Маскоўская дамова (1920)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Маскоўскі мір 1920 году
Маскоўская мірная дамова 1920 году
Мапа «Летувіская тэрыторыя», на якой у склад ЛР улучаныя Горадня, Шчучын, Ліда, Ашмяны, Смаргонь, Паставы і Браслаў
Мапа «Летувіская тэрыторыя», на якой у склад ЛР улучаныя Горадня, Шчучын, Ліда, Ашмяны, Смаргонь, Паставы і Браслаў
Тып дамовы мірная дамова
Падпісаная 12 ліпеня 1920
 ·  месца Масква, Расея
Набыла моц 1920
Тэрмін дзеяньня неабмежаваны
Страціла моц 15 чэрвеня 1940 (83 гады таму)
Падпісанты
Адольф Ёфэ
Бакі Летува
Расейская СФСР
Статус нядзейная
Мовы летувіская, расейская

Маскоўская мірная дамова 1920 годумірная дамова паміж Летувою і Савецкай Расеяй, падпісаная 12 ліпеня 1920 году ў Маскве і ратыфікаваная Соймам Летувы 6 жніўня 1920 году[1]. Тэрыторыя Беларускай Народнай Рэспублікі і Беларускай ССР разглядалася падпісантамі як расейская.

Перамовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Летувізацыя

Улады Летувы неаднаразова высоўвалі афіцыйныя прэтэнзіі на значную частку этнічнай тэрыторыі беларусаў, што мусіла падмацаваць іх прэтэнзіі на гістарычную сталіцу ліцьвінаў (беларусаў) — Вільню. Летувіскі ўрад прызнаваў, што большасьць мясцовага насельніцтва ня лічыць сябе летувісамі і ня ведае летувіскай мовы, але безапэляцыйна сьцьвярджаў, што гэта — зьбеларушчаная частка Летувіскай дзяржавы[2].

7 траўня 1920 году ў Маскве пачаліся мірныя перамовы паміж РСФСР і Летувой. На перамовах летувісы патрабавалі ад савецкай дэлегацыі прызнаць незалежнасьць Летувы «ў яе этнаграфічных межах з сталіцай у Вільні». Савецкая дэлегацыя пагаджалася зь неабходнасьцю далучэньня да Летувы Вільні і Віленскай губэрні, разглядаючы Вільню як «гістарычную сталіцу» Летувы, але лічыла летувіскія тэрытарыяльныя патрабаваньні празьмернымі.

У ліпені 1920 году кіраўніцтва РСФСР пастанавіла паскорыць ход мірных перамоваў зь Летувой, даўшы згоду на максымальнае задавальненьне тэрытарыяльных патрабаваньняў летувісаў.

Існасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згодна з дамовай быў юрыдычна ліквідаваны ЛітБел, а ўрад Савецкай Расеі аддаваў Летуве значную частку этнічных беларускіх земляў, прытым ён назаўсёды адмаўляўся ад прэтэнзіяў на яе тэрыторыю і насельніцтва[1]. Так, у 2-м артыкуле дамовы вызначалася «дзяржаўная граніца паміж Расеяй і Летувой», што ішла на поўдзень ад Аўгустова, за 30 км ад Горадні (якая перадавалася Летуве), потым Нёманам да Дзяляцічаў (на поўнач ад Наваградку й Любчы), потым на Валожын, які разам з Маладэчнам заставаўся на расейскім баку (прытым мяжа йшла ўскраіннымі вуліцамі Маладэчна), і далей на поўнач. Вялейка, Новы Мядзел, Шаркоўшчына й Друя заставаліся на расейскім баку.

Дамова гарантавала нэўтралітэт Летувы ў ходзе польска-савецкай вайны, бясьпеку правага флянгу войскаў Заходняга фронту ў яго наступленьні на Варшаву. Летувіскі бок абавязваўся спыніць на сваёй тэрыторыі дзейнасьць «антысавецкіх арганізацыяў і груп», у тым ліку органаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Міжнародная рэакцыя і наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Супраць дамовы выступіла кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі. Так, газэта «Беларусь», якая выдавалася ў Менску, у нумары за 16 чэрвеня 1920 году пісала:

« Беларускі народ ніколі не згадзіцца і не дазволіць, каб дзевяць дзясятых тарыбаўскай дзяржавы складалася зь беларускіх зямель, каб Вільня — наш культурны цэнтар, ваколіцы якога заселены толькі беларусамі, зрабілася сталіцай чужой дзяржавы. Беларускаму народу застаецца толькі рабіць сваю справу: будаваць Беларуска-Літоўскую рэспубліку са сталіцай у Вільні. Няхай існуюць пакуль што адначасна дзьве Літвы. Гэта нас не павінна пужаць. Мы ўпэўнены, што здаровыя і дзяржаўна разважаючыя элемэнты літоўскага народу будуць з намі. Бо яны зразумеюць, да чаго давядзе палітыка тарыбаўцаў. »

22 ліпеня 1920 году Вацлаў Ластоўскі — кіраўнік ураду, сфармаванага ў сьнежні 1919 году Народнай радай БНР, накіраваў зварот да ўрадаў РСФСР, Летувы, Мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы, да ўсіх дзяржаваў і культурных народаў сьвету. У звароце адзначалася, што савецка-летувіская мірная дамова парушае «самым грубым чынам нацыянальныя, культурна-эканамічныя і суверэнныя правы беларускага народу», бо складзеная коштам гістарычных і этнаграфічных беларускіх зямель. Зыходзячы з гэтага, урад БНР зьвяртаў увагу на тое, што ён не прызнае ўмоваў дамовы ў частцы, што закранае Беларусь, і будзе змагацца супраць яго «ўсімі даступнымі яму сродкамі». Складальнікі дакумэнта патрабавалі перагледзець умовы дамовы з улікам факта волевыяўленьня беларускага народу, які выказаў жаданьне стварыць сувэрэнную і незалежную беларускую дзяржаву ў этнаграфічных межах. Супярэчнасьці паміж Беларусьсю і Летувой яны прапаноўвалі разьвязаць шляхам правядзеньня плебісцыту ў спрэчных раёнах.

