Вяртаньне Арабэлі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вяртаньне Арабэлі
Arabela se vrací aneb Rumburak králem Říše pohádek
Жанр казка
Сцэнарыст Вацлаў Ворлічак
Мілаш Мацоўрак
Рэжысэр Вацлаў Ворлічак
У ролях
Кампазытар Ангела Міхайлаў
Вітэзслаў Гадль
Краіна Чэхія Чэхія
Нямеччына Нямеччына
Колькасьць сэзонаў 1
Колькасьць сэрыяў 26
Мова чэская
Вытворчасьць
Апэратар Эміль Сіратэк
Мантаж Далібор Ліпскі
Даўжыня сэрыі 29 хв.
Трансьляцыя
Тэлеканал Чэскае тэлебачаньне
На экранах 1993
Храналёгія
Папярэдні Арабэля
Спасылкі
Афіцыйны сайт
Старонка на IMDb

«Арабэ́ля вярта́ецца, або Румбура́к — каро́ль Краі́ны ка́зак» (па-чэску: Arabela se vrací aneb Rumburak králem Říše pohádek) — чэскі дзіцячы тэлесэрыял рэжысэра Вацлава Ворлічка, працяг чэхаславацкага тэлесэрыялу «Арабэля». Прэм’ера адбылася ў 1993 року.

На ролю галоўнай гераіні — прынцэсы Арабэлі — ізноў запрашалі Яну Наг’ёву, якая на той час спыніла акторскую кар’еру і жыла ў Нямеччыне[1]. Аднак Наг’ёва запатрабавала надта вялікі ганарар для актораў яе ўзроўню — 18 000 кронаў за дзень здымак, што адпавядала чатыром тагачасным сярэднямесячным заробкам[2]. Таму стваральнікі сэрыялу ўзялі на ролю Арабэлі чэшку Міраславу Шафранкаву (сястру Лібушы Шафранкавай, якая займалася агучваньнем галоўнай гераіні ў першым сэрыяле). Акрамя таго, у працягу сэрыялу адсутнічае роля пана Карла Маера, выканаўца якое Ўладзімер Меншык памёр у 1988 року.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Новы аповед распачаецца акурат праз 10 гадоў пасьля шлюбу Арабэлі й Пятра. На зьмену іррацыянальнаму сацыялізму з ідэямі, як у заблытанай байцы, у Чэхаславаччыну прыйшоў зьвярыны капіталізм.

Арабэля і Пэтар увесь гэты час чакаюць дзяцей. Гонзік і Маржэнка сталі студэнтамі і займаюцца вывучэньнем фальклёру, у тым ліку казак. Пані Маерава аўдавела.

Краіне казак пагражае новая небясьпека: выгнаны з краю волатаў за сваё вэгетарыянства волат Балібул пасяліўся непадалёк, каб навучыцца есьці людзей. А чарадзей Румбурак ўсё яшчэ не адмовіўся ад ідэі стаць каралём…

Акторы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сэрыя Назва Зьмест
01 (14) «Дапамажыце, за гарою волат» Не пасьпелі Пэтар з Арабэляй ажаніцца, як надышла дзясятая гадавіна. Арабэля, якая разумее мову зьвяроў, працуе зьвярыным перакладнікам і вядзе тэлеперадачу па зьвярынай модзе. Пётар зрабіўся буйным вынаходнікам. Аднак для поўнага шчасьця не хапае толькі дзіцёнка. Пані Маерава аўдавела. Гонзік і Маржэнка сталі студэнтамі. Яны вывучаюць фальклярыстыку і народныя паданьні.

Ніхто зь іх ня ведае, што краіне казак пагражае небясьпека: з краіны волатаў за свае вэгэтарыянскія схільнасьці быў выгнаны малады волат Балібул. Вярнуцца ён зможа толькі пасьля таго, як зьесьць 50 чалавек. Ён накіроўваецца ў суседні край і пасяляецца непадалёк ад каралеўскага дварца.

