Крапавы бэрэт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Крапавы бэрэт (ням. Krapp + лац. biretum — марэна + шапка) — акруглы з бакоў і роўны зьверху, мяккі галаўны ўбор крапавага адценьня чырвонага колеру, які выкарыстоўваецца ў вайсковым форменым адзеньні з 1942 году. На пачатку выкарыстоўваўся 1-й паветрана-дэсантнай дывізіяй Вялікабрытаніі ў ходзе Другой сусьветнай вайны. Пазьней яго ўвялі ў паветрана-дэсантных войсках іншых дзяржаваў Эўропы, затым Амэрыкі і Азіі. З 1978 г. галаўны ўбор сталі насіць вайскоўцы Асобнай мотастралковай дывізіі адмысловага прызначэньня (АМСДАП) Ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных справаў СССР[1]. У 1993 годзе ва ўнутраных войсках некалькіх дзяржаваў-удзельніцаў Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў, у тым ліку ў Беларусі, зацьвердзілі Палажэньні аб кваліфікацыйных выпрабаваньнях вайскоўцаў на права нашэньня крапавага бэрэта. На 2017 год выкарыстоўваўся ў войсках больш як 50 дзяржаваў.

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З траўня 1993 году ва Ўнутраных войсках Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь увялі кваліфікацыйныя выпрабаваньні на права нашэньня крапавага бэрэта. Выпрабаваньні праходзяць штогод увесну і ўвосень на тэрыторыі навучальнага цэнтру «Валоўшчына» (Менскі раён) і ў вайсковай частцы 3214 (Уручча, Менск)[2] ды складаюцца з 4-х ступеняў:

  • 1-я — праверка нарматываў па фізычнай падрыхтоўцы (падцягваньне на перакладзіне, сальта з разьбегу, скок з куляньнем у вакно, бег на 100 і 3000 мэтраў) і навыкаў валоданьня элемэнтамі рукапашнага бою;
  • 2-я — 10-кілямэтровы камбінаваны марш-кідок у поўнай амуніцыі з аўтаматам і супрацьгазам ды пераадольваньне ўскладненай вогненна-штурмавой паласы, што агулам складаюць 12 км[3] (перанос саслужыўца, пераадоленьне балота, калючага дроту, драўляных сьценаў і бэтонных шчытоў, участка з пасткамі і канатнай пераправы);
  • 3-я — стральба з пісталета, аўтамата і кулямёта на выдатна, таксама з гранатамёта і снайпэрскай вінтоўкі, збор і наладка радыёстанцыі;
  • 4-я — 12-хвілінны спарынг у рукапашным баі з 4-ма супернікамі, якія зьмяняюць адзін аднаго праз 3 хвіліны: прэтэндэнт і 3 уладальнікі крапавых бэрэтаў[4].

Уручэньне крапавых бэрэтаў ажыцьцяўляе камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Беларусі. Да красавіка 2015 году выпрабаваньні на права нашэньня крапавага бэрэта ў Беларусі прайшлі звыш 700 вайскоўцаў. У красавіку 2015 г. са 110 удзельнікаў выпрабаваньняў крапавыя бэрэты атрымалі 17 вайскоўцаў[5].

З 1995 г. грамадзкае аб’яднаньне «Белы легіён» пачало штогод праводзіць такія выпрабаваньні сярод цывільных грамадзянаў Беларусі з выкарыстаньнем страйкбольных стрэльбаў і іспытам па гісторыі Беларусі, за пасьпяховае праходжаньне якіх стала выдаваць «сталёвыя» бэрэты шэрага адценьня[6].

Выпрабаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераадоленьне штурмавой паласы ў ходзе выпрабаваньня (Расея, 2013 г.)

