Першае Баўгарскае царства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Першае баўгарскае царства (681—1018) — сярэднявечная дзяржава.

У 679 булгарскія плямёны ўцігураў перасяклі Дунай і на адваяваных у Бізантыі землях заснавалі сваю дзяржаву. У 7—8 ст. булгары вялі бесьперапынныя войны супраць суседніх славянскіх плямёнаў і Бізантыі. Некаторыя славянскія плямёны былі змушаныя міграваць у Малую Азію. Спрабуючы ўмацаваць свае межы, імпэратары Бізантыі пасялілі на Балканах значныя групы армянаў і сырыйцаў.

У 681 бізантыйскі імпэратар Канстанцін IV Паганат, пераможаны войскамі хана Аспаруха (680—700) недалёка ад вусьця Дунаю, падпісаў дамову, паводле якой быў вымушаны плаціць штогадовую даніну булгарскаму хану. Гэты факт зьяўляецца афіцыйным прызнаньнем існаваньня новай булгарскай дзяржавы — Першага Баўгарскага царства. Пераемнік Канстанціна IV, Юстыніян II (685—695, 705—711) спрабаваў навязаць булгарам бізантыйскае панаваньне, але гэтыя спробы ня мелі посьпеху.

Першай сталіцай гэтай дзяржавы стала Пліска. Тэрыторыя царства ахоплівала сёньняшнюю паўночна-ўсходнюю частку Баўгарыі. На ўсходзе яна выходзіла да Чорнага мора, на поўдні — да горнага ланцуга Старая Планіна, на захадзе — да ракі Іскыр, а пазьней да ракі Цімак, на поўначы яе мяжой служыў Дунай.

Ваенная няўдача Юстыніяна II выклікала незадаволенасьць у Канстантынопалі, яго кінулі ў турму, але неўзабаве ён ўцёк. Пры дапамозе «булгарскіх і славянскіх» сілаў у асобе пераемніка Аспаруха, Тэрвэля (700—721), Юстыніян нанёс паразу сваім ворагам і вярнуў імпэратарскі пасад. У знак падзякі ён падараваў Тэрвэлю шэраг тэрыторыяў і стаў зьвяртацца да яго як «да цэзара», прызнаўшы тым самым незалежны статут булгарскай дзяржавы. Пасьля Бізантыя аднавіла спробы заваяваць булгараў, але Тэрвэль выйшаў з гэтай барацьбы пераможцам і ў 716 была заключаная мірная дамова, якая пацьвердзіла незалежнасьць булгарскага царства.

Да 9 ст. булгары падпарадкавалі больш шматлікае за іх мясцовае славянскае насельніцтва і паступова ўспрынялі славянскую мову і культуру. У выніку зьмешваньня абодвух элемэнтаў сфармавалася новая этнічная супольнасьць, за якой замацавалася назава баўгары. Працэс этнагенэзу канчаткова завяршыўся толькі ў 10 ст. Стаўшы славянскай этнічнай групай, баўгары перанялі ад славянаў сельскую грамаду, а ад цюркаў — ваенную арганізацыю. У баўгарскім грамадзтве панавала вайсковая арыстакратыя, што падзялялася на вышэйшую (байлы, баляры) і ніжэйшую (багаіны).

За часы валадарства хана Крума (803—814), пасьля таго як ён разграміў авараў на захадзе і бізантыйцаў на поўдні, межы дзяржавы пашырыліся. У 809 ён захапіў Сэрдыку (сучас. Сафія). Асабліва знамянальная яго перамога над імпэратарам Бізантыі Нікіфарам I (802—811), які спачатку меў перавагу і абрабаваў ды падпаліў баўгарскую сталіцу Пліску. Але адразу пасьля гэтага Крум бліскучай атакай у адной зь цясьнінаў Старой Планіны зьнішчыў войска Нікіфара — сам імпэратар загінуў у гэтым баі. У 813 баўгарамі ўзяты горад Адрыянопаль (сучас. Эдырнэ). Дзякуючы гэтым пераможным войнам, баўгарская дзяржава пашырыла свае межы да ракі Ціса, за якой жылі мадзяры, і да ракі Днестр, якая служыла натуральнай мяжой зь печанегамі на ўсходзе. На поўдні баўгары дасягнулі гораў Рыла і Радоны. Падчас кіраваньня хана Амуртага (814—831) была падпісаная 30-гадовая мірная дамова зь Бізантыяй. Гэтая эпоха (8—9 ст.) пакінула выдатныя архітэктурныя і скульптурныя помнікі ў Плісцы і Мадары.

