ПАОК Тэсалёнікі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
ПАОК
Поўная назва па-грэцку: Πανθεσσαλονίκειος Αθλητικός Όμιλος Κωνσταντινουπολιτών Ποδοσφαιρική Ανώνυμη Εταιρεία
Заснаваны 20 красавіка 1926
Горад Тэсалёнікі, Грэцыя
Стадыён Тумба
Умяшчальнасьць: 28 703
Прэзыдэнт Іван Савідзі[d]
Кіраўнік Іван Савідзі[d]
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Супэрліга
 · 2022—2023 4 месца
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
paokfc.gr (грэцк.)​ (рас.)​ (анг.)

ПАОК (па-грэцку: Π.Α.Ο.Κ.) — грэцкі футбольны клюб з гораду Тэсалёнікаў. Заснаваны ў 1926 годзе. Трохразовы чэмпіён Грэцыі, васьміразовы ўладальнік Кубка Грэцыі. Паводле апошніх апытаньняў і дасьледаваньняў, ПАОК ёсьць адным зь вядучых айчынных клюбаў, які найбольш шырока падтрымліваецца ў Паўночнае Грэцыі і мае трэцюю паводле велічыні колькасьць прыхільнікаў у краіне[1][2][3][4]. Паводле дасьледаваньня гішпанскае газэты «Marca», якое было праведзенае ў жніўні 2018 году, паведамляецца, што ПАОК ёсьць самым папулярным грэцкім футбольным клюбам ў сацыяльных сетках[5][6][7].

ПАОК быў заснаваны ў 1926 годзе грэцкімі перасяленцамі з Канстантынопалю, пасьля грэка-турэцкага абмену насельніцтвам. Хатнім стадыёнам з 1960-х гадоў зьяўляецца арэна «Тумба». Афіцыйным спонсарам футбольнага клюбу выступае кампанія DEPA, якая займаецца разьмеркаваньнем прыроднага газу ў Грэцыі. Клюбная назва, а таксама эмблема клюбу, якая ўяўляе сабой выяву дзьвюхгаловага арла бізантыйскага стылю з прыбранымі крыламі, ушаноўваюць памяць людзей і мясьцінаў, пераважна Канстантынопалю, якія калісьці належалі да Бізантыйскае імпэрыі[8][9].

Каманда некалькі разоў выступала ў Лізе Эўропы, але ніколі не дасягала групавога этапу Лігі чэмпіёнаў. Найлепшым выступам у эўрапейскіх спаборніцтвах ёсьць выступ у сэзоне 1973-1974 гадоў, калі ПАОК дайшоў да чвэрцьфіналу Кубка ўладальнікаў кубкаў. ПАОК ёсьць адзіным грэцкім клюбам, які ў эўрапейскіх спаборніцтвах мае на сваім рахунку перамог больш чым паразаў. 16 верасьня 1999 году ПАОК перамог у Тбілісі мясцовы «Лякаматыў» зь лікам 7:0, што зьяўляецца самай буйной перамогаў грэцкіх клюбаў у спаборніцтвах пад эгідай УЭФА[10].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

ПАОК у 1926 годзе.

ПАОК зьяўляецца найстарэйшым падразьдзяленьнем спартовага клюбу ПАОК, які зьяўляецца спадчыньнікам клюбу «Гэрмэс» (грэц. Ερμής), якая была сфармавана ў 1877 годзе ў грэцкай камуне Пэра, у адным з раёнаў Стамбулу[11]. Аднак пасьля сканчэньня грэка-турэцкай вайны й абмену насельніцтвам паміж краінамі, большасьць гульцоў была вымушаная эміграваць у Грэцыю. Многія з тых, хто пераехаў на новую радзіму пасяліліся ў Тэсалёніках, дзе яны заснавалі клюб ПАОК, аднак першапачаткова клюб атрымаў назву АЕК у 1925 годзе. Частка гульцоў зьехала з Канстантынопалю ў Атэны, дзе эмігрантамі быў сфармаваны атэнскі клюб АЕК. Стварэньнем клюбу афіцыйна лічыцца 20 красавіка 1926 году, калі кіраўніцтва клюбу атрымала адпаведныя дакумэнты, аднак трэніроўкі каманда пачала яшчэ раней.

Пасьля двух месяцаў падрыхтоўкі каманды клюб правёў таварыскія гульні зь іншымі клюбамі Тэсалёнікаў. Гэтак 26 ліпеня 1925 году ПАОК правёў матч супраць клюбу «Іракліс», які скончыўся перамогай навастворанай каманды зь лікам 2:1. Праз два тыдні ПАОК трываў паразу ад «Арысу» зь лікам 5:2.

У сэзоне 1926—1927 гадоў ПАОК узяў удзел у другой лізе чэмпіянату Асацыяцыі футбольных клюбаў Македоніі. Першы афіцыйны матч клюбу адбыўся 12 сьнежня 1926 году супраць клюбу «Нэа-Генэа Калямарыя», у якой тэсалёніскі клюб атрымаў перамогу зь лікам 3:1. Не зважаючы на тое, што паводле вынікаў ПАОК фінішаваў першым ў другім дывізіёне, аргкамітэт чэмпіянату палічыў, што ПАОК быць дапушчаны да першай лігі мясцовага чэмпіянату толькі калі клюб здолее атрымаць перамогі ў матчах супраць уміх клюбаў першай лігі. У рэшце рэшт ПАОК здабыў усе чатыры перамогі ў матчах супраць «Тэрмаікосу» зь лікам 4:1, «Арысу» зь лікам 2:1, «Атлясу Іпадромію» дь лікам 1:0 і «Іраклісу» зь лікам 1:0. У 1927—1928 гадох ПАОК упершыню ўдзельнічаў у першай лізе чэмпіянату Асацыяцыі футбольных клюбаў Македоніі[12].

