Карл Лямберт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Карл Лямберт
15 чэрвеня 1773(1773-06-15)30 траўня 1843(1843-05-30) (69 гадоў)
Месца сьмерці

Карл Восіпавіч дэ Лямберт (15 чэрвеня 1773 — 30 траўня 1843) — вайсковец.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Францыі, дзе ягоны бацька генэрал-маёр, быў чальцом ваеннай рады і інспэктарам кавалерыйскіх дывізіяў. Старэйшы брат Морыц, яшчэ да пачатку Вялікай Францускай рэвалюцыі перайшоў у расейскую службу і быў забіты пры Дубенцы (Польшча) у 1792 г. ў чыне палкоўніка.

Вайсковую службу пачаў у францускім каралеўскім войску. Падчас Вялікай Францускай рэвалюцыі разам з бацькам эміграваў у Расею, дзе ў 1793 г. быў вызначаны сэкунд-маёрам у Кінбурнскі драгунскі полк, зь якім прыняў удзел у т. зв. Польскай кампаніі 1794 г. — душыў пры Холме, Мацяёвіцах і пры штурме Прагі за што быў узнагароджаны чынамі прэм’ер-маёра і 1 студзеня 1795 г. ордэнам сьв. Георгія 4-й клясы за № 588. Удзельнічаў у Пэрсыдзкім (1796), Швайцарскім (1799) паходах. У расейска-пруска-францускай вайне 1806—1807 гадоў вызначыўся ў бітвах пры Пултуску (1806) і Пройсіш-Эйлоў (1807). 31 студзеня 1807 г. быў узнагароджаны ордэнам сьв. Георгія 3-й ступені за № 144.

З пачаткам Айчыннай вайны камандзір кавалерыйскага корпуса. У ліпені 1812 г. Тармасаў даручыў яму з атрадам у 4 батальёны, 16 эскадронаў, 5 казацкіх палкоў і 6 гармат ачысьціць ад французаў Берасьце, Кобрынь, Янаў і Пінск. Далучыўшы да сябе па дарозе да Берасьця атрад князя Шчарбатава, ён 13 (25) ліпеня авалодаў Берасьцем, 15 (25) атакаваў саксонцаў у Кобрыня і разьбіў іх у Кобрынскім баі 1812 году (за гэту справу быў узнагароджаны залатой шабляй з дыямэнтамі), затым рушыў да Гарадзечна на злучэньне з войскам і прыняў удзел у Гарадзечанскай бітве 1812 году, за што яму было нададзенае званьне генэрал-лейтэнанту. Па злучэньні Абсэрвацыйнага і Дунайскага войскаў у адно 3-ю Заходняе пад начальствам адмірала Чычагава ён быў пастаўлены на чале аднаго з 7 яго карпусоў, а пры руху яго да Бярэзіны камандаваў авангардам. Ідучы ўвесь час фарсіраваным маршам, ён хуткімі ўдарамі выбіў французаў зь Нясьвіжу, Новага Сьвержаню, Койданава і Менску, дзе захапіў велізарныя непрыяцельскія запасы харчу. Атрымаўшы загад ад Чычагова ісьці да Барысава, ён рушыў туды і пры штурме Барысава быў цяжка паранены, але Барысаў быў узяты расейскімі войскамі, за што ён быў узнагароджаны ордэнам сьв. Уладзімера 2-й ступені. Калі яго параненага везьлі з Барысава ўздоўж р. Бярэзіны, мяркуюць што ён тады, як вайсковец зразумеў, што Напалеон пачне пераправу каля Студзянкі, пра што і паслаў сказаць Чычагову, але да яго меркаваньня аднесьліся абыякава. У сакавіку 1814 г. удзельнічаў у бітвах за Парыж, за што быў узнагароджаны ордэнам сьв. Аляксандра Неўскага. Па вяртаньні ў Расею ў 1816 г. быў прызначаны камандзірам 5-го рэзэрвовага кавалерыйскага корпуса, у 1823 г. генэрал ад кавалерыі, у 1826 г. прызначаны сэнатарам, а ў 1836 годзе ўзнагароджаны ордэнам сьв. Уладзімера 1-й ступені.

Апошнія гады жыцьця правёў у маёнтку свайго брата, тайнага саветніка і сэнатара Якава Восіпавіча, Цыглероўцы, каля Канстанцінаграда Палтаўскай губэрні, дзе і памёр. Быў жанаты з фрэйлінай Ульянай Міхайлаўнай, у дзявоцтве Дзеевай, ад якой былі дзеці: Аляксандра (1808—1834), Іосіф (Восіп) (1809—1879) — генэрал ад кавалерыі, Пётар, Карл (1815—1865) — генэрал ад кавалерыі, удзельнік Каўкаскіх паходаў, чалец Дзяржаўнай рады, Марыя, Кацярына (1820—1838).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ламберт Карл Восіпавіч. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 4. Мінск. 1997. С. 331.