Ледавік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ледавік «Пэрыта Марэна» ў нацыянальным парку «Ледавікі» ў Аргентынскай Патагоніі

Ледаві́к — натуральная маса крышталічнага лёду (фірна), што рухаецца. Утвараецца на паверхні Зямлі ў выніку назапашваньня й наступнага ператварэньня цьвёрдых атмасфэрных ападкаў (сьнегу).

Неабходнай умовай утварэньня ледавікоў зьяўляецца спалучэньне нізкіх тэмпэратур паветра зь вялікай колькасьцю цьвёрдых атмасфэрных ападкаў, што мае месца ў халодных краінах высокіх шыротаў і на вяршынях гор. Пры ператварэньні сьнегу ў фірн, а затым у лёд, вялікае значэньне маюць ціск і сублімацыя, пад якой разумеецца выпарэньне лёду й новая крышталізацыя вадзянога пару. Пры сублімацыі вызваляецца цеплыня, якая спрыяе сплаўленьню асобных крышталяў. З ходам часу фірн паступова ператвараецца ў ледавіковы лёд.

Зараджаюцца ледавікі вышэй сьнегавай мяжы, дзе разьмяшчаюцца іх вобласьці сілкаваньня (вобласьці акумуляцыі). Але пры руху ледавікі выходзяць ніжэй сьнегавай мяжы ў вобласьць абляцыі (ла. ablatio — адыманьне, знос), дзе адбываецца паступовае памяншэньне масы ледавіка шляхам раставаньня, выпарэньня й мэханічнага разбурэньня. Гэтую зону часам называюць вобласьцю сьцёку або вобласьцю разгрузкі. У залежнасьці ад зьменлівых у часе суадносінаў акумуляцыі і абляцыі адбываецца асцыляцыя (лац. oscillatio — ваганьне) краю ледавіка. У выпадку істотнага ўзмацненьня сілкаваньня й перавышэньня яго над раставаньнем, край ледавіка прасоўваецца наперад — ледавік наступае, пры зваротных суадносінах ледавік адыходзіць. Часам працэс пасоўваньня ледавіка адбываецца вельмі хутка, ледавік пульсуе. Пры сталых суадносінах сілкаваньня й абляцыі край ледавіка займае стацыянарнае становішча. Сучасныя ледавікі пакрываюць плошчу звыш 16 млн км², або каля 11% сушы.

Ледавік