Камбрэ

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Камбрэ
франц. Cambrai
Званіца ратушы, на якой Мартын і Мартына адбіваюць гадзіны
Званіца ратушы, на якой Мартын і Мартына адбіваюць гадзіны
Герб Камбрэ


Краіна: Францыя
Рэгіён: О-дэ-Франс
Дэпартамэнт: Нор
Кіраўнік: François-Xavier Villain[d][1]
Плошча: 18,12 км²
Вышыня: 41—101 м н. у. м.
Насельніцтва (2014)
колькасьць: 32 897 чал.
шчыльнасьць: 1815,51 чал./км²
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Паштовы індэкс: 59400
Геаграфічныя каардынаты: 50°10′33″ пн. ш. 3°14′5″ у. д. / 50.17583° пн. ш. 3.23472° у. д. / 50.17583; 3.23472Каардынаты: 50°10′33″ пн. ш. 3°14′5″ у. д. / 50.17583° пн. ш. 3.23472° у. д. / 50.17583; 3.23472
Камбрэ на мапе Францыі
Камбрэ
Камбрэ
Камбрэ
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.villedecambrai.com

Камбрэ́ (па-француску: Cambrai) — горад на поўначы Францыі, у дэпартамэнце Нор рэгіёну О-дэ-Франс. Насельніцтва на 2014 год — 32 897 чалавек. Горад разьмешчаны на рацэ Шэльдзе за 52 км на поўдзень ад рэгіянальнага цэнтру Лілю і за 160 км на поўнач ад Парыжу. Камбрэ мае багатую гісторыю і, нягледзячы на разбурэньні, здолеў захаваць багатую архітэктурную спадчыну.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Антычны пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Катэдральны сабор Нотр-Дам-дэ-Грас

Першыя згадкі пра рымскае паселішча Камаракум (Camaracum) адносяцца да сярэдзіны IV стагодзьдзя: у гэты час франкі пачынаюць прасоўвацца на поўдзень, і паселішча набывае важнае стратэгічнае значэньне ў абароне супраць апошніх. Прыкладна ў гэты самы час адбылася і хрысьціянізацыя гэтых мясьцінаў. Каля 445 году паселішчам авалодалі франкі і яно становіцца цэнтрам невялічкага каралеўства, а ў 509 годзе — часткай ужо аб’яднанага Каралеўства франкаў на чале з Хлёдвігам.

Сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У VI стагодзьдзі Камбрэ становіцца цэнтрам біскупства, а ў VII — сапраўдным горадам. У сакавіку 717 году пад Камбрэ адбылася бітва паміж Карлам Мартэлям (дзедам Карла Вялікага) з аднаго боку і Рагенфрэдам (маёрдомам Нэйстрыі) і Хільпэрыкам, якая паклала канец дынастыі Мэравінгаў.

У 843 годзе, паводле Вэрдэнскага дагавору аб падзеле Франскай імпэрыі, Камбрэ апынуўся ў складзе Сярэдняга каралеўства, а ў 925 годзе становіцца часткай Сьвятой Рымскай імпэрыі. Горад, які рос і багацеў, быў разрабаваны нарманамі ў 850 і 880 гадох, і выцярпеў аблогу вугорцаў у 953 годзе. У 1007 годзе імпэратар Генрых II распаўсюдзіў уладу біскупа на тэрыторыю ўсяго Камбрэзі, і Камбрэ становіцца незалежнай дзяржавай у складзе імпэрыі.

У XIII стагодзьдзі Камбрэ ўваходзіць у г.зв. Ганзу 17-ці гарадоў — хаўрус флямандзкіх гарадоў. У 1339 годзе горад выцярпеў аблогу ангельскага караля Эдуарда III. У XV стагодзьдзі біскупам Камбрэ становіцца Жан Бургундзкі, што ледзь не прывяло да анэксыі Камбрэзі Бургундыяй, але біскуп памёр, і наступным, хто паспрабаваў захапіць горад у 1477 годзе, быў Людовік XI, але гэтая спроба была няўдалай.

