаў, які павінен быць забіты дзеля таго, каб прайсьці гульню. Бэйн Друід зьяўляецца толькі ў Blood Omen, дзе агучваецца Полам Лукатэрам.

Будучы чальцом Круга Дзевяці Бэйн зьяўялецца ахоўнікам Калёны Прыроды, якая дазваляе яму кіраваць расьліннасьцю, фаўнай, ляндшафтам і нават надвор’ем. Разам з Дэ Джоўль і Анакротам стварае Цёмны Эдэм. У барацьбе з Кэйнам ён пераўтварае глебу пад нагамі вампіра ў сьмяротна небясьпечную для яго ваду, але Кэйн забівае друіда й прыносіць ягонае Калёне аленевы чэрап, які той насіў на галаве.

Дэ Джоўль[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэ Джоўль (па-ангельску: Dejoule the Energist) — адмоўны пэрсанаж у Blood Omen, адна са звар’яцелых магаў, якая павінна быць забітая дзеля таго, каб прайсьці гульню. Дэ Джоўль зьяўляецца толькі ў Blood Omen, дзе агучваецца Ганнай Ґан. Яе імя (па-ангельску: Joule) азначае адзінку вымярэньня мэханічнае працы й энэргіі ў СІДжоўля.

Будучы чальцом Круга Дзевяці Дэ Джоўль зьяўляецца ахоўніцай Калёны Энэргіі. Яе экспэрымэнты па ўтаймаваньні энэргіі зьмянілі яе фізычна. Яна стала выпраменьваць вакол сябе магічную аўру, якая шкодзіць любому, які знаходзіцца побач зь ёй. Пагэтаму яна носіць мантыю з ізаляванага матэрыялу, каб выпадкова не зачапіць сваіх хаўрусьнікаў. Пасьля сьмерці Дэ Джоўль Кэйн падбірае яе мантыю, тым самым аднаўляючы занядбаную Калёну Энэргіі.

Звар’яцеўшы разам з астатнімі чальцамі Круга, яна выкарыстоўвала свае сілы для стварэньня Цёмнага Эдэма — скажонай пародыі прыроды — побач з Бэйнам Друідам і Анакротам.

Хаш'ак'ґік[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хаш’ак'ґік (па-ангельску: Hash'ak'gik) — адмоўны пэрсанаж, які сустракаецца на працягу ўсіх сэрыяў Legacy of Kain, вядомы пад імёнамі Лорд Хілдэн (па-ангельску: Hylden Lord), Лорд Сарафан (па-ангельску: Sarafan Lord), Генэрал Хілдэн (па-ангельску: Hylden General) альбо Цёмная Істота (па-ангельску: Dark Entity). У Blood Omen 2 ён агучаны Ёрлам Боэнам.

У Blood Omen Хаш’ак'ґік згадваецца толькі ў якасьці істоты, якая атрымлівае крывавыя ахвяры ад пасьлядоўнікаў свайго культу. Празь некаторы час распрацоўшчыкі гульні паведамілі, што Хаш’ак'ґік быў той асобай, якая з дапамогай Мартаніюса (праз забойства Арыель) кіравала распадам Круга Дзевяці. У фінальнай бітве супраць Мартаніюса Хаш’ак'ґік пераўтвараецца з трупа нэкраманта ў монстра й цалкам выяўляе сябе ў вобразе Цёмнае Істоты — галоўнага антаганіста першае часткі Legacy of Kain.

У Blood Omen 2 Хаш’ак'ґік зьяўляецца галоўным адмоўным пэрсанажам гульні, вядомым пад імем Лорд Сарафан. Ён адлюстраваны ў невялічкай інтэрмэдыі напачатку гульні ў якасьці лідэра адноўленага Ордэна Сарафан, які перамагае войска Кэйна, прыпыняючы яе пераможнае шэсьце. У прыватнай дуэлі ён перамагае Кэйна з дапамогай Злучальнага Камня (па-ангельску: Nexus Stone) і займае сталіцу Насґоту — Мэрыдыян — на 200 гадоў. Зьяўляючыся кіраўніком Хілдэн, Сарафан імкнецца разбурыць пячаць, якая трымае яго падданых у вымярэньні д’яблаў. Але Кэйн не дазваляе яму вызваліць выгнаную расу й кідае Злучальны Камень у месца зьняволеньня Хілдэн, прадухіляючы іх ўваход у Насґот.

