Готы
Готы | |
Малюнак пачатку ХХ стагодзьдзя | |
Колькасьць | — |
---|---|
Рэгіёны пражываньня | Эўропа |
Мовы | гоцкая |
Рэлігія | політэізм, хрысьціянства |
Блізкія этнасы | вандалы, гепіды, скіры |
Го́ты (гоцк. 𐌲𐌿𐍄𐌰𐌽𐍃, Gutans, лац. Gothi, Got(h)ones, стар.-грэц. Γότθοι) † — германскі народ II—IX стагодзьдзяў, які да VIII стагодзьдзя адыгрываў значную ролю ў гісторыі Эўропы. Гэта былі германскія плямёны, верагодна, скандынаўскага паходжаньня, якія размаўлялі на гоцкай мове — мове ўсходняй групы германскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, для якой біскуп Вульфіла ў IV стагодзьдзі распрацаваў гоцкую пісьмовасьць). У першыя стагодзьдзі нашай эры яны прарабілі шлях з Швэцыі да Чорнага мора і ракі Дунаю, дасягнуўшы самых аванпостаў Рымскай імпэрыі.
Раньняя гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Готы сфармаваліся ў Скандынавіі, у краіне, якую Ярдан заве Скандза. Хоць пытаньне пра сваяцтвае готаў з проташвэдзкім племем ётаў спрэчнае, пад Скандзай у гістарыяграфіі звычайна разумеюць поўдзень сучаснай Швэцыі і востраў Готлянд. За караля Бэрыга яны пераправіліся праз Балтыйскае мора і занялі ў II стагодзьдзі нізоўі Віслы (Ярдан называе гэту краіну Гатыскандза).
Зь пераправы готаў у кантынэнтальную Эўропу гісторыкі пачынаюць адлік Вялікага перасяленьня народаў. Выцесьненыя готамі з тэрыторыі сучаснай Польшчы вандалы і ругі пачалі рух на поўдзень, прымушаючы мясцовае насельніцтва ссоўвацца ў бок Міжземнамор’я. Адсюль — першы націск барбараў на паўночна-ўсходнія межы Рымскай імпэрыі, які яна адчула за Маркам Аўрэліюсам.
Пяты па Бэрыгу кароль готаў Філімэр прывёў іх, паводле адной з вэрсіяў, у Прыдняпроўе, дзе на тэрыторыі цяперашняй Украіны узьнікла гоцкая дзяржава Оюм. Да гэтага Прыдняпроўе, як мяркуецца, займаў народ спалаў. У археалягічным пляне знаходжаньню готаў у Прыдняпроўі адпавядае чарняхоўская культура, з цэнтрам на сярэднім Днястры, а больш раньняму пэрыяду іх гісторыі — культура вэльбарская.
Пісьмовыя крыніцы з гісторыі Оюму позьнія і ненадзейныя — «Гетыка» Ярдана і скандынаўскія сагі (у першую чаргу, «Сага пра Гервэр»), якія апавядаюць пра змаганьне готаў з гунамі. Сталіцай адзінай гоцкай дзяржавы ў скандынаўскім фальклёры лічыўся горад на Дняпры — літаральна Данпарстад. У сазе пра Гэрвэр сталічным названы «рачны дом» — Аргэймар.
Каля 230 году готы спусьціліся ў Прычарнамор’е. Калі з готамі ўпершыню сутыкнуліся рымляне, яны ўжо падзяліліся на дзьве галіны — усходнюю (остготы) і заходнюю (вэстготы), пра якія гл. падрабязьней у адпаведных артыкулах. Да ліку гоцкіх плямёнаў належалі таксама скіры, таіфалы і крымскія готы, ад якіх пазьней адлучыліся готы-трапэзыты Тамані.
Гоцкія войны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Асноўныя артыкулы: Скіфская вайна III стагодзьдзя і Гоцкая вайна (377—382)
- У III стагодзьдзі готы выціснулі рымлянаў з Дакіі (цяперашняя Малдова), тады ж адбыўся падзел готаў на заходніх (вэстготы) і ўсходніх (остготы).
- У 257 годзе аддзелы готаў дасягнулі ўсходняга Крыму і, часткова разрабаваўшы Баспорскае царства (Пантыкапэй і Німфэюс) і захапіўшы флёт, адправіліся да берагоў Малой Азіі. Гэтым яны зьнішчылі скіфскае царства з цэнтрам у Крыме.
- Увесну 258 году днястроўская флятылія готаў дасягнула Баспору і разрабавала Халкедон і Нікею.
- У 262 годзе готы напалі на Тракію.
- У 267 годзе, выйшаўшы з утокі Дону, гоцкі флёт дасягнуў Карынту і Атэнаў.
- У 269 годзе сутыкненьне готаў з арміяй рымскага імпэратара каля гораду Нішу (Сэрбія). Аўрэліян мусіў пакінуць Дакію барбарам.
