Герб Чарнагорыі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Герб Чарнагорыі

Герб Чарнагорыі — адзін з афіцыйных сымбаляў Чарнагорыі нараўне са сьцягам і гімнам.[1] Ён прыняты парлямэнтам Чарнагорыі на пасяджэньні, якое адбылося 12 ліпеня 2004 году. Новы герб замяніў сымбаль часоў 1990-х, на якім быў намаляваны срэбны двухгаловы арол (замест цяперашняга залатога). Герб займае цэнтральнае месца на дзяржаўным сьцягу, які таксама быў прыняты ў 2004 годзе.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходжаньне і сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Чарнагорыі ўзору 1994 году

Герб адлюстроўвае двухгаловага арла ў палёце, які паўтарае эмблему дынастыі Пятровічаў (першая каралеўская дынастыя Чарнагорыі) і герб Бізантыі. Герб сымбалізуе адзінства і ўзаемасувязь Царквы і Дзяржавы. Падобны матыў таксама выкарыстоўваўся ўладарамі княства Зэта[2] — дынастыяй Црнаевічаў. Вонкавы выгляд таксама зьвязаны з гербам Расейскай імпэрыі, зь якой чарнагорская каралеўская сям'я падтрымлівала цесныя сувязі.

Леў з паднятай правай лапай сымбалізуе ўладу біскупа, а таксама зьяўляецца адной з алегорый Уваскрэсеньня, і самога Хрыста Ўсетрымальніка. Гэты сымбаль паходзіць ад гербу Вэнэцыі, якая аказала сур'ёзны ўплыў на разьвіцьцё рэгіёна ў Сярэднія стагодзьдзі. Калі Чарнагорыя ўпершыню здабыла незалежнасьць, яна стала тэакратычнай дзяржавай, што абумоўленае кансалідацыяй сэрбаў-хрысьціян супраць іншаверцаў-туркаў. Па гэтаму чыньніку кіравальная роля Цэрквы была адлюстраваная ў геральдыцы таго часу. Пасьля ўсталяваньня сьвецкай каралеўскай дынастыі ў 1851 годзе, леў быў перамешчаны ніжэй арла, хоць ініцыялы кіраўніка па ранейшым разьмяшчаліся на шчыце са львом.

Герб сацыялістычнай Чарнагорыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эмблема Сацыялістычнай Рэспублікі Чарнагорыя

Герб быў прыняты 31 сьнежня 1946 разам са сьцягам. Мяркуецца, што яго аўтарам зьяўляўся Джорджэ Андрэевіч Кун, якому загадваецца аўтарства ўсіх гербаў югаслаўскіх рэспублік.[3].

На гербе намаляваная гара Лоўчэн, на вяршыні якой разьмешчаны маўзалей Ньегоша, акружаная морам. Кампазыцыя апраўляецца залатым вянком і ўвянчаная чырвонай зоркай.

Сучасны герб[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На сучасным гербе леў зьмешчаны на шчыце, які ў сваю чаргу разьмяшчаецца на грудзях арла. Паколькі ў дадзены момант Чарнагорыя зьяўляецца рэспублікай, карона дынастыі Пятровічаў, што вянчае арла, выклікала некаторыя рознагалосьсі ў грамадзтве падчас прыняцьця гербу. Тым ня менш, герб набыў папулярнасьць сярод насельніцтва і цяпер яго можна бачыць у школах, офісах і жыльлі простых чарнагорцаў.

Зацемкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Урад Чарнагорыі, Заканадаўчы акт аб дзяржаўных сымбалях (сэрб.)
  2. ^ Зэта — адно з сярэднявечных назваў Чарнагорыі (гл. артыкул Гісторыя Чарнагорыі)
  3. ^ FOTW Montenegro (анг.)

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Чарнагорыісховішча мультымэдыйных матэрыялаў