У Defiance пасьлядоўнікі культу Хаш’ак'ґік’а лічаць трансфармаванага Турэля сваім богам. Але сапраўдны Хаш’ак'ґік (Лорд Хілдэн) валодае апантаным Мартаніюсам, які спакваля становіцца непрыдатным для яго сасудам, нягледзячы на тое, што ён ад пачатку зьяўляецца найбольш устойлівым да сьмерці з усіх чальцоў Круга Дзевяці. Пасьля падзеньня Калёнаў Лорд Хілдэн перасяляецца ў Янаса Одрана — адзінага з выжылых старажытных Вампіраў. Разіэль імкнецца перашкодзіць Лорду й вызваліць Янаса, але першы аказваецца надта моцным, і пацярпеўшы паразу, Разіэль апыняецца ў тагасьветным вымярэньні, а Лорд Хілдэн пачынае зьдзяйсьняць свае пляны па дамінаваньні над Насґотам, якія апісаныя ў Blood Omen 2.

Малек[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Малек (па-ангельску: Malek the Paladin) прадстаўлены ў Blood Omen у вобразе галоўнага вартавога Круга Дзевяці й ахоўнікам калёны Канфлікту. Сваю найвялікшую ролю ён адыгрывае ў першай частцы сэрыяў Legacy of Kain, у якой ён зьяўляецца адным з антаганістаў, але паяўляецца ці згадваецца ў большасьці з гульняў сэрыі.

У Blood Omen Малек — апошні з ордэна Сарафан, які складаецца з воінаў-сьвятароў вынішчаючых вампіраў. У якасьці аднаго зь сямі іквізытараў ордэна ён зьяўляецца ў невялікай відэастужцы напачатку гульні (за 500 гадоў да пачатку падзеяў апісаных у першай частцы Blood Omen). Гэты ролік паказвае як ён правальвае сваё заданьне па ахове Круга Дзевяці ад вампіра Ворадара, які забівае шэсьць ягоных чальцоў. Праз пэўны час, у якасьці пакараньня за тое, што ён ня здолеў абараніць Круг, нэкрамант Мартаніюс адрывае яго душу ад цела й зьнявольвае яе ў яго дасьпехах, скляўшы Малека вечна служыць Кругу.

Мёбіюс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мёбіюс (па-ангельску: Moebius the Timestreamer) — адмоўны пэрсанаж у Blood Omen, адзін са звар’яцелых магаў, які павінен быць забіты дзеля таго, каб прайсьці гульню. Нароўні з Кэйнам Мёбіюс — адзіны пэрсанаж, які робіць прынамсі эпізадычныя зьяўленьні ў кожнай з сэрыяў Legacy of Kain, іграючы ролю галоўнага суперніка Кэйна. У Blood Omen ён зьяўляецца босам, хоць у іншых сэрыях згадваецца ці зьяўляецца толькі дзеля ўдасканаленьня сюжэтнае лініі.

Будучы чальцом Круга Дзевяці Мёбіюс зьяўляецца ахоўнікам Калёны Часу. Ён можа ім маніпуляваць, а яго здольнасьць прадбачаньня будучых падзеяў дазваляе яму пасьлядоўна ўзьдзейнічаць на гульнёвых пэрсанажаў, нават ігнаруючы прыродную храналёгію падзеяў. На працягу ўсіх сэрыяў Legacy of Kain ён агучваецца Рычардам Дойлам.

