Магілёўская вобласьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Магілёўская вобласьць

Сьцяг
Агульныя зьвесткі
Краіна Беларусь
Статус вобласьць
Адміністрацыйны цэнтар Магілёў
Улучае 21 раён
Найбуйнейшыя гарады Бабруйск
Горкі
Асіпавічы
Крычаў
Дата ўтварэньня 15 студзеня 1938
Старшыня аблвыканкаму Анатоль Міхайлавіч Ісачэнка[d][1][2]
Насельніцтва
 (10,7%, 6-е месца)
Шчыльнасьць 34,1 чал./км²
Нацыянальны склад беларусы — 88,7%
расейцы — 7,8%
украінцы — 1,2%[4]
Плошча
  • 29 000 км²
Вышыня па-над узр. м.
 · найвышэйшы пункт
 · сярэдняя вышыня
 · найніжэйшы пункт

 239 м
 191 м[5]
 126 м
Месцазнаходжаньне Магілёўскай вобласьці
Магілёўская вобласьць на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас UTC +3
Код ISO 3166-2 BY-MA
Тэлефонны код +375-22
Паштовыя індэксы 212 ххх, 213 ххх
Код аўтам. нумароў 6
Афіцыйны сайт
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Магілёўская во́бласьць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі. Насельніцтва на 2023 год — 989 703 чалавек. Адміністрацыйны цэнтар — места Магілёў.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэканструкцыя гербу Амсьціслаўскага ваяводзтва

На 2023 год у Магілёўскай вобласьці налічваўся 151 сельсавет. У вобласьці было 204 аграгарадкі[8] У 2013 годзе налічвалася 190 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, зь якіх прынамсі адно знаходзілася ў кожным сельсавеце[9]. За 2009—2013 гады ў Магілёўскай вобласьці скасавалі 40 сельскіх Саветаў. Прычынай паслужыла зьмяншэньне насельніцтва ў іх да менш як 1000 жыхароў, што пацягнула за сабой закрыцьцё бібліятэк, школаў і фэльчарска-акушэрскіх пунктаў празь немагчымасьць утрыманьня. Папярэдне Адміністрацыя прэзыдэнта Беларусі распрацавала Рэкамэндацыі аб наяўнасьці ў сельсавеце прынамсі 2000 жыхароў[10].

8 чэрвеня 2015 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 235 «Аб сацыяльна-эканамічным разьвіцьці паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласьці», паводле якога з 1 ліпеня 2015 году да 31 сьнежня 2020 году ўвёў 4 перавагі для 7 з 21 раёну вобласьці: Касьцюковіцкага і Клімавіцкага, Краснапольскага і Крычаўскага, Прапойскага і Хоцімскага, а таксама Чэрыкаўскага. Гэтыя перавагі ўлучалі: 1) паніжэньне падаходнага падатку з 13 да 10%, 2) скарачэньне страхавога ўнёску наймальніка ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва на выпадак дасягненьня пэнсійнага веку, інваліднасьці і страты кармільца з 28 да 24-х %, 3) фінансаваньне 50% выдаткаў за кошт рэспубліканскага бюджэту на стварэньне інжынэрна-транспартнай інфраструктуры для ўкладаньняў у прамысловасьць і сельскую гаспадарку, 4) пазыка на 20 гадоў пад 1% гадавых на будаўніцтва і набыцьцё жытла. 28 траўня 2020 году А. Лукашэнка зацьвердзіў Указ № 177 «Аб захадах па разьвіцьці паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласьці», паводле якога працягнуў дзеяньне Ўказу № 235 да 2025 году. Пры гэтым, прадпрыемствам мелі пакрыць да 35% капітальных выдаткаў на ўкладаньні, зацьверджаныя ўрадам на падставе прапановаў Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэту. У грамадзянаў зьявілася магчымасьць атрымаць ва ўласнасьць незапатрабаваныя жылыя памяшканьні і арэнднае жытло[11].

Геаграфічнае становішча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Магілёўская вобласьць разьмешчаная на ўсходзе Беларусі. Максымальная працягласьць тэрыторыі з поўначы на поўдзень — 150 км, а з усходу на захад — больш за 300 км. Тэрыторыя вобласьці займае 29 тыс. км².

На поўдні мяжуе з Гомельскай вобласьцю, на захадзе — зь Менскай, на поўначы — зь Віцебскай абласьцямі Беларусі, на ўсходзе — са Смаленскай, на паўднёвым-усходзе — з Бранскай абласьцямі Расеі.

Рэльеф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паверхня вобласьці пераважна раўнінная. Усходнюю частку займае Аршанска-Магілёўская раўніна, заходнюю — Цэнтральнабярэзінская раўніна. На паўночным захадзе разьмешчаная частка Аршанскага ўзвышша, на паўночным усходзе знаходзяцца Горацка-Амсьціслаўская раўніна і частка Смаленскага ўзвышша, дзе разьмешчаны найвышэйшы пункт вобласьці — 239 м над узроўнем мора. Пераважаюць вышыні 150—200 мэтраў, найніжэйшая адзнака Магілёўскай вобласьці — 126 мэтраў (абалона ракі Сож, ніжэй за вёску Гайшын Прапойскага раёну). Перапад вышыняў паміж найвышэйшым і найніжэйшым пунктамі вобласьці складае ўсяго 113 мэтраў.

Карысныя выкапні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На тэрыторыі рэгіёну знаходзяцца радовішчы разнастайных карысных выкапняў, у тым ліку ўнікальных для Беларусі — фасфарытаў. У вобласьці сканцэнтраваныя найбуйнейшыя ў краіне запасы цэмэнтавай сыравіны (крэйда, мэргель, гліны і суглінкі цэмэнтавыя), буйныя запасы будаўнічых і сылікатных пяскоў, пяскова-жвіровых сумесяў, торфу, бузаў, мінэральных водаў. Ва ўсходняй частцы вобласьці (на тэрыторыі Хоцімскага раёну) знаходзяцца вялізныя запасы мінэральнай сыравіны — трэпэла, які характарызуецца высокімі тэхналягічнымі ўласьцівасьцямі.

Клімат і расьліннасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Клімат умерана-кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня ад −8,2 °C на паўночным усходзе да −6, °С на паўднёвым захадзе, у ліпені ад +17,8 °C на паўночным усходзе да +18,7 °C на паўднёвым захадзе. Вэгетацыйны пэрыяд працягваецца 180—190 дзён. За год выпадае 575—675 мм ападкаў, 70% зь іх прыпадае на красавік-кастрычнік.

Лес займае 37%[12] тэрыторыі вобласьці, у асноўным гэта іглічныя пароды (54,9%), ёсьць таксама яловыя і бярозавыя па 15,1%, алешнікавыя 5,6%, дубовыя 5,4%. Плошча дзяржаўнага ляснога фонду складае больш за 1 млн га. Захаваліся ўнікальныя абалонавыя дубровы ў далінах Бярэзіны і Дняпра.

На 2021 год у вобласьці разьмяшчалася 66 мясцовых заказьнікаў і 5 рэспубліканскіх — Астравы Дулебы, Заазер’е, Прапойскі, Старыца і Сьвіслацка-Бярэзінскі. Сярод іх, Астравы Дулебы, Заазер’е і Сьвіслацка-Бярэзінскі заказьнік уваходзілі ў Сусьветны сьпіс водна-балотных угодзьдзяў. Аддаленасьць заказьнікаў ад местаў павялічвае іх рэкрэацыйную каштоўнасьць. Унікальныя азёры ў гэтых заказьніках маюць ледавіковае паходжаньне.

Гідраграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрыторыя Магілёўшчыны належыць басэйну Дняпра, які перасякае вобласьць з поўначы на поўдзень. Яго найбуйнейшыя прытокі Лахва, Друць, Бярэзіна (праваруч), Сож (леваруч). Найбуйнейшыя прытокі Бярэзіны — Сьвіслач, Ольса, Ала; Друці — Асьлік, Вабіч, Грэза; Сажа — Лабжанка, Волчас, Проня з Басяй і Растай, Беседзь з Суравам і Жадунькай; на паўднёвым захадзе цячэ рака Пціч (прыток Прыпяці).

Найбуйнейшыя вадасховішчы — Чыгірынскае (на рацэ Друць) і Асіпавіцкае (на рацэ Сьвіслач).

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрыторыю вобласьці перасякаюць чыгункі Віцебск — Ворша — Магілёў — Жлобін, Жлобін — Бабруйск — Менск, Ворша — Крычаў — Унеча, Крычаў — Магілёў — Асіпавічы. Іх працягласьць звыш 800 км. Найбольш важныя транспартныя вузлы Магілёў, Бабруйск, Асіпавічы, Крычаў.

Асноўныя аўтамагістралі: Санкт-Пецярбург — Кіеў (E95), Рослаў (Расея) — Бабруйск — Берасьце (Р43), Магілёў — Менск (М4), Магілёў — Бабруйск (Р93). Дарогі зь цьвёрдым пакрыцьцём складаюць 8 тыс. км. Даўжыня эксплюатуемых водных шляхоў (Дняпро, Бярэзіна, Сож) больш за 400 км.

Прамысловасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Магілёўшчына мае вялікі прамысловы патэнцыял. Тут выпускаецца 100% шынаў для аўтамабіляў і сельгасмашынаў, ліфтаў, цюлю-гардынных вырабаў, магнітафонаў, 76% хімічных валокнаў і нітак, 67% гумовага абутку, 52% электрарухавікоў. Асноўныя прамысловыя прадпрыемствы сканцэнтраваныя ў Магілёве і Бабруйску. Гэтыя месты зьяўляюцца шматгаліновымі цэнтрамі. У вобласьці функцыянуе вольная эканамічная зона «Магілёў». На 2023 год дзейнічала 1600 прамысловых прадпрыемстваў. Сярод іх найбольшымі былі «Белшына» ў Бабруйску, «Магілёўліфтмаш», «Бабуліна крынка», «Магілёўхімвалакно» і «Магатэкс» у Магілёве, а таксама Беларускі цэмэнтны завод у Касьцюковічах[13].

Сельская гаспадарка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агульная плошча сельскагаспадарчых земляў складае 50,3% тэрыторыі вобласьці. За 1986—1991 гады зь сельгаззвароту выведзеныя 47 тыс. га забруджаных радыёнуклідамі земляў. Глебы ў асноўным дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, суглінкавыя, супясковыяыя, пясковыя. 18% пад лугамі, у большасьці сваёй — нізіннымі. Вядучую ролю ў аграпрамысловым комплексе грае расьлінаводзтва. Жывёлагадоўля мае малочна-мясны кірунак. У шэрагу раёнаў спэцыялізаваныя гаспадаркі займаюцца футравым зьвераводзтвам, разьвядзеньнем рыбы. Ёсьць птушкафабрыкі. У цяперашні час праводзіцца рэфармаваньне сельскагаспадарчага комплексу. Ствараюцца вытворчыя каапэратывы, АТ, працуюць калгасы, саўгасы, фэрмэрскія й дапаможныя гаспадаркі. На 2023 год працавала 198 земляробчых прадпрыемстваў[13].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 2018 год — 1 058 746 чал.[14]
  • 2017 год — 1 064 409 чал.[15]
  • 2016 год — 1 067 645 чал.[16]
  • 2014 год — 1 072 500 чал.[17]

Колькасьць насельніцтва Магілёўскай вобласьці складае 1137,5 тысячаў чалавек. У тым ліку ў сельскай мясцовасьці пражывае 290,5 тысячаў чалавек, у местах — 847 тысячаў. У Магілёўскай вобласьці 602,9 тысячы жанчын і 534,6 тысячы мужчын. Колькасьць дзяцей ва ўзросьце да 18 гадоў складае 288,1 тысячаў, людзей старэй за працаздольны ўзрост — 267,3 тысячаў.

