Крэўскі замак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік абарончай архітэктуры
Крэўскі замак
Крэўскі замак
Крэўскі замак
Краіна Беларусь
Вёска Крэва
Каардынаты 54°18′34″ пн. ш. 26°16′56.7″ у. д. / 54.30944° пн. ш. 26.282417° у. д. / 54.30944; 26.282417Каардынаты: 54°18′34″ пн. ш. 26°16′56.7″ у. д. / 54.30944° пн. ш. 26.282417° у. д. / 54.30944; 26.282417
Заснавальнік Гедымін
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Крэўскі замак на мапе Беларусі
Крэўскі замак
Крэўскі замак
Крэўскі замак
Крэўскі замак на Вікісховішчы

Крэўскі замак — помнік архітэктуры XIV стагодзьдзя ў Крэве, рэзыдэнцыя гаспадароў Вялікага Княства Літоўскага. Уваходзіў у лінію фартыфікацыяў Ліда — Наваградак — Меднікі — Трокі. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, на беразе ракі Краўлянкі пры ўтоку ручая Шляхцянкі. Твор гатычнай архітэктуры ВКЛ. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян замка, XIX ст.
Плян замка, 1827 г.

Мураваны замак у Крэве збудавалі па 1338 годзе на загад вялікага князя Альгерда на месцы старога драўлянага замка. Новы замак стаў адным зь першых кастэляў у Вялікім Княстве Літоўскім. У 1345 годзе тут склалі пагадненьне паміж Альгердам і пасламі вялікага князя Кейстута пра падзел улады ў гаспадарстве[1].

У Крэве знаходзіўся ў выгнаньні Ягайла (лістапад 1381 году), пазбаўлены стальцу праз свайго дзядзьку Кейстута. 12 чэрвеня 1382 году прыхільнікі Ягайлы зладзілі пераварот у Вільні, занялі Трокі. Кейстут з сынам Вітаўтам і войскам прыехаў пад замак на перамовы, дзе іх захапілі ў палон. 15 жніўня 1382 году ў падзямельлі Княскай вежы на загад Ягайлы задушылі Кейстута. Вітаўта Ягайла пратрымаў пэўны час у замкавай вязьніцы.

14 жніўня 1385 году ў замку выпрацоўваліся ўмовы Крэўскай уніі, якая злучыла на больш за чатыры стагодзьдзі Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае. У 1433 годзе замак заняў князь Сьвідрыгайла, які ваяваў за сталец з князем Жыгімонтам Кейстутавічам.

У 1503—1506 гадох замак неаднаразова атакавалі крымскія татары, якія часткова пашкодзілі яго. У 1518 вядомы дыплямат Жыгімонт Гербэрштайн адзначаў, што Крэва — места «з пакінутым замкам». У 1519 годзе замак захапілі і зьнішчылі маскоўскія войскі.

У 1564 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст падараваў замак князю Андрэю Курбскаму, які ўцёк з Маскоўскай дзяржавы. Археалягічныя зьвесткі адзначаюць разбурэньні за часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў.

У замку знаходзілася рэзыдэнцыя крэўскага старосты, таксама тут збудавалі драўляную ратушу. На мяжы XVII і XVIII ст. замкавая размалёўкі часткова перапісалі ў тэхніцы тэмпэрнага малярства[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замак да (1916 г.) і па (1917 г.) руйнаваньні расейскай артылерыяй

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Крэва апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, пачаўся заняпад замка. У канцы XVIII і XIX стагодзьдзях яго часткова разабралі.

За часамі Першай сусьветнай вайны замак знаходзіўся на лініі фронту паміж войскамі Нямецкай і Расейскай імпэрыяў. 21 ліпеня 1917 году ў ходзе артылерыйскай атакі на нямецкія пазыцыі расейскія войскі ўшчэнт разбурылі муры замка[3].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1929 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі правялі кансэрвацыю руінаў замка, тады ж паўночную сьцяну ўмацавалі контрфорсам.