Напачатку Blood Omen Мёбіюс прадстаўлены пад імем аракула Насґота (па-ангельску: Oracle of Nosgoth). Яго прароцтвы заснаваныя на здольнасьці вандраваць у часе і назіраць за падзеямі ў розныя храналягічныя пэрыяды. Пры двары Ўільяма Справядлівага ён схіляе маладога князя да тыраніі і пасьля, праз вобраз Аракула, Мёбіюс пераносіць Кэйна ў часе, загадваючы яму, дзеля выратаваньня Насґота забіць Ўільяма пакуль той ня стаў пагрозай. Кэйн дасягае сваёй мэты, але ва ўжо зьмененай гісторыі, забойства Ўільяма спрычыніла рух генацыду супраць вампіраў, які ўзначальваў усё той жа Мёбіюс. Кэйн знаходзіць і забівае яго, але застаецца апошнім выжылым вампірам у Насґоце.

Напрыканцы Soul Reaver Мёбіюс сустракаецца з Разіэлем, выпраўляючы яго да падзеяў наступнае частцы. У Soul Reaver 2 у характары Мёбіюса зьяўляюцца новыя рысы: на працягу ўсёй гульні ён падахвочвае Разіэля на забойства Кэйна, абгрунтоўваючы гэта тым, што яны служаць адзінаму гаспадару — Старэйшаму Богу. Каб маніпуляваць Разіэлем Мёбіюс выкарыстоўвае тыя ж мэтады, што і для Кэйна ў першай частцы Legacy of Kain, а менавіта, празь міжчасавыя вандраваньні. У выніку, Разіэль ненаўмысна спрычыняе забойства Янаса Одрана. А напрыканцы Soul Reaver 2 у Мёбіюса амаль атрымліваецца штурхнуць Разіэля да самазьняволеньня ў Выкрадальнік Душ.

Працягваючы сваю ролю ў Soul Reaver 2, ён зьяўляецца ў апошняй частцы з гульняў сэрыі Legacy of Kain. Пасьля таго, як ён гіне ад рук «маладога» Кэйна ў Blood Omen, з дапамогай Старэйшага Бога Мёбіюс уваскрасае, і адразу адпраўляецца ў Цытадэль Вампіраў для сустрэчы са «старэйшым» Кэйнам. Будучы раптоўна напатканым у крэпасьці Сарафан, ён дае яму сумнёўныя парады, але тым ня менш, «старэйшы» Кэйн, якога Мёбіюс лічыў памерлым, забівае яго. У спэктральным сьвеце ён зноўку просіць Старэйшага Бога яго выратаваць, але ў гэты час, Разіэль, які вярнуўся ў спэктр пасьля паразы ад Лорда Хілдэн, паглынае душу Мёбіюса сваім клінком, ачышчаючы яго ад вар’яцтва Напраптара. У апошнія хвіліны жыцьця Мёбіюс бачыць сапраўдны выгляд свайго гаспадара. Разіэль выкарыстоўвае яго труп дзеля вяртаньня ў матэрыяльны сьвет, дазваляючы Кэйну насыціць яго Выкрадальнік сваёй душой. Пасьля самаахвяраваньня Разіэля Кэйн становіцца здольным бачыць і змагацца са Старэйшым Богам.

Мартаніюс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мартаніюс (па-ангельску: Mortanius the Necromancer) — адмоўны пэрсанаж у Blood Omen, адзін са звар’яцелых магаў, які павінен быць забіты дзеля таго, каб прайсьці гульню. У Blood Omen яго агучыў Тоні Джэй, у Defiance агучваньне зроблена Аластарам Дунканам.

Будучы чальцом Круга Дзевяці Мартаніюс зьяўляецца ахоўнікам Калёны Сьмерці. Упершыню ён зьяўляецца ў пачатковай інтэрмэдыі ў Blood Omen, праклінаючы Малека за невыкананьне абавязкаў па ахове Круга, і робячы забітага Кэйна, яшчэ маладога двараніна, вампірам. Мартаніюс адказны за шматлікія сюжэтатворчыя падзеі гульні, ад забойства Арыель, якое прывяло да вар’яцтва Круга, да пераўтварэньня Кэйна ў вампіра. У апошняй бітве Blood Omen, забіваючы Мартаніюса Кэйн сустракаецца з Хаш'ак'ґікам, які паўстае з трупа памерлага.

