Кібэрнэтыка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Кібэрнэтыка (грэц. κυβερνητική — майстэрства кіраваньня) — навука пра агульныя заканамернасьці кіраваньня ў складаных рухомых сыстэмых, спосабы атрыманьня, захоўваньня, перадачы і перапрацоўкі інфармацыі.

Асноўныя прадметы дасьледаваньня — кібэрнэтычныя сыстэмы (аўтаматычныя рэгулятары ў тэхніцы, кампутары, мозаг чалавека і біялягічныя папуляцыі), якія разглядаюцца адцягнута (незалежна ад іх прыроды). Асноўная задача — стварэньне адзінага вучэньня і выніковых спосабаў кіраваньня. Як самастойная навука ўзьнікла на аснове працаў Норбэрта Вінэра, які тэрмінам кібэрнэтыка абазначыў навуку пра кіраваньне і сувязі ў машынах і жывых арганізмах. Зьвязаная са стварэньнем кампутараў, здольных запамінаць і апрацоўваць інфармацыю ў адпаведнасьці з зададзенай праграмай. Далейшае разьвіцьцё атрымала ў працах савецкіх навукоўцаў Акселя Бэрга, Віктара Глушкова і Аляксея Ляпунова, амэрыканскага навукоўца Клода Шэнана. Віды: біялягічная, матэматычная, мэдычная, тэхнічная і эканамічная. Грунтуецца на тэорыі імавернасьцяў, матэматычнай лёгіцы, тэорыі сыстэмаў аўтаматычнага кіраваньня і тэорыі графаў, а таксама на тэорыі аўтаматаў, самаарганізавальных сыстэмаў і распазнаваньня вобразаў. Машыннае мадэляваньне і ўвядзеньне ў дасьледаваньне кампутара дазваляюць вывучаць складаныя сыстэмы без пабудовы іх рэчаісных фізычных узораў. У Беларусі дасьледаваньні ў галіне кібэрнэтыкі праводзілі Інстытут матэматыкі і Інстытут тэхнічнай кібэрнэтыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі і НДІ ЭВМ[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Вячаслаў Танаеў. Кібэрнэтыка // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 8. — С. 245. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кібэрнэтыкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў