Левантэ Валенсія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Левантэ
Поўная назва Levante Unión Deportiva, S.A.D.
Заснаваны 1909 (як Levante Futbol Club)
1939 (як Levante Union Deportiva)
Горад Валенсія, Гішпанія
Стадыён Сьюдад дэ Валенсія
Умяшчальнасьць: 25 534
Прэзыдэнт Франсіска Хавіер Каталян Вэна[d]
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Сэгунда
 · 2022—2023 3 месца
Хатнія колеры
Выязныя колеры
Трэція колеры
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
levanteud.com (гішп.)​ (анг.)

«Левантэ» (па-гішпанску: Levante Unión Deportiva, S.A.D.) — гішпанскі футбольны клюб з гораду Валенсія. Клюб быў заснаваны ў 1909 годзе пад назвай Levante FC. Назоў быў абраны з-за аднаго пляжу ля Валенсіі. Пазьней назоў быў зьменены на Levante UD, пасьля аб’яднаньня з клюбам «Хімнастыка» (Gimnastico FC) у 1939 годзе. Зьяўляецца галоўным праціўнікам клюбу «Валенсіі». На пачатку 1980-х гадоў некаторы час колеры клюбу абараняў Ёган Кройф.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Матч «Левантэ» й «Валенсіі» ў 1932 годзе.

Клюб «Левантэ» быў заснавана 9 верасьня 1909 году як Levante FC[1], узяўшы назоў аднаго з пляжаў у Ля-Мальваросы, і быў адным зь першых футбольных клюбаў у Валенсіі. Мясцовыя канкурэнты футбольны клюб «Валенсія» ня быў яшчэ ўтвораны да 1919 году[2][3][4]. Аднак іншы клюб, «Кабаньяль», гуляў у горадзе з 1903 году.

Раньнія гульні каманда праводзіла ў Ля-Плятыёта, недалёка ад докаў на вучастку зямлі, які належаў прадпрымальніку, што займаўся парфумам. Наступны клюбны стадыён таксама месьціўся паблізу партовае зоны, і клюб пачаў паступова асацыявацца з працоўнай клясай. У 1919 годзе «Левантэ» ўпершыню згуляў з сваімі будучымі супернікамі камандай «Валенсіі» й атрымаў паразу зь лікам 0:1. Гульня адзначыла адкрыцьцё нядаўна збудаванага стадыёну ў Альгірасе. У 1928 годзе «Левантэ» выйграў свой ​​першы трафэй — Валенсійскі чэмпіянат.

У 1909 годзе таксама стаў годам стварэньня клюбу «Хімнастыка», які першапачаткова праводзіў хатнія матчы на стадыёне «Патраната Хувэнтуд Абрэра», маючы назоў на той час «Унівэрсытарыё». Да 1920 году клюб зьмяніў назоў на «Рэал Хімнастыка», пасьля прадастаўленьня каралеўскага патранажу Альфонсам XIII. У 1920 годзе «Хімнастыка» выйшала ў фінал чэмпіянату Валенсіі, але гульню гэтак і не згуляла. У 1930 годзе са зьяўленьнем Другой Гішпанскай рэспублікі ў назьве была скасавана частка «Рэал». У 1934—1935 гадох абодва клюбы «Левантэ» й «Хімнастыка» дэбютавалі ў другім гішпанскім дывізіёне, калі ліга была пашырана зь дзесяці камандаў да дваццаці чатырох.

Вайна й аб’яднаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1935 годзе «Левантэ» атрымаў перамогу ў чэмпіянаце Левантэ-Сур, першынство, у якім прымалі ўдзел клюбы з Валенсіі, Мурсіі й Андалюзіі[5], а затым дасягнуў паўфіналу Кубка Гішпаніі, пасьлядоўна атрымаўшы перамогі над «Валенсіяй» і «Барсэлёнай», перш чым канчаткова атрымаць паразу ад клюбу «Сабадэль».

