Гісторыя Жалудку

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Жалудок — мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваліся палац Сьвятаполк-Чацьвярцінскіх і касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Жалудок упамінаецца ў 2-й палове XV ст. як уладаньне вялікіх князёў. У 1486 паселішча атрымала статус мястэчка. У 1490 вялікі князь Казімер заснаваў тут касьцёл.

У пачатку XVІ ст. Жалудок стаў сталіцай павету Віленскага ваяводзтва (існаваў да 1567). Намесьнікамі жалудоцкімі былі: Марцін Храптовіч (1501—1508), Міхал Пацэвіч (паводле іншых зьвестак Мікалай Пацэвіч, 1510), Сымон Кібартавіч (1511), Васіль Палубінскі (1515—1533). Само паселішча ў розныя часы знаходзілася ў валоданьні Лацкіх, Сапегаў, Францкевічаў. У 1506 у часе татарскага нападу, тутэйшы касьцёл згарэў; у 1529 вялікі князь Жыгімонт Стары пацьвердзіў яму ўсе ранейшыя фундацыі і надаў новыя.

У 1682 Казімер і Аляксандра Фрацкевічы (паводле іншых зьвестак, жонка Казімера — Ганна з Нарушэвічаў) заснавалі ў Жалудку касьцёл і кляштар кармэлітаў «старых»[1]. Фундацыю на будаваньне кляштару сваёй пастановай пацьвердзіў Сойм у 1685. У 1690 існаваў Жалудоцкі ключ — вялікае зямельнае ўладаньне на абодвух берагах Нёмана з панскім дваром, мястэчкам, вёскамі, ворнымі землямі і лясамі. Ключ лічыў 226 дамоў і быў адным з найбольшых шляхецкіх уладаньняў у Панямоньні.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у лютым 1706 у Жалудку знаходзілася галоўная кватэра караля Швэцыі Карла XII. У пач. XVІІІ ст. мястэчка перайшло ў валоданьне Тызэнгаўзаў. У гэты час Жалудок атрымаў барокавы плян і складаўся з палацава-паркавага ансамблю і сялібнага раёну, якія знаходзіліся на адлегласьці 1 км і зьвязваліся простай магістральлю[2]. Цэнтар паселішча меў эліпсападобны пляц з гандлёвымі радамі пасярэдзіне, раскошнай мураванай паўкруглай карчмой на лініі авала, 6 вуліцамі-прамянямі. Пэрыфэрыйная акружная траса ўтварала выразны васьмікутнік[3]. У мястэчку дзейнічалі школа і шпіталь.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Жалудок апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Лідзкага павету Віленскай губэрні. На 1829 у мястэчку было 57 будынкаў (29 хрысьціянскіх і 28 юдэйскіх). У 1835 праз шлюб Германіцыі, дачкі Рудольфа Тызэнгаўза, палкоўніка артылерыі, зь Севярынам Урускім Жалудок перайоў да апошніх. Пазьней, калі Марыя Ўруская (1853—1931) выйшла замуж за Ўладзімера Чацьвярцінскага (1837—1918), мястэчка апынулася ў валоданьні роду Сьвятаполк-Чацьвярцінскіх. У 1853—1854 тут збудавалі мураваны касьцёл. На 1861 — 88 двароў, на 1863 — 88 жылых дамоў. У 1886 існавалі валасная ўправа, касьцёл, сынагога, юдэйскі малітоўны дом, 2 млыны, гарбарня, вінакурня, бровар, 23 крамы, 2 карчмы, 11 піцейных дамоў. На 1895 — 130 двароў. Паводле вынікаў перапісу (1897) — касьцёл, сынагога, малітоўны дом, народная вучэльня, 2 млыны, гарбарня, бровар, вінакурня, больш за 20 крамаў і 10 піцейных дамоў: праводзіліся таргі ў нядзелі і кірмаш.

У 1908 годзе князь Людвіг Сьвятаполк-Чацьвярцінскі пабудаваў у Жалудку палац з паркам. За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Жалудок занялі нямецкія войскі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Жалудок абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[4]. У 1919—1920 мястэчка знаходзілася пад польскай уладай. Паводле Рыскай мірнай дамовы (1921) Жалудок апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Лідзкага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час у мястэчку было 274 будынкі, гмінная ўправа, касьцёл, лякарня, пошта; аднайменны фальварак налічваў 14 пабудоваў.

У 1939 Жалудок увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і стаў цэнтрам раёну (існаваў да 1962). На 1940 у мястэчку было 2 электрастанцыі, вінакурны завод, паравы млын, часальня воўны, 3 гарбарні, дом культуры, 2 няпоўныя сярэднія школы, амбуляторыя, радзільны дом, лякарня на 40 ложкаў, аптэка, паштова-тэлеграфная кантора, вэтэрынарны пункт. У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 12 ліпеня 1944 Жалудок знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

На 1 студзеня 2001 у Жалудку быў 421 двор.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Шаблюк В. Жалудок // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 363.
  2. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 315.
  3. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 316.
  4. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Жалудкусховішча мультымэдыйных матэрыялаў