Кароль і каралева зьбіраюцца наведаць Арабэлю з дапамогаю чароўнага плашчу. Пра ўсё гэта стала вядома Вастравоку, які трапіў у вязьніцу за правіну. Ён разумее, што волат будзе штодня патрабаваць чалавечую ахвяру, як гэта робіць сямігаловы зьмей, і што яго, як арыштанта, аддадуць першым. Таму ён уцякае з турмы, авалодаўшы чароўным плашчом, і зьбягае ў сьвет людзей…

02 (15) «Налёсаваная варажба» Волею лёсу Вастравок сустракае Бабу Ягу і Румбурака, якія 10 гадоў таму засталіся тут, ператвораныя ў пральную машыну і лядоўню. Аднак з гэтай неспадзяванкі яны здолелі выкараскацца. Баба Яга, называючы сябе пані Чэрнай, зарабляе на жыцьцё гаданьнямі. Яна прадказвае Румбураку, што той стане каралём Краіны казак, калі зруйнуе шчасьце Арабэлі і ператворыць ейнага дзіцёнка ў старога, як бы недарэчна гэта ні гучала.

Шчасьлівая Арабэля працуе перакладніцай з мовы жывёлаў. Яна даведваецца, што нарэшце мецьме першынца! Румбурак, абсьмяяўшы абсурднае прадказаньне, выкарыстоўвае надзвычайныя магчымасьці Вастравока для рабаваньня вілы пана Папа, знакамітага караля цацак. Аднак яму не шанцуе: у часе рабаваньня яго выкрывае Папаў сабака Робі…

03 (16) «Румбурак ляціць на Пультанэлю» Гонзік з Маржанкай вырашылі наведаць Краіну казак, каб здабыць там факты для абароны курсавое працы Гонзіка. Яны й не ўяўляюць, што Краіне казак пагражае волат, які патрабуе штодня новую ахвяру. Каб абясшкодзіць людажэра, у замак прыяжджае Фантамас. Аднак Румбурак, пракраўшыся ў палац, выкрадае неабходны прыстрой, які Фантамас пазычыў каралеўскай пары. Пра гэта ведае толькі Раксана — маладая пастушка, якая трапіла на каралеўскі двор дзякуючы чароўным духам. Каго яна імі падушыць — той у яе й закахаецца, прыкладам, пан Віга, які зрабіў яе чараўніцай другой катэгорыі.

Прынцэса Ксенія страціла мужа, якога Румбурак ператварыў у вецер. Пазбавілася яна таксама магчымасьці таемнага наведваньня сьвету людзей, бо ў яе адабралі плашч. Плашч ізноў трапляе да Румбурака, які вырашае пачаць зьядзяйсьняць прамоўленае яму Бабай Ягой прароцтва…

04 (17) «Арафон» У сьвеце людзей на першы погляд усё ў парадку. Дзяцей забаўляюць казкамі пра дзядзьку Помпу, якога прыдумаў кароль цацак пан Пап. Шчасьлівая Арабэля чакае першынца. Яна ня ведае, якія цяжкасьці перажывае ейны бацька ў Краіне казак: волат штодня патрабуе новую ахвяру, якую вызначаюць шляхам лёсаваньня. Кароль вырашае зьвярнуцца па дапамогу да такога знакамітага героя, як Адысэй. Усе баяцца лёсаваньня, улучна з Раксанай, уласьніцай духоў, якія выклікаюць да яе каханьне кожнага, каго яна імі памажа.

Шчасьлівая Арабэля ня ведае й таго, што Румбурак, у адпаведнасьці з прадказаньнем чарадзейкі, паводле якога ён стане каралём Краіны казак, ляціць на востраў Пультанэля, дзе людзі нараджаюцца старымі, а жыцьцё сканчаюць дзецьмі. Ён ляціць туды па зялёны яблык. Калі Арабэля яго пакаштуе, дык замест немаўляці няродзіць дзядулю або бабулю…

05 (18) «Румбурак у яблычным садзе» «Кароль цацак» пан Пап даручыў Арабэлі, якая разумее мову зьвяроў, працаваць над арафонам — прыборам, што дазваляе людзям стасавацца з жывёламі. Таксама Арабэля працуе ў заалягічным садзе. Гонзік з Маржанкай рупліва шукаюць званочак, які б дазволіў ім вярнуцца ў краіну казак. Маладзёны не здагадваюцца, што ў чалавечым сьвеце зноўку зьявіўся казачны пярсьцёнак — яго знайшлі прыбіральшчыкі, пасьля чаго прадалі ювэліру, які ня меў ні малюткага панятку пра тое, што ён прыдбаў.

Наўкола сям’і Маераў пакрысе згушчаецца небясьпека таго, што Румбурак стане каралём краіны казак, калі зруйнуе шчасьце Арабэлі. Дзеля гэтага вядзьмарка пані Чэрна пераехала бліжэй да Арабэлі. Румбурак здабывае на востраве Пультанэля зялёны яблык. Зьеўшы яго, Арабэля замест чаканага дзіцёнка народзіць старога або старую. Такая неспадзяванка, зразумела, ня ўзрадуе ані яе, ані Пятра…

06 (19) «Наканаваны яблык» Краіна казак стогне ад прыгнёту волата Балібула, які зьеў ужо шматлікіх гаротнікаў, у тым ліку чараўніка Віга. Адчайны кароль бачыць апошняе ўратаваньне ў героях казак для дарослых, такіх як Вільгельм Тэль, Нэптун, Тарзан і іншыя. Ці дапамогуць яны?

У адрозьненьне ад караля, Румбурак спакойны. Ён пакрысе выконвае ўмовы гаданьня, паводле якога ён неўзабаве мусіць зрабіцца валадаром краіны казак. Можна сказаць, ён шчасьлівы, бо закахаўся ў Раксану (якая незаўважна памазала яго любоўнымі духамі). Яна вельмі злоўжывае гэтым сродкам, не здагадваючыся, што гэта вядзе яе да пагібелі. Але Румбурак гэтага ня ведае. Ён рады, што Арабэля зьела яблык з вострава Пультанэля, да якога дакрануліся два старыя. Паводле прыродных законаў Пультанэлі цяпер яна народзіць блізьнятаў, падобных да гэтых старых…

07 (20) «Прадказаньне выконваецца» Гонзік і Маржанка перакапалі ўвесь сад у пошуках званочка, з дапамогаю якога яны маглі б наведаць краіну казак і здабыць там фактычны матэрыял для абароны курсавой працы Гонзіка. Яны, як і ўсе астатнія, занепакоеныя тым, што Арабэля зьнянацку апынулася ў радзільным доме, куды зьбіралася не раней як праз восем месяцаў! Што ж адбываецца? Мы ведаем, што гэтак сталася не само сабою: Арабэля зьела зялёны яблык з Пультанэлі, якое ёй таемна падкінуў Румбурак, каб зруйнаваць ейнае сямейнае шчасьце і такім чынам выканаць прадказаньне зрабіцца каралём краіны казак…
08 (21) «Бацьку, у вас двайняты!» Румбурак задаволены: дзякуючы ягоным намаганьням Арабэля замест чаканага дзіцёнка нарадзіла двух старых, якіх назвалі Карлам і Гіяцынтам. Пётар з Арабэляй намагаюцца схаваць гэта ад навакольных, і іхняе жыцьцё ўскладняецца. На шчасьце, акурат у гэты момант знойдзены чароўны званочак, з дапамогаю якога можна выклікаць дапамогу з краіны казак. Аднак ён ня звоніць.

Румбурак, для якога няшчасьце Арабэлі — пацьверджаньне прадказаньня, што ён стане каралём, карыстаецца перавагаю ў часе і адлятае ў краіну казак. Ён хоча прадухіліць усялякую дапамогу Арабэлі. Румбурак не падазрае, што ягоная каханая Раксана апынулася ў сьмяротнай небясьпецы праз двух міністраў, якім яна закружыла галаву дзякуючы сваім духам. У адплату яны вырашылі аддаць яе людажэру…

09 (22) «Пастка для Раксаны» У сьвет людзей з казачнага каралеўства прыбыла Раксана са сваімі чароўнымі духамі. Зь іхняй дапамогаю яна ўжо закружыла галаву мноству мужчынаў, улучна з Румбуракам. Раксана азнайшла прытулак у вядзьмаркі, суседкі Пятра й Арабэлі, няшчасных сужэнцаў, у якіх нарадзіліся два старыя дзяды.