Падчас грамадзянскай вайны ў Гішпаніі, «Левантэ» й «Хімнастыка» бралі ўдзел у Міжземнаморскай лізе, заняўшы пятае й шостае месцы адпаведна. Акрамя таго «Левантэ» атрымаў перамогу ў кубку вольнае Гішпаніі, турніры які ладкаваўся на тэрыторыі падпарадкаванай рэспубліканцкаму ўраду. Першапачаткова меркавалася, што ў кубка возьмуць удзел першыя чатыры каманды зь Міжземнаморскае лігі, аднак «Барсэлёна» вырашыла зьдзейсніць падарожжа ў Мэксыку й ЗША, таму іхнае месца заняў «Левантэ». Паводле вынікаў міні-турніру ў фінал патрапілі «Левантэ» й «Валенсія». 18 ліпеня 1937 году «Левантэ» атрымаў мінімальную перамогу зь лікам 1:0 над сваім адвечным супернікам на Алімпійскім стадыёне ў Барсэлёне, які тады пасіў назву «Манжуік»[6].

Камбінаваны вымпел «Хімнастыкі» й «Левантэ», двух клюбаў, спадкаемцай якіх зьяўляецца сёньняшні клюб.

За часам грамадзянскае вайны «Левантэ» страціў свой стадыён, які быў зьнішчаны, але склад каманды не зьмяніўся. У «Хімнастыка» сытуацыя была адваротная, клюб захаваў стадыён, аднак большая частка гульцоў загінула падчас канфлікту. У выніку, у 1939 годзе абодва клюбы аб’ядналіся ў адзіную структуру спартовае аб’яднаньне «Левантэ» (гішп. Levante Unión Deportiva)[7]. Такім чынам, «Левантэ» мае паходжаньне ад двух клюбаў, якія ў сваю чаргу былі заснаваныя ў 1909 годзе. Знамянальна, што хатнія сіне-гранатавыя колеры ўзыходзяць да «Хімнастыка», у той час як чорна-белыя колеры, якія каманда выкарыстоўвае ў гасьцявых сустрэчах, зьяўляюцца арыгінальнымі колерамі першапачатковага клюбу «Левантэ». Акрамя таго, «Левантэ» атрымаў у спадчыну ад «Хімнастыкі» яшчэ й мянушку «жабы»[3][8][9].

Заняпад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Левантэ» прыйшлося чакаць да 1960-х гадоў, каб дэбютаваць у Ля Лізе. У 1963 годзе клюб заняў другое месца ў групе II другога дывізіёну, атрымаўшы перамогу над «Дэпартыва» зь лікам 4:2 паводле сумы двух матчаў плэй-оф. На працягу першага сэзону ў найвышэйшым дывізіёне клюб двойчы перамог «Валенсію». А ў настыпным сэзоне, не зважабчы на буйную хатнюю перамогу зь лікам 5:1 над «Барсэлёнай», клюб ня здолеў захаваць месца ў эліце й паводле вынікаў двух пераходных матчаў атрымаў паразу ад «Малягі». У канцы наступнага сэзону «Левантэ» страціў сваіх лепшых гульцоў праз эканамічныя праблемы. У сэзоне 1967—1968 гадоў клюб заняў 14-ы радок у другім дывізіёне, але гэтага было недастаткова, бо гішпанская фэдэрацыя вырашыла скараціць другі дывізіён на адну групу, і «Лэвантэ» быў вымушаны спусьціцца ў трэці дывізіён. Каб скараціць запазычанасьць рада дырэктароў валенсійцаў прыняла рашэньне аб продажы старажытнага стадыёну «Вальеха» й куплі вучастка зямлі ў раёне Арыёльс, дзе быў пабудаваны новы стадыён. На сёньня ён месьціцца ў межах гораду Валенсія. Новая пляцоўка была пабудаваная ў 1969 годзе, падчас будаўніцтва свае хатнія матчы «Левантэ» праводзіў на «Мэстальлі», хатнем стадыёне «Валенсіі».