Цар Барыс I (852—889) уладарыў Баўгарыяй у пэрыяд важных падзей. Адно зь іх — стварэньне славянскага альфабэту ў 863 годзе салунскімі сьвятарамі, братамі Кірылам і Мятодам. У 865 Барыс I прыняў хрысьціянства з мэтай падвышэньня міжнароднага прэстыжу, пасьля чаго хрысьціянства было абвешчанае дзяржаўнай рэлігіяй. Спачатку Барыс зьвярнуўся да папы рымскага, каб той прызнаў самастойнасьць баўгарскага патрыярхату і перадаў вышэйшыя духоўныя пасады баўгарам. Аднак у 870 годзе незалежнасьць баўгарскай царквы прызнаў бізантыйскі імпэратар, што ўмацавала супрацоўніцтва паміж царкоўнымі герархамі Бізантыі і Баўгарыі. Пазыцыі хрысьціянства асабліва ўмацаваліся пасьля прыбыцьця ў Баўгарыю Клімэнта і Навума, вучняў славянскіх асьветнікаў Кірылы і Мятода, якія пераклалі асноўныя часткі тэксту Бібліі і бізантыйскіх рэлігійных твораў на старабаўгарскую мову дый заклалі асновы славянскай літаратуры. З тых часоў Баўгарыя стала калыскай славянскай культуры і пісьмовасьці.

Сын Барыса Ўладзімер (889—893) беспасьпяхова спрабаваў забараніць хрысьціянства. Тады Барыс прыйшоў з манастыра, у якім жадаў правесьці рэшту жыцьця, пазбавіў Уладзімера пасада і ўзьвёў на яго іншага сына — Сімяона.

Валадарства Барыса падрыхтавала бліскучыя часы, якія надыйшлі пасьля яго — так званае залатое стагодзьдзе баўгарскай літаратуры. Адбылося гэта, калі на пасад узыйшоў цар Сімяон Вялікі (893—927), які атрымаў адукацыю ў Канстантынопалі і лічыцца найвялікшым з баўгарскіх валадароў. Ён усё жыцьцё імкнуўся заваяваць Канстантынопаль і ваяваў зь бізантыйскімі войскамі ў 894, 896, 904, 913 і 920—924. Падчас яго валадарства Першае Баўгарскае царства дасягнула апагею сваёй палітычнай і тэрытарыяльнай магутнасьці. Пасьля бліскучай перамогі над бізантыйцамі ля ракі Ахелой (917) Сімяон пашырыў свой уплыў да паўвыспы Галіпалі ў Грэцыі, захапіў Македонію і, выкарыстоўваючы ў якасьці хаўрусьніка Сэрбію, прыняў яе пад свае заступніцтва і кіраваньне.

Сімяон стварыў у міжрэччы Ліма і Ібара залежную ад яго дзяржаву сэрбаў, якая празь некалькі гадоў пасьля яго сьмерці аддзялілася ад Баўгарыі. У 895 улады Бізантыі заключылі хаўрус з вугорцамі, спрабуючы паслабіць растучую моц Баўгарскай дзяржавы. У 927 Сімяон абвясьціў сябе «царом баўгараў і грэкаў» і павысіў баўгарскае архібіскупства да ўзроўню патрыярхата. У пэрыяд яго валадарства Сафія ператварылася ў буйны цэнтар асьветы і калыску славянскай літаратуры. Пры Сімяоне шматлікія бізантыйскія кнігі па праве і тэалёгіі перакладаліся на старабаўгарскую мову, быў складзены першы збор славянскіх судовых законаў.

