Карл Густаў Рэншэльд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Карл Густаў Рэншэльд
Carl Gustaf Rehnskiöld
16 жніўня 165129 студзеня 1722
Месца нараджэньня Грайфсвальд, Швэдзкая Памяранія
Месца сьмерці Лэгеста, Швэцыя
Прыналежнасьць Швэцыя
Гады службы 1673—1709, 1718—1721
Званьне фэльдмаршал
Бітвы/войны Сконская вайна
Вялікая Паўночная вайна

Карл Густаў Рэншэльд (па-швэдзку: Carl Gustaf Rehnskiöld, сам падпісваўся як Rehnschiöldt; 16 жніўня 1651, Грайфсвальд, Швэдзкая Памяранія — 29 студзеня 1722, маёнтак Лэгеста, пад Марыефрэдам, Швэцыя) — швэдзкі граф, военачальнік, дзяржаўны радца.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяцінства й юнацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карл Густаў Рэншэльд нарадзіўся ў Швэдзкай Памяраніі і атрымаў вельмі добрую адукацыю: спачатку ў школе, а потым — у Люндзкім унівэрсытэце, у якім яго галоўнымі дысцыплінамі былі гісторыя й лацінская мова. Адным зь яго выкладнікаў быў нямецкі філёзаф і гісторык Самуэль фон Пуфэндорф, які ня мог ня прыкмеціць адараванага студэнта. Апошні быў настолькі натхнёны настаўнікам, што перапісаў начыстую ягоную працу "Einleitung zur Historie der vornehmsten Reichen und Staaten in Europa" і, атрымаўшы ў ёй камэнтары аўтара, захоўваў яе на працягу жыцьця.

Рэншэльд у Сконскай вайне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ваенную службу Рэншэльд пачаў фэнрыхам (прапаршчыкам) Нэрке-Вэрмляндзкага палку ў 1673 годзе. 12 лютага 1676 году становіцца афіцэрам лейб-гвардыі. У ходзе Сконскай вайны ўпершыню вызначыўся ў ноч на 1 жніўня 1676 году, адкінуўшы нападаўшых датчанаў. За гэта кароль Карл XI узьвёў яго ў капітаны. Пасьля гэтага Рэншэльд вызначыўся ў бітвах пры Гальмстадзе, пры Люндзе й пры Ляндзкруне, а ў 1677 годзе становіцца лейтэнант-палкоўнікам (падпалкоўнікам). Апошнія два гады Сконскай вайны (да 1679 году) ён ваяваў на нарвэскім фронце.

Час да Вялікай Паўночнай вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У мірны час Рэншэльд быў афіцэрам генэральнага штабу. Карл XI называў яго «маладым чалавекам, які падае надзеі»[1]. У 1689 годзе ён быў узьведзены ў палкоўнікі. У 1690—1691 гадах Нідэрлянды вялі перамовы з Швэцыяй, каб тая даслала ім добраахвотнікаў на вайну супраць Францыі. Незадаволены палітыкай Францыі, асабліва ў дачыненьне пратэстантаў, Карл XI дасылае да хаўрусьнікаў свае атрады, у шэрагу якіх быў і Рэншэльд. Па вяртаньні на радзіму ў 1693 годзе ён становіцца палкоўнікам Паўночна-Сконскага кавалерыйскага палку. У 1696 годзе ён быў узьведзены ў чын генэрал-маёра, а ў 1698 годзе становіцца генэрал-лейтэнантам і генэрал-губэрнатарам Сконэ. У тым самым годзе Рэншэльд атрымаў тытул барона.

Рэншэльд у Вялікай Паўночнай вайне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З пачаткам Вялікай Паўночнай вайны Рэншэльд становіцца галоўным радцам Карла XII па ваенных пытаньнях.

У 1700 годзе прымае ўдзел у высадцы швэдзкіх войскаў на Шэляне і Бітве пад Нарвай, у якой ён камандаваў левым флянгам, а ў 1702 годзе — у Бітве пад Клішавам. У тым самым годзе ён атрымаў у спадчыну маёнтак Гры́бэна ў Памяраніі, у якім у 1707—1709 гадах пабудаваў замак.

17 красавіка 1703 году Рэншэльд быў узьведзены ў генэралы ад кавалерыі. У 1705 годзе яму было даручана ўзначаліць армію, якая павінна была прыкрываць Польшчу з захаду, пакуль кароль рушыў на Варшаву й Горадню. 3 (13 лютага) 1706 году ў Бітве пад Фраўштатам Рэншэльд разьбіў саксонска-расейскае войска на чале зь Ёганам Матыясам фон дэр Шуленбургам і зноў пацьвердзіў, што ён ёсьць таленавіты вайскавод. Наградай яму стаў чын фэльдмаршала.

У 1707—1709 гадах прымае ўдзел у г. зв. Расейскім паходзе. 4 ліпеня 1708 году разам з каралём камандуе ў Бітве пад Галоўчынам, у якой швэды атрымалі бліскучую перамогу над расейцамі. 27 чэрвеня 1709 году ў Бітве пад Палтавай паранены кароль прызначыў Рэншэльда галоўнакамандуючым швэдзкім войскам, але ў сувязі з паразай Рэншэльд трапіў у расейскі палон.

У час знаходжаньня ў палоне ён, разам з графам Піпэрам, істотна дапамагаў швэдзкім палонным. У ліпені 1718 году Рэншэльд быў абменены і ў тым самым годзе прыняў удзел у Нарвэскім паходзе, але ўжо неўзабаве пакінуў ваенную службу і стаў сябрам Каралеўскай рады.

Памёр Карл Густаў Рэншэльд у студзені 1722 году.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Konow, Jan von (2001). Karolinen Rehnskiöld, fältmarskalk. [Stockholm]: [J. von Konow]. Libris 8395389. ISBN 91-631-1606-5

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карл Густаў Рэншэльдсховішча мультымэдыйных матэрыялаў