У 1970 годзе замак дасьледавала экспэдыцыя пад кіраўніцтвам Міхася Ткачова, у 1985 годзе — Алега Трусава і Міхася Ткачова, у 1988 годзе — Міхася Чарняўскага. Археалягічныя раскопы, сярод іншага, выявілі рэшткі кафлі і нэрвюрнай цэглы XIV ст.

У 2004 годзе студэнты-валянтэры закансэрвавалі ўваход у Княскую вежу. У 2005 годзе ўтварыўся Мясцовы дабрачынны фонд «Крэўскі замак», які ставіць за мэту спрыяньне захаваньню замка. Фонд штогод ладзіць летнікі і культурныя імпрэзы ў Крэве і іншых паселішчах. У 2019—2021 гадох праводзілася кансэрвацыя руінаў Княскай вежы і частковае аднаўленьне прылеглых да яе сьценаў замка[4].

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Займае пясковую дзюну над балоцістым рачным поплавам. З усходу, поўдня, часткова захаду і поўначы бараніўся водам рэк, падпёртых плацінай[5].

У пляне мае форму няправільнай трапэцыі, зьвернутай большай асновай у напольны бок і аточанай абарончымі мурамі. Паўночная сьцяна даўжынёй 85 м, усходняя — 108,5 м, паўднёвая — 71,55 м, заходняя — 97,2 м. Муры мелі таўшчыню каля 2,5 м і вышыню да 12 м. Іх ніжняя частка да вышыні 4 м складаецца з каменю, верхняя — абкладаецца цэглай з вонкавага боку. Ад пачатку пэрымэнтрам сьценаў на вышыні 10 м ішла драўляная галерэя-памост. Абарона замка вялася праз байніцы.

Часткова захаваліся дзьве чатырохкутныя вежы, разьмешчаныя дыяганальлю на кутох замка. Вялікая Княская, або Кейстутава вежа, амаль квадратная ў пляне (18,65 × 17 м) выступае за пэрымэтар абарончых муроў. У вежы было ня менш за 4 паверхі і склеп-вязьніца ў сутарэньнях, пераходы паміж паверхамі існавалі ў тоўшчы сьценаў. Княскія пакоі разьмяшчаліся на другім паверсе, дзе вокны значна большыя і шырэйшыя, чым на астатніх паверхах. Трэці паверх выконваў абарончыя функцыі. Вежа пры таўшчыні сьценаў 3 м мела вышыню большую за 25 м. Вышыня колішніх паверхаў вежы дасягала 4,8—5 м. Жылыя памяшканьні аздабляліся фрэскавай размалёўкай[6].

На стыку ўсходняй і паўднёвай сьценаў, з боку замкавага двара, знаходзіцца Малая вежа (11 × 10,65 м), якая таксама мела чатыры паверхі. Вышыня колішняга першага паверху — 3,5 м, другога — 2,3 м, трэцяга — ня менш за 3 м[7].

Уяздная брама знаходзілася ў паўднёва-ўсходняй сьцяне. У паўднёвай сьцяне існаваў запасны выхад-праём. Заходнюю сьцяну ля самага долу праразае яшчэ адзін праём сьпічастай формы, які мае вышыню каля 2,5 м і шырыню 2,25 м. У ім, з усяго відаць, была запасная брама замка[8].

На замкавым двары разьмяшчалася кузьня, жылыя пабудовы.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 159.
  2. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 160.
  3. ^ Цуба М. Аперацыя пад Крэвам як адна з буйнейшых ваенных бітваў на беларускіх землях падчас Першай сусветнай вайны // Веснік Палескага дзяржаўнага універсітэта. Серыя грамадскіх і гуманітарных навук. №1. 2012. С. 24—31.
  4. ^ Ігар Карней, «Няма ўцямнай канцэпцыі». Па сьлядах чарговага этапу рэстаўрацыі ў Крэве, Радыё Свабода, 16 траўня 2021 г.
  5. ^ Ткачоў М. Замкі Беларусі. — Менск, 1977. С. 33.
  6. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 255.
  7. ^ Ткачоў М. Замкі Беларусі. — Менск, 1977. С. 34.
  8. ^ Ткачоў М. Замкі Беларусі. — Менск, 1977. С. 35.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  412Г000602