Балта-славянскія мовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
балта-славянская група
Народнасьць балты, славяне
Арэал Усходняя, Паўднёвая, Паўночная Эўропа
Лінгвістычная клясыфікацыя Індаэўрапейская сям’я
  • Балта-славянская група
Склад

Краіны, дзе балцкія й славянскія мовы зьяўляюцца моваю большасьці.

     балцкія

     усходнеславянскія

     заходнеславянскія

     паўднёваславянскія

Ба́лта-славя́нскія мовы — гіпотэза, якая прапаноўвае аб’яднаньне балцкай і славянскіх галінаў індаэўрапейскае моўнае сям’і ў якасьці адзінай групы індаэўрапейскай сям’і.

Балцкія й славянскія мовы маюць шэраг лінгвістычных рысаў, адсутных у іншых галінах індаэўрапейскай сям’і моваў, што дае падставу некаторым лінгвістам высоўваць гіпотэзы пра наяўнасьць колішняга сумеснага разьвіцьця будучых балцкіх і славянскіх моваў. Пэўная частка сучасных індаэўрапэістаў лічыць балцкія ды славянскія мовы часткай адной групы ў складзе індаэўрапейскай сям’і, аднак некаторыя аспэкты іх зносінаў застаюцца нявызначанымі, што падмацоўваецца палітычнымі фактарамі[1][2]. Іншыя лінгвісты высоўваюць меркаваньні пра падзел гіпатэтычнай балта-славянскай групы на тры галіны: усходнебалцкую, заходнебалцкую і славянскую[3][4].

Існуюць спробы рэканструкцыі прабалта-славянскае мовы, якая, у выпадку пацьвярджэньня балта-славянскай гіпотэзы, ёсьць агульным продкам прабалцкай і праславянскай мовы, які аддзяліўся, у сваю чаргу, ад праіндаэўрапейскай мовы. Пры рэканструкцыі прабалта-славянскае мовы ў лінгвістыцы выкарыстоўваюцца мэтады кампаратывістыкі і, у прыватнасьці, асаблівыя гукавыя законы. Паводле гэтых гіпотэзаў адзін з найбольш інавацыйных дыялектаў прабалта-славянскага дыялектнага кантынўуму вылучыўся зь ягонага складу і потым запачаткаваў праславянскую мову, зь якой бяруць сваё паходжаньне ўсе славянскія мовы.

Гісторыя дасьледаваньняў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Характар узаемаадносінаў між балцкімі й славянскімі мовамі зьяўляўся прадметам дыспутаў з самага пачатку дасьледаваньняў у галіне індаэўрапэістыкі. Некаторыя з тэорыяў тлумачылі блізкасьць між балцкімі ды славянскімі мовамі вынікам дыялектнай блізкасьці і працяглых узаемных кантактаў, а не агульным генэтычным паходжаньнем.

Мовы балцкай і славянскай галінаў індаэўрапейскай сям’і падзяляюць між сабою шмат фаналягічных, лексычных, марфасынтаксічных і акцэнталягічных асаблівасьцяў. Адзін з раньніх індаэўрапэістаў, нямецкі лінгвіст А. Шляйхер ужо ў 1861 годзе высунуў гіпотэзу, згодна зь якой існавала прабалта-славянская мова, якая брала сваё паходжаньне ад праіндаэўрапейскай мовы, і якая ў канцы свайго існаваньня распала на прабалцкую й праславянскую мовы. Латыскі лінгвіст Я. Эндзэлінс у супрацьлегласьць гэтаму меркаваў, што лінгвістычныя падабенствы між балцкімі й славянскімі мовамі тлумачацца выключна агульнымі кантактамі і, такім чынам, прабалта-славянская мова не існавала. У пачатку ХХ стагодзьдзя францускі індаэўрапэіст А. Мэе ў адказ на гіпотэзы Шляйхера высунуў думку, паводле якой падабенствы між балцкімі й славянскімі мовамі паўсталі як вынік незалежнага паралельнага разьвіцьця без існаваньня агульнай прабалта-славянскай мовы. Альтэрнатыўную гіпотэзу высунуў польскі дасьледчык Я. Развадоўскі, згодна зь якой існаваў пэрыяд агульнага існаваньня, разыходжаньня (і, адпаведна, незалежнага існаваньня прабалцкай і праславянскай моваў) і, нарэшце, паўторнае сыходжаньне[5]. Падобная гіпотэза была падтрыманая Х. Бірнбаўмам[6].

