Вячаслаў Кандратавіч Зайцаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вячаслаў Кандратавіч Зайцаў
Дата нараджэньня 18 верасьня 1917(1917-09-18)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 19 красавіка 1992(1992-04-19) (74 гады)
Месца сьмерці
Месца вучобы
Занятак літаратуразнаўца, перакладнік
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат філялягічных навук[d]

Вячасла́ў Кандра́тавіч За́йцаў (18 верасьня 1917, в. Ахлябініна Уфімскага раёну, Башкартастан — 19 красавіка 1992, Уладзімер, Расея) — літаратуразнавец, перакладчык, касмоляг, ахвяра карнай псыхіятрыі.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў рабочай сям’і. Тры клясы пачатковай школы скончыў у в. Харкаўская Нурыманаўскага раёну (Башкірыя), сямігодку сялянскай моладзі — на ст. Улу-Целяк Уфімскай чыгункі ў 1931 годзе. У 1931 паступіў ва Ўфімскі мэханічны тэхнікум, які скончыў у 1935. З 1935 працаваў тэхнікам на Ўфімскім нафтаперапрацоўчым заводзе. У 1939—1946 служыў у пагранічных войсках (паводле іншых зьвестак — на флёце) на Дальнім Усходзе. Падчас службы ўступіў у КПСС. У 1947 годзе паступіў на філялягічны факультэт Ленінградзкага ўнівэрсытэту, які скончыў у 1951 годзе. З 1951 асыстэнт, старшы выкладчык, дацэнт катэдры славянскай філялёгіі Ленінградзкага ўнівэрсытэту. Кандыдат філялягічных навук (1954). Зь сярэдзіны 1950-х публікаваў навуковыя артыкулы пра славянскія літаратуры.

З 1964 г. жыў у Менску, працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Бываў частым госьцем у доме супрацоўніцы Інстытуту Валянціны Ігнатаўны Гапавай (1923—2003), сябраваў з Уладзімерам Караткевічам. Аўтар прац па праблемах харвацкай і сэрбскай літаратуры. Вывучаў беларускую культуру эпохі Адраджэньня, у тым ліку творчасьць Францішка Скарыны. Дасьледаваў касьмічныя рэмінісцэнцыі ў помніках старажытных літаратур і ў выяўленчым мастацтве, займаўся тэмай «Космас і Біблія». У 1966 годзе ў часопісе «Нёман» быў апублікаваны артыкул Зайцава пра касьмічнае паходжаньне багоў пад назвай «Галасы далёкіх тысячагодзьдзяў», у 1967 годзе ў часопісе «Байкал» (Улан-Удэ) — артыкул «Багі прыходзяць з космасу». Абодва артыкулы (асабліва другі) выклікалі як цікавасьць з боку аматараў уфалёгіі з усяго СССР, так і адмоўную рэакцыю з боку афіцыёзу. Таксама цікавасьць публікі і незадаволенасьць уладаў выклікалі публічныя лекцыі Зайцава на касьмічную тэматыку. У 1968 годзе ў арыентаваным на замежнікаў рэклямным часопісе «Советский Союз» былі апублікаваны погляды Зайцава, але толькі разам зь іх крытыкай акадэмікам АН СССР Васілём Фесенкавым[1]. У маскоўскай газэце «Известия» Зайцаў быў абвешчаны саюзьнікам заходніх багасловаў-абнаўленцаў[2]. Супрацоўнік апарата ЦК КПБ Савелі Паўлаў (які неўзабаве стаў загадчыкам аддзелу агітацыі і прапаганды ЦК КПБ) у сваёй кнізе «Слова — зброя» адвёў пару старонак крытыцы поглядаў Зайцава і дзеяньняў рэдактараў часопісаў, якія прапускалі яго артыкулы ў друк[3]. Абарона доктарскай дысэртацыі вучонага не адбылася. Значны рэзананс сярод акадэмічнай супольнасьці Менску меў ягоны ўдзел у фільме аўстрыйскага рэжысэра Гаральда Райнля «Ўспаміны пра будучыню» (1970), зьнятага паводле твораў швэйцарскага ўфоляга Эрыха фон Дэнікена. Фільм паказвалі ў пракаце СССР, у тым ліку ў Менску, у кінатэатры «Навіны дня».