Сярэдняя колькасьць працаўнікоў народнай гаспадаркі Магілёўскай вобласьці 385 тысячаў чалавек. У тым ліку на прадпрыемствах і ў арганізацыях сельскай гаспадаркі працуюць 49,2 тысячаў чалавек, у прамысловасьці — 115 тысячаў, у адукацыі — 54 тысячы, у ахове здароўя — 29,8 тысячаў, у сфэры сацыяльнага забесьпячэньня — 2,7 тысячы.

Нацыянальны склад насельніцтва (перапіс 2009 году): беларусы — 88,7%, расейцы — 7,8%, украінцы — 1,2%, іншыя — 2,3%[4].

На тэрыторыі Магілёўскай вобласьці дзейнічае 157 рэлігійных суполак, 16 канфэсіяў і веравызнаньняў, праваслаўнае эпархіяльнае ўпраўленьне, праваслаўны жаночы манастыр.

Сярод іх 69 суполак Беларускай праваслаўнай царквы, 17 — Рымска-каталіцкага касьцёлу, 6 — Стараверскай царквы, 1 — Грэка-каталіцкай царквы, 29 — Эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў, 4 — Рады цэркваў ЭХБ, 31 — Хрысьціянаў веры Эвангельскай, 3 — Адвэнтыстаў 7-га Дня, 2 — Наваапостальской царквы, 1 — Хрысьціянаў Поўнага Эвангельля, 1 — Царквы Хрыстовай, 1 Сьведак Еговы, 3 — Юдайскай рэлігіі, 2 — Прагрэсіўнага юдаізму, 1 — Мусульманскай рэлігіі, 2 — Крышнаітаў.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вобласьць налічвае 21 раён, 17 местаў, 4 мястэчкі, 3120 вёсак.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Выканаўчая ўладаМагілёўскі абласны выканаўчы камітэт.
  2. ^ Новые председатель ЦИК и два губернатора. Подробности громких кадровых решений ЛукашенкоБеларускае тэлеграфнае агенцтва, 2021.
  3. ^ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 2024.
  4. ^ а б Перепись населения — 2009. Могилёвская область. Национальный состав населения (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  5. ^ GeoNames (анг.) — 2005.
  6. ^ Міхась Біч. Паўстанне 1863—1864 гг. Кастусь Каліноўскі // Гістарычны Альманах. Том 6, 2002
  7. ^ У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  8. ^ Поиск по АТЕ и ТЕ (рас.) Праверана 19 ліпеня 2023 г.
  9. ^ Нэлі Зігуля. Новыя межы // Мясцовае самакіраваньне. — 4 сьнежня 2013. — № 21 (319). — С. 1.
  10. ^ Нэлі Зігуля. Сельская ўлада мяняе «прапіску» // Мясцовае самакіраваньне. — 5 лютага 2014. — № 2 (322). — С. 1, 2.
  11. ^ Паўднёва-ўсходні рэгіён Магілёўскай вобласьці // Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, 2022 г. Праверана 31 кастрычніка 2022 г.
  12. ^ Канстанцін Карнялюк (9 лютага 2011) Мы тут душой чысьцеем. Газэта «Зямля і людзі». Праверана 25 студзеня 2013 г.
  13. ^ а б Даты гісторыі: 85 гадоў Віцебскай, Гомельскай, Менскай і Магілёўскай абласьцям // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 12 студзеня 2023 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  14. ^ Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  15. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  16. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  17. ^ Demographic situation in January-December 2013 (анг.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі БеларусьПраверана 9 лютага 2014 г. Архіўная копія ад 14 лютага 2014 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Могилевская область // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]