Пётар і Арабэля працуюць у караля цацак пана Папа, а іхніх дзіўных дзяцей прыглядае добры сусед — вартаўнік музэю. Чароўны плашч, у якім прыляцела Раксана, вельмі патрэбны Гонзіку і Маржанцы: яны жадаюць наведаць краіну казак з навуковай мэтай. Дзеці абяцаюць Пятру, што паклапоцяцца там пра тое, каб ягоныя вусатыя сыны сталі нармалёвымі дзецьмі. Яны ня ведаюць, што дзеецца ў краіне казак; нічога ня ведаюць пра волата, які штодня патрабуе чалавечую ахвяру; і пра тое, што апошні, на каго трапіла жэрабя, быў сам кароль…

10 (23) «Навуковая экспэдыцыя ў Краіну казак» Гонзік і Маржэнка, трапіўшы з дапамогаю чароўнага плашчу ў краіну казак, адразу былі схопленыя жаўнерамі, якія вялі пошукі зьніклай Ксеніі. Яна ад страху перад волатам уцякла разам з маленькім прынцам Фрэдзі ў Фантамасаў замак.

Толькі ў вязьніцы Гонзік і Маржэнка даведаліся, што краіну казак тэрарызуе людажэр Балібул і што ягонай заўтрашняй ахвярай стане сам кароль. Маржэнка, якая валодае фэхтаваньнем, прымае прапанову турэмніка і накіроўваецца на бой з асілкам. Па дарозе яна сустрэла добрую чараўніцу і атрымала ў падарунак ад яе біклажку, зь якой зьяўляецца джын і прапануе выканаць тры жаданьні.

Тым часам у сьвеце людзей дзеці Арабэлі — старыя Карл і Гіяцынт — знаёмяцца з маленькай дзяўчынкай па мянушцы Цвыркун, дачкою караля цацак пана Папа. Сам Пап, ачараваны Раксанаю, якая памазала яго чароўнымі духамі, прапануе ёй пасяліцца на ягонай шыкоўнай віле…

11 (24) «Маржэнка і волат» Як бы неверагодна гэта ні гучала, але Маржэнка ўратавала краіну казак ад страшнага волата Балібула. Апынулася, што ён зусім ня крыважэрны і нікога ня еў, адно ствараў бачнасьць, каб яму дазволілі вярнуцца са ссылкі дадому. Жыцьцё ў краіне казак адразу стала весялейшае.

Крыху інакш справы йдуць у сьвеце людзей. Арабэля сутыкнулася зь цяжкасьцямі з запісамі перакладаў мовы жывёлаў, неабходных для вытворчасьці арафону — прыстрою, які дае магчымасьць людзям размаўляць з жывёламі.

Дачка Папа, Наталка, цяжка перажывае закаханасьць таты ў непрывабную Раксану. Разам з Арабэлявымі сынамі — старымі Карлам і Гіяцынтам — яна заўважае на руцэ старой заможнай пані Макмэлеравай… чароўны пярсьцёнак! І падчас сьвецкай вячэры спрытна ператварае Раксану ў казу

12 (25) «Раксана зноўку на пашы» Фантамас рыхтуецца да шлюбу з прынцэсай Ксеніяй. Разам з Генке ён, каб дагадзіць Ксеневаму сыну, прынцу Фрэдзі, зьмяншае ваяроў да цацачных памераў. Такім чынам хлопчык цяпер мае маленькіх жывых жаўнераў. Фрэдзі ўсьцешаны, але хоча мець яшчэ вершнікаў. Гонзік і Маржэнка па дарозе на востраў Пультанэля заблукалі і апынуліся ля патаемнага замку Фантамаса. Генке прапануе ім пераночыць, аднак складваецца ўражаньне, што яго цікавяць ня столькі вандроўнікі, колькі іхнія коні…

У сьвеце людзей усе вельмі знэрваваныя: пан Пап тужыць па ўлюбёнай Раксане, ператворанай у казу ягонай дачкой Наталкай. Арабэля сьпяшаецца скончыць запісы мовы жывёлаў, каб зрабіць пераклады для новага прыбору караля цацак. Аднак найгорш зь Пятром: ён падпісаў з панам Папам кантракт на новую займальную цацку, аднак ідэі ніяк ня йдуць у галаву…

