Блёкчэйн

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Асноўная пасьлядоўнасьць блёкаў (чорныя) зьяўляецца самай доўгай ад пачатковага (зялёны) да цяперашняга. Пабочныя галіны (фіялетавыя) адсякаюцца.

Блёкчэйн (анг. blockchain альбо block chain — «ланцуг блёкаў») — разьмеркаваны рэестар, зьвёны якога зьмяшчаюць зьвесткі пра транзакцыі з пазначэньнем адпраўнікаў і атрымальнікаў[1].

Захоўваецца і зьвяраецца на вузлавых кампутарах усіх раўнапраўных удзельнікаў сеткі[2]. Разьмеркаваная база зьвестак выкананая з адкрытым крынічным кодам[3]. Запісы на ўсіх кампутарах сеткі зьяўляюцца публічнымі і тоеснымі, што забясьпечвае ўстойлівасьць да памылак і адсутнасьць кропак адмовы ды цэнтралізаванага кантролю. Атрымаў распаўсюд з 2008 году[4]. Найчасьцей выкарыстоўваецца пры транзакцыях у крыптавалютах, але блёкі (зьвёны) могуць утрымліваць і іншую інфармацыю. Упершыню тэрмін зьявіўся як назва разьмеркаванай базы зьвестак, рэалізаванай у сыстэме «Біткойн».

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

11 ліпеня 2017 году Кіраўніцтва Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь зацьвердзіла Пастанову № 279, паводле якой дазволіла з 15 ліпеня 2017 году перадачу зьвестак пра банкаўскую гарантыю праз разьмеркаваны рэестар (блёкчэйн). Пагатоў Нацбанк Беларусі стварыў інфармацыйную сетку з разьмеркаваным рэестрам (блёкчэйн), у якой банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі (НКФА) Беларусі маглі стаць уладальнікамі засьведчвальных вузлоў. Разьліковы цэнтар Нацбанка стаў адміністратарам гэтай сеткі. Для самарэгуляваньня сеткі стварылі Савет вузлоў (нодаў), удзельнікі якога атрымалі роўныя правы[4]. 18 ліпеня 2017 году Савет вузлоў інфасеткі банкаў Беларусі правёў першае пасяджэньне, на якім зацьвердзіў Палажэньне «Аб Савеце ўладальнікаў засьведчвальных вузлоў інфармацыйнай сеткі, пабудаванай з выкарыстаньнем тэхналёгіі блёкчэйн». Сярод першых удзельнікаў было ААТ «НКФА "Адзіная разьліковая інфармацыйная прастора"» (АРІП), якое дазваляла ажыцьцяўляць аплату ў касах 23 з 24 камэрцыйных банкаў Беларусі[5]. 24 кастрычніка 2017 году «БПБ-Ашчадбанк» ажыцьцявіў першы ў Беларусі міжнародны разьлік з выкарыстаньнем разьмеркаванага рэестра (блёкчэйн) ў выглядзе акрэдытыва[6].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Што такое біткойн // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 24 ліпеня 2017 г. Праверана 13 лістапада 2017 г.
  2. ^ Маша Калесьнікава. Што такое блокчэйн і навошта ён Нацбанку // Эўрарадыё, 18 ліпеня 2017 г. Архіўная копія ад 18 ліпеня 2017 г. Праверана 13 лістапада 2017 г.
  3. ^ Вадзім Мажэйка. Блёкчэйн для ўраду // Анлайн-часопіс «Ідэя», 2 лістапада 2016 г. Праверана 13 лістапада 2017 г.
  4. ^ а б У Беларусі створана інфармацыйная сетка па тэхналёгіі блёкчэйн // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 17 ліпеня 2017 г. Архіўная копія ад 17 ліпеня 2017 г. Праверана 13 лістапада 2017 г.
  5. ^ АРІП стане часткай інфасеткі Беларусі па тэхналёгіі блёкчэйн // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 19 ліпеня 2017 г. Праверана 13 лістапада 2017 г.
  6. ^ У Беларусі рэалізавана першая міжнародная зьдзелка па тэхналёгіі блёкчэйн // БелТА, 24 кастрычніка 2017 г. Архіўная копія ад 24 кастрычніка 2017 г. Праверана 13 лістапада 2017 г.