Генэтычную роднасьць балцкіх і славянскіх моваў пацьвярджае Т. Оляндэр, які кіруецца сваімі дасьледаваньнямі ў галіне акцэнталёгіі[7].

Іншая гіпотэза, высунутая расейскімі дасьледчыкамі В. Івановым і У. Тапаровым, пастулюе падзел прабалта-славянскае мовы на заходнебалцкую, усходнебалцкую й праславянскую мовы[8]. Гэтая ж гіпотэза таксама прапаноўвае вылучэньне праславянскае мовы як інавацыйнага й пэрыфэрыйнага з балта-славянскіх дыялектаў, які ў хуткім часе пашырыў свой арэал і асыміляваў іншыя балта-славянскія дыялекты за выключэньнем найбольш аддаленых, якія леглі ў аснову летувіскай, латыскай і прускай. Паводле гэтай жа гіпотэзы, у прыватнасьці, ставіцца пад сумнеў балцкае адзінства.

Падобная мадэль падтрымліваецца глятахраналягічнымі дасьледаваньнямі В. Кромэра[9]. Тым ня менш, апошнія кампутарныя мэтодыкі сьведчаць на карысьць існаваньня асобных балцкай і славянскай галінаў[10]. Іншыя дасьледаваньні, абапіраючыся на зьвесткі археалёгіі й глятахраналёгіі, датуюць распад прабалта-славянскай мовы 1500—1000 гг. да н.э.[11] Карыстаючыся глятахраналягічнымі мэтадамі, расейскі лінгвіст А. Старасьцін падаваў іншую дату — 1210 г. да н.э.[12]

Існуе падобны падыход, які пастулюе вылучэньне славянскіх моваў з балцкіх, дзе славянскія адыгралі ролю даччыных адносна балцкіх.

Некаторая частка лінгвістаў аспрэчвае генэтычную роднасьць між балцкімі й славянскімі мовамі, але большасьць лінгвістаў прызнае наяўнасьць пэрыяду агульнага разьвіцьця ў славянскіх і балцкіх моваў. Р. Грэй і К. Аткінсан мяркуюць, што адасабленьне балцкіх і славянскіх моваў адбылося каля 1400 г. да н.э. Гэтая гіпотэза вылучаецца больш шырокім наборам выкарыстаных мэтадалёгіяў[13]. Сярод цяперашніх прыхільнікаў балта-славянскае гіпотэзы адзначаецца таксама нідэрляндзкі лінгвіст Р. Бэкес, на думку якога балцкія й славянскія мовы першапачаткова ўтваралі адзіную мову і, адпаведна, складаюць адзіную групу[14].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя лінгвісты падзяляюць гіпатэтычную балта-славянскую групу ў асноўным на балцкую ды славянскую галіны[15][16].

Адзін з прыхільнікаў гіпотэзы балта-славянскага адзінства, польскі лінгвіст Т. Лер-Сплавіньскі вызначае пэрыяд існаваньня падобнага адзінства ў пэрыяд 500—600 гадоў, прывязваючы яе пачатак (і вылучэньне з праіндаэўрапейскага кантынуўму) да эпохі экспансіі культуры шнуравай керамікі (у якую ўваходзілі прабалта-славяне), а канец да эпохі экспансіі лужыцкае культуры[17]. Прыхільнік тэорыі кантакту С. Бернштэйн датуе час балта-славянскага кантакту сярэдзінай ІІ тысячагодзьдзя да н.э. — сярэдзінай І тысячагодзьдзя да н.э.[18]

