Віленская канфэрэнцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Прэзыдыюм і сакратарыят: Пяліксас Бугайлішкіс, Казіс Бізаўскас, Казімерас Шаўліс, Юстынас Стаўгайтыс, Ёнас Басанавічус, Сьцяпонас Кайрыс, Ёнас Вілейшыс, Антанас Сьмятона, Павілас Дагяліс, Юозас Пакніс, Юргіс Шаўліс, Міколас Біржышка, Юозас Станкявічус, Пятрас Клімас

Ві́ленская канфэрэ́нцыя (па-летувіску: Vilniaus konferencija) — сход летувіскіх дэлегатаў у Вільні 18—22 верасьня 1917 року, на якім быў пакладзены пачатак стварэньню летувіскай дзяржавы. Сход абраў Раду Летувы лікам 20 чалавек.

Арганізацыя канфэрэнцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

13 траўня 1917 року нямецкі генэрал Эрых Людэндорф даў дазвол на стварэньне летувіскае рады, аднак не акрэсьліў ейных паўнамоцтваў. Дзеля стварэньня рады акупацыйныя ўлады дазволілі правядзеньне выбарчае канфэрэнцыі ў Вільні, аднак не пагадзіліся з арганізацыяй выбараў на ўдзел у ёй. Таму абіраць удзельнікаў канфэрэнцыі было даручана арганізацыйнаму камітэту, які складаўся з 5 віленскіх дзеячоў і 16 прадстаўнікоў правінцыі. На сходзе камітэту, які адбываўся 1-4 жніўня, быў таксама абраны Выканаўчы камітэт сходу ў складзе:

Аргкамітэт імкнуўся ўключыць прадстаўнікоў розных слаёў і палітычных поглядаў, па 5-8 чалавек ад кожнага павету. Былі ўзгодненыя ўмовы, якім мусілі адпавядаць дэлегаты на канфэрэнцыі: узрост — большы за 25 гадоў, адпаведны інтэлектуальны ўзровень і прыхільнасьць да ідэі адбудовы незалежнай Летувы, затое не патрабавалася ведаць летувіскую мову.

Канфэрэнцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Канфэрэнцыя працягвалася з 18 да 23 верасьня 1917 року. З запрошаных 264 дэлегатаў у сходзе ўзялі ўдзел 214 чалавек. Старшынём канфэрэнцыі быў абраны Ёнас Басанавічус. Праграма паседжаньняў ахоплівала чатыры найважнейшыя пытаньні:

  • палітычная будучыня Летувы;
  • летувіска-нямецкія стасункі;
  • пытаньні нацыянальных меншасьцей;
  • выбар Летувіскай Рады.

Дэлегаты ў аднагалосна прынятай рэзалюцыі выступілі за пабудову незалежнай дэмакратычнай дзяржавы ў этнаграфічных межах зь невялікімі папраўкамі, якія ўлічвалі эканамічны фактар. Нацыянальным меншасьцям гарантаваліся культурныя правы. Юрыдычныя падставы дзяржавы і дачыненьні зь іншымі дзяржавамі мусіў вызначыць скліканы ў Вільні Ўстаноўчы сход. У нямецкім пытаньні была выказаная згода на цесны палітычна-эканамічны зьвяз пры ўмове прызнаньня Нямеччынай незалежнасьці Летувы яшчэ да скліканьня мірнай канфэрэнцыі[1].

Таксама зь ліку ўдзельнікаў сходу 21 верасьня была абраная 20-асабовая Літоўская Рада. Удзельнікі канфэрэнцыі паслалі тэлеграму галоўнакамандуючаму нямецкіх войскаў на ўсходзе з паведамленьнем пра стварэньне Летувіскай Рады[2].

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэмарыяльная таблічка

17 верасьня 2007 року на будынку былога тэатру на Пагулянцы (цяпер Расейскі драматычны тэатар Летувы) на вуліцы Басанавічуса ў Вільні пры ўдзеле прэзыдэнта Валдаса Адамкуса была адкрытая мэмарыяльная таблічка з тэкстам па-летувіску[3][4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Lietuva vokiečių… Dokumentas № 26. Lietuvių Vilniaus konferencijos 1917 m. rugsėjo 18 — 22 d. posėdžių protokolo ištrauka. — P. 159
  2. ^ Lietuva vokiečių… Dokumentas № 26. Lietuvių Vilniaus konferencijos 1917 m. rugsėjo 18 — 22 d. posėdžių protokolo ištrauka. — P. 159—160
  3. ^ Prezidentas dalyvavo atidengiant Vilniaus lietuvių konferenciją įamžinusią paminklinę lentą (лет.)
  4. ^ V. Adamkus: be Vilniaus konferencijos nebūtų buvę ir Kovo 11-osios (лет.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Lietuva vokiečių okupacijoje pirmojo pasaulinio karo metais 1915—1918. Lietuvos nepriklausomos valstybės genezė / Sud. E.Gimžauskas. — Vilnius, 2006.