У 1974 годзе, падчас кампаніі перасьледу ў АН БССР апазыцыйна настроеных супрацоўнікаў (Міколы Прашковіча, Міхася Чарняўскага, Сьцяпана Міско ды інш.), Зайцаў публічна выйшаў з КПСС. Сярод іншага, пры выхадзе з КПСС не згаджаўся з агульным ахайваньнем у падцэнзурным друку асобы і твораў Аляксандра Салжаніцына, выказваў сумневы ў мэтазгоднасьці арганізацыі сацыялістычнага спаборніцтва паміж навукоўцамі[4]. У 1975, за два гады да пэнсіі, быў звольнены з інстытуту. Працягваў сваю лектарскую дзейнасьць, прычым, не зьвязаны працай, мог падоўгу «гастраляваць» у розных гарадах СССР.

Арыштаваны КДБ 23 лістапада 1978 году ў Маскве падчас раскіданьня ўлётак. Паводле зьвестак сьледзтва, на працягу 1970—78 напісаў больш за 30 улётак «рэлігійна-містычнага зьместу»: «Тайна беззакония (кто сидит на атеистическом престоле)», «Евреи, домой!», «Разбой на дорогах познания», «Тайна беззакония (разгадка числа 666)» ды інш. З дапамогай знаёмых размножыў іх і ў лістападзе 1978 раскідаў у розных раёнах Масквы. Падчас вобшуку канфіскавана каля 1000 улётак[5]. КДБ таксама закідаў Зайцаву, што той падчас публічных выступаў прапагандаваў свае эсхаталягічныя ідэі (прадказваў другое прышэсьце ў 1980 годзе). У сакавіку 1979 Інстытут судовай псыхіятрыі імя Сэрбскага (Масква) вынес дыягназ — шызафрэнія. Вярхоўны Суд БССР 15 чэрвеня 1979 году разглядзеў справу па абвінавачваньні Зайцава па артыкуле 186-1 КК БССР («Распаўсюджаньне заведама хлусьлівых выдумак, якія ганьбяць савецкі дзяржаўны і грамадзкі лад») і накіраваў яго на прымусовае лячэньне ў Казанскі спэцыяльны псыхіятрычны шпіталь. Суд праходзіў без прысутнасьці абвінавачанага (хаця яго на час суду й адканваявалі ў Менск, у сьледчы ізалятар КДБ), то бок у Зайцава адсутнічала ўсялякая магчымасьць абараніць сябе і прадэманстраваць, што ён ня хворы.

Паводле зьвестак самвыдавецкай «Хроники текущих событий», у больніцы Зайцаву прызначылі ін’екцыі, потым іх адмянілі, і на спатканьні 30 жніўня 1979 ён сказаў жонцы, што адчувае сябе добра. Аднак потым ягоны стан пагоршыўся. Ён практычна ня мог чытаць і пісаць. Ад яго сталі прыходзіць лісты зь некалькіх няроўных радкоў[6]. У далейшым стан Зайцава ў спэцпсыхбольніцы палепшаў. 9 лістапада 1980 начальнік Казанскай спэцпсыхбольніцы К. Сьвечнікаў зьвярнуўся ў Вярхоўны суд БССР з прапановай спыніць «лячэньне» Зайцава, але 13 красавіка 1981 году Вярхоўны суд БССР вырашыў пакінуць Зайцава ў зьняволеньні і надалей. 21 сьнежня 1981 в. а. начальніка Казанскай спэцпсыхбольніцы Р. Валітаў накіраваў новы ліст у Вярхоўны суд БССР; суд 18 студзеня 1982 спыніў прымусовае лячэньне, і Зайцаў быў вызвалены. Досьвед сьледзтва і спэцпсыхбольніцы ён апісаў у нарысе «Як мяне вучылі любіць савецкую ўладу».

