Вояджэр-1

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вояджэр-1

«Во́яджэр-1» (па-ангельску: Voyager 1) — амэрыканскі касьмічны апарат для дасьледаваньняў далёкіх плянэт Сонечнай сыстэмы. 15 жніўня 2006 году[1] «Вояджэр-1» мінуў адзнаку ў 100 а. а. (~15 млрд км) ад Сонца і зьяўляецца самым выдаленым прадметам, створаным чалавечымі рукамі. Хуткасьць яго аддаленьня ад Сонечнай сыстэмы — 539 млн км у год.

Гісторыя місіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Вояджэр-1» стартаваў 5 верасьня 1977 году. Для яго была абраная карацейшая траса, чым для «Вояджэра-2»: «Вояджэр-1» павінен быў наведаць толькі Юпітэр і Сатурн. Працягласьць місіі першапачаткова была вызначаная ў 5 гадоў.

5 сакавіка 1979 году — «Вояджэр-1» дасягнуў плянэты Юпітэр.

12 лістапада 1980 году — праляцеў на мінімальнай адлегласьці ад Сатурна.

Касьмічны апарат мінуў у сыстэме Юпітэра зблізку яго спадарожнікаў Іё і Каліста, а ў сыстэме Сатурна — каля яго спадарожнікаў Тытана, Рэі і Мімаса. Пасьля сустрэчы з Сатурнам «Вояджэр-1» пакінуў плоскасьць экліптыкі.

15 лістапада 2003 году — «Вояджэр-1» дасягнуў межаў Сонечнай сыстэмы: апарат апынуўся ў зоне дзеяньня турбулентнасьці, якая ўзьнікае пры сутыкненьні сонечнага ветру і міжзоркавага асяродзьдзя.

24 траўня 2005 году на канфэрэнцыі ў Новым Арлеане прадстаўнікі НАСА абвясьцілі, што «Вояджэр-1» пакінуў вобласьць, званую лімітаваным (канчатковым) ударам (або вобласьць ударнага тармажэньня). Гэта вобласьць, дзе сонечны вецер тармозіцца перад сустрэчай з вонкавым асяродзьдзем з хуткасьці 1,1—2,4 млн км/г і становіцца больш шчыльным і цёплым. Пакінуўшы гэтую вобласьць, апарат набліжаецца да геліяпаўзы — мяжы Сонечнай сыстэмы — тамака, дзе сонечны вецер зьліваецца зь міжзоркавым асяродзьдзем.

З чэрвеня 2010 году ўплыў сонечнага ветру стаў пасьлядоўна набліжаўся да нуля[2].

13 сьнежня 2010 году «Вояджэр-1» увайшоў у зону, у якой уздзеяньне сонечнага ветру роўна нулю, гэта значыць ён дасягнуў меж Сонечнай сыстэмы. Адлегласць, якую ён праляцеў на сярэдзіну сьнежня 2010 году, складала прыблізна 116,38 а. а. (17,41 млрд км)[3].

У сьнежні 2011 году апарат «Вояджер-1» быў прыкладна ў 119 а. а. (17,8 млрд км) ад Сонца[4] і дабраўся да так званага рэгіёна стагнацыі — апошняй мяжы, якая адлучае апарат ад міжзоркавай прасторы. Вобласць стагнацыі ўяўляе сабою рэгіён з даволі моцным магнітным полем (індукцыя рэзка ўзрасла амаль у два разы ў параўнаньні з папярэднімі значэньнямі) — ціск зараджаных часціц з боку міжзоркавай прасторы прымушае поле, створанае Сонцам, ушчыльняцца. Акрамя гэтага апарат зарэгістраваў рост колькасьці высокаэнергетычных электронаў (прыкладна ў 100 раз), якія пранікаюць у Сонечную сыстэму зь міжзоркавай прасторы.

14 чэрвеня 2012 году апарат выйшаў на мяжу міжзоркавай прасторы. Датчыкі аўтаматычнай станцыі зафіксавалі рэзкі рост узроўню галактычных касьмічных прамянёў — высокаэнергетычных зараджаных часціц міжзоркавага паходжаньня. Акрамя таго, датчыкі зонда зафіксавалі рэзкае зьніжэнне колькасці зараджаных часціц, ідучых ад Сонца. Гэтыя дадзеныя прымушаюць навукоўцаў меркаваць, што «Вояджэр» набліжаецца да мяжы Сонечнай сыстэмы. Хоць апарат яшчэ знаходзіцца ўсярэдзіне геліясфэры, навукоўцы чаклі, што неўзабаве ён выйдзе ў міжзоркавую прастору[5].

У канцы жніўня 2012 году датчыкі апарата зафіксавалі рэзкае зьніжэнне рэгіструемых часціц сонечнага ветру. У адрозненьне ад папярэдніх падобных выпадкаў, у гэты раз тэндэнцыя да зніжэньня захоўвалася (па стане на пачатак кастрычніка 2012 году). Гэта ў тым ліку магло азначаць, што «Вояджэр-1» апынуўся ў міжзоркавай прасторы.[6]

20 сакавіка 2013 году было абвешчана, што «Вояджэр-1», магчыма стаў першым створаным чалавекам аб’ектам, які пакінуў Сонечную сыстэму 25 жніўня 2012 году. У той жа час працягваюцца дыскусіі пра тое, ці дасягнуў апарат міжзорнай прасторы ці знаходзіцца ў раней невядомай частцы Сонечнай сыстэмы.[7]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]