Першы прафэсійны кантракт клюб падпісаў 5 верасьня 1928 году з францускім футбалістам Раймонам Эт’енам, які меў габрэйскае паходжаньне. Заробак легіянэра складаў 4 тысячы драхмаў у месяц. У сакавіку 1929 году тэсалёніскі АЕК быў распушчаны й іхныя чальцы ўступілі ў ПАОК. Пасьля гэтага ПАОК зьмяніў сваю эмблему, дадаўшы дзьвюхгаловага арла як сымбал бізантыйскае й канстантынопальскае спадчыны клюбу. ПАОК таксама набыў спартовыя аб’екты AEKу, разьмешчаныя каля плошчы Сынтрывані, побач з Фондам дзіцячай спадчыны, дзе сёньня месьціцца тэалягічны факультэт Арыстотэльскага ўнівэрсытэту ў Тэсалёніках.

У сэзоне 1930—1931 гадоў ПАОК дэбютаваў у чэмпіянаце Грэцыі, правёўшы свой першы матч 1 лютага 1931 году супраць пірэйскага «Алімпіякосу» ў гасьцёх, дзе трывалі паразу зь лікам 3:1. Сэзон клюб скончыў на 5-м месцы. Першым замежным трэнэрам у гісторыі каманды быў аўстрыец Рудольф Гаснэр, які працаваў у клюбе ў сэзоне 1931—1932 гадоў[13]. 5 чэрвеня 1932 году стадыён «Сынтрывані» быў урачыста адкрыты перамогай над клюбам «Іракліс» зь лікам 3:2. Новы стадыён стаў хатняй арэнай ПАОКу на працягу наступных 27 гадоў[14][15].

У 1937 годзе ПАОК здабыў свой першы тытул, атрымаўшы перамогу ў чэмпіянаце Асацыяцыі футбольных клюбаў Македоніі. У тым жа сэзоне ў чэмпіянаце Грэцыі клюб фінішаваў на другім месцы. 28 траўня 1939 году ПАОК упершыню выйшаў у фінал Кубка Грэцыі, але ў вырашальным матчы трываў паразу ад атэнскага АЕКу зь лікам 2:1 на стадыёне «Апосталяс Нікаляідыс» у грэцкае сталіцы[16]. У наступным сэзоне ПАОК атрымаў перамогу ў чэмпіянаце Паўночнае Грэцыі й выйшаў у фінал чэмпіянату Грэцыі, дзе зноўку саступіў клюбу АЕК[17].

Заўзятары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Брама 4 ёсьць сэктарам, дзе месьцяцца на матчах прыхільнікі клюбу. Як правіла, яны падтрымліваюць усе каманды клюбу ПАОК і носяць адзеньне ў традыцыйных чорна-белых колерах. Заўзятары ў цэлым традыцыйна падтрымліваюць добрыя адносіны з заўзятарамі сэрбскага клюбу «Партызан», а таксама заўзятарамі крыцкага клюбу ОФІ. Сяброўства з ОФІ падтрымліваецца штогадовым абменам квіткоў і заўсёды выдатнай атмасфэрай на матчах паміж клюбамі.

Склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Актуальны на 11 лютага 2024 году
Пазыцыя Імя Год нараджэньня
3 Сьцяг Нарвэгіі Аб Іван Нэсбэрг 1996
4 Сьцяг Грэцыі Аб Канстантынас Кулеракіс 2003
5 Сьцяг Грэцыі Аб Яніс Міхайлідыс 2000
6 Сьцяг Грэцыі ПА Тэохарыс Цынгарас 2000
7 Сьцяг Грэцыі ПА Яніс Канстантэліяс 2003
8 Сьцяг Францыі ПА Суаліё Мэйтэ (ар. Бэнфіка) 1994
10 Сьцяг Аўстрыі ПА Томас Мург 1994
11 Сьцяг Бразыліі Нап Тайсан 1988
14 Сьцяг Сэрбіі Нап Андрыя Жыўкавіч 1996
15 Сьцяг Нігерыі Аб Ўільям Троост-Эконг 1993
16 Сьцяг Польшчы Аб Томаш Кендзёра (ар. Дынама К.) 1994
18 Сьцяг Сэрбіі Бр Жыўка Жыўкавіч 1989
19 Сьцяг Гішпаніі Аб Хоні Кастра 1994
Пазыцыя Імя Год нараджэньня
20 Сьцяг Партугаліі Аб Віейрыньня (капітан) 1986
21 Сьцяг Ганы Аб Абдул Баба 1994
22 Сьцяг Аўстрыі ПА Штэфан Шваб 1990
23 Сьцяг Гішпаніі Аб Хаан Састрэ 1997
27 Сьцяг Расеі ПА Магамэд Аздоеў 1992
33 Сьцяг Танзаніі Нап Мбвана Самата 1992
42 Сьцяг Харватыі Бр Домінік Котарскі 2000
55 Сьцяг Партугаліі Аб Рафа Саарыш 1995
64 Сьцяг Грэцыі Бр Хрыстас Таліхманідыс 2001
71 Сьцяг Гішпаніі Нап Брэндан Льямас 1995
77 Сьцяг Баўгарыі Нап Кірыл Дэспадаў 1996
88 Сьцяг Бразыліі ПА Маркус Антонію (ар. Ляцыё) 2000
95 Сьцяг Грэцыі Нап Стэфанас Цымас 2006

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]