У сэзоне 1972—1973 гадоў «Левантэ» здолеў перамагчы ў розыгрышу трэцяга дывізіёна й узьнёсься ў другі дывізіён. Тым ня менш, у наступным годзе захаваць месца клюбу не ўдалося, не зважаючы на падпісаньне гульца нацыянальнае зборнае Чылі Карляса Касэлі. Зноўку ў трэцім дывізіёне «Левантэ» правёў выдатны сэзон, але прапусьціў наперад «Алявэс», які ў выніку атрымаў перамогу ў розыгрышы й атрымаў правы на падвышэньне. Касэлі быў прыкмечаны «Эспанёлам» і пакінуў каманду. У наступныя сэзоны клюб зноўку вярнуўся ў другі дывізіён, але адразу апусьціўся назад. Фінансавыя паказчыкі клюбу тым часам значна пагоршыліся ў каторы раз. Напачатку 1980-х гадох за клюб палову сэзону правёў нідэрляндзкая супэрзорка Ёган Кройф, якія скончыў кар’еру праз тры гады пасьля гэтага. Прыбыцьцё Кройфа мела супрацьлеглы эфэкт, і каманда паказвала даволі нездавальняючыя вынікі, скончыўшы сэзон на 9-м радку. У сэзоне 1981—1982 гадоў эканамічная сытуацыя пагоршылася настолькі, што немагчымым сталася сабраць гульцоў, які замкнуліся ў распранальні й вымусілі прэзыдэнта клюбу сысьці ў адстаўку. У тым жа сэзоне клуб апусьціўся на трэці дывізіён, Сэгунду Б. Аднак, праз вялікую запазычанасьць «Левантэ» быў адпраўлены ў чацьвёрты дывізіён, Тэрсэру. На наступны сэзон клюб быў вельмі блізкі да таго як прасунуцца вышэй, аднак толькі праз год валенсійцы здолелі падняцца ў трэці дывізіён. У сэзоне 1986—1987 гадоў прызэдэнтам клюба стаў Рамон Вікторыя, які спрабаваў значна зьмякчыць эканамічную катастрофу, якая налучыла клюб. «Левантэ» атрымаў рэпутацыю «каманды-ліфту» праз сталыя падвышэньні й паніжэньні ў лігах. У сэзоне 1988—1989 гадоў клюб здолеў нават падняцца да другога дывізіёну, дзе нават затрымаўся на некаторы час, аднак брак фінансавых сродкаў не дазволіў клюбу якасна сфармаваць склад і клюб зноўку вярнуўся ў трэці дывізіён.

Клюб выдатна правёў сэзон 1995—1996 гадоў і дамогся падвыгэньня да другога дывізіёну. На наступны сэзон каманда, ачоленая Хасэ Мануэлем Эсналем, нават скончыла сэзон у першай чвэрці табліцы. Не зважаючы на тое, што прэзыдэнт клюбу Пэдра Вільяроэль дэкляраваў галоўнай мэтай выхад да эліты, «Левантэ» па выніках наступнага сэзону вярнуўся ў трэці дывізіён, пад кіраўніцтвам трэнэра Пэпа Балягера. 90-гадовы юбілей клюб адзначыў рознымі сацыяльнымі падзеямі, у тым ліку рэдызайнам клюбага талісману. У сэзоне 2001—2002 гадоў «Левантэ» амаль ня вылецеў з Сэгунды, аднак праз той факт, што «Бургас» ня здолеў прайсьці ліцэнзаваньне «Левантэ» застаўся ў дргім дывізіёне. На наступны сэзон да клюбу далучыўся зорны гулец Прэдраг Міятавіч. Тым ня менш, унёсак футбаліста быў падобны на зьяўленьне ў свой час Кройфа, і клюб ня здолеў прасунуцца да эліты.

Сучаснасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Склад «Левантэ» перад матчам сэзону 2007—2008 гадоў.

Пасьля перамогі ў розыгрышу Сэгунды сэзону 2003—2004 гадоў «Левантэ» вярнуўся ў Ля Лігу, але ня здолеў за яе зачапіцца, зноўку вярнуўшыся ў другі дывізіён. Заняўшы трэці радок у выніковай табліцы Сэгунды ў сэзоне 2005—2006 гадоў клюб вярнуўся ў элітны дывізіён, дзе правёў наступныя два сэзоны. Самым выбітным матчам за гэты пэрыяд сталася хатная перамога над «Валенсіяй» зь лікам 4:2 у сэзоне 2006—2007 гадоў. Выніковымі стрэламі адзначыліся Мустафа Рыга (двойчы), Сальва Бальеста й Ляран Куртуа. У наступным фінансавае становішча «Левантэ» пагоршылася. Акрамя таго, зьявіліся паведамленьні аб тым, што гульцы атрымалі толькі прыблізна пятую частку выплатаў паводле сваіх кантрактаў. Згодна з навінамі стала вядома, што клюб меў запазычанасьць у памеры 18 млн эўра па выплатах сваім гульцам. Вынікі каманды на гэтым тле значна пагоршыліся. Гульцы стаміліся ад клюбных справаў і адмовіліся выходзіць на матчы супраць «Рэкрэатыва» й «Эспанёлу», аднак 26 красавіка 2008 году стала вядома, што гульцы й клюб дамовіліся аб частковай сплаты запазычанасьці ў памеры 10 млн эўра. Напачатку траўня гульцы правялі страйк у матчы супраць «Дэпартыва», адмаўляючыся рухацца на працягу некалькіх сэкундаў пасьля стартавага сьвістку, а затым абвесьцілі, што яны ня выйдуць на пляцоўку ў заключнай гульні супраць мадрыдзкага «Рэалу». Тым ня менш, сытуацыя была вырашаная й апошні матч клюбу ў сэзоне ўсё ж такі меў месца.

13 чэрвеня 2010 году «Левантэ» вярнуўся у найвышэйшую лігу пасьля хатняй перамогі зь лікам 3:1 над «Кастэльёнам», які на той момант разьвітаўся з шанцамі на захаваньне прапiсцы. Цікава, што адразу тры калектывы набралі аднолькавую колькасьць пунктаў, 71, і толькі паводле вынікаў гульняў паміж сабой у эліту выйшлі «Эркулес» і «Левантэ», пакінуўшы за сьпінамі футбалістаў «Бэтысу»[10]. Пад кіраўніцтвам галоўнага трэнэра Люіса Гарсіі Пляса клюб, нарэшце, захаваў месца ў Ля Лізе ў сэзоне 2010—2011 гадоў.

26 кастрычніка 2011 году пасьля дзявятага тура «Левантэ» атрымаў перамогу над клюбам «Рэал Сасьедад» зь лікам 3:2 і ачоліў табліцу з 23 пунктамі[11]. Гэта быў першы раз у гісторыі клюбу, калі ён дасягнуў хоць і на некаторы час першага месца ў найвышэйшым дывізіёне. Клюб у той сэзон атрымаў 7 перамог запар, пасьля двух нічыіх у першых двух матчах[12]. У выніку «Левантэ» заняў шостае месца пасьля перамогі над «Атлетыкам» у хатняй сустрэчы зь лікам 3:0 і, такім чынам, упершыню ў гісторыі атрымаў правы на ўдзел у эўрапейскім міжнарожнам турніры, Лізе Эўропы[13]. У сэзоне 2015—2016 гадоў «Левантэ» быў паніжаны ў клясе пасьля паразы ў апошнім туры ад «Малягі», заняўшы апошняе месца. Аднак, на наступны сэзон клюб атрымаў перамогу ў Сэгундзе й вярнуўся ў эліту.

Дасягненьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]