Полька

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вокладка нотаў «Полькі гіпапатама», выдадзенай у Нью-Ёрку напачатку 1850-х

По́лька (па-чэску: pulka — «палова кроку») — хуткі, народны чэскі танец[1], а таксама жанр танцавальнай музыкі. Музычны памер полькі — 2/4. Полька зьявілася ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя ў Багеміі (сучасная Чэхія), і з 1840-х гадоў пашырылася ў Эўропе як бальны танец[1].

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва танца паходзіць ад чэскага слова pulka[2], якое азначае «палова кроку», паколькі рытм полькі патрабуе хутка пераступаць ногі — з нагі на нагу.

З-за сугучнасьці назвы польку часта памылкова лічаць польскім танцам. Акрамя таго, ня варта блытаць польку са швэдзкім танцам польска.

Клясычная музыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Полькі пісаў Ёган Штраўс і яго сын Ёган Штраўс. Гэты жанр часта сустракаецца ў творчасьці чэскіх кампазытараў Бэдржыха Сьметаны, Антаніна Дворжака й іншых.

Беларуская народная полька[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1850-я гады полька атрымала пашырэньне сярод беларусаў[3]. Полька хоць і зьяўляецца запазычаным танцам, блізкая народнай беларускай харэаграфіі, яна моцна трансфармавалася ў нацыянальным пляне пры гэтым аказаўшы моцны ўплыў на іншыя танцы[4]. Увайшоўшы ў побыт беларусаў, яна трансфармавалася ў нацыянальным духу. У розных рэгіёнах узьніклі лякальныя варыянты, якія асыміляваліся зь мясцовым харэаграфічным фальклёрам і станавіліся народнымі. Лёгкасьць пранікненьня полькі ў беларускую харэаграфію абумоўлена пэўнай блізкасьцю яе да беларускіх нацыянальных харэаграфічных традыцыяў[1].

2/4 памер полькі добра зьліўся зь беларускім традыцыйным танцам, які меў аналягічны памер[5]. Так, напрыклад, «Трасуха» зьяўляецца сымбіёзам тыпавога народнага танца, ад якога яна й атрымала сваю назву, і полькі[4]. Часьцей за ўсё на Беларусі полька выконваецца парамі, якія рухаюцца паўкрокамі з паваротамі па крузе. Танец упрыгожваецца разнастайнымі дробнымі па[1], часта суправаджаецца прыпеўкамі.

Беларускія полькі надзвычай багатыя па сваіх харэаграфічным і музычным малюнкам, яны адрозьніваюцца вялікай ладавай і інтанацыйнай разнастайнасьцю[4]. Полька патрабавала ад танцораў і майстэрства, і фізычнай выносьлівасьці[6].

Як і кадрыля, полька таксама мае мноства лякальных варыянтаў: «Барысаўская», «Віцяблянка», «Гаўкаўская», таксама назвы даваліся па асаблівасьцях харэаграфіі: «Цераз нагу», «З падкіндэсам», «З прысюдамі», «На пяце», «Вінтом» і гэтак далей[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэд.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989.
  2. ^ Polka History of Dance
  3. ^ Міхась Шавыркін. Полька беларуская // Зьвязда : газэта. — 15 лютага 1997. — № 32 (23133). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ а б в г Чурко Ю. М. Вянок беларускіх танцаў.- Мн.: Беларусь, 1994. — 88 с ISBN 5-33801097-8
  5. ^ Структурный принцип классификации народной хореографии.  (рас.)
  6. ^ Полька беларуская

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Полькасховішча мультымэдыйных матэрыялаў