Вакідзасі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вакідзасі пэрыяду Эда

Вакідзасі (вакідзашы; па-японску: 脇差, わきざし) — кароткі традыцыйны японскі меч. У асноўным выкарыстоўваўся самураямі й насіўся на поясе. Часта яго насілі разам з катанаю затыкаючы за пояс лязом угору.

Даўжыня клінка — ад 30,3 да 60,6 см [1]. Агульная даўжыня зь дзяржальняю складае прыкладна 50—85 см.

Адналязовы клінок малой крывулі. Вакідзасі паглядае па форме на катану. Вакідзасі вырабляўся з дзукураю (афармленьнем) рознае формы й даўжыні, звычайна больш тонкім, чым у катаны. Ступень пукатасьці перасеку клінка вакідзасі нашмат менш, таму ў параўнаньні з катанаю гэты меч рэзаў мяккія аб’екты больш рэзка. Дзяржальня вакідзасі клясычнае перасекі, такая ж, як у катаны, але меншае даўжыні.

Часта мячы вакідзасі й катана рабіў адзін майстар, мячы мелі якаснае афармленьне й адзін стыль. Гэтую пару мячоў клічалі дайсё, што ў перакладзе значыць «доўгі — кароткі» ці «вялікі — малы». А калі мячы вырабляліся рознымі майстрамі, то іх ужо нельга было зваць дайсё. У пары дайсё вакідзасі ўжываўся ў якасьці кароткага мяча (сёта)[2].

Для зручнага нашэньня некалькіх мячоў (катаны, вакідзасі й танто), японцамі былі прыдуманы розныя спосабы нашэньня мячоў. Мячы фіксаваліся з дапамогай шнура саґэа, што прасоўваецца праз клямку курыґата, што знаходзілася на адным баку похваў. Такія спосабы фіксацыі не давалі мячу зваліцца на зямлю або жа страціцца, і пры тым пакідалі торс вольным. Вакідзасі прынята заўсёды насіць у ножнах, закладзенымі за пояс (обі) з такога куту, які хавае ад суперніка даўжыню ляза. Такі спосаб нашэньня ў грамадстве сфармаваўся пасьля сканчэньня войнаў пэрыяду Сэнґоку ў пачатку XVII стагодзьдзя, калі насіць зброю стала больш традыцыяю, чым вайсковаю неабходнасьцю[3].

Самураі выкарыстоўвалі вакідзасі ў якасьці зброі тады, калі катана была недаступная або недастасоўная. У раньнія пэрыяды японскае гісторыі кінжал танто насіўся замест вакідзасі. А таксама калі самурай апранаў дасьпех, замест катаны й вакідзасі звычайна ўжываўся тачы й танто. Уваходзячы ў памяшканьне, ваяр пакідаў катану ў слугі альбо на катанакакэ. Вакідзасі заўсёды насіўся пры сабе і яго здымалі толькі ў выпадку, калі самурай заставаўся на працяглы пэрыяд часу. Бусі часта клічылі гэты меч «ахоўнікам свайго гонару». Некаторыя школы фэхтаваньня вучылі выкарыстоўваць і катану, і вакідзасі адначасова.

У адрозьненьне ад катаны, якую маглі насіць толькі самураі, вакідзасі быў дазволены купцам і рамесьнікам. Яны выкарыстоўвалі гэты меч у якасьці паўнавартаснае зброі.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Бажэнаў А. Г. Гісторыя Японскага Мяча. — Санкт-Пецярбург: «Выдавецкі дом „Балтыка"», 2001. — С. 124. — ISBN 5901555015
  2. ^ Лайблэ Т. Меч. Вялікая ілюстраваная энцыкляпэдыя. / Пераклад зь ням. — М.: Омега, 2008. — С. 164—170.
  3. ^ osae-dojo.ru Японскія мячы (рас.). osae-dojo.ru. Праверана 2017-07-01 г.