13 (26) «Пэтраў шанец» Адпаведна прадказаньню Румбурак мусіць стаць валадаром сьвету і каралём краіны казак, калі спраўдзяцца тры ўмовы: дзеці Арабэлі ператворацца ў дзядоў, прынц Вільлібальд — у вецер, а Румбурак ажэніцца з прынцэсай Ксеніяй. Дзьве першыя ўмовы ўжо выкананыя. Румбурак зьбіраецца выканаць трэцюю ўмову.

Аўдавелая Ксенія зьбіраецца выйсьці замуж за магутнага Фантамаса. Румбурак выкрадае чамадан з вынаходніцтвамі Фантамаса. Адно зь іх і дапаможа яму зрабіцца мужам Ксеніі. Румбурак толькі ў кроку да мэты, але ён не падазрае, што яго чакае сустрэча з барадатымі дзецьмі Карлам і Гіяцынтам. Самі таго не жадаючы, яны ўскладнілі жыцьцё Арабэлі, бо выдалілі запісы размовы бабра. Гэты запіс ёй неабходна было адвезьці ў Эрызэну, куды яна ляціць для працы над арафонам — прыборам, які дазваляе людзям размаўляць з жывёламі…

14 (27) «Фіктыўны шлюб» Румбурак, які ўжо ператварыў Ксеневага мужа прынца Вільлібальда ў вецер, цяпер з дапамогаю д’ябальскага падману, перакінуўшыся ў Фантамаса, жэніцца з Ксеніяй сам. Румбурак паведамляе каралю пра ўласны намер стаць валадаром краіны казак. Кароль адмаўляецца аддаць карону, аднак Румбурак ужо мае ўласную, вырашчаную на агародзе дзядзькі Помпы з аскепку сапраўднае. Сваю карону Румбурак схаваў у сьвеце людзей, куды ён без ваганьняў адлятае.

Ксенія ў роспачы. Кароль, каралева і ўвесь двор уражаныя, не выключаючы Гонзіка і Маржэнку, якія ўсё чуюць, знаходзячыся ў картоннай каробцы Фрэдзі, бо Фантамас зьменшыў і іх разам зь іхнімі канямі да памераў цацак. Цяпер яны бездапаможна чакаюць, што будзе далей…

15 (28) «Кароль без падданых» Зьменшаныя да цацачных памераў Гонзік, Маржэнка, іхнія коні і ўзвод вояў адлятаюць ад разьюшанага Румбурака, які займеў столькі клопатаў, што ня ведае, як даць рады. Раксана, у якую ён закаханы, стала казой і жыве на віле магната цацак пана Папа, які хоча зь ёй ажаніцца і робіць усё магчымае, каб яна вярнулася ў першапачатковае аблічча. Скрадзены Румбурак у Фантамаса чамаданчык апынаецца ў руках трох сяброў: Наталкі (Папавай дачкі) і блізьнятаў Карэла і Гіяцынта (сыноў Арабэлі). Яны ня ведаюць, каму належыць гэты чамаданчык, поўны неверагодных прыстасаваньняў, і шапка-нябачка. Румбурак даведваецца, што з чамаданчыкам некуды зьляцеў адзін з вусатых блізьнятаў. Ён ня ведае, што Карэл суправаджае сваю маму ў Эрызэну, дзе Арабэля працавацьме ў лябараторыі інжынэра Захарыя над прыборам арафон…
16 (29) «Тройца пачынае барацьбу» Гонзік, Маржэнка і воі выбраліся з каробкі для цацак і трапілі ў замак пані Мюлеравай, дзе жывуць кароль, каралева і ўсе іхнія падданыя, якія сышлі ад самазванца, што абвясьціў сябе каралём. Румбурак трапіў у цяжкае становішча ня толькі ў краіне казак, дзе яму няма кім валадарыць, але і ў сьвеце людзей, дзе супраць яго ваююць трое дзяцей. Да іх у рукі трапіў скрадзены Румбуракам чамаданчык Фантамаса, поўны фантастычных вынаходніцтваў. Так што Румбурак пазбаўлены ўсіх тых магчымасьцяў, на якія так разьлічваў.