Ужо ў VIVII стст н.э. праславянская мова значна пашырыла свой арэал, у выніку чаго праславянскае маўленьне амаль без наяўнасьці дыялектных адрозьненьняў стала распаўсюджаным на тэрыторыях ад Ноўгараду да паўночай Грэцыі. Гэтая акалічнасьць дазваляе высоўваць некаторым дасьледчыкам гіпотэзы статусу праславянскай мовы як кайнэ Аварскага каганату — цюрскай дзяржавы Эўропы[19]; у прыватнасьці, авары й славяне ўдзельнічалі разам у нападах на Бізантыйскую імпэрыю й аблозе Канстантынопалю. У сваю чаргу, гэта надае падставы шэрагу гісторыкаў меркаваць пра статус славянаў як вайсковай касты, гаворка якіх набыла рысы кайнэ й стала лінгва-франка дзяржавы авараў. Падобныя гіпотэзы тлумачаць распаўсюджаньне праславянскай мовы на Балканы, яе дыялектную аднастайнасьць і хуткую моўную асыміляцыю авараў, аднак гэтыя ж гіпотэзы не тлумачаць распаўсюджаньне славянскіх гаворак ва Ўсходнюю Эўропу, дзе сувязяў з аварамі амаль не існавала[20]. Гэтае пашырэньне, імаверна, спрычынілася да зьнікненьня іншых балта-славянскіх дыялектаў, у выніку чаго да нашых часоў дайшлі толькі балцкія й славянскія мовы.

Анамастычныя дасьледаваньні сьведчаць пра пашырэньне гістарычнага арэалу балцкіх моваў на значна большай за сучасную тэрыторыі, які дасягаў сучаснай Масквы. Незважаючы на гэта, вялікая частка балцкіх моваў зь цягам часу так ці інакш былі выцесьненыя іншымі мовамі, у чым удзельнічалі й носьбіты славянскіх моваў.

Агульныя рысы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пэўная сувязь між балцкімі й славянскімі мовамі ўсталёўваецца наяўнасьцю сэрыі агульных інавацыяў, адносна якіх можа быць адноўленая храналёгія разьвіцьця, і якія пры гэтым адсутнічаюць у іншых індаэўрапейскіх мовах. Акрамя таго, балцкія й славянскія мовы маюць вялікі набор агульных лексэмаў, якія існуюць і ў іншых індаэўрапейскіх мовах, але маюць аднолькавыя зьмены ў значэньні і ў балцкіх, і ў славянскіх мовах[21].

  • Зьмены ў фанэтыцы й фаналёгіі:
  • Падаўжэньне галосных перад праіндаэўрапейскімі непрыдыхальнымі звонкімі зычнымі *b, *d, *g (закон Вінтэра);
  • Зьліцьцё праіндаэўрапейскіх асьпіраваных зычных *bʰ, *dʰ, *gʰ, *ǵʰ зь неасьпіраванымі (без прыдыханьня) зычнымі (*b, *d, *g, *ǵ). Падобныя рысы сустракаюцца ў іншых індаэўрапейскіх мовах, аднак у цэлым падобнае зьліцьцё ёсьць спэцыфічным толькі для балта-славянскіх;
  • Пераход індаэўрапейскага націску на папярэдні склад у выпадку, калі першапачатковы склад зьмяшчаў лярынгальны зычны (закон Гірта);
  • Зьяўленьне галосных верхняга ўздыму перад індаэўрапейскімі складовымі санорнымі (*l̥ *r̥ *m̥ *n̥), пры гэтым найчасьцейшым галосным у гэтай пазыцыі стаў *i. Замест *i мог устаўляцца *u, што было ўласьціва й прагерманскай мове;
  • Узьнікненьне супрацьпастаўленьня між узыходзячым і паніжаючым тонам у падоўжаных складох, пры гэтым узыходзячы тон звычайна паўставаў у складах з праіндаэўрапейскімі звонкімі або лярынгальнымі зычнымі ў канцы;
  • Зьліцьцё праіндаэўрапейскіх кароткіх *o ды *a ў *a. Падобнае зьліцьцё адбылося таксама ў некаторых іншых індаэўрапейскіх мовах, але ў балта-славянскіх яно мусіла адбыцца пасьля закону Вінтэра: паводле закону Вінтэра *o ды *ā падоўжыліся ў *ō і *ā адпаведна, што, такім чынам, магло адбыцца толькі пасьля зьліцьця *o і *a;
  • Спрашчэньне двайных зычных;
  • Фаналягічная паляталізацыя;

