Лістападаўская рэвалюцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Баі на барыкадах у Бэрліне ў студзені 1919 году падчас паўстаньня спартакістаў.

Лістападаўская рэвалюцыя (па-нямецку: Novemberrevolution) — грамадзянскі канфлікт, які пачаўся ў Нямецкай імпэрыі ў канцы Першай сусьветнай вайны і прывёў да зьмены імпэрскага ўраду на рэспубліку. Рэвалюцыйны пэрыяд працягваўся зь лістападу 1918 году да ўсталяваньня ў жніўні 1919 году рэспублікі, якая пазьней стала вядомай як Ваймарская рэспубліка.

Карані рэвалюцыі ляжаць у паразе Нямеччыны ў Першай сусьветнай вайне і сацыяльнай напружанасьці, якая зьявілася неўзабаве пасьля гэтага. Першыя акты рэвалюцыі былі выкліканыя палітыкай вярхоўнага камандаваньня нямецкімі ўзброенымі сіламі і адсутнасьцю яго каардынацыі з ваенна-марскім камандаваньнем. Ва ўмовах паразы, ваенна-марское камандаваньне настойвала на спробе паскорыць пераломную бітву супраць [Брытанскага каралеўскага флёту і пачаць яе 24 кастрычніка 1918 году, але бітва наогул не адбылася. Замест таго, каб падпарадкоўвацца загадам і пачаць падрыхтоўку для барацьбы з брытанцамі, нямецкія матросы ўзначалілі паўстаньні ў марскіх партах Вільгельмсхафена 29 кастрычніка і Кіля ў пачатку лістапада. Гэтыя выступы распаўсюдзілі дух грамадзянскіх беспарадкаў у Нямеччыне, што ў канчатковым выніку прывяло да абвяшчэньня рэспублікі 9 лістапада. Неўзабаве пасьля гэтага імпэратар Вільгельм II адрокся ад стальцу і пакінуў краіну.

Рэвалюцыянэрам, натхнёным ідэямі сацыялізму, не ўдалося перадаць уладу «саветам», як гэта зрабілі бальшавікі ў Расеі, бо кіраўніцтва Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (СДПН) было супраць іх стварэньня. Замест гэтага, СДПН стварылі нацыянальны сход, які павінен быў стаць асновай парлямэнцкай сыстэмы кіраваньня. Баючыся пачатку татальнай грамадзянскай вайны ў Нямеччыне паміж рабочымі і рэакцыйнымі кансэрватарамі, СДПН не плянавала цалкам пазбавіць былыя вышэйшыя клясы Нямеччыны ўлады і прывілеяў. Замест гэтага, яна імкнулася інтэграваць іх у новую сацыяльна-дэмакратычную сыстэму. У гэтым пачынаньні СДПН шукалі саюзу зь Вярхоўным камандаваньнем узброенымі сіламі. Гэта дазволіла арміі і фрайкарам (нацыялістычным апалчэнцам) сілай задушыць паўстаньн] крайне левых спартакістаў 4–15 студзеня 1919 году. Таксама саюз палітычных сілаў пасьпяхова задушыў паўстаньні крайне левых у іншых частках Нямеччыны, у выніку чаго сытуацыя ў краіне была цалкам улагоджана пазьней у 1919 годзе.

Выбары ў новы Ваймарскі Нацыянальны сход былі праведзеныя 19 студзеня 1919 году. Рэвалюцыя скончылася 11 жніўня 1919 году, калі была прынятая Ваймарская канстытуцыя.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачалася рэвалюцыя з матроскага паўстаньня ў Вільгельмсхафене і Кілі, і празь некалькі дзён ахапіла ўсю Нямеччыну. 9 лістапада 1918 году кайзер Вільгельм II пад ціскам начальніка генштабу Вільгельма Гронэра, які лічыў працяг ваенных дзеяньняў бессэнсоўным, быў вымушаны прыняць рашэньне бегчы з краіны (афіцыйна ён адрокся ад стальцу 28 лістапада ў Нідэрляндах). Апоўдні 9 лістапада 1918 году Нямеччына была абвешчаная рэспублікай. Да ўлады прыйшлі прадстаўнікі сацыял-дэмакратычнай партыі (СДПН).

Камуністы пад кіраўніцтвам Карла Лібкнэхта і Розы Люксэмбург, якія патрабавалі далейшага разгортваньня рэвалюцыі і абвяшчэньня ў Нямеччыне савецкай улады, паднялі мяцеж у студзені 1919 году супраць сацыял-дэмакратаў. Узьнікла рэальная небясьпека грамадзянскай вайны. Мяцеж здушылі атрады фрайкора пад кіраўніцтвам Густава Носкэ, Лібкнэхт і Люксэмбург былі забіты без суда.

У Баварыі рэвалюцыя прывяла да ўзьнікненьня незалежнай Баварскай (глава Курт Эйснэр), а затым Баварскай Савецкай рэспублікі (глава Эрнст Толер), якая таксама была разгромлена арміяй і атрадамі фрайкора.

Фармальна рэвалюцыя завяршылася 11 жніўня 1919 году, калі прэзыдэнт рэспублікі Фрыдрых Эбэрт падпісаў Ваймарскую канстытуцыю.