Польска-беларускае таварыства дзеля палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Польска-беларускае таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі — грамадзка-палітычная арганізацыя, якая дзейнічала ў 1919—1920 гг. у Варшаве. Складалася з асобных прадстаўнікоў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху і маянткоўцаў-кансэрватараў, галоўным чынам — з Магілёўскай і Менскай губэрняў.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэатар ваенных дзеяньняў польска-савецкай вайны 1919—1920 гадоў

Таварыства было створана 31 траўня 1919 г. у Варшаве па ініцыятыве Лявона Дубейкаўскага і Эдварда Вайніловіча для палітычнай падтрымкі ідэі фэдэрацыйнага саюзу Беларусі і Польшчы («для ўзаемнага пазнаньня і збліжэньня Польшчы і Беларусі») у час існаваньня Грамадзянскай управы ўсходніх зямель і вырашэньня лёсу беларускіх земляў ва ўмовах польска-савецкай вайны (1919—1920) гг.

Асобныя прадстаўнікі беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху і ўплывовыя маянткоўцы-кансэрватары Беларусі, якія, ратуючыся ад бальшавікоў, аселі ў Варшаве і былі прыхільнікамі палітычнай суб’ектнасьці Беларусі (у першую чаргу — Эдвард Вайніловіч), вырашылі аб’яднацца. На думку Вайніловіча, збліжэньне часткі прадстаўнікоў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху з кансэрватыўна настроенымі польскамоўнымі і каталіцкімі земляўласьнікамі Беларусі («палякамі») было вынікам перакананьня, што бальшавікі жадаюць «адзінай і непадзельнай Расеі» і ніколі не дадуць магчымасьці беларусам нацыянальна разьвівацца, а Беларусь «патоне ў расейскім моры» і асымілюецца. Зь іншага боку, і самі польскамоўныя і каталіцкія земляўласьнікі Беларусі («палякі»), асабліва зь ліку чальцоў Менскага таварыства сельскай гаспадаркі і Польскай рады беларускіх зямель, былі гарачымі прыхільнікамі палітычнай суб’ектнасьці Беларусі і хацелі саюзу, а не інкарпарацыі Беларусі ў склад Польшчы. Эдвард Вайніловіч быў перакананы, што ва ўмовах бальшавіцкай пагрозы толькі саюз Беларусі і Польшчы (праз адраджэньне фэдэратыўнай Рэчы Паспалітай) можа гарантаваць культурнае разьвіцьцё беларусаў і палітычную суб’ектнасьць Беларусі.

Паводле прынятага статуту, таварыства ставіла за мэту дамагацца «цясьнейшай прыязнасьці паміж беларускім і польскім народамі, грунтоўнае і шырокае азнаямленьне польскага грамадзтва з Беларусьсю і, наадварот, беларускага грамадзтва з Польшчай, будаўніцтва ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў галіне культурнай, эканамічнай і асабліва палітычнай, як роўны з роўным, вольны з вольным». У склад кіраўніцтва ўваходзілі Міраслаў Абязерскі (старшыня), Лявон Дубейкаўскі (віцэ-старшыня), Канстанцін Гардзялкоўскі (сакратар і скарбнік), Павал Аляксюк, Эдвард Вайніловіч, Т. Галуўка, Аляксандар Лядніцкі, Раман Скірмунт, Браніслаў Тарашкевіч, В. Цывінскі, Чэслаў Янкоўскі і інш.

Грамадзянская ўправа ўсходніх зямель (Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich) — польская грамадзянская адміністрацыя на летувіска-беларускіх землях, не інкарпараваных у склад Польшчы, а занятых у 1919—1920 гадах польскім войскам

Таварыства арганізоўвала сумесныя публічныя канфэрэнцыі, лекцыі па польска-беларускай праблематыцы, праз польскую і беларускую прэсу асьвятляла грамадзка-палітычнае становішча і пэрспэктывы дзяржаўнай фэдэрацыі абодвух краінаў, дамагалася стварэньня свайго часопісу, наладжваньня сумесных музэйных выстаў, увядзеньня ў школьныя праграмы польскіх і беларускіх навучальных устаноў прадметаў па гісторыі, геаграфіі, этнаграфіі Польшчы і Беларусі. Таварыству ўдалося вызваліць у Варшаве зь лягэраў ваеннапалонных шмат беларусаў, якія не па ўласнай волі ваявалі ў шэрагах бальшавікоў супраць польскіх войск.

У кастрычніку 1919 г. створаны Менскі аддзел таварыства, у працы якога ўдзельнічалі Магдалена Радзівіл, Ежы Чапскі, С. Лянкоўскі, В. Янчэўскі і інш. У верасьні 1919 г., у разгар польска-савецкай вайны, выдала адозву да грамадзян беларуска-літоўскіх зямель, у якой заклікала да яднаньня Польшчы і Беларусі. 15 студзеня 1920 г. зьвярнулася з мэмарандумам да генэральнага камісара Грамадзянскай управы ўсходніх зямель, у якім зьвяртала ўвагу на ўціск польскай акупацыйнай адміністрацыяй беларускага школьніцтва, прэсы, грамадзка-палітычных арганізацыяў і культурна-асьветных гурткоў, арышты беларускіх нацыянальных дзеячаў. Для паляпшэньня польска-беларускіх адносін і вырашэньня палітычных канфліктаў у Беларусі прапаноўвалася стварыць пры Грамадзянскай управе ўсходніх зямель адмысловы камітэт зь ліку мясцовых земляўласьнікаў і інтэлігенцыі.