Да іншых інавацыяў адносяцца рысы, якія ёсьць ня толькі ў балцкіх і славянскіх мовах, але й у іншых індаэўрапейскіх. Такім чынам, гэтыя рысы не зьяўляюцца прамымі доказамі на карысьць балта-славянскай гіпотэзы, але ў той ці іншай ступені служаць на яе карысьць:

  • Сатэмізацыя: пераход зычных палятавэлярных *ḱ, *ǵ, *ǵʰ праіндаэўрапейскай мовы ў сьвісьцячыя *ś, *ź, *ź, зьліцьцё лябіявэлярных зычных *kʷ, *gʷ, *gʷʰ праіндаэўрапейскай мовы са звычайнымі вэлярнымі *k, *g, *gʰ. Пазьней усе сьвісьцячыя ў балцкіх і славянскіх мовах перайшлі ў *s, *z за выняткам летувіскай;
  • Закон ruki: пераход *s у *š перад *r, *u, *k або *i, пры гэтым у славянскіх *š пазьней перайшло ў *x у пазыцыі пасьля галоснага задняга шэрагу.
  • Зьмены ў граматыцы:
  • Замена першапачатковага праіндаэўрапейскага канчатку -*es(y)o тэматычных назоўнікаў адзіночнага ліку роднага склону ў *-ād (пр.-слав. *vlьka, лет. vil̃ko, латыск. vìlka). У прускай пры гэтым меўся, меркавана, іншы канчатак, які ўтварыўся зь першапачатковага роднага склону праіндаэўрапейскае мовы: deiwas («Бога»), tawas («[няма] бацькі»);
  • Выкарыстаньне канчатку *-ān у назоўніках і прыметніках з коранем, што пачынаецца на ā-, адзіночнага ліку творнага склону. Пэўным выключэньнем з гэтага зьяўляецца летувіскае rankà, аднак гэтае правіла пацьвярджаецца ўсходнелетувіскім runku і латыскім rùoku;
  • Выкарыстаньне канчатку *-mis у множным ліку творнага склону (лет. sūnumìs, ст.-слав. synъmi). Між іншым, падобны канчатак сустракаецца таксама ў германскіх мовах;
  • Узьнікненьне супрацьпастаўленьня між пэўнымі й няпэўнымі прыметнікамі, пэўныя формы ўтварыліся шляхам далучэньня адноснага займеньніка *jas у канцы прыметніку (лет. geràsis, але gẽras; ст.-слав. dobrъjь, але dobrъ);
  • Выкарыстаньне роднага склону для прамога дапаўненьня адмоўнага дзеяслову (бел. кнігі (я) не чытаў, лет. knygos neskaičiau)[22].
  • Скланеньне прыслоўяў на -nt паводле тыпу асноваў на -jo-;
  • Разбурэньне тыпу скланеньня на зычны, і пераход імёнаў гэтага тыпу ў скланеньне на -i-;
  • Выцясьненьне асновы назоўнага склону ўказальнага займеньніка so, асноваю ўскосных склонаў;
  • Утварэньне формы давальнага склону адзіночнага ліку асабістага займеньніка першай асобы ад асновы роднага склону;
  • Замена старой формы роднага склону адзіночнага ліку -o- асноваў формаю аблятыву;
  • Утварэньне займенных прыметнікаў;
  • Агульныя спосабы ўтварэньня параўнальных ступеняў;
  • Ускосны склон першай асобы адзіночнага ліку men-, множнага — nōsom;
  • Дапасаваньне няправільных тэматычных дезясловаў (лет. dúoti, пр.-слав. damь);
  • Наяўнасьць ē/ā ў прэтэрыце;
  • Балцкі канчатак дзеясловаў на -áuju, славянскі — -ujǫ.

