Каціныя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Каціныя
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
КлясаСысуны
ПадклясаЗьвяры
ІнфраклясаПляцэнтарныя
НадатрадЛяўразыятэрыі
АтрадДрапежныя
ПадатрадКоткападобныя
СямействаКаціныя
Падсямейства
Бінамінальная намэнклятура
Felidae
Fischer von Waldheim, 1817
Арэал

Каціныя (па-лацінску: Felidae) — сямейства сысуноў атрада драпежных. Найбольш спэцыялізаваныя з драпежнікаў, прыстасаваныя да здабываньня жывёльнай ежы шляхам падкраданьня, падчэкваньня, радзей перасьледу.

Памеры шырока вагаюцца: ад 34 см і масы 1 кг (плямістай-рудая котка) да 3,8 м і больш за 300 кг (тыгр). Канечнасьці пальцаходзячыя, пярэднія — 5-пальцавыя, заднія — 4-пальцавыя. Ва ўсіх відаў, акрамя гепарда і суматранскай коткі, кіпцюры ўцягвальныя. Зубоў менш, чым у астатніх драпежных (28-30), таму пыса кароткая, а галава выглядае круглявай. Зубная сыстэма рэзка выяўленага драпежнага тыпу. Язык пакрыты дробнымі, завостранымі рагавымі смочкамі, якія дапамагаюць каціным саскабляць мяса з касьцей і чысьціць поўсьць. Хвост у большасьці відаў доўгі. Афарбоўка ад шэрай да рудавата-бурай, як правіла з палосамі, плямамі, плямкамі або разеткамі. Валасяное покрыва нізкае, больш пухнатае ў паўночных і высакагорных відаў. З органаў пачуцьцяў лепш разьвітыя слых і зрок; нюх слабейшы. Коткі здольныя чуць вельмі высокія гукі — частатой да 80 000 Гц (чалавек да 20 000 Гц).

Лад жыцьця пераважна змрочны і начны. Жывуць у адзіночку ці сем’ямі; львы ўтвараюць прайды. Дробныя віды размножваюцца штогод або часьцей (свойскі кот); буйныя — раз у 2-3 гады. Дзіцянятаў у дробных відаў да 5-6, у буйных 2-4. Дзіцяняты нараджаюцца сьляпымі і бездапаможнымі. Выхоўвае дзіцянятаў маці, бацька клапоціцца пра іх толькі ў рэдкіх выпадках. Працягласьць жыцьця да 30 гадоў.

Клясыфікацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сямействе выдзяляюць 14 родаў, размешчаных у 8 эвалюцыйных радаводах.

Род Лацінскі назоў Беларускае слова Радаводы
Leopardus Leopardus colocolo пампасавы кот радавод Leopardus
Leopardus Leopardus geoffroyi дзікі кот Жафруа
Leopardus Leopardus guigna кодкод
Leopardus Leopardus jacobitus андзкая котка
Leopardus Leopardus pardalis ацэлёт
Leopardus Leopardus tigrinus анцыла
Leopardus Leopardus wiedii маргай
Otocolobus Otocolobus manul манул радавод Prionailurus
Prionailurus Prionailurus bengalensis кот бенгальскы
Prionailurus Prionailurus planiceps кот суматранскы
Prionailurus Prionailurus rubiginosus кот пляміста-рыжы
Prionailurus Prionailurus viverrinus кот-рыбак
Puma Puma concolor пума радавод Puma
Herpailurus Herpailurus yagouaroundi ягуарундзі
Гепарды Acinonyx jubatus гепард
Leptailurus Leptailurus serval сэрвал радавод Caracal
Каракалы Caracal caracal каракал
Каракалы Caracal aurata залатая котка
Pardofelis Pardofelis marmorata кот мармуровы радавод Catopuma
Катапумы Catopuma temminckii кот залацісты
Катапумы Catopuma badia кот калімантанскі
Коткі Felis chaus чаротавы кот радавод Felis
Коткі Felis margarita барханны кот
Коткі Felis nigripes кот чорнаногі
Коткі Felis silvestris кот лясны
Рысі Lynx canadensis рысь канадзкая радавод Lynx
Рысі Lynx lynx рысь эўрапейская
Рысі Lynx pardinus гішпанская рысь
Рысі Lynx rufus рудая рысь
Пантэры Panthera leo леў радавод Panthera
Пантэры Panthera onca ягуар
Пантэры Panthera pardus леапард
Пантэры Panthera tigris тыгр
Пантэры Panthera uncia ірбіс
Neofelis Neofelis diardi пантэра барнэйская
Neofelis Neofelis nebulosa пантэра дымчатая

Табліца не ўтрымлівае новых магчымых відаў, такіх як: Felis lybica, Felis bieti, Prionailurus javanensis, Leopardus guttulus

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Большасць дасьледчыкаў прыняла котку пад назвай Pseudaelurus (псеўдэлюр), якая жыла ў Эўропе ад 20 да 8 млн гадоў таму, у якасці апошняга агульнага продка сучасных каціных. Усе сучасныя каціныя паходзяць ад аднаго з некалькіх відаў Pseudaelurus; час падзелу — каля 11 млн гадоў таму. Аднак Pseudaelurus быў не першай коткай. Род Proailurus (проайлюр), які існаваў прыблізна 25 млн гадоў таму, быў продкам і роду Pseudaelurus, і буйнага падсямейства Machairodontinae (шаблязубыя коткі).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • O’Brien, S. J.; Johnson, W. E. The Evolution of Cats  (анг.) // Scientific American. — 2007. — В. 297. — № 1. — С. 68–75.
  • Etnyre, E.; Lande J.; Mckenna A. (2011) Felidae (анг.) (On-line) Animal Diversity Web Праверана 22.10.2020 г.
  • Vaughan, T.; Ryan, J.; Czaplewski, N. Mammalogy. — Jones & Bartlett Learning, 2011. — С. 295. — 750 с. — ISBN 9780763762995

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Назовы жывёл / Смоліч Ар.. — Менск: Інстытут Беларускае Культуры, 1927. — (Беларуская навуковая тэрміналёгія). — ISBN 1392-9682