Нацыянальная самасьвядомасьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Нацыянальная самасьвядомасьць — сукупнасьць уяўленьняў, пачуцьцяў і ведаў чалавека аб сваёй прыналежнасьці да пэўнай нацыі, а таксама аб сваім месцы і ролі ў жыцьці роднага народу.

Асноўныя рысы і гісторыя фармаваньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першасныя элемэнты нацыянальнай самасьвядомасьці пачынаюць складвацца яшчэ ў першабытным грамадзтве, калі людзі праяўляюць схільнасць мысьліць у катэгорыях супрацьпастаўленьня «мы» — «яны». Звычайна прадстаўнікі сваёй этнічнай супольнасьці («мы») па шэрагу антрапалягічных, псыхалягічных, культурных, моўных прыкметаў ацэньваюцца адназначна пазытыўна, а чальцы іншаэтнічных груп, наадварот, найчасьцей яўна негатыўна.

Канчатковае фармаваньне нацыянальнай самасьвядомасьці адбываецца ў працэсе ўтварэньня нацыі на аснове ўсьведамленьня людзьмі свайго агульнага паходжаньня і непарыўнай зьвязанасьці з роднай зямлёй, адчуваньня самабытнасьці сваёй культуры, мовы, нацыянальнага характару, мэнталітэту, пачуцьця агульнанацыянальнай салідарнасьці. У структуры нацыянальнай самасьвядомасьці арганічна ўзаемазьвязаны рацыянальныя, ідэалягічныя, эмацыянальна-пачуцьцёвыя і нават ірацыянальна-містычныя элемэнты.

Нацыянальная самасьвядомасьць большасьці народаў сьвету аформілася на працягу 1820 ст., калі на розных кантынэнтах у выніку ўзмацненьня кансалідацыі этнасацыяльных супольнасьцяў, актывізацыі нацыянальна-вызваленчых рухаў сфармаваліся нацыі сучаснага тыпу (напр., ангельская, нямецкая, француская, японская, амэрыканская). Нацыянальная самасвядомасьць знаходзіцца ў аснове пачуцьця агульнадзяржаўнага патрыятызму, нацыянальнага гонару, любові да роднага народу, культуры, мовы, да сваёй Радзімы.

Нацыянальная самасьвядомасьць беларусаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нацыянальная самасьвядомасьць беларусаў аформілася адносна позна, прыблізна ў сярэдзіне 19-пачатку 20 ст., што было абумоўлена ўзмацненьнем нацыянальна-вызваленчага руху, актывізацыяй нацыянальна-культурнага жыцьця і пачаткам утварэньня беларускай нацыі. Спачатку больш высокі ўзровень нацыянальнай самасьвядомасьці быў уласьцівы прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, шляхце, частцы сялянства. Аднак у 1920-я гады нацыянальная самасьвядомасьць даволі прыкметна вырасла сярод прадстаўнікоў усіх сацыяльных катэгорыяў насельніцтва Беларусі, што было зьвязана з ажыцьцяўленнем палітыкі беларусізацыі, спробамі гарманізацыі міжнацыянальных адносін. У наступныя дзесяцігодзьдзі разьвіцьцё нацыянальнай самасьвядомасьці было запаволена ў выніку ўзмацненьня працэсаў асыміляцыі і дэнацыяналізацыі беларускага грамадзтва.

У сучасны пэрыяд паглыбленьне нацыянальнай самасвядомасьці ёсьць важным сродкам самазахаваньня беларускай нацыі.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Культуралогія: Энцыкл. давед./ Э. С. Дубянецкі; Маст. А. А. Глекаў. — Мн.: БелЭн, 2003. —384 с.:іл ISBN 985-11-0277-6