Катэгарычна адкінула савецка-летувіскую мірную дамову Польская Рэспубліка. 5 жніўня 1920 году польскае Міністэрства замежных справаў заявіла, што не прызнае расейска-летувіскую дамову і будзе разьвязваць спрэчныя пытаньні зь Летувой шляхам двухбаковых перамоваў. 27 жніўня 1920 году польская Рада абароны дзяржавы пастанавіла заняць тэрыторыі, якія фармальна адыходзілі да Летувы. У верасьні 1920 году паміж польскімі і летувіскімі войскамі пачаліся ўзброеныя сутыкненьні. Тым часам прадстаўнікі Антанты запатрабавалі ад Польшчы прызнаць факт улучэньня Вільні ў склад Летувы. 20 верасьня 1920 году Рада Лігі Нацыяў прыняла рэзалюцыю, у якой падкрэсьліла, што Вільня мусіць належаць Летуве, а землі на ўсход ад яе — перайсьці пад кантроль Лігі Нацыяў. Пад націскам дзяржаваў Антанты Польшча мусіла пачаць перамовы зь Летувой, у выніку чаго 7 кастрычніка 1920 году было падпісанае пагадненьне аб усталяваньні часовай дэмаркацыйнай лініі і спыненьні з 10 кастрычніка 1920 году баявых дзеяньняў. Яшчэ 29 верасьня 1920 году Юзэф Пілсудзкі паклікаў да сябе ў штаб-кватэру генэрала Люцыяна Жалігоўскага, ураджэнца Ашмянаў. У час размовы з генэралам ён сказаў:

« Калі цяпер мы не здабудзем Вільні, гісторыя нам не даруе. І ня толькі Вільні. Мусім адбудаваць Літву. Зрабіць гэта можа толькі само насельніцтва — яе сыны зь Літоўска-Беларускай дывізіі. Трэба, каб хтосьці ўзяў на сябе гэтую справу »

Зыходзячы з гэтага, Пілсудзкі прапанаваў генэралу ўзначаліць войскі, якія ўступяць у Вільню, падкрэсьліўшы, што акцыя запатрабуе настойлівасьці і адвагі, бо супраць яе будуць настроеныя ня толькі краіны Антанты, але нават грамадзкасьць Польшчы. Таксама ён папярэдзіў Жалігоўскага, што будзе вымушаны выступіць супраць гэтай акцыі, але генэрал не павінен «здавацца». Жалігоўскі пагадзіўся з прапановай Пілсудзкага і пачаў падрыхтоўку да «бунту». 8 кастрычніка 1920 году апэратыўная група «Беняконі» заявіла пра выхад з падпарадкаваньня вярхоўнаму польскаму галоўнакамандаваньню і рушыла на тэрыторыю Летувы. 9 кастрычніка аддзелы Жалігоўскага занялі Вільню. Па невялікіх сутычках летувіскія войскі пакінулі места, перадаўшы ўладу ў ім прадстаўнікам Антанты, аднак тыя паводле загаду Жалігоўскага таксама мусілі пакінуць Вільню. Паводле дамоўленасьці зь Пілсудзкім Жалігоўскі абвясьціў пра стварэньне незалежнай дзяржавы пад назвай Сярэдняя Літва ў межах Віленскага, Троцкага, Сьвянцянскага, Лідзкага, Ашмянскага і Браслаўскага паветаў.

Па падпісаньні дамовы ў Летуве рэзка зьмянілася стаўленьне да беларускіх структураў. Летувіскі ўрад ліквідаваў асобныя беларускія вайсковыя часьціны. Міністэрства беларускіх справаў урэшце мусіла спыніць сваё існаваньне. У 1923 годзе Рада Беларускай Народнай Рэспублікі пераехала з Коўны ў Прагу[3].

Сучасныя ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маскоўская мірная дамова 1920 году палепшыла міжнароднае становішча Летувы, бо ня толькі юрыдычна замацавала фактычную яе незалежнасьць, але і стварыла юрыдычную аснову для яе прэтэнзіяў на Вільню і частку беларускіх зямель[4].

З 1990-х гадоў гэтую расейска-летувіскую граніцу пачалі паказваць на шматлікіх мапах у Летуве[5].

У верасьні 2023 году летувіскі гісторык, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Альфрэдас Бумблаўскас заявіў, што «што ёсьць і канструктыўныя „літвіністы“, як, напрыклад, Аляксандар Белы, які прызнае гістарычныя межы Летувы шырэй, чым межы 1920 году»[6].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Maculevičius S., Baltrušiene D.. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. — S. 82.  (пол.)
  2. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 362—363.
  3. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 363.
  4. ^ Ціхаміраў А. «Віленскае пытанне» ў міжнародных адносінах 1918—1920 гг. // Белорусский журнал международного права и международных отношений. № 3, 2002.
  5. ^ Грыцкевіч А. Гісторыя геапалітыкі Беларусі // Спадчына. № 1, № 3, № 4, 1994.
  6. ^ Вільня, ВКЛ і беларусы. Адкуль бярэцца «літвінізм» і чаму ён пужае літоўцаў?, Новы час, 4 верасьня 2023 г.