Беларуская валютна-фондавая біржа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беларуская валютна-фондавая біржа
Тып фондавая біржа
Разьмяшчэньне Менск, Беларусь
Заснаваная 23 сьнежня 1998 (25 гадоў таму)
Уладар Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь
Ключавыя асобы Пётар Мамановіч, Андрэй Аўхіменя[1]
Валюта Беларускі рубель
Колькасьць лістынгаў 67 (2014)[2]
РынКап 188,863 млрд рублёў ($90,421 млрд; 2019 год)[3]
Аб'ём 766,6 млн рублёў ($367,023 млн; 2019 год)[4]
Сайт bcse.by

Беларуская валютна-фондавая біржа (БВФБ) — фондавая біржа, заснаваная ў 1998 годзе ў Менску.

Ёсьць адзіным дапушчальным паводле закону месцам гандлю беларускімі ўрадавымі каштоўнымі паперамі. З кастрычніка 2004 году ладзіць заключэньне тэрміновых дамоваў, са сьнежня 2007 году — гандаль замежнай валютай. Знаходзіцца па адрасе: г. Менск, вул. Сурганава, д. 48а. Паводле Статуту, мэтай біржы ёсьць ладжаньне рэгулярнага гандлю валютай, каштоўнымі паперамі і іх вытворнымі ды забесьпячэньне ўмоваў для вызначэньня іх цаны. Ажыцьцяўляе захоўваньне і ўлік каштоўных папераў ды разьлікі па іх.

Кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сход. Правамоцны пры наяўнасьці ўдзельнікаў з больш як 50% акцыяў. Ухваляе пастановы простай большасьцю галасоў прысутных. Штогод абірае Раду і Рэвізійную камісію, вызначае памер заробкаў іх сябраў і каштарыс выдаткаў і ўкладаньняў. Штоквартал вызначае выплату дывідэндаў(en) акцыянэрам.
  • Рада. Налічвае 10 асобаў. Правамоцны пры ўдзеле больш як паловы сябраў. Ухваляе пастановы простай большасьцю галасоў прысутных. Зацьвярджае аўдытара, дэпазытара і ацэньвальніка. Заключае дамовы і наймае Ўправу. Ухваляе памеры камісійнай узнагароды і біржавых збораў.
  • Управа. Налічвае 5 асобаў. Правамоцная пры ўдзеле паловы сябраў. Ухваляе пастановы простай большасьцю галасоў прысутных. Вызначае памер заробкаў і расклад працы супрацоўнікаў.
  • Рэвізійная камісія. Штогод да сакавіка правярае леташнюю грашовую дзейнасьць біржы.

Умовы дамоваў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У дамове аб каштоўных паперах маюць згадвацца:

  • від дамовы;
  • поўнае найменьне ды месцазнаходжаньне пакупніка;
  • поўнае найменьне прадпрыемства-выдаўца, від, катэгорыя ды тып каштоўнай паперы;
  • абмежаваньні ў ажыцьцяўленьні дамовы ў выглядзе закладу каштоўных папераў або выкананьня прадаўцом статуту закрытага акцыянэрнага таварыства;
  • намінальны кошт каштоўнае паперы;
  • колькасьць каштоўных папераў;
  • цана адной каштоўнае паперы;
  • сума дамовы;
  • парадак разьлікаў[5].

Лістынг акцыяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Правілаў лістынга каштоўных папераў на БВФБ, на сьнежань 2015 г. допуск да лістынга «А» 1-га (найвышэйшага) узроўню ажыцьцяўляўся пры адпаведнасьці прадпрыемства 7 умовам: 1) прынамсі 3-гадовы тэрмін дзейнасьці, 2) прынамсі 1000 акцыянэраў, 3) кошт чыстых актываў прынамсі 10 млн эўра; 4) валоданьне адной асобай ня больш як 75% простых імянных акцыяў; 5) адсутнасьць стратаў за папярэднія 2 гады; 6) штоквартальная (кожныя 3 месяцы) падача бухгальтарскага балянсу(en); 7) падача цягам 2 працоўных дзён ад часу ажыцьцяўленьня зьвестак аб зьмене выпуску акцыяў і арганізацыйнай будовы, набыцьці звыш 75% простых імянных акцыяў адной асобай. Допуск да лістынга «А» 2-га (сярэдняга) узроўню ажыцьцяўляўся пры адпаведнасьці прадпрыемства 6 умовам: 1) прынамсі гадавы тэрмін дзейнасьці; 2) прынамсі 500 акцыянэраў; 3) кошт чыстых актываў прынамсі 1 млн эўра; 4) адсутнасьць стратаў за папярэднія 2 гады; 5) штоквартальная падача бухгальтарскага балянсу; 6) падача цягам 2 працоўных дзён ад часу ажыцьцяўленьня зьвестак аб зьмене выпуску акцыяў і арганізацыйнай будовы. Пагатоў бухгальтарскі балянс меў падавацца: за папярэдні год — не пазьней за 15 красавіка, за 1-ы квартал (студзень—сакавік) — не пазьней за 31 траўня, за 2-і квартал (красавік—чэрвень) — не пазьней за 15 жніўня, за 3-і квартал (ліпень—верасень) — не пазьней за 15 лістапада[6].