Падзеі Legacy of Kain: Defiance інтэрпрэтуюць дзеяньні Мартаніюса, як вынік ягонага змаганьня паміж сваёй уласнае воляй і воляй Лорда Хілдэн, якім ён быў увесь час апантаны. Супраць сваёй волі ён быў вымушаны ўзначальваць культ Хаш’ак'ґіка, каб Хілдэн былі здольныя кантраляваць сваіх чалавечых пасьлядоўнікаў. Калі Разіэль сустракае Мартаніюса пад саборам Авэрнуса, ён тлумачыць яму, што Кэйн быў ператвораны ў вампіра з надзеяй на тое, што ён, у якасьці Спадкаемцы Балянсу (па-ангельску: Scion of Balance) здолее аднавіць Калёны й зьняволіць Хілдэн у іх сьвеце д’ябаў. Паміраючы, Мартаніюс накіроўваецца да Калёнаў Насґота, каб увайсьці ў бойку з «маладым» Кэйнам. Сьмерць Мартаніюса апісаная ў Blood Omen.

Напраптар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напраптар (па-ангельску: Nupraptor the Mentalist) — адмоўны пэрсанаж у Blood Omen, адзін са звар’яцелых магаў, які павінен быць забіты дзеля таго, каб прайсьці гульню. Напраптар зьяўляецца толькі ў першай з гульняў сэрыі, але выконвае значную ролю ў перадгісторыі Legacy of Kain, і ў дадатак згадваецца ў наступных гульнях. Агучваецца Рычардам Дойлам.

Будучы чальцом Круга Дзевяці Напраптар зьяўляецца ахоўнікам Калёны Розуму. Ён быў закаханы ў Арыель — папярэднюю ахоўніцу калёны Балянса, пасьля сьмерці якой ён вар’яцее і зашывае сабе вочы ды рот, адмаўляючыся ад вонкавага сьвету. З-за мэнтальнай сувязі Напраптара зь іншымі чальцамі Круга ён ненаўмысна прымушае астатніх ахоўнікаў «падзяліць» зь ім яго вар’яцтва, якое спрыяе разладаваньню Калёнаў і Насґота ў цэлым.

Калі Арыель загадвае Кэйну забіць усіх чальцоў Круга Напраптар становіцца ягонай першай ахвярай. Напачатку бітвы з магам яму на дапамогу прыходзіць Малек, але Напраптар адмаўляецца ад ягонай падтрымкі й змагаецца з Кэйнам уласнаручна, у выніку загінаючы ад рук вампіра.

Кароль Отмар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кароль Отмар (па-ангельску: King Ottmar) — дадатковы пэрсанаж у сэрыях Legacy of Kain. Зьяўляецца толькі ў Blood Omen. Агучваецца Нэйлам Росам.

Отмар зьяўляецца каралём Вілендорфа — найбагацейшага гораду ў Насґоце. На працягу падзеяў Blood Omen Кэйн сустракаецца зь ім з надзеяй аб’яднаць войска Вілендорфа супраць Легіёнаў Нэмезіды, але будучы глыбока засмучаным хваробай сваёй дачкі кароль адмаўляецца ад прапановаў Кэйна. Пасьля сустрэчы зь лялечнікам Эльзевірам ягоная дачка пераўтварылася ў бездыханную марыянетку. Отмар гарантуе Кэйну сваю падтрымку наўзамен вылячэньня сваёй дачкі. Вампір выконвае сваю місію й загадвае войску Вілендорфа змагацца супраць легіёнаў Нэмезіды. Отмар уласнаручна вядзе войска ў бітву, але неўзабаве загінае. Параза апошняга караля, які быў здольны супрацьстаяць войскам Нэмезіды падахвоціла Кэйна адправіцца назад у часе й зьмяніць гісторыю. Кароль Отмар больш у сэрыях ня згадваецца.

Эльзевір[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эльзевір (па-ангельску: Elzevir the Dollmaker) — гномападобны пэрсанаж, які зьяўляецца толькі ў Blood Omen.

