Давід Сарноў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Давід Сарноў (1922)

Даві́д Сарно́ў (па-ангельску: David Sarnoff; 27 лютага 1891 — 12 сьнежня 1971) — амэрыканскі сувязіст і бізнэсмен беларускага габрэйскага пахожданьня, адзін з заснавальнікаў радыё і тэлевяшчаньня ў ЗША.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў мястэчку Вузьляны Ігуменскага павету Менскай губэрні (цяпер вёска Вузьляны Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці) у жыдоўскай сям’і Абрама й Ліі Сарновых. У 1900 годзе Давід Сарноў эмігрыраваў у ЗША.

З 1906 году працаваў у «Кампаніі бесправаднога тэлеграфа Марконі» (Нью-Ёрк). 14 красавіка 1912 году прыняў радыётэлеграму аб крушэньні лайнэру «Тытанік» і трое сутак падтрымліваў сувязь з выратавальнікамі.

З 1919 году працаваў у Радыёвяшчальнай карпарацыі Амэрыкі (RCA), з 1922 году — віцэпрэзыдэнтам, з 1930 году — прэзыдэнтам, у 1947-1970 гадах — старшынёй рады дырэктараў. У 1926 годзе заснаваў Нацыянальную радыёвяшчальную кампанію (NBC). 3 пачатку 20-ых гадоў з’яўляўся дарадцай 10 прэзыдэнтаў ЗША.

Давід Сарноў арганізаваў рэгулярнае тэлевяшчаньне ў ЗША (з 1939 году). Пад яго кіраўніцтвам створаная сыстэма каляровага тэлебачаньня, сумяшчальная з чорна-белай (1949), зроблены запіс тэлеперадачы на магнітную відэастужку (1956), зьняты першы тэлевізійны мастацкі фільм (1964).

Удзельнічаў у стварэньні сыстэмаў касьмічнай сувязі, кампутэрызацыі ЗША. Міжнародны інстытут інжынэраў-электрыкаў заснаваў прэмію яго імя за дасягненьні ў галіне электронікі (1959).

Давід Сарноў з’яўляўся ганаровым доктарам Калюмбійскага, Нью-Ёрскага й іншых унівэрсытэтаў, брыгадным генэралам (1944).

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]