Блуд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Блуд (распуста)[1] — цялесная блізкасьць асобаў, якія не знаходзяцца ў законным шлюбе. У хрысьціянстве залічаецца да галоўных грахоў[2] (грахоўных страсьцей). Тлумачыцца ўхіленьнем ад Божага провіду праз ідалапаклонства і нявер’е.

У хрысьціянстве[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У хрысьціянстве прызнаюцца два спосабы ладу жыцьця чалавека ў любадзействе: шлюб і манаства. Блуд як скажэньне адносін паміж мужчынам і жанчынай і закладзенай у іх Боскай мэце ёсьць грэх, бо прадугледжвае толькі дасягненьне пачуцьцёвай раскошы для сябе або для абодвух. Пры ўвасабленьні ў выглядзе намеру і жарсьці блуд замахваецца на чысьціню і цнатлівасьць чалавека. Да блуду прылічаюцца таксама прастытуцыя, гомасэксуальныя адносіны і крывезьмяшэньне.

У Старым Запавеце[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Старым Запавеце 7-я запаведзь Майсеева — «не распусьнічай» (гл. Вых.20: 14; Паўт.5: 18) — не праводзіць выразнай мяжы паміж паняцьцямі пералюбы і распусты, таму гэтая запаведзь ставіцца да ўсіх выпадкаў парушэньня палавой маралі.

Блуд у Новым Запавеце[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Новым Запавеце прысутнічаюць значна больш строгія паняцьці пра цнатлівасьць, пра стаўленьне да цела, адпаведныя высокаму прызначэньню чалавека — яднаньню з Богам: цела не для распусты, а для Бога, і Бог для цела (1Кар.6: 13). Апостал Павал называе цела храмам які жыве ў хрысьціянах Сьвятога Духа (гл. 1Кар.6: 19) і супрацьпастаўляе лад жыцьця грэшніка (які робіцца адным целам з блудніцай), злучэньню верніка зь Целам Хрыста — Яго Царквой (гл. 1Кар.6: 15-17). Хрыстос зьвяртае ўвагу на тое, што пералюб (як і блуд) зьдзяйсьняецца перш за ўсё ў сэрцы чалавека, г.зн. у думках і пачуцьцях: Хто глядзіць на жанчыну з пажадаю, ужо ўчыніў пералюб зь ёю ў сэрцы сваім (Мф.5: 28). Распуста паказваецца Хрыстом у ліку злых намераў, якія выходзяць з сэрца і апаганьваюць чалавека (гл. Мф.15: 19; Мк.7: 21), цнатлівасьць жа апостал Павал называе Божым асьвячэньнем хрысьціян (гл. 1Сал.4: 3-5). Таму распуста і ўсялякая нечысьць не павінныя нават называцца ў хрысьціян, як прыстойна сьвятым (Еф.5: 3). У сувязі з гэтым вызначаецца лёс блудадзеяў і пералюбцаў, якія Царства Божага не спадкуюць (1Кар.6: 9-10; пар .: Адкр.22: 15), бо блуд разбэшчвае душу і цела, астуджае чалавека ў яго імкненьні да Бога, разлучае з Богам.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]