На сьнежань 2015 году да лістынга «А» 1-га (найвышэйшага) узроўню меў допуск толькі Беларусбанк (з 6 сакавіка 2009 году)[7]. Да лістынга «А» 2-га (сярэдняга) узроўню мелі допуск 7 прадпрыемстваў: «Белзаавэтзабпрам» (з 27 сакавіка 2003 году)[8], «Белсантэхмантаж № 1» (з 18 красавіка 1997 году)[9], «Будтрэст № 3» (Салігорск, Менская вобласьць; з 16 траўня 1997 году)[10], «Рамспэцбуд» (Мазыр, Гомельская вобласьць; з 30 верасьня 1999 году)[11], «Сьвітанак» (Жодзін, Менская вобл.; з 5 студзеня 1995 году)[12], «Сукно» (з 31 сакавіка 1994 году)[13], «Спэцыялізаваная рамонтна-будаўнічая ўправа № 3» (Наваполацак, Віцебская вобласьць; з 15 сакавіка 1999 году)[14].

Разьмяшчэньне аблігацыяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Юрыдычным асобам дазваляецца выпускаць аблігацыі пры кошце чыстых актываў(en) у прынамсі 100 тыс. базавых велічыняў (100 тыс. рублёў×100 тыс.=10 млрд. руб.>$1158 тыс.) ды адсутнасьці стратаў ад збыту цягам 2 папярэдніх гадоў[15][16].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Устаноўчая нарада біржы адбылася 23 сьнежня 1998 году. 29 сьнежня Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт пастановай № 1437 занёс адкрытае акцыянэрнае таварыства у Рэестар дзяржаўнай рэгістрацыі за № 23904[17]. За 2008 год аб’ём дамоваў з акцыямі склаў 201 млрд рублёў[18] ($93,5 млн). На 3 жніўня 2009 году на біржы гандлявалі акцыямі 157 беларускіх прадпрыемстваў[19]. У 2010 годзе штодзень заключалася 10 дамоваў. З 1 студзеня 2011 году дазволілі перапродаж паёў акцыянэрных таварыстваў, што на 18 лютага павялічыла заключэньне дамоваў да 100 на дзень пры наяўнасьці каля 60 улічаных брокераў[20].

У 2014 годзе абсяг гандлю паямі прадпрыемстваў упаў да 479,739 млрд руб[21] (2014; $46,757 млн)[22]. За 2015 год рынкавая капіталізацыя паёў прадпрыемстваў на БВФБ вырасла да 9104,427 млрд руб[23] (2015; $497,809 млн)[24].

У 2019 годзе абсяг гандлю на БВФБ упаў на 0,4% да 29,77 млрд рублёў ($14,253 млрд). Зь іх гандаль аблігацыямі скараціўся на 0,5% да 29 млрд рублёў ($13,884 млрд). Гандаль паямі больш як 4000 акцыянэрных таварыстваў вырас на 6,7% да 766,6 млн рублёў ($367,023 млн) і склаў менш за 3% рынку каштоўных папераў на БВФБ. Урад Беларусі валодаў 90% усіх паёў у абарачэньні. Рост гандлю паямі прадпрыемстваў стрымлівала пераважнае права іх набыцьця мясцовымі выканкамамі[4].

За 2021 год біржавы рынак каштоўных папераў скараціўся на амаль 40 % з 12,5 млрд рублёў (5,079 млрд даляраў) да 7,552 млрд рублёў (2,974 млрд даляраў). Сярэдняя сума ўгоды ўпала з 979,8 рублёў да 574,4 рублёў. Пры гэтым, агульны лік угодаў вырас на 3,41 % з 12 716 у 2020 годзе да 13 149 у 2021-м. Рынак аблігацыяў зьменшыўся на амаль 40 % да 7,5 млрд рублёў, хоць лік угодаў вырас на 5 % да 10 386 (82 % усіх угодаў). Рынак паёў прадпрыемстваў упаў на амаль 52 % да 51 млн рублёў (0,7 % біржавога рынку Беларусі) пры скарачэньні ліку ўгодаў на 3 % да 2763-х[25].