Мажлівасьць аднаўленьня адзінай акцэнтуацыйнай парадыгмы, зыходзячы з славянскай і балцкай акцэнтуацыйных парыдгмаў, як доказ існаваньня балта-славянскага моўнага адзінства разглядалі У. Ільліч-Сьвітыч і У. Дыбо[23][24][25]. Тым ня менш, нягледзячы на значнае падабенства славянскай і балцкай акцэнтуацыйнай парадыгмы, поўнае тоеснасьці не існуе, з-за чаго паводле зьвестак акцэнталёгіі мажлівае адзінства неабходна адносіць да часу існаваньня лярынгалаў, фармаваньня склонавай і дзеяслоўнай сыстэмаў[26].

  • Лексыка:

Ніжэй прыведзеныя ўзоры некаторых словаў, якія зьяўляюцца агульнымі для большай часткі або ўсіх балта-славянскіх моваў:

  • *léipā («ліпа»): лет. líepa, пруск. līpa, латыск. liẽpa, латг. līpa, пр.-слав. *lipa, ст.-слав. і рас. липа, польск. lipa;
  • *ránkā («рука»): лет. rankà, пруск. rānkan (вінавальны склон), латыск. ròka, латг. rūka, пр.-слав. *rǭkà, ст.-слав. рѫка, рас. рука, польск. ręka;
  • *galwā́ («галава»): лет. galvà, пруск. galwo, латыск. galva, латг. golva, пр.-слав. *golvà, ст.-слав. глава, рас. голова, польск. głowa.

Урэшце, каля 200 словаў у балцкіх і славянскіх ёсьць эксклюзіўнымі сыходжаньнямі[5], аднак крытыкі тлумачаць іх узаемнымі запазычваньнямі або захаваньнем лексэмаў праіндаэўрапейскай мовы. Некаторыя лексэмы, якія разглядаюцца як эксклюзіўныя балта-славянскія, насамрэч ня ёсьць такімі, паколькі сустракаюцца і ў іншых індаэўрапейскіх мовах[27].

Лексыкастатыстыка паводле стандартнага 100-слоўнага сьпісу Сўодэша, у якім імавернасьць запазычваньняў невысокая (ня больш за 5-10%), дае карціну блізкае роднасьці латыскай, летувіскай і славянскіх моваў. Згодна з мэтодыкай А. Старасьціна запазычваньні пры падліку ня ўлічваюцца. Варта адзначыць найменшы паказьнік супадзеньняў між баўгарскай і балцкімі, найбольшы — між беларускай і балцкімі.

Летувіская Латыская
Расейская 54 % 45 %
Беларуская 57 % 48 %
Украінская 55 % 46 %
Баўгарская 47 % 41 %
Македонская 52 % 44 %
Сэрбскахарвацкая 53 % 45 %
Славенская 51 % 42 %
Чэская 51 % 43 %
Славацкая 52 % 43 %
Верхнелужыцкая 51 % 44 %
Ніжнелужыцкая 50 % 43 %
Польская 53 % 45 %
Сярэднеарытмэтычны паказчык 52 % 44 %
  • Іншыя падабенствы:
  • Прыназоўнік па (або блізкія да яго формы) у шматлікіх славянскіх і балцкіх мовах (у тым ліку й у беларускай) мае значэньне «пасьля» і спалучаецца зь месным склонам у славянскіх і родным у балцкіх: лет. po švenčių, бел. па сьвяце, але рас. после праздника. У расейскай мове прыназоўнік по (тоесны беларускаму па) выкарыстоўваецца ў давальным склоне, але ёсьць адзінкавыя выключэньні накшталт беларускага выкарыстаньня (по приезде).

Адрозьненьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крытыкі тэорыі існаваньня балта-славянскай групы й колішняй адзінай балта-славянскай мовы выказваюць аргумэнты, якія збольшага групуюцца ў двух тыпах.

