Кампазыцыя (літаратуразнаўства)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Кампазы́цыя (літаратуразнаўства) (па-лацінску: componere — складаць) — абумоўленая зьместам будова паэтычнага твору. Часам адрозьніваюць зьнешнюю будову, або архітэктоніку, і ўнутраную будову, або ўласна кампазыцыю. Да архітэктонікі ў такім разе адносяць сыстэму страфічнай арганізацыі верша, да ўласна кампазыцыі — характар раскрыцьця зьместу, разьмяшчэньне слоўна-вобразнага матэрыялу ўнутры архітэктанічных формаў. Аднак такое дзяленьне кампазыцыі даволі фармальнае, паколькі ў паэтычным творы ўсе элемэнты формы і зьместу цесна ўзаемазьвязаныя і ўзаемаабумоўленыя. Таму разгляд кампазыцыі павінен ахопліваць і строфіку (у страфічных творах), спалучэньне вершаваных радкоў, строфаў у асобныя часткі, разьдзелы, і лёгіку раскрыцьця паэтычнага зьместу ўнутры гэтых строфаў, частак, разьдзелаў. Пры гэтым вызначальным зьяўляецца прынцып кампазыцыйнай цэласнасьці паэтычнага твору. Характар кампазыцыі твору залежыць ад яго зьместу, ад сьветапогляду мастака, яго творчага мэтаду, а таксама ад літаратурнага жанру, у які ўвасабляецца жыцьцёвы матэрыял.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]