Пасьля сьмерці Сімяона Баўгарская дзяржава стала хутка распадацца. Сын Сімяона Пётар (927—970) не валодаў не славалюбствам, не талентам палкаводца. Краіну знутры падточваў ерэтычны рух багамілаў, якія прапаведавалі міралюбнасьць і раўнапраўе, але адначасова заклікалі да непадпарадкаваньня ўладам і асуджалі паразітычны лад жыцьця вайсковай і царкоўнай арыстакратыі. Адмаўляючы значнасьць духовай і цывільнай улады (параўноўваючы заможных людзей з прадстаўнікамі Сатаны), багамілы зьяўляліся пагрозай для пануючага стана. І яны былі падвергнутыя перасьледам і катаваньням. Іх ідэі распаўсюджваліся апакрыфічнай літаратурай. Гэтыя прадвесьнікі эўрапейскага рэфарматарскага руху знайшлі шматлікіх пасьлядоўнікаў за межамі Баўгарыі. Іх прапаведнікі распаўсюджвалі ерэтычнае вучэньне ў шмат якіх раёнох Міжземнамор’я і Малой Азіі. Патарынцы і катары ў Паўночнай Італіі, альбігойцы ў Паўднёвай Францыі і бугры (bougre — bulgare) створаць пазьней (у 12—13 ст.) шматлікія багамільскія сэкты разнастайнага зьместу, абумоўленага мясцовымі ўмовамі.

Македонскія славяне ня раз уздымалі паўстаньні, і сэрбскаму правіцелю Чэславу ўдалася выгнаць баўгараў з Рашкі (Сэрбія).

У 968 вялікі князь кіеўскі Сьвятаслаў, саюзьнік бізантыйскага імпэратара Нікіфара II Фокі, заняў паўночна-ўсходнюю Баўгарыю. Але неўзабаве Сьвятаслаў перайшоў на бок баўгарскага цара Барыса II (969—971), успадкаваўшага пасад за Пятром I. Бізантыйскае войска здолела выцясьніць русаў і атрымала перамогу над баўгарамі. Захапіўшы ў палон Барыса, які застаўся закладнікам у Канстантынопалі, імпэратар Бізантыі захапіў шматлікія баўгарскія тэрыторыі паміж Дунаем, Чорным морам і Старай Планінай. Іяан Цымісхій абвясьціў Баўгарыю бізантыйскай правінцыяй, скасаваў баўгарскі патрыярхат і разьмясьціў бізантыйскія гарнізоны ў краіне.

Бізантыя здолела замацавацца толькі ва ўсходняй частцы Баўгарыі. На захадзе Баўгарскае царства (з часовымі сталіцамі Прэсна і Ахрыл) здолела пратрымацца паўстагодзьдзя (969—1018). У 1014 войска імпэратара Васіля II засьпела зьнянацку войскі баўгарскага цара Самуіла і разьбіла яго ў бітве пры Беласіцы. Імпэратар загадаў асьляпіць усіх палонных і вярнуць іх баўгарскаму цару (было захоплена 15 тыс. чал. — 99 з 100 палонных былі асьлепленыя). Калі верыць Манасіевай хроніцы, пабачыўшы тысячы сьляпых баўгарскі валадар ня вытрымаў жаху гэтага відовішча і памёр. Імпэратар Васіль быў празваны за гэта «Баўгарабойцам». У 1018 бізантыйскія войскі занялі Охрыд. У 1021 захапілі Срэм — апошняе апірышча незалежнасьці баўгараў. Такі быў канец Першага Баўгарскага царства.

Заняволеньне Баўгарыі Бізантыяй (1018—1185) — пэрыяд цяжкіх выпрабаваньняў для баўгарскага народа. Баўгарыяй кіраваў намесьнік бізантыйскага імпэратара, які мала ўмешваўся ў мясцовыя справы. Аднак, калі бізантыйскія фэўдальныя адносіны пачалі распаўсюджвацца на тэрыторыі Баўгарыі, а яе паўночныя межы апынуліся адчыненымі для ўварваньняў, становішча баўгарскага народа пагоршылася да такой ступені, што двойчы ўздымаліся масавыя паўстаньні. Да прыгнёту бізантыйцаў дадаліся сыстэматычныя разрабаваньні краіны печанегамі, а таксама крыжакамі падчас іх паходаў у 1096 і 1147. У гэты ж час рух багамілаў стаў разрастацца. У Канстантынопалі, сталіцы Бізантыі, быў спалены на вогнішчы Васіль, адзін з самых актыўных распаўсюджвальнікаў ідэяў багамільства.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]