18 сакавіка 2022 году ўвялі штодзённы абмен беларускіх рублёў і кітайскіх юаняў[26].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Органы кіраваньня (рас.) // ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа», 2020 г. Праверана 9 лютага 2020 г.
  2. ^ Рынак акцыяў // Гадавая справаздача за 2014 год = Годовой отчёт за 2014 год. — Менск: Беларуская валютна-фондавая біржа, 2015. — С. 31-41. — 56 с.
  3. ^ Капіталізацыя рынку акцыяў на 31.12.2019 (рас.) // ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа», 31 сьнежня 2019 г. Праверана 9 лютага 2020 г.
  4. ^ а б БелаПАН. У 2019 годзе ў Беларусі скараціўся аб’ём зьдзелак на рынку каштоўных папераў // Радыё «Рацыя», 5 лютага 2020 г. Праверана 9 лютага 2020 г.
  5. ^ Пастанова Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь ад 12 верасьня 2006 г. № 112 «Аб рэгуляваньні рынка каштоўных папераў» (рас.). Беларуская валютна-фондавая біржа (30 лістапада 2010). Праверана 29 жніўня 2011 г.
  6. ^ Аляксандар Гальперын. Пратакол Назіральнай рады ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа» ад 5 сакавіка 2009 г. № 7 (рас.) // Беларуская валютна-фондавая біржа, 26 студзеня 2015 г. Праверана 29 сьнежня 2015 г.
  7. ^ Простыя (звычайныя) акцыі ААТ «ААБ Беларусбанк» (Беларусбанк А 16) (рас.) // Беларуская валютна-фондавая біржа, 29 сьнежня 2015 г. Праверана 29 сьнежня 2015 г.
  8. ^ Простыя (звычайныя) акцыі ААТ «Белзаавэтзабпрам» (БЗВСП А 1) (рас.) // Беларуская валютна-фондавая біржа, 29 сьнежня 2015 г. Праверана 29 сьнежня 2015 г.
  9. ^ Простыя (звычайныя) акцыі ААТ «Трэст "Белсантэхмантаж"» (БСМ-1 А 1) (рас.) // Беларуская валютна-фондавая біржа, 29 сьнежня 2015 г. Праверана 29 сьнежня 2015 г.
  10. ^ Простыя (звычайныя) акцыі ААТ «Будтрэст № 3» (Стройтрест-3 А 1) (рас.) // Беларуская валютна-фондавая біржа, 29 сьнежня 2015 г. Праверана 29 сьнежня 2015 г.
  11. ^ Простыя (звычайныя) акцыі ААТ «Рамспэцбуд» (Ремспецстрой А 1) (рас.) // Беларуская валютна-фондавая біржа, 29 сьнежня 2015 г. Праверана 29 сьнежня 2015 г.
  12. ^ Простыя (звычайныя) акцыі ААТ «Сьвітанак» (СвитанакЖодино А 1) (рас.) // Беларуская валютна-фондавая біржа, 29 сьнежня 2015 г. Праверана 29 сьнежня 2015 г.
  13. ^ Простыя (звычайныя) акцыі ААТ «Сукно» (Сукно А 1) (рас.) // Беларуская валютна-фондавая біржа, 29 сьнежня 2015 г. Праверана 29 сьнежня 2015 г.
  14. ^ Простыя (звычайныя) акцыі ААТ «СРБУ № 3» (СРСУ-3 А 1) (рас.) // Беларуская валютна-фондавая біржа, 29 сьнежня 2015 г. Праверана 29 сьнежня 2015 г.
  15. ^ А.Лукашэнка. Указ № 277 ад 28 красавіка 2006 г. // Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Праверана 12 красавіка 2013 г.
  16. ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 красавіка 2006 г. № 277 (рас.) // Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, 4 кастрычніка 2012 г. Праверана 12 красавіка 2013 г.
  17. ^ Тарас Надольны, Павал Цэхановіч. Статут адкрытага акцыянэрнага таварыства «Беларуская валютна-фондавая біржа» (рас.) // Беларуская валютна-фондавая біржа, 16 красавіка 2012 г. Праверана 12 красавіка 2013 г.
  18. ^ Павал Берасьнеў. У 25,6 раза вырас аб’ём зьдзелак з акцыямі на біржы // Зьвязда : газэта. — 7 красавіка 2009. — № 64 (26422). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  19. ^ Сяргей Валяк. За апошнія дзесяць гадоў на руках у насельніцтва назапасілася нямала акцыяў // Белтэлерадыёкампанія, 3 жніўня 2009 г. Праверана 13 красавіка 2013 г.
  20. ^ Іван Міхайлаў. Беларускі фондавы рынак выйшаў са сьпячкі // Белтэлерадыёкампанія, 18 лютага 2011 г. Праверана 13 красавіка 2013 г.
  21. ^ Аб'ём гандлю за 2014 год (рас.) // Беларуская валютна-фондавая біржа, 2015 г. Праверана 29 сьнежня 2015 г.
  22. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2014 год (10 260,18 рублёў за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2015 г. Праверана 29 сьнежня 2015 г.
  23. ^ Капіталізацыя рынка акцыяў на 28 сьнежня 2015 г. (рас.) // Беларуская валютна-фондавая біржа, 28 сьнежня 2015 г. Праверана 29 сьнежня 2015 г.
  24. ^ Афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, які ўстанаўліваецца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь штодзённа, на 28.12.2015 (18 289 рублёў за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 28 сьнежня 2015 г. Праверана 29 сьнежня 2015 г.
  25. ^ У Беларусі біржавы рынак каштоўных папер упаў на 40% у 2021 годзе // Радыё «Рацыя», 6 студзеня 2022 г. Праверана 9 студзеня 2022 г.
  26. ^ Таргі юанямі пачнуць праводзіць на Беларускай валютна-фондавай біржы // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 16 сакавіка 2022 г. Праверана 17 сакавіка 2022 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]