Аргумэнты ўмоўнага першага тыпу заключаецца ў наяўнасьці ў адной з галінаў моваў тых ці іншых інавацыяў, адсутных у іншай, пры гэтым існуюць агульныя або аналягічныя інавацыі, якія не дапускаюць тлумачэньня гэтага факту з таго, што яны маглі ўзьнікнуць пасьля канчатковага разыходжаньня балцкіх і славянскіх моваў. Самі па сабе падобныя аргумэнты не абвяргаюць гіпотэзу балта-славянскага адзінства (напрыклад, у форме моўнага зьвязу), аднак мае на ўвазе істотнае першапачатковае разыходжаньне моваў.

Да другога тыпу адносяцца аргумэнты на карысьць таго, што аналягічныя інавацыі разьвіваліся ў абедзьвюх галінах блізкім, але ня тоесным спосабам, або спрычыніліся да розных вынікаў. Таксама ў гэтую катэгорыю трапляюць факты, якія адлюстроўваюць збліжэньні балцкіх і славянскіх моваў з рознымі галінамі індаэўрапейскай сям’і, што адносяцца да гарантавана старажытнага моўнага стану. Частка гэтых аргумэнтаў не пярэчыць мажлівасьці разьвіцьця славянскіх моваў як адной з групаў балцкіх моваў, аднак пацьверджаньне падобных гіпотэзаў сустракаецца зь недахопамі фактычных зьвестак.

Шматлікія пярэчаньні абодвух тыпаў аспрэчваюцца як з фактычнага, так і з мэтадалягічнага пункту гледжаньня. Напрыклад, істотную праблему складае адсутнасьць глыбокае прабалцкае рэканструкцыі, выкліканая вельмі кароткім абсягам надзейных і трывалых зьвестак па ўсіх заходнебалцкіх мовах.

Да аргумэнтаў умоўнага першага тыпу адносяцца:

  • Захаваньне праіндаэўрапейскага *sr у балцкіх, але пераўтварэньне ў *str у славянскіх. Зь іншага боку, некалькі падобных зьменаў у балцкіх могуць сьведчыць пра ягоны архаічны характар;
  • Выкарыстоўваньне суфіксу -mo ў парадкавых лічэбніках балцкіх моваў, тады як у славянскіх — -wo;
  • Суфікс -mai у балцкіх дзеясловах першай асобы адзіночнага ліку цяперашняга часу, у славянскіх — іншы (дыскусійна);
  • Адсутнасьць у славянскіх мовах інфіксу -sto-, які ёсьць у балцкіх;
  • Адсутнасьць адрозьненьня ў прабалцкай формаў трэцяй асобы адзіночнага й множнага ліку, у той час як у праславянскай гэтае адрозьненьне захоўвалася;
  • Адсутнасьць у славянскіх суфіксу прыметнікаў -inga, які ёсьць у балцкіх;
  • Адсутнасьць у славянскіх памяншальнага суфіксу -l-, які ёсьць у балцкіх;
  • Адсутнасьць у балцкіх славянскага суфіксу аддзеяслоўных назоўнікаў -telь-, які, зрэшты, адсутнічае ў славянскай беларускай мове (словы з аналягічным суфіксам -цель у беларускай мове звычайна адносяцца да русізмаў або палянізмаў);
  • Прысутнасьць праіндаэўрапейскага суфіксу множнага ліку -es (рэшткі якога можна напаткаць у беларускай і старабеларускай мовах) у праславянскай мове, але ягоная адсутнасьць у балцкіх;
  • Адсутнасьць у балцкіх суфіксу прыслоўяў -lo, які існаваў у праславянскай;
  • Прысутнасьць у праславянскай закону адкрытага складу, які адсутнічаў у балцкіх (і, у прыватнасьці, у прабалцкай);
  • Захаваньне ў славянскіх праіндаэўрапейскага аорысту -s-, сьлядоў якога ў балцкіх ня знойдзена (дыскусійна[28]);
  • Наяўнасьць у праславянскіх лічэбніках вялікага квантытатыву суфіксу -tь (напрыклад, пяць, шэсьць), у той час як у балцкіх ягоных сьлядоў ня знойдзена;