Пасьля расколу Рады БНР ў лістападзе—сьнежні 1919 г. і паслабленьня пазыцыяў прыхільнікаў незалежнасьці беларускай дзяржавы, Вацлаў Іваноўскі, упаўнаважаны Найвышэйшай Радай БНР (прыхільнікамі супрацоўніцтва з Польшчай), заключыў 24 сакавіка 1920 г. пагадненьне з Леанам Васілеўскім, які прадстаўляў Начальніка польскай дзяржавы — Юзэфа Пілсудскага. Пагадненьне рэгулявала польска-беларускае сужыцьцё на Меншчыне, але ўжо не было адпаведнай атмасфэры нават на ажыцьцяўленьне падпісаных абавязкаў. У палітычных колах Польшчы ў той час ішла працяглая шматмесячная барацьба: ствараць фэдэрацыю ці інкарпараваць занятыя польскімі войскамі беларускія і ўкраінскія землі. Паступова перамагалі польскія «эндэкі» — прыхільнікі інкарпарацыі беларускіх і ўкраінскіх зямель, прычым не ўсіх, а толькі невялікай часткі, каб прасьцей было іх палянізаваць.

8 траўня 1920 г. Эдвард Вайніловіч адмыслова прыехаў у Варшаву з Менску, каб паўдзельнічаць у паседжаньні «Польска-беларускага таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі», бо, хоць на Меншчыне і іншых беларускіх землях была ўсталявана польская грамадзянская ўлада, Эдвард Вайніловіч быў прыхільнікам палітычнай суб’ектнасьці Беларусі і не хацеў, каб беларускія землі (ці іх частка) увайшлі ў склад Польшчы ў статусе звычайных польскіх ваяводзтваў. У гэты час у Варшаве адбываліся сьвяточныя маніфэстацыі і ў эўфарыі сьпявалі ўрачыстыя гімны ў касьцёлах па прычыне заняцьця польскімі войскамі 6 траўня 1920 г. Кіеву і ўкраінскіх зямель. На паседжаньні малалікія асобныя прадстаўнікі беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху выказаліся аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Эдвард Вайніловіч жа зьвярнуў увагу на той факт, што самі беларускія нацыянал-дэмакраты нічога ня здолелі рэальнага зрабіць для незалежнасьці — не сабралі ні грошай, ні войска. Ён выказаўся, што заўсёды прытрымліваўся прынцыпу непадзельнасьці тэрыторыі Беларусі, і тлумачыў, што ў гэтай сытуацыі трэба адмовіцца ад ідэі самастойнасьці Беларусі, бо самастойная Беларусь непазьбежна будзе захоплена альбо Польшчай, альбо бальшавіцкай Расеяй. Вайніловіч пераконваў, што трэба згаджацца на саюз (унію) Беларусі з Польшчай, умовы якога можна будзе ў далейшым карэктаваць. Ён выступіў з ініцыятывай напісаць адпаведную дэклярацыю і прадставіць яе ў польскі ўрад. Беларускі бок згадзіўся з правільнасьцю аргумэнтаў Вайніловіча. Дэклярацыя была апублікавана ў польскіх газэтах — падкрэсьліваўся прынцып суб’ектнасьці і непадзельнасьці Беларусі, але не казалася аб незалежнасьці[1].

Зь лета 1920 г. фактычна таварыства бязьдзейнічала. У час Слуцкага паўстаньня ў лістападзе 1920 г. асобныя сябры таварыства (Лявон Дубейкаўскі, Канстанцін Гардзялкоўскі, Чэслаў Крупскі) безвынікова намагаліся правесьці сумесную Палітычную нараду па абмеркаваньні вайскова-палітычнага становішча ў Беларусі і наладжваньні каардынацыі паміж польскімі фармаваньнямі, удзельнікамі «слуцкай акцыі» і вайсковымі аддзеламі Станіслава Булак-Булаховіча з мэтай арганізацыі ўзброенага выступу супраць савецкай улады.

У верасьні 1921 г. Польска-беларускае таварыства спыніла сваё існаваньне, бо не ўдалося дасягнуць галоўнай мэты — стварэньня польска-беларускай фэдэрацыі: паводле пастановы Рыскага мірнай дамовы ад 18 сакавіка 1921 г. толькі заходнебеларускія землі былі ўключаны ў склад Польшчы (Другой Рэчы Паспалітай), прычым — у статусе звычайных польскіх ваяводзтваў, нават бязь іх аўтаномнага статусу.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 277—279.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ляхоўскі, У. Польска-беларускае таварыства // ЭГБ, у 6 т. Т. 6, кн. ІІ. — Мн., 2003.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno: Józef Zawadzki, 1931. — 368 с.
  • Войнилович, Э. Воспоминания / Э. Войниллович; пер. с польск., общ. ред. В. Завальнюка. — Мн.: Издание Минской римо-католической парафии св. Симона и Елены, 2007. — 380 с. — 250 экз.  (рас.)
  • Яана Героўска-Калаур Zarząd cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 — 9 września 1920) / J. Gierowska-Kałłaur. — Warszawa : Neriton, 2003. — 455 s.
  • Раман Юркоўскі. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане: Матэрыялы Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 ліст. 2006 г. / Польскі Ін-т у Мінску; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Менск: Польскі Ін-т у Менску, 2007. — С. 65—81.