У краіне казак Румбурак ажаніўся з Ксеніяй, аднак яна ўцякла ад яго ў сьвет людзей разам з прынцам Фрэдзі. Румбураку варта было б вярнуць яе, каб валадарыць краінаю казак, аднак у сьвеце людзей ён закахаўся ў Раксану і хоча ажаніцца зь ёю. Румбурак разумее, што яму неабходны двайнік, бо аднаго яго на ўсё не стае…

17 (30) «Румбурак №2» Дзеці Пятра й Арабэлі старыя Карэл і Гіяцынт, пераляцеўшы з дапамогаю чароўнага плашчу ў краіну казак, ня могуць цяпер адтуль выбрацца, бо Румбурак забраў плашч. Бацькі непакояцца, аднак ня могуць заняцца пошукамі, бо надта занятыя на службе ў пана Папа. Пётар распрацоўвае праект лятальнай кабіны, Арабэля ў далёкай Арызэне працуе над прыборам, які дазволіць людзям стасавацца з жывёламі.

Ніхто не ўяўляе, як радыкальна вырашае ўласныя праблемы Румбурак. У краіне казак дзядзька Помпа вырасьціў яму ва ўласным агародзе двайніка, і той накіроўваецца ўвасьлед Гонзіку і Маржанцы, якія рушаць на Пультанэлю. У сьвеце людзей Румбурак адважваецца на новую падробку: ён хоча прыняць аблічча пана Папа і такім чынам займець Раксану, якая выйшла за караля цацак. Аднак перш чым зьдзейсьніць гэта, Румбурак хоча вярнуць у краіну казак Ксенію, якая ўцякла ад яго ў сьвет людзей…

18 (31) «Падроблены пан Пап» Пакуль двайнік Румбурака бяжыць за Гонзікам і Маржэнкай у спадзеве адабраць чароўную біклажку, такім чынам займеўшы колькі заўгодна падданых, сапраўдны Румбурак, які дзейнічае ў сьвеце людзей, перамяніўшыся ў пана Папа, зрабіўся ня толькі гаспадаром агромністай фірмы, але й мужам Раксаны і бацькам маленькай Наталкі, якая не здагадваецца, што ейны сапраўдны тата ў турме.

Але пра гэта ведаюць два ейныя сябры — Карэл і Гіяцынт, вусатыя дзеці Пятра й Арабэлі. Яны, знаходзячыся ў краіне казак, назіраюць за ўсімі падзеямі з дапамогаю Фантамасавых вынаходніцтваў. Асаблівы клопат у іх выклікаюць дзьве рэчы: што бедныя бацькі іх дарма шукаюць, і што яны не захапілі з сабою чамаданчык Фантамаса, поўны дзівосных прыстрояў. Перад вылетам яны схавалі яго ў трубе вілы Германаў, а цяпер бачаць, як на яго палюе Румбурак…

19 (32) «Тройца зноўку разам» У Пятра і Арабэлі зьніклі блізьняты, якія дзякуючы Румбуракавым інтрыгам нарадзіліся дакладнай копіяй двух старых прыбіральшчыкаў сьмецьця ў мескім парку. Выпадкова сустрэўшы гэтых працаўнікоў, Пётар, упэўнены, што гэта ягоныя сыны, забірае іх дахаты. Сапраўдныя блізьняты Карэлі і Гіяцынт разам з Наталкаю апынуліся ў краіне казак. З дапамогаю Фантамасавага вынаходніцтва яны сочаць за тым, што адбываецца ў краіне людзей і зьдзіўляюцца, назіраючы за тым, як пра іхніх двайнікоў клапоцяцца бацькі і бабуля. З жахам яны таксама бачаць, як Румбурак, што прысабечыў сабе зьнешнасьць пана Папа, выявіў месцазнаходжаньне чамаданчыка, поўнага неверагодных вынаходніцтваў.