Аргумэнты другога тыпу:

  • Праславянская мова, як і балцкія, разьвілі форму займенных прыметнікаў, аднак у славянскіх гэты працэс ужо адбываўся пасьля заканчэньня дзеяньня закону адкрытага складу, тады як у балцкіх сьлядоў дзеяньня гэтага закону няма;
  • Аргумэнты А. Трубачова пра існаваньне ў мінулым дака-тракійска-балцкіх моўных сувязяў, што не пакінулі сьлядоў у славянскіх, і, наадварот, наяўнасьць славяна-ілірыйскіх ды славяна-італійскіх сувязяў, што не знайшлі адбітку ў балцкіх[29]. Гэтыя зьвесткі, зрэшты, могуць разглядацца як спэкуляцыйныя празь недахоп дака-тракійскіх і ілірыйскіх зьвестак.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Encyclopædia Britannica. Balto-Slavic languages.
  2. ^ Fortson, Benjamin W. Indo-European Language and Culture: An Introduction. — 2nd ed. — Malden, Massachusetts: Blackwell, 2010. — ISBN 978-1-4051-8896-8
  3. ^ Kortlandt, Frederik. Baltica & Balto-Slavica. — 2009. — С. 5.
  4. ^ Derksen, Rick. Etymological Dictionary of the Slavic Inherited Lexicon. — 2008. — С. 20.
  5. ^ а б Дини П. У. Балтийские языки / Под редакцией В. Н. Топорова. — М.: ОГИ, 2002. — 544 с. — ISBN 5-94282-046-5
  6. ^ Бирнбаум Х. №2 // О двух направлениях в языковом развитии. — Вопросы языкознания. — М.: 1985.
  7. ^ Olander, Tomas. Det baltoslaviske problem – Accentologien. — 2002.
  8. ^ Иванов, В. B.; Toпоров, B. H. Об отношениях между славянскими и балтскими языками. — 4-й Международный Конгресс славянских исследований. — М.: 1958.
  9. ^ Kromer, Victor V. Glottochronology and problems of protolanguage reconstruction. — 2003.
  10. ^ James Clackson. Indo-European Linguistics, An Introduction. — Cambridge: 2007.
  11. ^ Novotná, Petra; Blažek, Václav. XLII // Glottochronolgy and its application to the Balto-Slavic languages. — Baltistica. — 2007 Т. 2. — С. 185-210.
  12. ^ Novotná P., Blažek V. Glottochronology and its application to Balto-Slavic lanuages. — Baltistica XLIII (2). — Vilnius: 2007. — 204 с.
  13. ^ Gray, R.D.; Atkinson, Q.D. 426 // Language-tree divergence times support the Anatolian theory of Indo-European origin. — Nature. — 2003. — С. 435-439.
  14. ^ Beekes, Robert. Comparative Indo-European Linguistics. — Amsterdam: John Benjamins, 1995. — ISBN 90-272-2151-0, 1-55619-505-2
  15. ^ James Clackson. Indo-European Linguistics, An Introduction. — Cambridge, 2007.
  16. ^ Benjamin W. Fortson. IV // Indo-European Language and Culture, An Introduction. — 2nd ed. — Wiley-Blackwell, 2010.
  17. ^ Лер-Сплавинский Т. Ответ на вопрос «Существовали ли балто-славянское языковое и этническое единство и как его понимать?». — Сборник ответов на вопросы по языкознанию (к IV Международному съезду славистов). — М.: 1958.
  18. ^ Бернштейн С. Б. Ответ на вопрос «Существовали ли балто-славянское языковое и этническое единство и как его понимать?». — Сборник ответов на вопросы по языкознанию (к IV Международному съезду славистов). — М.: 1958.
  19. ^ Holzer, Georg. Urslawisch. — Enzyklopädie des Europäischen Ostens. — Klagenfurt: Wieser Verlag, 2002.
  20. ^ Curta, Florin. 31 // The Slavic Lingua Franca. (Linguistic Notes of an Archaeologist Turned Historian). — East Central Europe/L'Europe du Centre-Est. — 2004. — С. 125-148.
  21. ^ Mažiulis, Vytautas. Baltic languages. — Britannica Online Encyclopedia.
  22. ^ Matasović, Ranko. Poredbenopovijesna gramatika hrvatskoga jezika. — Zagreb: Matica hrvatska, 2008. — ISBN 978-953-150-840-7
  23. ^ Иллич-Свитыч В. М. Именная акцентуация в балтийском и славянском. Судьба акцентуационных парадигм. — М.: 1963.
  24. ^ Дыбо В. А. Сокращение долгот в кельто-италийских языках и его значение для балто-славянской акцентуации. — Вопросы славянского языкознания. — М.: 1961.
  25. ^ Дыбо В. А. Афганское ударение и его значение для индоевропейской и балто-славянской акцентологии. — Балто-славянские исследования. — М.: 1963.
  26. ^ Дыбо В. А. Славянская акцентология. Опыт реконструкции системы акцентных парадигм в праславянском. — М.: 1981.
  27. ^ Лаучюте Ю.-С. А. О методике балто-славянских исследований. — Славяне. Этногенез и этническая история. — Л.: Издательство Ленинградского университета, 1989.
  28. ^ Zinkevičius Z. Lietuvių kalbos istorija. 6 t. — Vilnius: Mokslas, 1985-1994. — ISBN 5-420-00102-0
  29. ^ Трубачёв О. Н. Этногенез и культура древнейших славян: Лингвистические исследования. — М.: Наука, 2003. — 489 с. — ISBN 5-02-032661-5