У XV—XVII стагодзьдзях Камбрэ становіцца важным цэнтрам музычнай культуры ўсіх Нідэрляндаў.

XVI—XVIII стагодзьдзі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вежа Арке (XIV стагодзьдзе)

У XVI стагодзьдзі ў горадзе адбыліся шэраг важных гістарычных падзеяў: у 1508 годзе — падпісаньне Камбрэйскага дагавору, у 1529 годзе — Камбрэйскага міру, у 1556 годзе — Васэльскага замірэньня, а ў 1559 годзе — Като-Камбрэзійскага міру. У 1576 годзе Гішпанскія Нідэрлянды паўсталі супраць караля Філіпа II: нягледзячы на тое, што Камбрэ не падтрымаў паўстанцаў, канфлікт не абыйшоў і яго.

Пачынаючы з 1635 году, калі Францыя абвясьціла вайну Гішпаніі, цэлы шэраг ваенных канфліктаў закрануў і Камбрэ. Французы бралі горад у аблогу ў 1649 і 1657 гадох, але беспасьпяхова. Але ў 1677 годзе Людовік XIV усё ж здолеў захапіць Камбрэ, і ў наступным годзе былі падпісаныя Німвэгенскія мірныя дагавары, паводле якіх Гішпанія, у прыватнасьці, прызнавала Камбрэ францускім.

Напрыканцы XVIII стагодзьдзя горад моцна пацярпеў ад Францускай рэвалюцыі, калі шэраг гарадзкіх цэркваў, у т. л. сабор, будынак якога быў праданы аднаму гандляру, былі разбураныя.

XIX—XX стагодзьдзі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Франка-Пруская вайна горад не закранула.

Але ў XX стагодзьдзі Камбрэ з навакольлем становіцца арэнай баявых дзеяньняў Першай сусьветнай вайны: ужо ў 1914 годзе горад быў акупаваны немцамі, а ў 1917 і 1918 гадох пры Камбрэ адбыліся дзьве істотныя бітвы паміж брытанскімі і нямецкімі войскамі. У 1918 годзе, перад тым, як пакінуць горад, немцы зьнішчылі ратушу і муніцыпальныя архівы.

Моцна пацярпеў горад і ў часы Другой сусьветнай вайны: 17 траўня 1940 нямецкае люфтвафэ зьдзейсьніла бамбаваньне гораду, які на наступны дзень здаўся немцам. Затым, да 18 жніўня 1944 году, горад быў 18 разоў бамбаваны саюзьнікамі. Першыя амэрыканскія танкі ўвайшлі ў горад 2 верасьня 1944 году.

Пасьля вайны, з 1945 да 1981 году, улада ў горадзе належала прадстаўнікам хаўрусу левых.

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Камбрэйскі бэфруа
  • Бэфруа (XV стагодзьдзе)
  • Двор бэгінак Нотр-Дам
  • Двары бэгінак Сэн-Вааст і Сэн-Нікаля
  • Сабор Нотр-Дам-дэ-Грас (1695-1703 гады)
  • Калегіюм Езуітаў (XVII стагодзьдзе)
  • Замак Шато-дэ-Ранэт
  • Замак Шато-дэ-Сэль (XI стагодзьдзе)
  • Цытадэль (XVII стагодзьдзе)
  • Царква Сэн-Жэры (XVII—XVIII стагодзьдзі)
  • Шпіталь Сэн-Жульен
  • Гатэль Сымэнкур
  • г.зв. Гішпанскі дом
  • Палац Арцыбіскупаў
  • Брама Нотр-Дам (1623 год)
  • Парыская брама (Порт-дэ-Пары; XIV стагодзьдзе)
  • Вежа Арке (XIV стагодзьдзе)
  • Вежа Сэн-Фіякр (1390 год)
  • Ратуша (1932 год)

Гарады-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Камбрэсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  1. ^ а б Après la démission de M. Legendre, M. Villain (RPR) est élu maire de Cambrai »Le Monde, 1992.