У гонар дня народзінаў сваёй дачкі кароль Отмар абвяшчае ў Вілендорфе спаборніцтва па вырабленьні лялек. Эльзевір робіць найпрыгажэйшую з усіх, якія былі прадстаўленыя каралю. Лялька Эльзевіра была «такой прыгажосьці, што ёю ўсе захапляліся». Аднак лялечнік не прыняў прапанаваны яму грашовы прыз, а замест гэтага ён папрасіў невялічкую пасму валос прынцэсы й празь некаторы час прынцэса становіцца бездыханнаю марыянеткаю. Эльзевір скрадае яе душу, выкарыстоўваючы яе воласы дзеля замацаваньня замовы.

Калі Кэйн наведвае Вілендорф ён вырашае выцягнуць караля зь яго маркотнага гумару. Вампір чуў ад Арыель і Мёбіюса, у вобразе Аракула, што войска Вілендорфа зьяўляецца апошняй сілай супраць легіёнаў Нэмезіды.

Кэйн знаходзіць прыстанак Эльзевіра, адсякае яму галаву, знаходзіць магічную ляльку ды вяртае душу каралеўне Вілендорфа.

Ворадар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ворадар (па-ангельску: Vorador) — дапаможны пэрсанаж у сэрыях Legacy of Kain, які падтрымлівае й накіроўвае галоўных герояў на працягу некалькіх гульняў сэрыі. Агучаны Полам Лукатэрам. Адна з галоўных фігураў у гісторыі Насґота.

Ворадар зьяўляецца першым «вампірызаваным» чалавекам, які стаў вампірам яшчэ да таго, як распаўсюдзіўся праклён хілдэнаў, які пераўтварыў вампіраў у бесьсьмяротных і бясплодных істотаў. Будучы старэйшым нават за Калёны Насґота Ворадар зьяўляецца майстэрскім мечнікам і кавалём, які ў сваёй кузьні куе Выкрадальнік Душ — легендарны меч будучага Спадкаемцы Балянсу. Ён паглынаў кроў незьлічонае колькасьці людзей, атрымліваючы іх памяць і жыцьцёвы досьвед, што дазволіла яму атрымаць абсалютныя веды аб гісторыі Насґота.

У Blood Omen Ворадар адлюстраваны ў вобразе вампіра, які па-шляхецку захапляецца перавагамі вампірызму, але бачыць пагрозу ў тых чыстках вампіраў, у выніку якіх загінаюць яго падначаленыя. Ворадар вядомы сваім штурмам крэпасьці Сарафан, у якой, за 500 гадоў да падзеяў Blood Omen, ён забіў шэсьць чальцоў Круга дзевяці, робячы Малека сваім заклятым ворагам. На працягу гульні Ворадар дае колькі парадаў Кэйну, і нават прыходзіць яму на дапамогу ў Цёмны Эдэм, дзе канчаткова забівае Малека. Канец гісторыі Ворадара незахапляльны: рух генацыду супраць вампіраў, узначалены Мобіюсам, дабіраецца да яго маёнтка, дзе той публічна абезгалоўліваецца.

Ворадар трапляецца ў некалькіх невялікіх сцэнах у Soul Reaver 2 і Defiance, дзе ён дае парады Разіэлю. З падзеяў Soul Reaver 2 зразумела, што Ворадар быў перароджаны Янасам Одранам, а ў Defiance ён распавядае аб тым, што зьяўляецца і першым вампірызаваным чалавекам у Насґоце, і кавалём магічнага клінка, які ў будучыні будзе вядомым пад імём Выкрадальніка Душ.

Ворадар грае знамянальную ролю ў Legacy of Kain: Blood Omen 2. Ён узначальвае вампірскі рух супраціву Кабал (Cabal). З дыялёгаў гульні высьвятляецца, што ён, зьяўляецца прабацькам усіх вампіраў у Насґоце за выключэньнем Кэйна.

Парадаксальна, што падзеі Blood Omen 2 адбываюцца праз 400 гадоў пасьля казьні Ворадара ў першай частцы Legacy of Kain. Згодна з Эмі Хэнінг, галоўнага аўтара й дырэктара Defiance, тлумачэньне гэтае зьявы павінна было быць уключана ў Defiance, але, на жаль, было выдаленае з-за кароткага тэрміну часу, аддадзенага працаўнікам кампаніі на распрацоўку гульні.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]