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Курилович Е. О балто-славянском языковом единстве.
  • Топоров В. Н. Новейшие работы в области изучения балто-славянских языковых отношений (Библиографический обзор).
  • Barschel; Kozianka; Weber (eds.) (1992), Indogermanisch, Baltisch und Slawisch, Kolloquium in Zusammenarbeit mit der Indogermanischen Gesellschaft in Jena, September 1989, Munich: Otto Sagner, ISBN 3-87690-515-X
  • Beekes, Robert (1995), Comparative Indo-European Linguistics, Amsterdam: John Benjamins, ISBN 90-272-2151-0 (Europe), ISBN 1-55619-505-2 (U.S.)
  • Fortson, Benjamin W. (2010), Indo-European Language and Culture: An Introduction (2nd ed.), Malden, Massachusetts: Blackwell, ISBN 978-1-4051-8896-8
  • Holzer, Georg (2001), „Zur Lautgeschichte des baltisch-slavischen Areals”, Wiener slavistisches Jahrbuch (47): 33–50
  • Holzer, Georg (2007), Historische Grammatik des Kroatischen. Einleitung und Lautgeschichte der Standardsprache, Frankfurt am Main: Peter Lang, ISBN 978-3-631-56119-5
  • Kortlandt, Frederik (2009), Baltica & Balto-Slavica, Amsterdam-New York: Rodopi, ISBN 978-90-420-2652-0
  • Matasović, Ranko (2005), „Toward a relative chronology of the earliest Baltic and Slavic sound changes”, Baltistica 40/2
  • Matasović, Ranko (2008), Poredbenopovijesna gramatika hrvatskoga jezika, Zagreb: Matica hrvatska, ISBN 978-953-150-840-7
  • Olander, Thomas (2009), Balto-Slavic Accentual Mobility, Berlin & New York: Mouton de Gruyter, ISBN 978-3-11-020397-4
  • Stang, Christian (1957), Slavonic accentuation, Oslo: Universitetsforlaget, ISBN 978-82-00-06078-9
  • Szemerényi, Oswald (1957), „The problem of Balto-Slav unity”, Kratylos 2: 97–123

Вонкввыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Балта-славянскія мовысховішча мультымэдыйных матэрыялаў