Ён вярнуўся ў Менск, дзе жыў да апошніх месяцаў жыцьця. Працягваў езьдзіць па СССР зь лекцыямі. Памёр 19 красавіка 1992 году ва Ўладзімеры. Пахаваны тамсама на могілках Улыбашава.

Крымінальная справа ў адносінах да Зайцава была спынена Прэзыдыюмам Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь 14.9.1992 пасьмяротна.

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Поэма Ивана Гундулича «Осман»: Автореферат дис. на соискание учен. степени кандидата филол. наук / Ленингр. гос. ордена Ленина ун-т им. А. А. Жданова. — Ленинград, 1954.
  • Голоса далёких тысячелетий // Нёман. 1966. №12. С. 138—148.
  • Богомильское движение и общественная жизнь Северной Италии эпохи Дученто / АН БССР, Бел. ком. славистов. Минск, 1967. (Доклады / Междунар. съезд славистов; N 6).
  • Боги приходят из космоса // Байкал. 1967, № 5—6; 1968, № 1.
  • Реформационное движение в Белоруссии и Литве (вторая половина XVI в.) // Философия и право. Доклады XI конференции молодых учёных АН БССР и вузов БССР (февраль 1968 г.) / Под общ. ред. К. П. Буслова. Минск, 1968. С. 391—403.
  • Перадумовы гуманізму на Беларусі // Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. У 2 т. Т. 1. З старажытных часоў да канца XVIII ст. Мінск, 1968. С. 140—160.
  • Францыск Скарына // Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. У 2 т. Т. 1. З старажытных часоў да канца XVIII ст. Мінск, 1968. С. 160—190.
  • Перадумовы гуманізму ў Беларусі // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мінск, 1968. С. 41-67.
  • Ф. Скарына і еўрапейская Рэфармацыя // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мінск, 1968. С. 119—136.
  • Ф. Скарына ў Падуі // Весці Акадэміі навук Беларускай ССР. Серыя грамадскіх навук. 1968. №4. С. 98-103.
  • Между Львом и Драконом: Дубровницкое Возрождение и эпическая поэма Ивана Гундулича «Осман». Минск, 1969.
  • Судьба белорусского литературного языка после Скорины // Вопросы истории. Тезисы докладов XII конференции молодых учёных Белорусской ССР (ноябрь 1969 г.) / Под общ. ред. Н. Е. Завалеева. Минск, 1969. С. 111—120.
  • Франциск Скорина и гуманистическая мысль в Белоруссии XV—XVI вв.: Автореф. дисс. д-ра филог. н. Минск, 1970.
  • Как меня учили любить Советскую власть // Европейское время (Минск). 1992. №2.

Пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гундулич, Иван. Осман: [поэма] / Перевод, [вступление и комментарии] В. К. Зайцева; [художник Л. И. Усачев; Академия наук Белорусской ССР, Институт литературы им. Я. Купалы]. Минск, 1969.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Космонавты или ангелы? // Советский Союз. 1968. №11. С. 38-39.
  2. ^ Рогов, Александр. О христианских атеистах и Христе-космонавте // Известия. 1969. 21 июня.
  3. ^ Павлов, Савелий. Слово — оружие. О научных основах эффективности печати. Минск, 1970. С. 58—60.
  4. ^ Навіцкі У. Палітычны стан грамадзтва. Узмацненьне фактараў крытычнасці і пратэсту // Гісторыя Беларусі. У шасці тамах. Том шосты. Беларусь у 1946—2009 гг. Мінск, 2011. С. 376.
  5. ^ 58—10. Надзорные производства прокуратуры СССР по делам об антисоветской агитации и пропаганде. Аннотированный каталог. Март 1953—1991. Москва, 1999. С. 782.
  6. ^ В специальных психиатрических больницах // Хроника текущих событий. Выпуск 54. 15 ноября 1979 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]