Боб Марлі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Боб Марлі
па-ангельску: Bob Marley
Дата нараджэньня 6 лютага 1945(1945-02-06)[1][2][3][…]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 11 траўня 1981(1981-05-11)[1][2][3][…] (36 гадоў)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці мэлянома[4]
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак аўтар-выканаўца, сьпявак, гітарыст, кампазытар
Жанры рэгі, ска[d] і rocksteady[d]
Вакал тэнар[d]
Інструмэнты гітара і голас[d]
Лэйблы Studio One[d], Beverley's[d], Wail N Soul M[d], Upsetter Records[d], Island Records[d][2], Trojan Records[d] і Tuff Gong[d]
Бацька Norval Marley[d]
Маці Cedella Booker[d]
Дзеці Ziggy Marley[d], Cedella Marley[d], Stephen Marley[d], Rohan Marley[d], Julian Marley[d], Ky-Mani Marley[d], Damian Marley[d] і Sharon Marley[d]
Узнагароды
Сайт bobmarley.com (анг.)
Боб Марлі на канцэрце ў Цюрыху, Швайцарыя 30 траўня 1980 году

Ро́бэрт Нэста Ма́рлі (па-ангельску: Robert Nesta Marley; 6 лютага 1945 — 11 траўня 1981), больш вядомы як Боб Ма́рлі (Bob Marley) — ямайскі сьпявак, гітарыст, песеньнік і актывіст. Ён зьяўляецца найбольш вядомым выканаўцам у стылі рэгі, славуты сваёй папулярызацыяй гэтага жанру па-за межамі Ямайкі. Значная частка ягоных песень прысьвечаныя барацьбе супраць расавага і сацыяльнага прыгнёту. Таксама Марлі вядомы як песеньнік-прапаведнік.

Ён быў мужам Рыты Андэрсан Марлі, якая часта выступала на падпеўках на яго канцэртах. Ад яе ён меў 4 зь вядомых 9 яго дзяцей, уключаючы Зіґі Марлі і Стывэна Марлі, якія працягнулі музычную дынастыю ў сваёй групе Melody Makers. Яго іншы сын, Дэміян Марлі (aka Jr Gong), таксама распачаў музычную кар’еру.

Палітычныя і рэлігійныя погляды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Марлі быў вядомы сваёй прыналежнасьцю да рэлігіі растафарыянства, да якой ён прыйшоў праз сваю жонку Рыту. Боб Марлі быў вучням прапаведніка Мортымэра Плянэра, і сам дэ-факта стаўся місіянэрам растафарыйскай веры, прыцягнуўшы да яе сусьветную ўвагу. Праз сваю музыку ён прапаведаваў братэрства і мір паміж усімі людзьмі. Напрыканцы свайго жыцьця Боб Марлі быў кананізаваны Этыёпскай праваслаўнай царквой пад іменем Бэрганэ Сэлясы.

Як раста, Боб Марлі быў актыўным абаронцам ідэі легалізацыі марыхуаны, якая ў растафарыянстве ўжываецца для сакральных мэтаў. На вокладцы альбому Catch a Fire Марлі паліць вялікую цыгарэту з марыхуаны, сьпірытуальнае ўжываньне марыхуаны згадваецца ў многіх яго песьнях.

Раньнія гады жыцьця[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Боб Марлі нарадзіўся 6 лютага 1945 году ў мястэчку Найн Майл, Ямайка. Яго бацька, Норвал Марлі, быў белым, ангельскага паходжаньня, наглядальнікам за плянтацыямі, маці — Сыдыла Букер, чорная дзяўчына з поўначы краіны. Сыдыл і Норвал павінны былі пабрацца шлюбам у 1944 годзе, аднак за тыдзень перад вясельлем Норвал кінуў цяжарную маладую, сказаўшы, што цяжкасьці са здароўем вымушаюць яго зьмяніць працу і зьехаць у Кінгстан. Норвал як сьлед так і ня ведаў свайго сына праз пагардлівае стаўленьне белае вышэйшае клясы да сваіх дзяцей ад чорных.

Музычная кар’ера[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачатак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Боб Марлі пачаў свае музычныя пошукі ў жанры ска і пазьней перамясьціўся да рэгі. Больш за ўсё Марлі вядомы сваёй творчасьцю з калектывам «The Wailers», у які ўваходзілі два іншыя славутыя рэгі-музыкі, Бані Ўэйлер (aka Bunny Livingston) і Пітэр Тош, якія потым абодва пакінулі гурт і сталі пасьпяховымі сола-выканаўцамі.

Творчасьць Марлі прывяла да акцэптацыі культурным мэйнстрымам па-за межамі Ямайкі рэгі як музычнага стылю. У 1971 годзе ён падпісаў кантракт з на той час уплывовай і прагрэсіўнай гуказапісвальнай кампаніяй Island Records. У 1975 годзе выйшаў першы сапраўдны гіт аўтарства Марлі — песьня «No Woman, No Cry».

У 1976 годзе, за два дні да заплянаванага бясплатнага канцэрту, арганізаванага Бобам Марлі і будучым прэм’ер-міністрам Ямайкі Майклам Мэнлі ў рамках выбарчае кампаніі, сьпявак, яго жонка і мэнэджар Дон Тэйлар былі абстраляныя.