- У IV стагодзьдзі готы прымаюць арыянскую мадэль хрысьціянства і вынаходзяць уласную пісьмовасьць, — гоцкі альфабэт, вынайдзены біскупам Вульфілам, які пераклаў на гоцкую біблейскія тэксты (Срэбны кодэкс).
- У 375 годзе гуны зьнішчаюць каралеўства готаў у Прычарнамор’і.
- У 376 годзе готы фарсіруюць Дунай і перасяляюцца на Балканы.
- У 378 годзе готы разьбіваюць армію рымскага імпэратара пад Адрыянопалем (сучаснае Эдырнэ, эўрапейская частка Турэччыны).
Остготы, вэстготы, крымскія готы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Асноўныя артыкулы: Остготы, Вэстготы і Крымскія готы
- У 410 годзе кароль вэстготаў Алярых захапіў Рым.
- У 412 годзе вэстготы ўрываюцца ў Галію.
- У 414 годзе вэстготы ўрываюцца ў Гішпанію.
- У 418 годзе вэстготы адыходзяць у Аквітанію (Паўднёва-Заходняя Францыя) і засноўваюць там сваё каралеўства.
- У 451 годзе пры Каталяўнскіх палёх хаўрус готаў і іншых плямёнаў спыніў прасоўваньне на захад гунаў.
- У 463 годзе вэстготы аднаўляюць заваяваньне Гішпаніі.
- У 493 годзе кароль остготаў Тэадорых засноўвае каралеўства ў Італіі.
- У 507 годзе франкі выціснулі вэстготаў з Аквітаніі.
- У час Гоцкай вайны (536—555 гады) арміі бізантыйскага імпэратара Юстыніяна зьнішчаюць дзяржаву остготаў у Італіі.
- У 711 годзе арабская армія Тарыка ібн Зіяда зьнішчае каралеўства вэстготаў у Гішпаніі (апошні кароль — Родэрых (Радрыга)).
- Да пачатку XVII стагодзьдзя належаць апошнія зьвесткі пра гоцкую супольнасьць у Крыме (гл. крымска-гоцкая мова).
Пісьмовасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Асноўныя артыкулы: Гоцкая пісьмовасьць і Гоцкая Біблія
Готы першымі з германскіх плямёнаў прынялі хрысьціянства (арыянства). Гоцкая Біблія — першы літаратурны помнік на германскім мове; адначасна гэта і першы перакладны германскі пісьмовы помнік. На сёньняшні дзень захаваліся толькі асобныя фрагмэнты гэтага перакладу. Разам з тым, з пункту гледжаньня філялёгіі (як літаратуразнаўства, так і параўнальна-гістарычнага мовазнаўства) ён унікальны і каштоўны. Гэты пераклад зьдзейсьніў у IV стагодзьдзя н. э. арыянскі біскуп Вульфіла.
Памяць пра готаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У часы Адраджэньня готы разглядаліся гуманістамі як носьбіты барварскага пачатку, вінаватыя ў разбурэньні антычнай цывілізацыі. Да зьяўленьня тэрміну Сярэднявечча ўсё германска-барбарскае ў эўрапейскай культуры пазначалася эпітэтам «гатычны». Адсюль паходзяць тэрміны готыка і гатычны шрыфт, хоць адпаведныя зьявы да готаў беспасярэдняга дачыненьня ня маюць.
За часамі знаходжаньня готаў ва Ўсходняй Эўропе іх суседзі — славяне — перанялі з гоцкай мовы мноства словаў — «хлеб», «кацёл», «купіць», «вярблюд» і інш. (падрабязьней гл. слоўнік Фасмэра). На пераемнасьць у дачыненьні да готаў прэтэндавалі швэдзкія каралі («каралі швэдаў (свэяў), готаў і вэндаў»), нашчадкамі вэстготаў лічыла сябе гішпанская арыстакратыя.
У 1650 годзе ў Каралявецкім унівэрсытэце навучаўся Hindricus Petri Littovius, Norcopensis Gothus[3].
Швэдзкі гісторык Юган Тунман(en) у сваёй працы «Дасьледаваньні старажытнай гісторыі некаторых паўночных народаў» (Бэрлін, 1772 год) зазначаў наконт паходжаньня «лецкіх народаў» (летувісаў і латышоў), што паўднёва-заходняя Русь, Літва, большая частка Прусіі і Польшчы былі пачатковым месцам пражываньня славянаў або вэнэдаў і што «леты», якія насяляюць частку гэтых краін — гэта «не асобны народ, не старажытная нацыя, а славяне, зьмяшаныя зь фінамі і готамі»[a][4].
Францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн у сваім дакладзе[5] на Першым Міжнародным кангрэсе тапанімікі і антрапанімікі ў Парыжы (1938 год) зазначыў, што «нават сёньня амаль усе літоўскія шляхецкія імёны маюць гоцкае паходжаньне»[b][6]. На падставе ўласных шматгадовых дасьледаваньнях ён прыйшоў да высновы, што многія літоўскія ўласныя імёны альбо будуюцца паводле германскіх, альбо ёсьць запазычанымі з германскіх[7].
Міграцыя германамоўных готаў ад нізоўяў Віслы праз Прыпяць да Чорнага і Азоўскага мораў пацьвярджаецца археалягічнымі зьвестками, якія сьведчаць, што готы (або іх частка) затрымаліся на Палесьсі амаль на два стагодзьдзі (II—IV стст. н. э.). Археолягі знайшлі гоцкія магільнікі каля Берасьця, у нізоўях Гарыні таксама знайшлі сьляды гоцка-гепідзкай культуры. У готаў была ўласная назва для Палесься — Oium, што прыкладна азначае 'край вады'. Дасьледнікі зафіксавалі ў мясцовых дыялектах Цэнтральнага Палесься геаграфічны тэрмін вое, вой — 'хуткая плынь у рацэ', што ёсьць водгаласам гоцкага бытаваньня ў рэгіёне. З гоцкай мовы выводзяць гідронім Гарынь, з гоцкім (шырэй — германскім) этымонам зьвязваюць палескія тапонімы Агдэмер, Лютымер, Валавель, Гадавель, Хутамір, Адрыжын, а таксама назвы з фармантам -аха (гоцкае aha 'вада') — Утваха, Пскаваха, Лахва ды іншыя[8].
У ліпені 2022 году ў вёсцы на поўнач ад Ліды (Беларусь) знайшлі калекцыю срэбраных прадметаў, пакрытых пазалотай, якую, з усяго відаць, пакінулі па сабе готы: вайсковыя трафэі, вырабленыя на тэрыторыі позьняй Рымскай імпэрыі ў ІІ—IV стагодзьдзях нашай эры. Апроч таго, у Беларусі і на Падляшшы знаходзяць гоцкія мячы[9].
З готамі звычайна зьвязваюць летувіскае найменьне «гуды»[10].
Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ ням. «Die erste betrift den Ursprung der alten Preußen und übrigen Lettischen Völker. Das südwestliche Rußland, Litauen, und der größte Theil von Preußen und Polen, ist der ursprüngliche Wohnsitz der Slawe oder Wenden gewesen. Die Letten, welche jetzt ein Stück von diesen Ländern bewohnen, sind kein eigenes Volk, keine alte Nation, sondern Slawen, vermischt mit Finnen und Gothen»
- ^ франц. «Aujourd’hui encore, la presque totalité des noms de noblesse lituaniens sont d’origine gotique»
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Готы на тэрыторыі Беларусі, Гісторыя Беларусі, 9 студзеня 2020 г.
- ^ Rackus A. Guthones (the Goths). — Chicago, 1929. P. 36, 38, 42—215.
- ^ Die matrikel der Universität Königsberg i. Pr. Bd. 1: Die Immatrikulationen von 1544—1656. — Leipzig, 1910. S. 516.
- ^ Thunmanns M. J. Untersuchungen über die alte Geschichte einiger Nordischen Völker. — Berlin, 1772. S. V.
- ^ Notes de toponymie lituanienne, dans Actes et Mémoires du premier Congrès International de Toponymie et d’ Anthroponymie. — Paris, 1938. P. 221.
- ^ Schmittlein R. Voies et impasses de la toponymie lituanienne // Revue internationale d’onomastique. Nr. 2, 1958. P. 126.
- ^ Юркенас Ю. Проблема отражения так называемых «древнеевропейских» элементов в антропонимии // Kalbotyra. № 33 (2), 1981. С. 28.
- ^ Басик С. Н. Субстратные топонимы в структуре топонимического комплекса Белорусского Полесья // Вестник БГУ. Сер. 2. № 2, 2008. С. 76.
- ^ Алесь Кіркевіч, Унікальны скарб часоў старажытных готаў знойдзены на Лідчыне. Што пра яго вядома?, Budzma.org, 19 ліпеня 2022 г.
- ^ Літвіновіч А. Беларуская мова на старонках «Энцыклапедыі літоўскай мовы» // Наша слова. № 32 (975), 2010 г.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Jordanes; Mierow C. (Translator). The Origins and Deeds of the Goth. Calgary: J. Vanderspoel, Department of Greek, Latin and Ancient History, University of Calgary, 1997.
- Hooker R. The Germans. World Civilizations. — Washington State University, 1996.
- Kaliff A. Gothic Connections: Abstract. — Uppsala Universite, 2001.
- Skorupka T., Witkowski R. (Translator. Jewellery of the Goths. — Poznan Archaeological Museum, 1997.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Frederik Kortlandt, The origin of the Goths
- Forest People: the Goths in Transyvania
- Tadeusz Makiewicz, The Goths in Greater Poland