Карэл, Гіяцынт і Наталка разам з прынцэсай Ксеніяй і сынам Фрэдзі вырашылі накіравацца да караля ў замак пані Мюлеравай. Гонзік і Маржэнка па дарозе на Пультанэлю заблукалі і вырашылі пераночыць ў Глухамані…

20 (33) «Маржэнка на шыбеніцы» Румбурак, які прысабечыў сабе аблічча пана Папа, набыў вілу Германавых, каб дабрацца да схаванага ў пячной трубе Фантамасавага чамаданчыка. Гэты чамаданчык поўны дзівосаў тэхнікі, з дапамогай якіх Румбурак зьбіраецца завалодаць сьветам людзей. Краінай казак ён ужо авалодаў, калі падманам ажаніўся з прынцэсай Ксеніяй і захапіў сталец. Аднак усе падданыя зьбеглі ад яго.

Двайнік Румбурака з каралеўскай каронай на галаве перасьледуе Гонзіка і Маржэнку, каб адабраць у іх чароўную біклажку, поўную джынаў, неабходных Румбураку як паслухмяныя паддадзеныя.

Гонзік з Маржэнкай дабраліся да берагу мора, даведаліся, што Румбурак іх апярэдзіў і ўжо плыве на выспу Пультанэля, дзе жывуць шчасьлівыя людзі, якія прыходзяць на гэты сьвет старымі, і ад нараджэньня да сьмерці паступова маладзеюць…

21 (34) «Румбурак — уладар Пультанэлі» Румбурак пасьлядоўна выконвае ўмовы варажбы, паводле якое ён павінен зрабіцца валадаром усіх і ўсяго. Мужа прынцэсы Ксеніі ён ператварыў у вецер, пасьля ажаніўся зь ёй; свайго двайніка накіраваў на Пультанэлю шукаць біклажку з джынамі, каб замяніць імі зьбеглых падданых. Румбуракаў двайнік ня толькі адшукаў гэтую біклажку, але й падпарадкаваў сабе з дапамогаю джынаў усю Пультанэлю, дзе жывуць ідэальныя, добрыя людзі, ня лічачы некалькіх дзетак, заражаных лёгкаю інфэкцыйнаю хваробай, званай злабіўкай.

Знайшоў шлях да ўлады Румбурак і ў сьвеце людзей: ён скраў зьнешнасьць караля цацак пана Папа, авалодаў ягоным майном і адшукаў Фантамасаў чамаданчык, поўны неверагодных вынаходніцтваў, якія дапамогуць Румбураку стаць валадаром сьвету.

Арабэля і Пётар не здагадваюцца пра тое, што чакае іх наперадзе, як ня ведаюць і пра тое, што два старыя, пра якіх яны клапоцяцца, — ня іхнія дзеці! Тыя знаходзяцца ў царстве казак і рыхтуюцца нанесьці адтуль удар Румбураку…

22 (35) «Чамаданчык у руках злыдня» Румбурак робіць усё неабходнае для выкананьня ўмовах варажбы, што абяцае яму ўладу над сьветам людзей і краінай казак. У яго ўсё атрымліваецца: прынца Валібальда ён ператварыў у вецер, пасьля падманным шляхам ажаніўся з Ксеніяй і гвалтоўна заняў сталец. Падданыя, што праўда, зьбеглі ад яго, аднак замест іх ягоны двайнік здабыў сотні паслухмяных джынаў. Зь іхняй дапамогаю ён захапіў выспу дабрыні Пультанэлю, дзе прызначыў прэзыдэнтам малога гіцля, а законны ўрад зачыніў у банкаўскім сховішчы разам з Гонзікам і Маржэнкай, якія прыбылі сюды па чырвоны яблык. Зьеўшы гэты яблык, вусаты дзіцёнак стане нармалёвым немаўлём.

Перамагае Румбурак і ў сьвеце людзей. У абліччы пана Папа ён здабыў Фантамасаў чамаданчык, поўны разнастайных вынаходніцтваў. У краіне казак супраць Румбурака рыхтуюцца выступіць генэрал Дур і пан Віга. Дзеці Арабэлі, блізьняты Карл і Гіяцынт, разам з Наталкай Папавай хочуць самі зьвесьці рахункі з Румбуракам…

23 (36) «Барацьба за Пультанэлю» Падобна Маржэнцы, якая праявіла адвагу і абясшкодзіла волата Балібула, чым, дарэчы, дапамагла яму вярнуцца да нявесты, Гонзік таксама зьдзейсьніў на Пультанэлі мужны ўчынак: адабраў у Румбуракавага двайніка біклажку з джынамі і такім чынам абясшкодзіў яго.