Паводле Палажэньня «Аб кваліфікацыйных выпрабаваньнях на права нашэньня крапавага бэрэта і Радзе крапавых бэрэтаў», на 2015 год у Беларусі да выпрабаваньняў дапускаліся «вайскоўцы, якія праслужылі прынамсі 5 месяцаў, маюць цьвёрдыя веды і паказалі высокія навыкі па ўсіх прадметах навучаньня з агульнай адзнакай не ніжэй за „добра“, якія добра характарызуюцца па службе зь ліку:

Пагатоў «перад выпрабаваньнямі з кандыдатамі праводзіцца навучальна-трэніровачны збор працягласьцю да 3-х тыдняў». Паводле Палажэньня, «Выпрабаваньні праводзяцца цягам 2-х содняў у 4 этапы. Другі і наступныя этапы праводзяцца на наступны дзень пасьля сканчэньня першага этапу выпрабаваньняў». Першы этап «Праверка агульнафізычнай падрыхтоўкі вайскоўца» ўлучае: «бег на 3000 мэтраў (ня больш за 12 хвілінаў 30 сэкундаў); прыёмы рукапашнага бою; вольны бой (цягам 3-х хвілінаў правяраецца тэхніка вядзеньня рукапашнага бою)». Другі этап называецца «Ажыцьцяўленьне камбінаванага марш-кідка ў раён правядзеньня спэцыяльнай апэрацыі». Пагатоў «Цягам усяго яго маршруту кандыдат падвяргаецца ўзьдзеяньню агню, дыму і імітацыйных сродкаў. Кандыдату, які ўклаўся ў адведзены час, пасьпяхова пераадолеў усе ўчасткі і мае зброю, гатовую да баявога прымяненьня (праверка выконваецца стрэлам з аўтамата — халастым патронам), залічваецца праходжаньне этапу выпрабаваньняў». Трэці этап прадугледжвае «Выкананьне агнявых задачаў па зьнішчэньні праціўніка з разнастайных відаў стралковай зброі». Пагатоў «стральба праводзіцца не пазьней за 30 хвілінаў пасьля праходжаньня кандыдатам другога этапу». Чацьвёрты этап «Навучальныя баі» прадугледжвае «вызначэньне ўзроўню валоданьня прыёмамі рукапашнага бою і ўменьня практычна прымяняць іх у баявых абставінах». Пагатоў «Перапынак між 3-м і 4-м этапамі выпрабаваньняў мае складаць прынамсі 2 гадзіны»[7].

Пасьля гэтага «Вынікі выпрабаваньняў афармляюцца загадам камандуючага ўнутранымі войскамі. Крапавы бэрэт па хадайніцтве Рады (крапавых бэрэтаў) уручае камандуючы ўнутранымі войскамі». Таксама паводле Палажэньня, «У асаблівых выпадках крапавы бэрэт можа ўручацца за асаблівыя заслугі, асабістую мужнасьць і гераізм, праяўленыя пры выкананьні службова-баявых задачаў». «Кандыдат, які атрымаў крапавы бэрэт, … апранае крапавы бэрэт на галаву з заломам на левы бок»[7].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Крапавы бэрэт (рас.) // Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь, 2017 г. Праверана 29 верасьня 2017 г.
  2. ^ Тацяна Зяньковіч. Ва ўнутраных войсках МУС завяршаюцца кваліфікацыйныя выпрабаваньні на права нашэньня крапавага бэрэта // БелаПАН, 22 кастрычніка 2009 г. Праверана 29 верасьня 2017 г.
  3. ^ Марына Бегункова. «Служу Беларусі і спэцпрызну» // Зьвязда : газэта. — 23 траўня 2012. — № 96 (27211). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Ва ўнутраных войсках МУС прайшлі выпрабаваньні на права нашэньня крапавага бэрэта // БелаПАН, 28 траўня 2009 г. Праверана 29 верасьня 2017 г.
  5. ^ Вольга Кляшчук. Сямнаццаць байцоў унутраных войскаў прайшлі выпрабаваньні на права нашэньня крапавага бэрэта // БелаПАН, 8 красавіка 2015 г. Праверана 29 верасьня 2017 г.
  6. ^ Алена Германовіч. Стваральнік «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў: нашай уладзе трэба зьвярнуцца да здаровага патрыятызму // Беларускія навіны, 20 красавіка 2016 г. Праверана 29 верасьня 2017 г.
  7. ^ а б в Крапавыя бэрэты  (рас.) = Краповые береты // Час патрыётаў : газэта. — Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь, Чэрвень 2015. — № 7 (128). — С. 13.