Граф Дуку

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Граф Дуку
Пэрсанаж «Зорных войнаў»
Граф Дуку
РасаЧалавек
Родная плянэтаСэрэна
Належыць даОрдэн сытхаў, Канфэдэрацыя незалежных сыстэм
Дзейнасьцьбылы джэдай, потым лорд сытхаў, лідэр Канфэдэрацыі незалежных сыстэм
СтацьМужчына
Рост193 см
ВаласыЦёмна-рудыя, потым сівыя
ВочыРудыя
Зброячырвоны сьветлавы меч
Здымкі
АкторКрыстафэр Лі («Эпізод II: Атака клонаў» і «Эпізод III: Помста сытхаў»)
АгучкаКоры Бэртан

Граф Ду́ку (па-ангельску: Count Dooku), ён жа Дарт Тыра́нус (па-ангельску: Darth Tyranus) — пэрсанаж «Зорных войнаў», былы майстар джэдай, які пакінуў Ордэн джэдаяў, каб стаць сытхам, вядомым пад імем Дарт Тыранус, а таксама лідэрам Канфэдэрацыі незалежных сыстэм[1].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дуку паходзіў з шляхецкага роду з плянэты Сэрэна. Калісьці ён быў адным з самых магутных і паважаных у гісторыі Ордэна джэдаяў, але потым падаўся на цёмны бок Моцы.

Дуку трапіў у Ордэн джэдаяў у маленстве, бо ў ім адчувалася моц. Ён праходзіў навучаньне ў магістра Ёды. У маладосьці ў яго было некалькі сяброў. Адным зь іх быў Лорыян Нод. Лорыян, яшчэ будучы падаванам, здрадзіў Ордэну і падаўся да сытхаў. Дуку адчуў здраду і стаў асьцярожней ставіцца да выбару сяброў. Крок Лорыяна паўплываў на Дуку, і той пачаў прыглядацца да цёмнага боку Моцы, што ў рэшце рэшт зрабіла зь яго сытха.

У дваццаць год Дуку стаў джэдаем. І першым ягоным падаванам быў Квай-Гон Джын. Пазьней у Дуку былі й іншыя вучні, такія як Камары Восу.

Дуку незвычайна глядзеў на сьвет. У яго былі вельмі своеасаблівыя меркаваньні наконт Моцы й таго, як яе трэба вывучаць і карыстацца ёй. І таму ня ўсе ягоныя тэорыі былі прынятыя Ордэнам. Большасьць зь іх не знайшла падтрымкі сярод іншых джэдаяў Ордэна. Дуку па сваёй існасьці быў ідэалістам. Ён выступаў супраць бюракратыі, якая панавала на той момант у Галяктычным сэнаце, і абураўся бязьдзеяньнем джэдаяў. Апошняй кропляй для Дуку стала сьмерць Квай-Гона. У выніку Дуку адмовіўся быць джэдаем і сышоў з Ордэна. Пасьля ён падаўся ў палітыку й прыняў тытул графа, бо паходзіў родам з шляхецкай сям’і з Сэрэны. У хуткім часе Дуку стаў сэпаратыстам з-за сваіх ідэалістычных поглядаў на палітыку. Пад час сваёй палітычнай кар’еры ў яго атрымалася перацягнуць на свой бок шмат зорных сыстэм і запэўніць іх у неабходнасьці распачаць вайну супраць Рэспублікі. У выніку ствараецца Канфэдэрацыя незалежных сыстэм, альбо Сэпаратысты.

Граф Дуку

У другім эпізодзе Дуку ляціць на плянэту Джэанозіс, дзе дамаўляецца стварыць касьмічны флёт Гандлёвай фэдэрацыі — вялізарныя зорныя крэйсэры, а таксама вялікую армію баявых дроідаў. Таемны плян Дуку выкрывае малады рыцар джэдай Обі-Ван Кенобі, які трапляе на Джэанозіс, калі сочыць за Джанга Фэтам. Дуку бярэ ў палон Обі-Вана й распавядае яму пра тое, што Рэспублікай даўно кіруе ўладар сытхаў, але Обі-Ван ня верыць Дуку, бо перакананы, што сытхі заўжды хлусяць. Уратавацца Обі-Вану дапамагаюць ягоны вучань Энакін Скайўокер і прынцэса Падмэ Амідала, якія накіроўваюцца на Джэанозіс за Обі-Ванам. Урэшце паміж графам Дуку й Обі-Ванам Кенобі адбываецца бойка на сьветлавых мечах, у якой Дуку перамагае Обі-Вана. Але ж уцякае з-за нечаканага зьяўленьня магістра Ёды. Дуку бяжыць на плянэту Карусант, бліжэй да свайго пана й настаўніка ўладара сытхаў. Разам з сабой ён бярэ й схемы сакрэтнай зброі, якая ў будучыні стане вялікай праблемай для Паўстанцаў. Пасьля распачатай Кланічнай вайны граф Дуку бярэ ў палон вярхоўнага канцлера Палпатына, каб заманіць у пастку маладога джэдая Энакіна Скайўокера, зробленую ўладаром сытхаў. Энакін і ягоны настаўнік Обі-Ван трапляюць у гэтую пастку. У выніку плян уладара спрацоўвае: паміж імі ізноў адбываецца бой, але на гэты раз перамагае малады Скайўокер. Энакін забівае Дуку, але робіць гэта як сытх, абяззброіўшы яго.

Моц[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Граф Дуку адзін з самых магутных герояў у новай трылёгіі «Зорных войнаў». Ён здольны кіраваць аб’ектамі на адлегласьці, падманваць розум, а таксама забіваць ворагаў маланкамі. Дуку выдатна валодае сьветлавым мечам.

Зброя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чырвоны сьветлавы меч з выгнутай дзяржальняй.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]