Землятрус у Скоп’і

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Эпіцэнтар землятрусу
Гадзіньнік на старым будынку вакзала Скоп’я.
Супрацоўнікі амэрыканскага вайсковага шпіталя ў Скоп’і.

Землятрус у Скоп’і (па-македонску: Скопски земјотрес), сталіцы Сацыялістычнай Рэспублікі Македоніі. Магнітуда штуршка склала 6,9 па шкале Рыхтара[1] адбыўся 26 ліпеня 1963 году і разбурыў большую частку гораду. У выніку землятрусу 1070 чалавек загінулі, каля 3000 атрымалі раненьні, прыкладна 75% жылых дамоў былі разбураны ці сур’ёзна пашкоджаны[2][3].

Месца пачатку землятрусу знаходзілася на адной лініі разлому з Італьянскай і Францускай Рыўерай, дзе за некалькі дзён да землятрусу людзі адчувалі слабыя штуршкі. Інтэнсіўнасьць штуршкоў у эпіцэнтры склала 9 балаў. Усьлед за першым штуршком пачаўся афтэршок меншай сілы. Усяго за суткі было зарэгістравана 84 штуршкі[1].

Адразу пасьля землятрусу каля васьмідзесяці краінаў скіравалі ў Югаславію сваіх ратаваньнікаў, фінансавую і гуманітарную дапамогу. 14 кастрычніка таго ж году Генэральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю № 1882, у якой адзначала, што «аднаўленьне Скоп’я стала сапраўдным знакам сяброўства і братэрства народаў»[4].

Сэйсьмічнае становішча ў рэгіёне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Поўдзень Македоніі, рэгіён ракі Вардар, вядомы як зона высокай сэйсьмічнай актыўнасьці. У гісторыі Скоп’я да XX стагодзьдзя да гэтага былі вядомыя два разбуральныя землятрусу: у 518 годзе н. э. і ў 1555 годзе. І ўсё ж, пры плянаваньні гораду і будаўніцтве будынкаў дадзеныя пра сэйсьмічную небясьпеку ніколі не ўлічваліся[2].

Землятрус[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Штуршкі адбыліся раніцай 26 ліпеня і працягваліся 20 сэкундаў[5]. Дакладны час найдужэйшага штуршка зафіксаваў гадзіньнік на будынку вакзалу Скоп’я, які спыніўся а 5:17 раніцы[3]. Агулам былі разбураны ці моцна пашкоджаны каля 75% жылых дамоў, амаль усе школы і лякарні, а таксама будынкі вакзала і паштамту, горад апынуўся адрэзаны ад навакольнага сьвету. Таксама былі зьнішчаны многія адміністрацыйныя будынкі, у тым ліку штаб-кватэра Цэнтральнага камітэту Кампартыі Македоніі, мэрыя і Нацыянальны банк. Прамысловым будынкам была нанесеная значна меншая шкода, бо яны знаходзіліся далёка ад эпіцэнтра, а іх канструкцыя дазволіла вытрымаць штуршкі[2].

Больш за ўсё пацярпелі пабудовы з цэглы, а іх абвалы справакавалі найбольшую колькасьць ахвяр[2].

Ратавальная апэрацыя і аднаўленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адразу пасьля землятрусу вайскоўцы, атрады грамадзянскай абароны і мясцовыя жыхары ўзяліся за разбор завалаў. Амаль адразу пасьля землятрусу пачалася міжнародная кампанія па ліквідацыі яго наступстваў. У аднаўленьні Скоп’я прымалі ўдзел каля 80 краінаў, памер ахвяраваньняў склаў суму, роўную 37 000 000 дынараў, таксама былі сабраны рэчы на суму 121 000 000 дынараў[2]. Для некалькіх дзясяткаў тысячаў чалавек, якія страцілі жытло, у першыя дні былі адкрыты намётавыя мястэчкі, а цягам году пабудаваны часовыя драўляныя дамы.

Аднаўленьне гораду адбывалася ў 1960-х гадах пад кіраўніцтвам японскага архітэктару Кэндзо Тангэ.

Знакавай падзеяй стала адкрыцьцё ў 1970 годзе ў Скоп’і Музэю сучаснага мастацтва, значную частку калекцыі якога склалі творы мастацтва, падораныя іншымі краінамі пасьля землятрусу. Сам будынак для музэю быў спраектаваны польскімі архітэктарамі і стаўся падарункам ураду Польшчы[6][7]. Адным з галоўных экспанатаў новага музэю стала карціна Пабла Пікаса «Галава кабеты», падараваная гораду мастаком[8][9].

Крынціцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Батыр Каррыев Вот пришло землетрясение: Гипотезы, Факты, Причины и Последствия…. — SIBIS. — 519 с.
  2. ^ а б в г д Jakim T. Petrovski Damaging Effects of July 26, 1963 Skopje Earthquake. Institute of Earthquake Engineering and Engineering Seismology. Праверана 2009-06-10 г. Архіўная копія ад 2012-04-02 г.
  3. ^ а б Marking the 44th anniversary of the catastrophic 1963 Skopje earthquake. Македонское радио и телевидение. Праверана 2009-06-10 г. Архіўная копія ад 2012-04-02 г.
  4. ^ (недаступная спасылка)(недаступная спасылка)(недаступная спасылка)(недаступная спасылка)(недаступная спасылка)(недаступная спасылка)(недаступная спасылка)(недаступная спасылка)(недаступная спасылка)(недаступная спасылка)(недаступная спасылка)(недаступная спасылка)(недаступная спасылка)(недаступная спасылка)(недаступная спасылка)(недаступная спасылка)(недаступная спасылка)(недаступная спасылка)(недаступная спасылка) Рэзалюцыя Генэральнай Асамблеі ААН № A/RES/1882 (XVIII) ад 14 кастрычніка 1963 году
  5. ^ 1963: Thousands killed in Yugoslav earthquake. BBCПраверана 2009-06-10 г. Архіўная копія ад 2012-04-02 г.
  6. ^ Афіцыйны сайт Музэю сучаснага мастацтва Скоп’е
  7. ^ Музэй сучаснаага мастацтва Скоп’е на сайце ЮНЭСКА
  8. ^ «Галава жанчыны» Пабла Пікаса на сайце Музэю сучаснага мастацтва Скоп’е
  9. ^ Serbia, Macedonia and Romania Join Europe in the Night of the Museums. balcantravellers.com. Праверана 2009-06-14 г. Архіўная копія ад 2012-04-02 г.