Вяртаючыся дадому, пераможаны двайнік зьеў пірог з чырвоным яблыкам і перамяніўся сьпярша ў немаўлятку, а пасьля ў матылька. Сам Румбурак, што прысабечыў зьнешнасьць караля цацак пана Папа, паступова набліжаецца да мэты. Сапраўдны пан Пап усё яшчэ сядзіць у вязьніцы, і ніхто не здагадваецца, што той, хто выдае сябе за яго, неўзабаве авалодае тэхнічнымі дзівосамі з Фантамасавага чамаданчыку.

Ніхто не ўяўляе і таго, што Папава дачка Наталка разам зь блізьнятамі Карлам і Гіяцынтам рыхтуецца да вырашальнай бітвы са злодзеем Румбуракам і Раксанай, якая выгнала дзяўчынку з хаты. Драма нарастае…

24 (37) «Выпрабавальны палёт» Гонзік з Маржэнкай вяртаюцца ў краіну казак на волатавым капелюшы. А ў сьвеце людзей у гэты час выпраўляюцца ў падарожжа вакол сьвету кабіны фірмы Папа. У падарожжы бяруць удзел маці Гонзіка і ягоная выкладчыца, дацэнт Клугава. Між тым барацьба з Румбуракам дасягае кульмінацыі: дзеці здолелі адабраць у яго зброю і, больш за тое, знайсьці чароўны пярсьцёнак! Нягоднік адлятае ў краіну казак, дзе на ягоным рахунку нямала злачынстваў, сярод якіх і ператварэньне ў вецер бацькі прынца Фрэдзі. Румбурак хоча зьнішчыць залатую кнігу казак, а разам зь ёй і сам падмурак існаваньня краіны казак.

Пана Папа вызваляюць з турмы, а блізьняты Карл і Гіяцынт вяртаюцца да бацькоў, якія нават не здагадваліся пра іхнюю адсутнасьць. Арабэля і Пётар, мяркуючы, што клапоцяцца пра сыноў, апекаваліся двума састарэлымі дворнікамі і іхнімі спрытнымі сабутэльнікамі…

25 (38) «Румбурак супраць Фантамаса» Прагулачная кабіна, якая ляціць вакол сьвету з дапамогай чароўнага бранзалету, трапляе ў краіну казак. Удзельнікі палёту апынаюцца ў каралеўскім замку, дзе сустракаюць Гонзіка і Маржэнку. Візытоўцы становяцца сьведкамі бітвы, у якой Фантамас забівае Румбурака. Дзядзечка Помпа вырашыў выгадаваць ва ўласным агародзе новага Румбурака ў якасьці мужа для пані Мюлеравай.

На прагулачнай кабіне ў сьвет людзей вяртаюцца Гонзік і Маржэнка, а разам зь імі і кароль. Маржэнка і Гонзік, які за час канікулаў меў пісаць новую курсавую працу, вязуць з Пультанэлі чырвоны яблык, каб ператварыць блізьнятаў Арабэлі ў немаўлятаў. Аднак праблема ў тым, што паводле законаў Пультанэлі малыя тут же ператворацца ў матылькоў. Гонзік і Маржэнка не наважваюцца прызнацца, што прывезьлі нікому не патрэбны яблык. Барадатыя блізьняты і не здагадваюцца, што іх чакае. Яны маюць чароўны пярсьцёнак, але яны хаваюць гэта ад родных…

26 (39) «Пан дэкан мяняе думку»

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Milan «gudaulin» Černý. Jana Nagyová (чэс.) Чэска-Славацкая фільмавая база Праверана 21 сакавіка 2013 г.
  2. ^ Čarovné telo princeznej Arabely. Jana Nagyová mala parádnu postavu (славацк.) Superstar. Aktuality.sk (11 студзеня 2013). Праверана 21 сакавіка 2013 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]