Пазьнейшая кар’ера[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Боб Марлі пакінуў Ямайку напрыканцы 1976 году і пераехаў у Вялікабрытанію, дзе запісаў альбомы Exodus і Kaya, і дзе быў скандальна арыштаваны з джойнтам марыхуаны. У альбоме Survival (1979) ён выдаў песьню «Africa Unite» («Афрыка, яднайся!»), пасьля чаго быў запрошаны выступіць на сьвяткаваньні Дня незалежнасьці Зымбабвэ 17 красавіка 1980 году.

Альбом «Rastaman Vibration» набыў вялікую папулярнасьць у гіт-парадах ЗША. Посьпех ягонае музыкі, а таксама дзейнасьць на ніве міратворчасьці зрабілі Марлі сапраўднай зоркаю. Стыві Вандэр у сваім альбоме Hotter than July запісаў вядомы трыб’ют на песьню Боба Марлі — «Master Blaster (Jammin)».

Змаганьне з ракам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дыягназ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У ліпені 1977 году ў Марлі знайшлі ранку на вялікім пальцы правае нагі, якую спачатку палічылі футбольнаю траўмай. У далейшым выявілася, што Марлі хварэў на разнавіднасьць раку скуры. Марлі рэкамэндавалі ампутаваць палец, але ён адмовіўся праз растафарыйскі пастулят, што ўсе лекары — самфаі, махляры, якія выдаюць сябе за варажбітоў. Таксама яго непакоіў уплыў апэрацыі на яго здольнасьць танцаваць, ампутацыя магла адбіцца на яго кар’еры ў той час, калі сапраўдны посьпех, мажліва, быў яшчэ наперадзе. Тым ня меней, Марлі абгрунтаваў сваю адмову ад лячэньня растафарыйскай верай, сказаўшы ў песьні, «Rasta no abide amputation. I don't allow a man to be dismantled.» («Раста ня вытрывае ампутацыі. Я не дазволю чалавеку пазбавіцца»), «Catch a Fire», Тыматы Вайт) Яму правялі апэрацыю па выразаньні ракавых клетак, публіцы аб хваробе не паведамлялі.

Пагаршэньне хваробы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ракавая пухліна паразіла галаўны мозаг сьпевака, яго ныркі і страўнік. Падчас туру ў ЗША ўлетку 1980 году, на прабежцы ў Цэнтральным Парку Нью-Ёрку Марлі губляе прытомнасьць. Хвароба не дазволіла яму працягнуць турнэ, ён быў вымушаны зьехаць у Мюнхэн на лячэньне.

Сьмерць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За месяц да сьмерці Боб Марлі атрымаў ямайскі ордэн «За заслугі». Ён хацеў правесьці апошнія дні жыцьця на радзіме, але здароўе не дазваляла гэтага, і ён зь Нямеччыны пераляцеў у Флорыду.

Марлі адышоў у шпіталі Cedars of Lebanon, Маямі, 11 траўня 1981 году. Перад сьмерцю ён хрысьціўся ў Копцкую праваслаўную царкву і ўзяў імя Бэрганэ Сэлясы (па-копцку: «Сьвятло Сьвятой Тройцы»). Яго пахаваньне на Ямайцы спалучала ў сабе рытуалы этыёпскага праваслаўя і растафарыянства. Ён пахаваны ў склепе недалёка ад месца свайго нараджэньня, разам з гітарай, Бібліяй і кветкай канапель.

Спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Музыка Боба Марлі, яго легендарнасьць дагэтуль прыцягвае мільёны прыхільнікаў, ставячы яго ў шэраг культавых музыкаў 20 стагодзьдзя разам з Элвісам Прэсьлі, Джонам Ленанам і Джымам Морысанам. У 1993 годзе імя Боба Марлі было ўнесена ў Залю Славы Рок-н-Ролу. Часопіс Time назваў альбом Марлі і The Wailers Exodus найлепшым альбомам XX стагодзьдзя.

Спрэчкі вакол месца пахаваньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У студзені 2005 году было паведамлена[5], што Рыта Марлі плянавала перапахаваць прах свайго мужа ў Шашаманэ, Этыёпія. Абвяшчаючы гэтае рашэньне, яна казала: «Усё жыцьцё Боб прысьвяціў Афрыцы, а не Ямайцы». Гэтай прапанове моцна супраціўляліся на самой Ямайцы. 60-я ўгодкі нараджэньня Боба Марлі сьвяткаваліся 6 лютага 2005 году ўпершыню ў Шашаманэ, хаця дагэтуль адзначаліся выключна на Ямайцы.

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1976: музычны гурт году (Rolling Stone)
  • чэрвень 1978: мэдаль ААН за Мір у трэцім сьвеце
  • люты 1981: трэці па важнасьці ямайскі ордэн «За заслугі» (Order of Merit)
  • 1999: альбом стагодзьдзя (часопіс Time за альбом «Exodus»)
  • люты 2001: зорка на Галівудзкай Алеі славы
  • люты 2001: узнагарода за дасягненьні ад Grammy (Grammy Lifetime Achievement Award)

Дыскаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Боб Марлісховішча мультымэдыйных матэрыялаў