Бружмель

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бружмель
Капрыфоль (2010 г.)
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваРасьліны
ПадцарстваЗялёныя
ГрупаСтраптафіты
РазьдзелСтрэптафітныя
ТыпВышэйшыя
ПадтыпСсудзінныя
НададдзелНасенныя
АддзелКветкавыя
КлясаДвухдольныя
АтрадВарсянкакветныя
СямействаБружмелевыя
Бінамінальная намэнклятура
Lonicera Карл Лінэй

Бружмельрод кветкавых расьлінаў сямейства бружмелевых.

Налічвае звыш 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласьцях Паўночнага паўшар’я, у Паўднёвым паўшар’і — у Андах. Род бружмель прадстаўлены хмызьнякамі зь ліку лістападных і шматгадовазялёных прамастойных, сьцелістых, іншы раз павойных. Зрэдку сустракаюцца невялікія дрэўцы і ліяны. Лісьце простае, суцэльнае або лопасьцевае, супраціўнае, на чаранках, сядзячае або зрослае асновамі, суцэльнакрайняе. Кветкі няправільныя, рознага адценьня, разьмяшчаюцца парамі на кароткіх пазушных кветканосах. Радзей кветкі месьцяцца ў складаных паўпарасоніках, што ўтвараюць несапраўдныя кальчакі, галоўчатыя або коласападобныя суквецьці. Вяночак трубчаста-лейкападобны, часта двухгубы. Плады — сакаўныя, свабодныя або зрослыя парамі ягады (у некаторых відаў ядомыя). Паводле прызначэньня сярод відаў роду бружмель вылучаюць: дэкаратыўныя, лекавыя (ірвотныя і слабільныя), меданосныя і тэхнічныя расьліны[1].

Ягады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьпелыя ягады маюць уласьцівасьць ападаць з хмызьняка. Ягады бружмелю багатыя на аскарбінавую кісьлю (вітамін С) і такія мікраэлемэнты, як ёд, марганец і медзь. Цёмна-фіялетавыя ягады з шызым налётам маюць густы фарбавальны сок і прадаўгаватую форму. Смак ягадаў кісла-салодкі[2].

Вырошчваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для вырошчваньня бружмеля падыходзіць лёгкая глеба без застою вады, асьветленае або трохі зацененае месца, абароненае ад ветру. Хмызьнякі бружмелю высаджваюць увосень на адлегласьці прынамсі 2 мэтраў адзін ад аднаго ў ямы дыямэтрам і глыбінёй 50 см. Перагной уносяць увосень і раньняй вясной. Разгалінаваныя хмызьнякі дасягаюць вышыні 2 мэтраў з бурай карой, што лупіцца, і апушчаным даўгаватым лісьцем. У пачатку траўня на хмызьняках бружмелю зьяўляюцца жоўтыя кветкі, якія вабяць водарам вусякоў. Квітненьне цягнецца месяц[2].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Беларусі трапляецца 1 дзікарослы від — звычайны бружмель — як падлесак у хвойных і мяшаных лясах на паўднёвай мяжы арэалу. У зялёнае будаўніцтва ўвялі звыш 60 відаў, сярод якіх найбольш вядомыя 8 відаў бружмелю: альпійскі, алтайскі, гарбаты, капрыфоль, павойны, татарскі і ядомы[1].

Бружмель ёсьць найбольш раньняй ягадай, што пачынае высьпяваць у садах Беларусі. Высьпяваньне пладоў расьцягнута да ліпеня. Сярод пашыраных у Беларусі ягадаў бружмель займае 2-е месца пасьля чорных парэчак паводле насычанасьці вітамінам С (аскарбінавая кісьля)[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Бружмель // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3. — С. 264-265. — 511 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0068-4
  2. ^ а б в Ірына Тамковіч. Бружмель — раньняя ягада // Крынічка. — 12 верасьня 2013. — № 27 (485). — С. 5.